Вы тут

Палессе — намінант для ЮНЕСКА


Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў Еўропы, якому ўдалося захавацца амаль што ў натуральным стане, — беларускае Палессе. Але вось толькі пра яго мала хто ведае на міжнародным узроўні, ды і самі беларусы маюць вельмі слабае ўяўленне пра гэты сапраўдны прыродны цуд. Перспектывы Палесся як буйнога турыстычнага аб'екта абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала «Патэнцыял агратурызму і экатурызму на Палессі», арганізаванага грамадскімі арганізацыямі «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.


Фота аўтара.

Еўрапейская Амазонія

Наша Палессе — гэта ўнікальныя прыродныя ландшафты, тут ёсць мноства відаў раслін і жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. За багацце азёр, рэк і балот Палессе называюць Еўрапейскай Амазоніяй. Агульная плошча рэгіёна складае каля 186 000 км2, што ў два разы больш за плошчу Партугаліі. «Амазонія» — трансгранічны аб'ект, бо размяшчаецца на тэрыторыі Украіны (94000 км2), Беларусі (62000 км2), Расіі (23000 км2) і Польшчы (7000 км2).

Палессе ўжо даўно павінна было б стаць знакамітым турыстычным брэндам. Аднак тут да гэтага часу няма добрай турыстычнай сеткі, адсутнічае трансгранічнае супрацоўніцтва ў сферы турызму. Чарнобыль — адзінае месца на тэрыторыі Палесся, вядомае на турыстычным рынку. Ды і тое яго першаадкрывальнікам была Украіна. Беларуская частка Чарнобыльскай зоны стала даступная турыстам толькі з 2019 года, гаворыцца ў дакладзе «Еўрапейская «Амазонія». Стратэгія развіцця прыроднага турызму». Дакумент падрыхтаваны кааліцыяй з шасці прыродаахоўных арганізацый Беларусі, Польшчы, Украіны і Германіі і змяшчае сцэнарыі альтэрнатыўнага развіцця Палесся.

Як адзначаюць аўтары даследавання, мільёны еўрапейскіх турыстаў гіпатэтычна гатовыя ехаць на Палессе, каб убачыць тут дзікую прыроду. Напрыклад, у Вялікабрытаніі толькі ў Каралеўскім таварыстве абароны птушак больш за мільён членаў. А Палессе можа стаць адным з самых важных напрамкаў для назірання за птушкамі ў Еўропе. Велізарным патэнцыялам вызначаюцца туры па асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, сплавы па рэках, у прыватнасці, у перыяд паводкі, якая здараецца раз на некалькі гадоў.

Чым карысны статус аб'екта ЮНЕСКА?

Сусветная турысцкая арганізацыя прагназуе, што да 2030 года адбудзецца змена турыстычных прыярытэтаў, калі больш за палову ўсіх візітаў турыстаў будзе прыпадаць на краіны з эканомікай, якая развіваецца. Яшчэ да пандэміі COVІD-19 спецыялісты адзначалі цікавасць турыстаў да нетрадыцыйных напрамкаў, малавывучаных краін. Усе, хто падарожнічае, ужо нацешыліся «пакетным» адпачынкам, прыйшоў час цікавасці да натуральных ландшафтаў, флоры і фаўны, новых і ўнікальных уражанняў. Усё гэта ёсць у дадзеным рэгіёне.

Але як яго прасоўваць? «Ёсць планы надаць Палессю статусы аб'екта Сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА і біясфернага рэзервата ЮНЕСКА», — паведаміў каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў Беларусі, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Віктар Фянчук.

Ён патлумачыў, што цяпер толькі Белавежская пушча сумяшчае абодва гэтыя статусы. Біясфернымі рэзерватамі на ўзроўні ААН прызнаныя яшчэ дзве тэрыторыі — Бярэзінскі запаведнік і Прыбужскае Палессе.

Эксперт патлумачыў, што аб'ектамі Сусветнай прыроднай спадчыны прызнаюцца толькі тыя, якія маюць асаблівую экалагічную значнасць, у той час як статус біясфернага рэзервата падкрэслівае сацыяльна-прыроднае адзінства тэрыторый.

Ідэя аб намінаванні Палесся на аб'ект ЮНЕСКА падтрымана ў Мінпрыроды.

Мяркуецца, што на Палессі аб'ект ЮНЕСКА будзе мець трансгранічны статус, закране беларускія і ўкраінскія тэрыторыі. Ядром выступіць нацыянальны біясферны рэзерват «Прыпяцкае Палессе», створаны ў 2016 годзе ў межах трох беларускіх ААПТ — заказнікаў «Альманскія балоты», «Стары Жадзен» і нацпарку «Прыпяцкі».

Віктар Фянчук паведаміў, што цяпер АПБ у рамках праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў» рыхтуе пакет дакументаў, якія трэба перадаць у ЮНЕСКА да 1 лютага 2022 года. Потым спецыялісты пачнуць падрыхтоўку асноўнай заяўкі.

«Як паказваюць даследаванні, само па сабе намінаванне аб'екта не стымулюе наведванне тэрыторый у адрозненне ад зорак Мішлен, — падзяліўся Віктар Фянчук. — Аднак статус аб'екта спадчыны ЮНЕСКА гарантуе развіццё турызму праз ускосныя механізмы, у тым ліку за кошт прытоку інвестыцый на развіццё інфраструктуры, умацаванне аховы прыроды, трансгранічнае супрацоўніцтва».

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.