Вы тут

Маршал Сакалоўскі: хто казаў, што ўсе штабныя — баязліўцы?!


...4 кастрычніка 1941 года рэзідэнт савецкай разведкі ў Японіі Рыхард Зорге адправіў у Маскву сваю апошнюю радыёграму:

«Начальніку разведупраўлення
Генштаба Чырвонай Арміі
Токіа, 4 кастрычніка 1941 года
Радыётэлеграф

«Толькі 3000 розных грузавікоў і іншых машын былі накіраваны (гаворка ідзе пра перакідванне з Паўночнага Кітая ў Манчжурыю — рэд.). 1000 грузавікоў перад гэтым былі перакінутыя з Манчжурыі ў Паўночны Кітай. На працягу першых тыдняў падрыхтоўкі выступлення супраць СССР камандаванне Квантунской арміі распарадзілася прызваць 3000 вопытных чыгуначнікаў для ўстанаўлення ваенных зносін па сібірскай магістралі, але цяпер гэта ўжо адменена. Усё гэта азначае, што вайны ў бягучым годзе не будзе».

Праз некалькі дзён Рыхарда Зорге арыштавала японская паліцыя. Гэтая яго апошняя радыёграма з'яўлялася, бадай, адной з самых важных у шматгадовай паспяховай кар'еры Зорге — яна дазваляла савецкаму кіраўніцтву прыняць важнае (і, як потым аказалася, шмат у чым лёсавызначальнае) рашэнне аб перакідванні дзясяткаў свежых дывізій з Далёкага Усходу пад Маскву. Галоўнае цяпер было выстаяць некалькі тыдняў да іх падыходу і вызначыць момант, калі немцы пачнуць выдыхацца. Гэтая задача клалася галоўным чынам на плечы начальнікаў штабоў, і перш за ўсё — на начальніка штаба Заходняга фронту Васіля Данілавіча Сакалоўскага. Камандаваць жа фронтам за тыдзень да гэтага быў прызначаны генерал арміі Георгій Жукаў.


Камандуючы Заходнім фронтам, люты 1943.

Баі ішлі ўжо за 80 км ад сталіцы

У гэты час пачаліся праліўныя дажджы. Немцы вымушаны былі спыніцца, каб правесці перагрупоўку. Наступленне на Маскву з новымі сіламі яны аднавілі толькі 15 лістапада. Вораг імкнуўся абыйсці Маскву з поўначы і з поўдня. 23 лістапада быў захапены Клін, неўзабаве яго 4-я танкавая группа, якая наступала ў паласе 16-й арміі генерал-лейтэнанта Канстанціна Ракасоўскага, ушчыльную падышла да горада Істра разам з часцямі элітнай дывізіі СС «Дас Райх». Тут іх і спыніла 78-я сібірская дывізія палкоўніка Афанасія Белабародава. Вулічныя баі сібіракоў з ворагам часта пераходзілі ў рукапашныя сутычкі. Гэты ўчастак знаходзіўся пад кантролем штаба фронту, і Белабародаў адразу пазнаў у трубцы глухаваты голас Сакалоўскага:

— Здаў Істру?

— Здаў...

— Дрэнна. Возьмеш яе назад.

— Вазьму, таварыш генерал!

Слова сваё сібіракі стрымалі.

У ноч на 28 лістапада баявая група немцаў захапіла непашкоджаны мост праз канал Масква-Волга і імклівым ударам уварвалася ў Яхраму. Яшчэ праз пару дзён вораг захапіў Красную Паляну (Лобню) і быў ужо за 17 км ад мяжы Масквы і за 27 км ад Крамля. Панфілаўская дывізія вяла жорсткія баі за Крукава, станцыя восем разоў пераходзіла з рук у рукі. Стварылася пагроза акружэння 16-й арміі і захопу сталіцы.

І вось у гэты крытычны момант сказаў сваё слова начальнік штаба фронту Васіль Сакалоўскі. Ён адчуў, што немцы выдыхаюцца, бо тыя ішлі на ўсход па «беласнежных палях», не маючы ўяўлення, што іх чакае наперадзе. А там ужо бесперапынна выгружаліся сібірскія палкі. Сакалоўскі сачыў за суадносінамі сіл і дакладваў пра гэта Жукаву. 29 лістапада Жукаў патэлефанаваў Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму і прапанаваў нанесці контрудар. Позна ўвечары 29 лістапада Стаўка прыняла рашэнне аб пачатку контрнаступлення і запатрабавала ад Ваеннага савета Заходняга фронту план аперацыі. Дадзены план быў распрацаваны Васілём Данілавічам Сакалоўскім на працягу адной ночы і прадстаўлены раніцай 30 лістапада ў выглядзе карты з тлумачальнай запіскай. Гэтая запіска, напісаная рукой Сакалоўскага, на якой стаяць подпісы яго, Георгія Жукава і члена Ваеннага савета Мікалая Булганіна, была нядаўна апублікавана. На ёй размашыста напісана: «ЗГОДНЫ». І подпіс: «СТАЛІН».

Ужо 5 снежня нямецкія войскі былі вымушаныя перайсці да абароны па ўсім фронце, а неўзабаве пад ударамі савецкіх войскаў пакаціліся на захад.

«Генеральнае наступленне» на маскоўскім напрамку, як мы ведаем, дорага абышлося ворагу. Па даных начальніка штаба германскіх сухапутных войскаў генерала Гальдэра, страты нямецка-фашысцкіх войскаў толькі ў кастрычніку 1941-га склалі 135 тысяч. Па прызнанні нямецкіх генералаў—удзельнікаў бітваў, яны былі ашаломленыя сілай супраціўлення савецкіх войскаў і сваімі вялізнымі стратамі на подступах да Масквы. Так, начальнік штаба 4-й палявой арміі генерал Блюментрыт прызнае:

«Калі мы ўшчыльную падышлі да Масквы, настрой нашых камандзіраў і войскаў раптам рэзка змяніўся. Са здзіўленнем і расчараваннем мы выявілі ў кастрычніку і пачатку лістапада, што «разгромленыя рускія» зусім не перасталі існаваць як ваенная сіла».

Камандуючы той жа арміяй генерал Клюге, грунтуючыся на вялікіх стратах яго арміі ў канцы кастрычніка і лістах салдат дадому, раіў камандаванню групы войскаў «Цэнтр» адкласці наступленне на Маскву да вясны 1942 года.

Гітлераўскі план «маланкавай вайны» супраць СССР цалкам праваліўся. Нямецка-фашысцкая армія была вымушана ўпершыню з пачатку Другой сусветнай перайсці да абароны. Замест чаканай хуткай перамогі фашысцкая Германія ўстала перад фактам зацяжной і ў выніку — пройгрышнай вайны. Перамога Чырвонай Арміі пад Масквой аказала таксама вялікі ўплыў на ход ваенных аперацый і на іншых участках ваенных дзеянняў, спрыяла яшчэ большаму згуртаванню краін антыгітлераўскай кааліцыі, дзе ўбачылі, што немца можна біць.

...У сям'і маршала Сакалоўскага як рэліквія захоўваецца ліст, які Васіль Данілавіч ў 1965 годзе напісаў у ЦК КПСС. У ім гаворыцца пра тое, што Масква, каля сцен якой восенню 1941 года былі разбітыя гітлераўскія полчышчы, якія не ведалі паражэнняў, незаслужана забытая і што неабходна прысвоіць Маскве званне Горада-героя. Гэты ліст разам з ім падпісалі таксама маршалы Савецкага Саюза Іван Конеў і Канстанцін Ракасоўскі. Унучка маршала, Наталля Яўгенаўна Сакалоўская-Сінюкова, так успамінае расказы Васіля Данілавіча пра вайну:

«Калі мы пасля вайны жылі ў Хлебным завулку і я вучылася ў інстытуце, то ўвесь час пыталася ў яго, які з перыядаў Вялікай Айчыннай яму больш за ўсё запомніўся. І ён нязменна адказваў, што гэта была бітва за Маскву»...

«Афіцэры» пісаліся з яго

Нарадзіўся будучы маршал 21 ліпеня 1897 года ў вёсцы Козлікі Гродзенскай губерні, у беднай сялянскай сям'і. Пасля заканчэння двухкласнай настаўніцкай школы ён некаторы час працаваў сельскім настаўнікам. У 1914 годзе паступіў у настаўніцкую семінарыю ў горадзе Невелі Вялікалуцкага павета (цяпер — Пскоўская вобласць). Тут жа ён браў удзел у рабоце студэнцкага рэвалюцыйнага гуртка. Царская ахранка напала на след гуртка, а ўсе ўдзельнікі, у тым ліку і Васіль Данілавіч, трапілі пад следства, якое было прыпынена толькі Лютаўскай рэвалюцыяй. У пачатку 1918 года Сакалоўскі заканчвае настаўніцкую семінарыю, аднак працаваць педагогам яму не прыйшлося. Ішла Грамадзянская вайна, і Васіль Сакалоўскі ўступіў добраахвотнікам у рады Чырвонай Арміі. Неўзабаве яго залічылі на 1-я Савецкія Маскоўскія пяхотныя камандныя курсы РСЧА, а затым, паспеўшы паваяваць з белачэхамі і белагвардзейцамі на Урале і нават стаць памочнікам камандзіра палка, у ліку першых 183 слухачоў ён быў накіраваны ў Акадэмію генеральнага штаба. Вясной 1920 года Васіль Данілавіч ў якасці начальніка штаба 32-й стралковай дывізіі 11-й арміі аднаўляе савецкую ўладу ў Баку, ваюе з інтэрвентамі і дзянікінцамі на Каўказе. Захварэўшы на тыф, ён знаёміцца з Ганнай Бажэнавай, агітатарам 11-й арміі, якая літаральна выхадзіла яго ў шпіталі. Пазней яны зноў сустрэліся ў Маскве і ўжо больш не расставаліся да канца жыцця.

Ваенную акадэмію Сакалоўскі скончыў восенню 1921 года. Скончыў бліскуча, у ліку трох найбольш паспяховых слухачоў. Пасля ўрачыстага сходу ў кабінеце начальніка акадэміі яго спыталі:

— Дзе хочаце працягваць службу?

Васіль Данілавіч адказаў не задумваючыся:

— Там, куды пашле камандаванне.

— Вам як курсанту, які выдатна скончыў Акадэмію, даецца права выбару далейшага месца службы.

— Маё месца там, — адказаў гэтак жа цвёрда Сакалоўскі, — дзе я больш за ўсё буду патрэбны.

— Самі разумееце, цяпер самы гарачы Туркестанскі фронт.

4 кастрычніка 1921 года Васіль Данілавіч быў накіраваны ў Туркестан на барацьбу з басмачамі. Сакалоўскі на пасадзе начальніка аператыўнага аддзела штаба Туркестанскага фронту з дапамогай легендарнага разведчыка Хамракула Турсункулава, кавалера ордэна Чырвонага Сцяга, а ў далейшым — старшыня знакамітага калгаса «Зорка Усходу», тройчы Героя Сацыялістычнай Працы, стварае разам з органамі Туркестанскай НК разведвальную агентурную сетку, якая вельмі дапамагла ў ліквідацыі Ферганскага басмацтва.

Басмачы адказвалі тэрорам. Аднойчы яны падсыпалі атруту у шклянку з вадой у кабінеце Сакалоўскага. Ён выпіў і, як мёртвы, паваліўся на падлогу. Урачы канстатавалі смерць і адправілі цела ў морг. Уначы Васіль Данілавіч апрытомнеў і выбраўся з-пад кучы трупаў, якімі ўжо быў завалены. Іншым разам падасланы басмачамі чалавек стрэліў у яго з ружжа ва ўпор у той момант, калі Сакалоўскі аб'язджаў строй чырвонаармейцаў. Аднак у момант стрэлу конь стаў дубка, і зарад прыйшоўся ў нагу. Раненне аказалася цяжкім, і Сакалоўскага прыйшлося адправіць у Маскву, дзе яму зрабілі аперацыю. Усе гэтыя эпізоды склалі сюжэтную канву выдатнага савецкага фільма «Афіцэры» (1971), у якім правобразам галоўных герояў сталі Васіль Данілавіч Сакалоўскі і Васіль Іванавіч Чуйкоў. 2 мая 1945 года ў Берліне яны разам прымалі капітуляцыю Берлінскага гарнізона, а пасля вайны з'яўляліся суседзямі па дачным пасёлку Працоўная-Паўночная.

На ваенных сцяжынах

У студзені 1928 года Васіля Данілавіча накіроўваюць на Курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага саставу, якія ў тыя ж гады скончылі Георгій Жукаў, Іван Конеў, Канстанцін Ракасоўскі і іншыя будучыя палкаводцы. Пасля таго на працягу 5 гадоў ён камандаваў 43-й стралковай дывізіяй Беларускай ваеннай акругі, у 1935 годзе быў пераведзены намеснікам начальніка штаба Прыволжскай ваеннай акругі. У тым жа годзе яго прызначаюць начальнікам штаба толькі што ўтворанай Уральскай ваеннай акругі. Пасля таго як 11 жніўня 1937 года выйшаў загад НКУС СССР № 00485 аб ліквідацыі мясцовых «дыверсійна-шпіёнскіх і паўстанцкіх кадраў», Сакалоўскі, гэтак жа як і Ракасоўскі, трапляе пад падазрэнне. Яго абвінавачваюць у тым, што ён схаваў факт службы ў царскай арміі і з'яўляецца белапольскім шпіёнам. У апошні момант Васіля Данілавіча ратуе яго жонка Ганна Пятроўна, якая знайшла ў папцы з дакументамі мужа даведку, што пацвярджала: Васіль Сакалоўскі быў вызвалены ад прызыву ў імператарскую армію да заканчэння настаўніцкай семінарыі.

У красавіку 1938 года камдыў Сакалоўскі становіцца начальнікам штаба Маскоўскай ваеннай акругі, якой камандаваў Маршал Савецкага Саюза Сямён Міхайлавіч Будзённы. З гэтага моманту лёс Васіля Данілавіча непарыўна звязаны з Масквой, якую ён неўзабаве будзе абараняць, а затым да канца вайны кіраваць франтамі і штабамі на галоўным заходнім напрамку РСЧА аж да заканчэння вайны.

У снежні 1940 года Гітлер падпісвае сакрэтную Дырэктыву № 21 «Варыянт Барбароса» аб нападзенні на Савецкі Саюз. Літаральна праз некалькі дзён савецкая разведка з дапамогай Ільзы Шцёбе (аператыўны псеўданім «Альта») перадала яе змест у Маскву. Пачалася падрыхтоўка да вайны. У сакавіку 1941 года Палітбюро прымае рашэнне аб скрытай мабілізацыі 900 тысяч ваеннаслужачых запасу. Даўкамплектацыя войскаў даручана генерал-лейтэнанту Сакалоўскаму, які ў лютым 1941 года быў прызначаны намеснікам начальніка Генеральнага штаба Чырвонай Арміі па арганізацыйна-мабілізацыйных пытаннях. 13 мая па распараджэнні Генштаба да заходняй граніцы пачынае перакідвацца асабовы склад новых дывізій. Яны павінны былі прыбыць да новых месцаў дыслакацыі ў перыяд з 10 чэрвеня да 3 ліпеня. Аднак паколькі немцы напалі 22 чэрвеня, то з 939 эшалонаў з войскамі да месца прызначэння паспелі прыбыць толькі 83, 455 знаходзіліся ў дарозе, а 401 эшалон толькі-толькі пачынаў ставіцца пад пагрузку. Тым не менш, менавіта гэтыя дывізіі выканалі вырашальную ролю ў стабілізацыі фронту ў ліпені-жніўні пад Смаленскам, пасля таго як Заходні фронт, створаны на базе Заходняй асобай ваеннай акругі пад камандаваннем генерала арміі Дзмітрыя Паўлава, быў цалкам разгромлены немцамі ў першыя дні вайны ў Беластоцкім і Мінскім «катлах». 2 ліпеня камандуючым войскамі заходняга напрамку быў прызначаны Маршал Савецкага Саюза Сямён Цімашэнка, а начальнікам штаба — генерал-лейтэнант Васіль Сакалоўскі.

На вучэннях Маскоўскай ваеннай акругі з маршаламі С. Будзённым і К. Варашылавым, 1938.

На працягу двух месяцаў (з 10 ліпеня да 10 верасня) на велізарнай тэрыторыі (600-650 км па фронце) разгарнулася грандыёзная Смаленская бітва.

Штаб фронту ў тыя дні працаваў самааддана і арганізавана, нягледзячы на ??складаную абстаноўку, у непасрэднай блізкасці ад месца баёў. У адзін з такіх дзён у кабінет Сакалоўскага убег задыханы ад'ютант і далажыў:

— Таварыш генерал, да штаба набліжаецца вялікая групоўка нямецкіх войскаў, штаб пад пагрозай удару і захопу ворагам.

Спакойны погляд Васіля Данілавіча слізгануў па твары капітана.

— Толькі без панікі. — Сакалоўскі глыбока ўздыхнуў і яшчэ больш спакойна спытаў: — Шмат фашыстаў?

— Каля палка, — адказаў ад'ютант.

— Та-а-ак, — працягнуў Сакалоўскі і зняў тэлефонную трубку. — Мне камандуючага.

Далажыўшы пра абставіны Жукаву і катэгарычна адмовіўшыся ад пераезду на новае месца, Сакалоўскі перадаў праз ад'ютанта свой чарговы загад:

— Штабу працягваць работу. Усім незанятым афіцэрам — на абарону штаба.

Вось у такія моманты ярка выяўляліся і чалавечыя, і палкаводчыя рысы характару Сакалоўскага.

У сувязі з хваробай начальніка Генеральнага штаба Маршала Савецкага Саюза Б. М. Шапашнікава ў пачатку 1942 года В. Д. Сакалоўскі нейкі час працуе першым намеснікам начальніка Генеральнага штаба. Неўзабаве яго зноў накіроўваюць на фронт, спачатку на пасаду начальніка штаба пры галоўнакамандуючым Заходняга напрамку, а пасля скасавання гэтага камандавання (май 1942) — начальнікам штаба Заходняга фронту. У чэрвені 1942 года яму прысвойваецца воінскае званне генерал-палкоўніка.

Пасля ад'езду Г. К. Жукава ў Маскву ў сувязі з прызначэннем яго намеснікам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага генерал-палкоўнік В. Д. Сакалоўскі нейкі час выконваў абавязкі, а ў лютым 1943 года быў зацверджаны на пасадзе камандуючага войскамі Заходняга фронту. Летам таго ж года войскі Заходняга фронту пад камандаваннем Сакалоўскага (у жніўні яму было прысвоена воінскае званне генерала арміі) паспяхова правялі дзве наступальныя аперацыі — Арлоўскую ва ўзаемадзеянні з Бранскім і Цэнтральным франтамі і Смаленскую ва ўзаемадзеянні з Калінінскім фронтам.

Інспекцыя ад Сталіна

Пра значэнне, якое надавалася Смаленскай наступальнай аперацыі, сведчыць такі факт, што ў ходзе яе падрыхтоўкі, 3 жніўня 1943 года, на камандны пункт фронту ў раён Юхнава прыбыў Вярхоўны Галоўнакамандуючы І. В. Сталін, што, як вядома, здаралася вельмі рэдка.

Сталін запатрабаваў у Сакалоўскага, каб той далажыў яму абстаноўку на фронце. Нарада была нядоўгая. Камандуючы фронтам і яго бліжэйшыя памочнікі зрабілі вычарпальныя даклады Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. Сталін даў указанні па арганізацыі і правядзенні аперацыі і з'ехаў у Маскву. Заходняму фронту была пастаўлена задача ва ўзаемадзеянні з Калінінскім фронтам прарваць абарону немцаў, разграміць іх смаленскую групоўку і выйсці на тэрыторыю Беларусі.

Смаленская наступальная аперацыя пачалася 7 жніўня і завяршылася ў кастрычніку 1943 года. Баі насілі выключна жорсткі характар. Нямецка-фашысцкае камандаванне бесперапынна ўзмацняла сваю групоўку перакідкай злучэнняў з іншых напрамкаў (з 1 да 18 жніўня, напрыклад, было падцягнута з іншых участкаў 11 дывізій). Аднак стрымаць наступленне войскаў Чырвонай Арміі праціўнік не мог. Войскі фронту прасунуліся на 200 кіламетраў на захад, нанеслі сур'ёзнае паражэнне групе армій «Цэнтр», вызвалілі Смаленскую вобласць, старажытны горад Смаленск і ўступілі ў межы Беларусі.

За паспяховае правядзенне Смаленскай аперацыі В. Д. Сакалоўскі быў узнагароджаны другім ордэнам Суворава 1-й ступені.

Няўдачы пад Віцебскам

Узімку 1943—1944 гадоў Заходні фронт праводзіў лакальныя аперацыі ў раёне Віцебска і іншых рэгіёнах. Вялікіх поспехаў у гэтых баях фронт не дабіўся. Пасля некалькіх месяцаў наступлення і зацятых баёў ён не меў неабходных сіл і сродкаў для разгрому групоўкі нямецка-фашысцкіх войскаў у Беларусі. Вядзенню буйных наступальных аперацый зімой не спрыяў і раён дзеянняў. Вось як пра гэта ўспамінаў сам Васіль Данілавіч:

«Я як камандуючы Заходнім фронтам асабіста дакладваў Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму, што ўмовы мясцовасці — гэтага лясіста-балоцістага дэфіле — не дазваляюць весці зімой шырокія наступальныя дзеянні нават пры наяўнасці неабходных сіл, і прасіў шукаць рашэнні на поўнач або на поўдзень ад «Смаленскіх варотаў».

Тое ж самае дакладваў у Стаўку ВГК і яе прадстаўнік на Заходнім фронце маршал артылерыі М. М. Воранаў.

Застаецца яшчэ дадаць, што ў тую зіму 1944 года балоты, разрытыя торфараспрацоўкі Аршанскай ДРЭС з-за няўстойлівасці зімы і частых адліг не замерзлі, а толькі пакрыліся снегам. Не толькі танкі, але і людзі нечакана правальваліся ў багну.

Аднак Стаўка, ведаючы аб усіх цяжкасцях, якія выпрабоўвалі войскі фронту, тым не менш патрабавала працягваць наступленне. Для яе ў тых умовах было важна, каб войскі Сакалоўскага працягвалі актыўна скоўваць сілы ворага, не дазваляючы яму перакідваць іх на іншыя ўчасткі савецка-германскага фронту.

На Украінскім фронце

12 красавіка 1944-га Заходні фронт быў падзелены на два — 2-гі і 3-ці Беларускія. А яго камандуючы быў прызначаны на пасаду начальніка штаба 1-га Украінскага фронту.

Неўзабаве В. Д. Сакалоўскі прыбыў да новага месца службы. А ўслед за гэтым у камандаванне Першым Украінскім фронтам уступіў Маршал Савецкага Саюза І. С. Конеў. Не першы раз сыходзіліся ваенныя дарогі гэтых двух выдатных военачальнікаў, ім не трэба было знаёміцца адзін з адным і спрацоўвацца. Васіль Данілавіч адразу ж па прыездзе цалкам акунуўся ў звыклую і клапатлівую стыхію работы вялікага штаба.

24 чэрвеня Стаўка паставіла яму задачу падрыхтаваць і правесці аперацыю з мэтай разграміць групоўку праціўніка на львоўскім напрамку. Фронт прыступіў да планавання аперацыі, якая ў далейшым атрымала назву Львоўска-Сандамірскай. Планаванне такой аперацыі з'яўлялася складанай задачай. Першы Украінскі фронт меў у сваім складзе сем агульнавайсковых, тры танкавыя і дзве паветраныя арміі — гэта ўвогуле 80 дывізій, акрамя многіх злучэнняў і часцей узмацнення. У яго складзе быў і Першы Чэхаславацкі корпус пад камандаваннем генерала Свобады. Планаванне аперацыі ажыццяўлялі асабіста Конеў, Сакалоўскі і невялікая група штабных генералаў і афіцэраў.

Былы нямецкі генерал Меленцін пісаў з нагоды паражэння ў міжрэччы Віслы і Одэра (Вісла-Одэрскую аперацыю таксама распрацоўваў генерал Сакалоўскі):

«...Рускае наступленне развівалася з нябачанай сілай і імклівасцю. Было ясна, што іх вышэйшае камандаванне цалкам авалодала тэхнікай арганізацыі наступлення велізарных механізаваных войскаў. Немагчыма апісаць усё, што адбылося паміж Віслай і Одэрам у першыя месяцы 1945 года. Еўропа не ведала нічога падобнага з часу гібелі Рымскай імперыі».

У Берліне

Увесну 1945 года 1-ы Украінскі фронт адначасова з 1-м і 2-м Беларускімі франтамі разгарнуў падрыхтоўку Берлінскай аперацыі — завяршальнай аперацыі Вялікай Айчыннай вайны.

А перад самым пачаткам аперацыі рашэннем Стаўкі генерал В. Д. Сакалоўскі быў прызначаны першым намеснікам камандуючага войскамі 1-га Беларускага фронту.

У апошнія і вырашальныя дні Вялікай Айчыннай вайны, як і ў перыяд бітвы за Маскву, ён, такім чынам, зноў апынуўся разам з маршалам Г. К. Жукавым, працуючы пад яго камандаваннем.

Ноччу 1 мая лінію фронту перайшоў начальнік штаба сухапутных войскаў Германіі генерал пяхоты Крэбс. Перагаворы з ім ад імя савецкага камандавання вёў намеснік камандуючага 1-м Беларускім фронтам, генерал арміі Васіль Сакалоўскі. Генерал Крэбс заявіў Сакалоўскаму, што Гітлер скончыў жыццё самагубствам, што створаны новы ўрад, і ён упаўнаважаны прасіць ўмоў перамір'я. Васіль Данілавіч патэлефанаваў камандуючаму фронтам Жукаву і далажыў:

— Нешта яны хітраць, Крэбс просіць міру, але заяўляе, што не ўпаўнаважаны вырашаць пытанні аб безумоўнай капітуляцыі. Гэтае пытанне, паводле яго слоў, можа вырашаць толькі новы ўрад Германіі на чале з Дзёніцам. Крэбс дамагаецца перамір'я нібыта для таго, каб сабраць у Берліне ўрад Дзёніца. Думаю, нам варта катэгарычна патрабаваць безумоўнай капітуляцыі.

— Безумоўна, — ухваліў рашэнне Сакалоўскага Жукаў.

Атрымаўшы ўмовы капітуляцыі, Крэбс адправіўся назад. Увечары таго ж дня ён застрэліўся ў бункеры Гітлера.

12 ліпеня 1945 года фельдмаршал Мантгомеры ўсклаў на В. Д. Сакалоўскага (на заднім плане) Крыж рыцара ордэна Брытанскай імперыі ваеннага класа (Берлін, каля Брандэнбургскіх варотаў).

У Берлінскай аперацыі з новай сілай выявіўся палкаводчы талент Васіля Данілавіча Сакалоўскага. Даючы яму службовую характарыстыку ў ліпені 1945 года, Галоўнакамандуючы Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі Маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў адзначаў:

«Высокай культуры, з вялікай ваеннай эрудыцыяй і арганізатарскімі здольнасцямі генерал. Валодае вялікай сілай волі і цвёрдасцю характару, адважны і энергічны, рашучы і ініцыятыўны, пастаянна патрабавальны да сябе і падначаленых. У перыяд Берлінскай аперацыі непасрэдна кіраваў баявымі дзеяннямі па авалоданні Берлінам і паспяхова выконваў заданні камандавання фронтам».

Высока ацаніў ратны подзвіг Васіля Данілавіча Сакалоўскага ў Берлінскай аперацыі савецкі ўрад. Яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

А ў 1946 годзе быў апублікаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Васілю Данілавічу Сакалоўскаму найвышэйшага воінскага звання Маршал Савецкага Саюза.

...У сакавіку 1946 года В. Д. Сакалоўскі быў прызначаны Галоўнакамандуючым Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі. Адначасова ён з'яўляўся членам кантрольнага савета ад СССР па кіраванні Германіяй, куды ўваходзіла па адным прадстаўніку ад ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі.

Гэтым часам у савецкай зоне акупацыі, як і ва ўсёй Германіі, не было нямецкага ўрада. На савецкую ваенную адміністрацыю ўскладалася кіраванне палітычным, эканамічным і культурным жыццём нямецкага народа ва Усходняй зоне. У яе задачу ўваходзілі правядзенне дэмілітарызацыі, денацыфікацыі, адмена фашысцкага заканадаўства, дэмакратызацыя ўсяго жыцця, ліквідацыя найбольш цяжкіх наступстваў вайны, нармалізацыя жыцця, аднаўленне эканомікі, арганізацыя забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання і таварамі першай неабходнасці і г. д.

Савецкая ваенная адміністрацыя выконвала свае абавязкі да 1949 года, калі быў створаны часовы ўрад Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

У сакавіку 1949 года В. Д. Сакалоўскі быў прызначаны першым намеснікам міністра абароны СССР, а ў ліпені 1952-га — начальнікам Генеральнага штаба Савецкіх Узброеных Сіл і першым намеснікам міністра абароны. Васіль Данілавіч прыйшоў на гэтыя адказныя пасады, валодаючы высокай культурай, глыбокімі ведамі ў ваеннай справе, велізарным вопытам каманднай і штабной работы, вялікім палітычным багажом.

Больш за адзінаццаць гадоў В. Д. Сакалоўскі працаваў у Міністэрстве абароны, з іх восем гадоў на пасадзе начальніка Генеральнага штаба. Па абавязку службы маршал актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы дырэктыўных указанняў, задум і планаў правядзення буйных вучэнняў і ваенных гульняў, многія з іх праходзілі пад яго непасрэдным кіраўніцтвам. Нярэдка яму самому даводзілася кіраваць такімі вучэннямі і ваеннымі гульнямі ў войсках і ў ваенных акадэміях. Васіль Данілавіч клапаціўся пра тое, каб усе мерапрыемствы аператыўнай падрыхтоўкі адлюстроўвалі самы перадавы ўзровень развіцця ваеннай навукі і ваеннага мастацтва.

Гэта быў перыяд якасных змен у савецкай арміі, з'яўлення новых відаў войскаў — ракетных, стратэгічных ядзерных сіл авіяцыі і флоту, змены стратэгіі і тактыкі ваеннай справы. Васіль Данілавіч праявіў сябе ў гэтыя гады як найбуйнейшы тэарэтык, ён — аўтар фундаментальных прац «Ваенная стратэгія» і «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой».

Часта з'яўляліся ягоныя артыкулы на старонках ваенных і неваенных часопісаў — не толькі савецкіх, але і за мяжой.

Увечары 30 красавіка 1968 года, напярэдадні Першага мая, Васіль Данілавіч раптоўна занядужаў. Урачы аказаліся бяссільныя чым-небудзь дапамагчы, і ў ноч на 10 мая яго сэрца перастала біцца. Урна з прахам маршала змешчана ў Крамлёўскай сцяне.

У яго гонар названы вуліцы ў Маскве, Смаленску і Гродне, а яго памяці прысвечана частка экспазіцыі ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, імем маршала названа вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі ў Новачаркаску, якое праіснавала да 2011 года.

Анатоль СЛАНЕЎСКІ


У матэрыяле выкарыстаны звесткі з літаратуры:

  • Лагодский С. А. Василий Соколовский: полководец, стратег, дипломат. — М.: «Красная звезда», 1995.
  • Маршалы Советского Союза. Личные дела рассказывают / Институт военных и историко-патриотических исследований. — М.: Любимая книга, 1996.
  • Маршал Василий Соколовский. — М.: Издательство Патриот, 2017.
  • Соловьев Д. Ю. Все генералы Сталина. — М., 2019.
  • Чередниченко М. Маршал Советского Союза Василий Соколовский // Полководцы и военачальники Великой Отечественной.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.