Вы тут

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава


У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў. У аэрапорце спартсмена ва ўрачыстай абстаноўцы сустракалі прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, сябры, журналісты. І самыя галоўныя людзі — бацькі, Ніна і Юрый Недасекавы.


«Мы спадзяваліся, чакалі, што будзе медаль. А Максім у нас такі, сказаў — зрабіў. І вось ёсць медаль. Я сама вяла пратакол і калі ўжо ўбачылі, што медаль ёсць, не тое, што груз спаў, а перажыла нейкае ўзвышанае пачуцце. У мяне такое ж пачуцце было, калі ён выйграў чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў, гэта была яго першая міжнародная перамога», — расказала Ніна Недасекава.

«У мяне слёз не было, але суседзі да трэцяга паверху чулі, як я падскочыў, як Максім. Мы ведалі, што медаль павінен быць», — падзяліўся Юрый Недасекаў.

У адным са сваіх інтэрв’ю Максім адзначаў, што амаль усе яго медалі захоўваюцца дома ў бацькоў. Але алімпійскі медаль будзе дома ў Максіма. «Магчыма, калі ўсё будзе добра, будуць яшчэ алімпійскія медалі і тады ён з намі падзеліцца», — адзначыла мама спартсмена. Дарэчы, бацькі Максіма таксама ў мінулым займаліся лёгкай атлетыкай.

«У мяне слоў не было»

Таццяна Нарэйка, трэнер Максіма Недасекава, расказала журналістам пра свае першыя эмоцыі ад іх агульнага бронзавага поспеху: «Я заўсёды вельмі хвалююся. І я назіраю за Максімам, упэўнены ён ці не, возьме ён вышыню ці не атрымаецца. І пасля няскоранай вышыні мы ўжо разбіраем, што рабіць далей. Калі ён не ўзяў 2.19 у мяне нічога не здрыганулася, ён не ўмее гэтыя вышыні скакаць. Ён прасіў мяне пачынаць з 2.24, але я яму сказала, што на алімпіядзе не варта так рызыкаваць. І ўжо пасля я яго абняла, пацалавала і ў мяне нават слоў не было. Я кажу «Макс, у нас медаль», а ён мне «я не веру».

Па словах трэнера, Максім мог узяць і 2.39. Але, як адзначаў сам спартсмен, значыць, пакуль рана. «Я была ўпэўненая, што ён возьме 2.37 таму што ён вельмі добра падышоў да гэтай вышыні. І нават трэцяя спроба на 2.39 была заліковая, калі б гэта была другая спроба ён бы і яе ўзяў. Калі мы ехалі ў Токіа, мы меркавалі, што будзе разыграна вышыня 2.35. І спектакль, які разгарнуўся ў сектары — гэта нонсэнс. І алімпіяда сама па сабе жорсткая, не шпацыр», — падкрэсліла Таццяна Нарэйка.

На гэтых Алімпійскіх гульнях у сектары для скачкоў у вышыню ўсе ўбачылі спартыўную сенсацыю. Упершыню ў гэтай дысцыпліне «золата» ўзялі адразу два спартсмены — італьянец Джанмарка Тамберы і катарац Мутаз Эсса Баршым. Яны, як і Максім Недасекаў узялі 2,37, але пераўзышлі яго па колькасці паспяховых спроб. Пераскокваць яшчэ адну спробу і высветліць, хто ж найлепшы, яны адмовіліся. «Мы ўжо пасля ўсяго, пасля допінг-кантролю ў дзве гадзіны ночы пачалі разбіраць выступленне. Адразу ніякіх крыўд не было. Мы ўжо ведаем гэтых спартсменаў, яны маюць зносіны паміж сабой. І потым нам стала крыху крыўдна, што два першыя месцы. Павінны былі пераскокваць. Максім у такім выпадку абавязкова скокнуў бы яшчэ раз», — упэўнена трэнер.

Сустрэць Максіма Недасекава прыехаў і яго першы трэнер Сяргей Кахненка. «Спраўдзілася мая мара. Гэта вялікая праца, працавітасць Максіма. Я калісьці паставіў яму тэхніку, і яна толькі паляпшаецца. Думаю, калісьці ён 2.40 скокне. Максім з дзяцінства паказвае здольнасць змагацца да апошняга, збірацца і зрабіць. За яго характар, за яго працавітасць ён і атрымаў гэты медаль. Я адчуваў, што ён мог бы і 2.39 узяць», — падзяліўся ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.