Вы тут

З’езд адбыўся – новыя мэты пастаўлены


На 44-м з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі больш за 500 актывістаў сабраліся разам, каб абмеркаваць актуальныя пытанні. Дэлегаты прынялі стратэгію развіцця арганізацыі да 2025 года. Асноўнымі напрамкамі, па якіх будзе развівацца маладзёжны саюз, сталі грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, працаўладкаванне моладзі, падтрымка талентаў, валанцёрскі рух, здаровы лад жыцця, партнёрства з арганізацыямі, інфармацыйна-іміджавая дзейнасць. Мы пагутарылі з дэлегатамі з'езду, яны падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля сустрэчы і перспектыўнымі цікавымі ідэямі.


Віктар Філіпенка (злева).

— Асаблівасцю гэтай сустрэчы стаў адкрыты дыялог органаў улады з моладдзю ў свабодным фармаце, магчымасць заявіць пра свае творчыя праекты і ідэі, — распавёў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага Віктар ФІЛІПЕНКА. — Меркаванне кожнага будзе пачута, а праекты ўвасоблены ў жыццё. Сёння БРСМ працуе з сучаснай моладдзю зусім інакш, чым раней. Шмат інтэрактыўных форм работы, яркія лідары арганізацыі, але разам з тым нам патрабуецца перазагрузка. Над гэтым і будзе працаваць новы актыў арганізацыі ў бліжэйшыя гады. Надышоў час новых ініцыятыў, праектаў, я ўпэўнены, што ўсё атрымаецца. У нас ёсць неабмежаваныя рэсурсы энергіі, крэатыўнасці і сацыяльнай актыўнасці маладых людзей. Моладзь заўсёды была, ёсць і будзе рухавіком прагрэсу і якасных зменаў.

На працягу васьмі гадоў актывісты атрада «ЭкалогіЯ» каледжа рэалізуюць комплекс мерапрыемстваў па фарміраванні ключавых кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця і спрыяюць рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі да 2030 года. Тры гады запар, з 2018 па 2020 гады, наш атрад становіцца найлепшым у краіне па выніках рэспубліканскага конкурсу «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак» у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі». Бягучы год для актывістаў нашай арганізацыі асабліва знакавы. Наш каледж і Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава сумесна рэалізавалі эколага-краязнаўчы праект «Галасы вёсак, якія сышлі», прысвечаны 35-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС і іншыя.

Людміла Хлявінская.

Для настаўніцы замежных моў Междулескай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Людмілы ХЛЯВІНСКАЙ 44-ы з’езд БРСМ стаў дэбютным. Аднак са студатрадаўскім рухам яна ідзе побач ужо дзесяць гадоў.

— Атмасфера была неверагоднай, было цікава пагутарыць з калегамі, абмяняцца ідэямі і вызначыцца са стратэгіяй развіцця на бліжэйшыя гады. Наш атрад «Гарачыя сэрцы NEW» імя Л. С. Выгоцкага дзейнічае ў Бярозаўскім раёне ўжо каля дзесяці гадоў, і за гэты час мы сабралі велізарную каманду аднадумцаў. Мы працуем як адзіны арганізм: знаёмім школьнікаў з тым, што можа даць старт у асабістым і прафесійным росце.

Яніна Гарбачэўская.

Педагог-арганізатар сярэдняй школы № 22 Гомеля і пераможца рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года — Добрае сэрца» ў намінацыі «Асабісты ўклад» Яніна ГАРБАЧЭЎСКАЯ шэсць гадоў таму стварыла ў школе валанцёрскі атрад «Млечны шлях», сёння ў ім 25 чалавек. «Збіраем у гандлёвых цэнтрах канцылярыю і ўручаем дзецям з маламаёмасных сем’яў з усёй вобласці ў рамках акцыі „У школу з Добрым сэрцам“. Усяляк дапамагаем пажылым. У школе я адкрыла аб’яднанне па інтарэсах „Юны валанцёр“, туды набіраю хлопцаў і дзяўчынак з 6-га класа. У бліжэйшай будучыні адкрыем школы валанцёраў і трэнераў. Гэта вельмі важна, таму што цікавасць моладзі да валанцёрства велізарная. Хто разумее, што псіхалагічна гатовы пастаянна быць у кантакце з рознымі людзьмі, застаецца».

Аляксей Пінчук.

Адзінаццацікласнік сярэдняй школы № 3 Светлагорска, актывіст БРСМ, пераможца інтэрнэт прэміі «IT-Youth 2021» у намінацыі «За папулярызацыю дзейнасці ГА БРСМ і маладзёжнай палітыкі ў сацыяльных медыя» Аляксей ПІНЧУК.

— Вельмі важна, што арганізацыя не стаіць на месцы, а імкнецца да чагосьці новага, але, разам з тым, захоўваем і традыцыйныя напрамкі. Я згодны з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрыем Варанюком, які адзначыў, што многія праекты рэалізуюцца ў арганізацыі доўгія гады, і здавалася б, яны маглі страціць актуальнасць — але не! Да прыкладу, папулярны рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» — візітная картка БРСМ. Я захапляюся блогерствам, актыўна выказваю сваю грамадзянскую пазіцыю аб тым, што адбываецца, падтрымліваю кіраўніка дзяржавы, дзялюся навінамі з дзейнасці Саюза моладзі.

Аляксей Пінчук лічыць, што краіна павінна выхоўваць патрыётаў сваёй краіны, якія будуць любіць Беларусь, шанаваць традыцыі і гісторыю, захоўваць мір і спакой на роднай зямлі. А таксама ўзмоцнена працаваць з моладзю ў сацыяльных сетках. «Гэта добрыя сродкі самарэалізацыі і грамадскай камунікацыі. Трэба стварыць сістэму, што будзе ўяўляць сабой супольнасць карыстальнікаў, якіх аб’ядноўваюць агульныя ідэі і інтарэсы, правільная інфармацыя».

Сняжана Клімянок.

Першы сакратар Савецкага раённага камітэта БРСМ Гомеля Сняжана КЛІМЯНОК падзялілася, што 44-ы з’езд Саюза моладзі адрозніваўся ад іншых фарматам.

— У гэты раз сышлі ад фармалізму і афіцыйных справаздач і дакладаў. З арганізацыяй я пазнаёмілася ў 2010 годзе. Самы яркі праект для мяне — грамадзянска-патрыятычная акцыя «Беларусь — зямля славы ратнай». Хацелася б яе вывесці на новы ўзровень і пачаць шчыльна супрацоўнічаць з іншымі краінамі, дзе здзейснілі подзвіг нашы землякі. Вельмі плённа працуем у валанцёрскім напрамку. Працягвае працаваць гарачая лінія па СOVID-19. У мінулым годзе штаб працоўных спраў Савецкага раёна быў прызнаны лепшым у Гомелі па працаўладкаванні моладзі. У гэтым годзе паставілі мэту ўтрымаць гэтую планку.

Кірыл Шусцік.

Старшыня Маладзёжнага савета Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Кірыл ШУСЦІК зазначыў, што атмасфера на з’езде БРСМ спрыяла адкрытай размове. «Прыемна, што моладзь выказвае сваё меркаванне актыўна і ўпэўнена. Штораз, удзельнічаючы ў такіх мерапрыемствах, адчуваеш сябе часткай вялікай і вельмі важнай падзеі. Вельмі важна рэалізоўваць ініцыятывы рознага маштабу. Менавіта мы зараз рыхтуем маштабны абласны праект да Дня народнага адзінства «Маршрут адзінства». Хацелася б, каб ён стаў прыкладам дружбы і супрацоўніцтва прафсаюзных арганізацый і БРСМ для ўсёй краіны.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з сайта БРСМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.