Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Для мяне асабіста 1 верасня — асаблівы дзень


У школе № 35, што знаходзіцца ў мікрараёне Маладзёжны Бабруйска, учора пачаліся першыя ўрокі. Установа можа прыняць у адну змену каля 1020 вучняў, але 1 верасня за парты селі амаль 1100 дзяцей — настолькі запатрабаваная і чаканая «абноўка» для горада.


Школу можна назваць сапраўдным адукацыйным цэнтрам. Установа шматфукцыянальная, з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Як сцвярджае дырэктар Таццяна Васілеўская, такімі ж будуць і падыходы да навучання. Установа мае басейн, трэнажорную залу, лыжную базу, чатыры лінгафонныя кабінеты, два кабінеты інфармацыйных тэхналогій, памяшканне псіхалагічнай разгрузкі для педагогаў, будуць створаны лабараторыі біялогіі, хіміі, фізікі. Для дзяцей з псіхафізіялагічнымі асаблівасцямі развіцця створана безбар’ернае асяроддзе. Усё гэта будаўнікі здолелі асіліць крыху больш чым за год. Зразумела — рабілі ж для сябе, для сваіх дзяцей.

Ключы да ведаў

«Для меня асабіста 1 верасня — гэта асаблівы дзень. Я заўсёды прыходжу на такую святочную лінейку з вялікім хваляваннем, дзе б яна ні праходзіла — у найстарэйшай ці новай школе, тэхнікуме, ВНУ, у вёсцы, раённым цэнтры ці сталіцы. Таму што памятаю сябе і вучнем, і настаўнікам, ведаю, што адчуваюць у гэтыя хвіліны бацькі», — сказаў Прэзідэнт на першай лінейцы ў новай школе Бабруйска.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, для кожнага ды і для яго, як Прэзідэнта краіны, пачынаецца чарговы перыяд у жыцці са сваімі задачамі, планамі і чаканнямі. «І ўся Беларусь цяпер наладжваецца на новы працоўны рытм. Таму што дзеці — гэта галоўнае. Менавіта вы, якія першы раз крочылі на плошчу гэтага храма ведаў, і тыя, хто рыхтуецца сёння да самастойнага жыцця, задаяце тэмп жыцця ўсёй нашай краіны. Таму што вы аснова, будучыня любой дзяржавы», — дадаў кіраўнік краіны.

На будаўніцтва ўстановы адукацыі ў маладым мікрараёне Бабруйска патрацілі менш чым год, і яе адкрыццё, паведаміў Прэзідэнт, планавалі толькі зімой. «Мы ж планавалі адкрыць гэтую школу яшчэ толькі ў снежні. Але і будаўнікі, і мясцовыя ўлады вельмі стараліся завяршыць работы менавіта да 1 верасня. Таму што, як кажуць у народзе, дарагая лыжка да абеду. І вам, вядома, таксама было важна пачаць новы навучальны год у новым будынку. Бо ўсё пачынаецца тут, у школе. Усё наша свядомае жыццё і жыццё горада таксама. Ён жыве, развіваецца, калі, перш за ўсё, створаны ўмовы для нараджэння, выхавання і развіцця дзяцей», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: удасканаленне інфраструктуры радзільных дамоў, паліклінік і ўстаноў адукацыі, дзіцячых пляцовак і спартыўных стадыёнаў — галоўнае, на што накіраваны дзяржаўныя праграмы па развіцці малых і сярэдніх гарадоў.

«І сёння ў гэтыя хвіліны ў розных кутках Беларусі сем школ адкрываюць свае дзверы для дзяцей і педагагічных калектываў упершыню. Мы на падыходзе да вашай школы казалі пра тое, ці патрэбна нам яшчэ ў краіне будаваць школы. Мы ўжо пабудавалі, колькі трэба. Галоўнае зараз — іх запоўніць. Калі недзе застануцца адзінкі, дзе ў дзве змены займаюцца дзеці, — там мы ў гэтай пяцігодцы вырашым праблемы», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што ў той жа час некаторыя школы, напрыклад, у цэнтры Мінска, дзе насельніцтва сталее, пустуюць. Таму да будаўніцтва новых устаноў адукацыі неабходна падыходзіць рацыянальна.

«Я даручыў ураду і міністру, каб грошы патрацілі не на будаўніцтва новых школ, а запаўненне тых, што ёсць. Гэта не на вёсцы, дзе кіламетры неабходна пешшу хадзіць. Гэтыя школы неабходна запоўніць, а сэканомленыя сродкі — і ў адукацыю, і ў ахову здароўя, і ў павышэнне заробкаў настаўнікаў, падняцце базы існуючых школ» , — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да вучняў, іх бацькоў і педагогаў з просьбай прыходзіць у школу, як у храм. «Праходзьце гэты шлях годна. Таму што гэта ваш падмурак на ўсё жыццё. Будзеце вучыцца нармальна, атрымаеце веды — значыць, будзеце канкурэнтныя ў гэтым жыцці, зможаце атрымаць нармальнае працоўнае месца, а значыць, і нармальную зарплату. Калі вы проста пройдзеце школу „лёгка“, у будучыні ні на ўладу, ні на бацькоў не крыўдуйце», — заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, для вучняў 35 школы не толькі пачынаецца навучальны год, а закладваюцца традыцыі новай навучальнай установы. «Гэтыя традыцыі застануцца пасля вас і будуць ствараць непаўторную атмасферу школьных будняў. І гэтая атмасфера будзе фарміраваць асобу кожнага дзіцяці, закладзе фундамент яго будучыні», — дадаў Прэзідэнт.

Ён пажадаў настаўнікам знайсці свой унікальны стыль у арганізацыі вучэбнага і адукацыйнага працэсу, стварыць праекты, якія ўцягнуць у школьны працэс бацькоў. Бо ў нейкім сэнсе яны таксама ідуць вучыцца разам са сваім дзіцем. Прэзідэнт заўважыў: «Зрабіце так, каб арганізаваны тут для бацькоў, дзяцей і педагогаў вольны час стаў, як я ўжо сказаў, традыцыяй. Традыцыяй, якая, я спадзяюся, будзе ствараць моду на здаровы лад жыцця. Сёння гэта вельмі актуальна».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў дзяцей трэба развіць любоў да спорту, навучыць з маладосці берагчы сваё здароўе. «Бо яно — гарант іх бяспечнай і шчаслівай будучыні», — звярнуў Аляксандр Лукашэнка ўвагу.

Прэзідэнт пажадаў вучням, педагогам і бацькам паспяховага, цікавага і запамінальнага навучальнага года. Малым, якім толькі трэба адкрыць для сябе свет школьнай навукі, ён параіў знайсці сапраўднага сябра ў асобе настаўніка. «Шукайце гэтага аднаго ў сваім настаўніку. Гэта будзе ваш самы надзейны і адданы сябар. Старшакласнікам і выпускнікам — разумення важнасці ведаў, атрыманых у школе, для дасягнення мэтаў, да якіх яны імкнуцца. Цярпення, сіл, творчага натхнення вашым педагогам. Толькі той, хто ўмее трываць і пераадольваць цяжкасці, зможа дамагчыся поспехаў у гэтым жыцці, у гэтым шалёным свеце, абсалютна незразумелым сёння», — завяршыў Аляксандр Лукашэнка.

Мяч і саламяны бобр — на памяць

Пасля ўрачыстай лінейкі Прэзідэнт азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, умовамі для навучання і выхавання школьнікаў. Кіраўнік дзяржавы агледзеў школьную бібліятэку. Кніжны фонд змяшчае 40 тысяч экземпляраў, удзел у яго фарміраванні прыняла Нацыянальная бібліятэка. Прэзідэнт спытаў, ці ўпэўненыя спецыялісты, што ў сучасных школьнікаў гэта месца будзе карыстацца папулярнасцю. Маладыя ўсё часцей аддаюць перавагу рознага роду гаджэтам. У бібліятэцы запэўнілі, што зробяць для заахвочвання вучняў да чытання ўсё магчымае.

Затым Прэзідэнт пабываў на ўроку першакласнікаў на тэму «У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны». У спартыўнай зале Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з дзявочай валейбольнай камандай Бабруйска. Дзяўчынкі расказалі пра свае спартыўныя дасягненні і запэўнілі — будуць прадстаўляць у хуткім часе краіну на міжнародных спаборніцтвах. «Мы вас чакаем у нацыянальнай камандзе», — пажадаў спартсменкам Прэзідэнт і падпісаў ім мяч.

Далей падарожжа па школе працягнулася ў медпункце, які абсталяваны працэдурным, стаматалагічным кабінетам.

Паказалі кіраўніку краіны актавую залу, заняткі па барацьбе ў гімнастычнай зале. Прэзідэнт зайшоў да дзесяцікласнікаў, дзе праходзіў сумесны ўрок з прадстаўнікамі цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі. Вучні задалі кіраўніку краіны некалькі пытанняў: якія ў яго захапленні і як Прэзідэнт ставіцца да кантрактнай службы ў войску. «Станоўча стаўлюся. Кантрактная служба ў нас ёсць. Там, дзе трэба, мы яе ўкараняем», — адказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым сёння няма праблемы, каб абавязкова тэрміновую службу замясціць кантрактнай, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы таксама паказалі клас працоўнага навучання для дзяўчат, сталовую з разнастайным меню для школьнікаў. Закончылася падарожжа ў холе, дзе Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. На развітанне дзеці падарылі Прэзідэнту сувенір — саламянага бабра. У сваю чаргу кіраўнік краіны ў падарунак пакінуў сертыфікат на мульціборд і 3D-прынтэр. 

«Вучымся абараняць сваё»

Пасля знаёмства са школай Прэзідэнт знайшоў час пагутарыць з журналістамі. Пытанні як звычайна — ад важнейшых палітычных да жыццёвых.

Адказваючы на пытанне пра патрыятычнае выхаванне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўпэўнены ў яго неабходнасці ў школах.

«Мы гэта ведаем, што трэба, і мы гэта будзем рабіць. Мы бачылі, што недапрацоўваем у гэтым плане. Аказалася не ўсім зразумела», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што ваенрукі ў школах павінны дапамагаць забяспечваць бяспеку ва ўстановах адукацыі. Прэзідэнт лічыць, што ваенрук павінен сачыць і за калектывам школы, ведаць праблемныя сем’і і аказваць у гэтым дапамогу дырэктару.

Цікавіліся журналісты і планамі на будучую сустрэчу 9 верасня з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і падпісаннем саюзных праграм.

"Перш за ўсё хачу падкрэсліць: мы больш за тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу — зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўнiцтве«,— нагадаў кіраўнік краіны. 

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пэўны час у саюзным фармаце не было прарыўных рухаў і тады, рэагуючы на патрабаванні народаў, прэзідэнты прынялі рашэнне зрабіць нейкія крокі. Пасля гэтага былі выпрацаваны больш за 30 дарожных карт для ўзаемадзеяння па розных кірунках.

«Зараз яны ператварыліся ў саюзныя праграмы. Гэта ўжо будуць падпісаныя да выканання дагаворы, а не проста карты. Даручым урадам, калі дамовімся канчаткова з Прэзідэнтам Расіі 9-га, то 10-11 (верасня — „Зв“.) урады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. Потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце», — патлумачыў кіраўнік краіны.

Напрыклад, па яго словах, ёсць праблемы з наглядам за таварамі. «Мы павінны бачыць, куды ён прыйшоў, якія пошліны, падаткі выплачваюцца. Празрыстасць павінна быць, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мы дамовіліся аб поўнай лічбавізацыі гэтага працэсу. Гэта адна з праграм».

Прэзідэнт заявіў, што саюзныя праграмы вельмі выгадныя для Беларусі і Расіі ва ўсіх адносінах. «Ніякай гаворкі пра страту суверэнітэту няма. Мы бачым недахопы ў Савецкім Саюзе, у Еўрасаюзе. Гэта значыць, выбудоўваючы нашы адносіны ў саюзе, мы можам гэтага пазбегнуць. Сёння мы настолькі адукаваныя і разумныя, што, не губляючы суверэнітэту ні Расіі, ні Беларусі, можам выбудаваць такія адносіны, якіх няма ні ў федэратыўных, ні ва ўнітарных дзяржавах », - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён сцвярджае, каб усталяваць цесныя адносіны, краінам не трэба ўключаць у свой склад іншыя дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў пра саюзныя праграмы на прыкладзе ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. «У нас, лічы, адзіная армія, аснову якой на заходнім кірунку складае беларуская армія. Не дай Бог, вайна, Беларусь уступае ў бойку першая і адразу ж падключаецца ўся заходняя частка ўзброеных сіл Расіі, і мы разам будуем абарону і супраціў свайму ворагу», — адзначыў беларускі Прэзідэнт.

Запыталі журналісты і пра Афганістан. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ЗША пацярпелі ў Афганістане фіяска, якое ператварылася ў ганебныя ўцёкі.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што глабальныя высновы з падзей у Афганістане рабіць рана. Па яго словах, яшчэ няма такой сілы, якая Афганістан паставіла б на калені.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, амерыканскія ваенныя маглі б папрасіцца на тэрыторыі прыгранічных з Афганістанам Таджыкістана, Узбекістана, Туркменістана і пасля адтуль без мітусні вылецець у ЗША«.

Па яго словах, праблемы Афганістана выкарыстоўваюць амерыканцы для ціску на Кітай, Расію. Таму Прэзідэнт перасцерагае ад папярэдніх вынікаў наконт амерыканскай палітыкі ў Афганістане.

«Нам трэба акуратна ацэньваць сітуацыю ў Афганістане і думаць, пра тое, як зрабіць так, каб афганцам было добра. Мы ваяваць там не будзем — ні Расія, ні Цэнтральна-азіяцкія рэспублікі. Ніхто не хоча гэтай вайны», — заяўляе кіраўнік краіны.

Ён прыводзіць у прыклад прагматычную палітыку Кітая наконт Афганістана. Па яго словах, кітайцы адразу прапанавалі дапамогу багатай на рэсурсы краіне.

Ён адзначыў, што наша краіна намагалася супрацоўнічаць з Афганістанам, заняўшы ўзважаную палітыку. 

Прэзідэнт расказаў таксама, што беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2021» праводзяцца выключна для трэніроўкі ўласных узброеных сілаў. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе прыйшлося фактычна палову арміі прыводзіць у баявую гатоўнасць і выводзіць на заходнія рубяжы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: на гэтым напрамку Беларусь і Расія дзейнічаюць разам. 

«У нас саюзная армія ў гэтым кірунку з Расійскай Федэрацыяй. Узброеныя сілы дзвюх краін вельмі падобныя, але зладжванне павінна быць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму мы і разам павінны вучыцца. Таму што ваяваць нам давядзецца разам. Калі ёсць армія, узброеныя сілы, іх трэба рыхтаваць, аб’ядноўваць разам».

Паводле яго слоў, на тэрыторыі дзвюх краін ад Калінінграда да Уладзівастока будзе задзейнічана вялікая колькасць войскаў. «На ўсіх палігонах. Мы з Пуціным дамовіліся, што я бяру пад кантроль асноўную частку вучэнняў. Яна будзе ў нас, у Беларусі. У іх на некалькіх палігонах — да дзясятка палігонаў будзе задзейнічана. Ён пабудзе на сваім палігоне, я на сваім. І мы паглядзім, наколькі гатовыя і зладжаныя нашы ўзброеныя сілы. У нас адзіная сістэма СПА, адзіная абаронная палітыка», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўнівае, ні на кога не збіраемся наступаць. «Таму нам чужое не трэба. Але мы вучымся абараняць сваё», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У тэму Прэзідэнт расказаў пра планаваныя пастаўкі ў нашу краіну ўзбраення і тэхнікі расійскай вытворчасці.

«У бліжэйшы час (я падпісаў пазаўчора распараджэнне) з Расійскай Федэрацыі паставяць нам дзясяткі самалётаў, дзясяткі верталётаў, самага важнага ўзбраення СПА. Можа быць, нават C-400 купім. Нам яны вельмі патрэбныя», — заявіў кіраўнік краіны.

На інтэрв’ю рабочая паездка Прэзідэнта ў Бабруйск не скончылася. Па дарозе да ўзлётнай пляцоўкі яго чакалі мясцовыя жыхары. Аляксандр Лукашэнка падышоў да натоўпу, павітаўся і крыху пагутарыў з бабруйчанамі.


Каментарый у тэму

Таццяна Васілеўская, дырэктар школы № 35 горада Бабруйска ў размове з журналістамі адзначыла, што ў новую ўстанову прыйшло шмат маладых спецыялістаў і ўжо сёння педкалектыў працуе як адна каманда.

«Усе гатовыя з нецярпеннем прыступіць да работы. Школа вельмі сучасная. Усталявана вялікая колькасць прылад, у нас выдатныя майстэрні, спартыўная база, таму мы гатовы сустрэць сваіх першых вучняў», — кажа дырэктар.

Самая вялікая паралель — першыя класы, дзе будуць вучыцца 236 дзяцей. Ад іншых устаноў адукацыі новую школу, па словах яе кіраўніка, адрознівае выдатная матэрыяльна-тэхнічная забяспечанасць.

«Усе класы абсталяваны мультымедыйнымі ўстаноўкамі. У гэтым годзе мы адкрываем спецыялізаваны клас па вольнай і грэка-рымскай барацьбе. Будзем намагацца ўкараняць усе новыя формы і метады ў адукацыйны працэс. Самая галоўная наша «фішка», я лічу, — супрацоўніцтва з Нацыянальнай бібліятэкай. Мы першая школа ў Бабруйску, якая мае доступ да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі",— абагульняе Таццяна Васілеўская.

Марыя ДАДАЛКА

г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.