Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


З зялёных памідораў


Фота: pixabay.com

Рэзкі джэм

Спатрэбіцца: зялёныя памідоры — 1,5 кг, цукар — 2 шклянкі, сок аднаго лімона, 1 палачка карыцы, 0,5 ч. л. духмянага перцу, кавалачак свежага імбіру.

Памідоры разрэжце і выдаліце насенне. Нарэжце мякаць кубікамі. Імбір надзярыце на тарцы, змяшайце з памідорамі, дадайце цукар і сок лімона, размяшайце і пакіньце сумесь на ноч. На наступны дзень выліце масу ў рондаль, пакладзіце палачку карыцы і 0,5 ч. л. духмянага перцу. Давядзіце да кіпення і варыце на слабым агні на працягу 10 хвілін і зноў пакіньце на ноч. На наступны дзень давядзіце сумесь да кіпення яшчэ раз, пракіпяціце 15 хвілін, разліце па стэрылізаваных слоіках і закруціце.


Зялёны кетчуп

Спатрэбіцца: зялёныя памідоры — 3 кг, цыбуля рэпчатая — 1,5 кг, молаты чорны перац — 2 ч. л., сухая гарчыца — 1 ст. л., сушаныя травы (арегана, базілік, чабор) — 2 ч. л., яблычны воцат — 1 шклянка, цукар — 0,5-1 шклянка.

Памідоры і цыбулю нарэжце кубікамі, пакладзіце ў вялікі рондаль, дадайце перац і гарчыцу. Травы загарніце ў мяшочак з марлі і пакладзіце яго ў таматную сумесь. Выліце сюды ж воцат. Варыце кетчуп на працягу 4-6 гадзін на вельмі павольным агні, перыядычна памешваючы.

Прыбярыце мяшочак з травой, здрабніце масу блендарам, працадзіце праз сіта і выліце ў рондаль. Давядзіце кетчуп да кіпення, дадайце 0,5 шклянкі цукру, размяшайце да растварэння. Пакаштуйце кетчуп чыстай лыжкай — калі несалодка, дадайце яшчэ цукру. Калі слодыч дастатковая, разліце кетчуп па стэрыльных слоіках і закруціце. Такі кетчуп можна захоўваць у склепе да года.


Варэнне

Спатрэбіцца: зялёныя памідоры — 1 кг, цукар — 2 шклянкі, лімонны сок — 0,5 шклянкі, соль — 1 ч. л., ванілін — 1 ч. л., свежая лімонная цэдра.

Памідоры нарэжце і змясціце ў рондаль. Дадайце соль, цукар і лімонны сок. На сярэднім агні давядзіце сумесь да кіпення, памешваючы. Затым паменшыце агонь і варыце 35-40 хвілін, рэгулярна памешваючы, каб варэнне не прыгарэла. За 5 хвілін да заканчэння варкі дадайце ванілін і лімонную цэдру, добра размяшайце. Працадзіце варэнне праз сіта, выдаліце насенне і цэдру. Слоік з варэннем захоўвайце ў халадзільніку.


Смажаныя зялёныя памідоры

Спатрэбіцца: вялікія зялёныя памідоры — 3 шт., мука — 0,5 шклянкі, яйка — 2 шт., паніровачныя сухары — 1 шклянка, сушаныя травы — 0,5 ч. л., молаты чырвоны перац — 1/4 ч. л., алей, соль і чорны перац.

Памідоры нарэжце лустачкамі і з абодвух бакоў злёгку пасыпце соллю і перцам. Пакіньце на 20 хвілін, а затым зліце сок, які ўтварыўся. У адну міску насыпце муку, у другой узбіце яйкі, у трэцяй місцы змяшайце сухары, травы і чырвоны перац. Кожную лустачку памідора абмакніце спачатку ў муку, затым у яйкі і ў паніровачныя сухары. Абсмажце ў разагрэтым алеі з двух бакоў да залацістага колеру, выкладзіце на папяровы рушнік, трохі астудзіце і падавайце з любімым соусам.


Лавачка з бервяна

Часта хочацца паставіць на лецішчы натуральную драўляную садовую мэблю, але ўсё, як той казаў, не купіш, ды штосьці можна і сваімі рукамі зрабіць.

  • Бяром два бярвенцы: першае — на падстаўку, другое — на сядзенне. Лепш, калі бярвены будуць больш-менш роўныя і не надта сукаватыя. Даўжыня кожнага не павінна перавышаць метр-паўтара. Канкрэтныя памеры выбірайце на свой густ. Для спінкі спатрэбяцца два абрэзкі бруска, жэрдкі ці сука. Акрамя таго, спатрэбіцца тоўстая дошка або аполак — ён, дарэчы, па стылі падыдзе не горш.
  • Спачатку нам трэба будзе распілаваць адно з бярвён на два плашчакі. Калі бензапіла ў вас добрая, гэта робіцца лёгка. Пры вялікім жаданні распілаваць бервяно ўздоўж можна і пілой-двухручкай. Для зручнасці фіксуем бервяно з дапамогай падставак, чэрцім лінію разьбы пасярэдзіне з кожнага з бакоў бервяна. Пачынаць пілаваць трэба кончыкам бензапілы. Каб прапіл далей ішоў роўны, лепш зрабіць канаўку ўздоўж усяго бервяна — так вы не пойдзеце ўбок, бо разметку з-за пілавіння бывае не відаць.
  • Пасля бяром адну з распілаваных плашак і апрацоўваем паверхню, прызначаную для сядзення. Гэта можна зрабіць з дапамогай гэбля, балгаркі ці плоскашліфавальнай машыны.
  • Для падстаўкі лавачкі пілуем два цурбакі ў паўтара раза шырэй за дыяметр бервяна і на кожным выбіраем бензапілой або вычэсваем сякерай паўкруглы паз пад сядзенне. Наша задача — дамагчыся, каб сядзенне шчыльна і ўстойліва ляжала на падстаўках.
  • Далей — спінка, дакладней, апоры для яе. Іх можна зрабіць з кавалка жэрдкі, тоўстага сука ці нават бруска. Гэтыя апоры трэба прыкруціць да падставак і да сядзення з дапамогай доўгіх шруб. Калі апора для спінкі круглая, на ёй давядзецца залысіць плоскасць на месцы пасадкі спінкі. Калі падгонка будзе скончана, спінку дастаткова прыцягнуць двума шрубамі да кожнай з апор.
  • Пастаўце апоры лаўкі на гідраізаляцыю або падніміце на камяні. Без кантакту з глебай яны пражывуць даўжэй, а афарбаванне ахоўным саставам падоўжыць тэрмін службы лавачкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.