Вы тут

Нацыянальная літаратурная прэмія


З увагай да родных мясцін. Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства


Аўтар кнігі «Пухавіччына: літаратурнае гняздо Беларусі» (Мінск, «Адукацыя і выхаванне», 2020) Алесь Карлюкевіч добра знаёмы айчыннаму чытачу. Пісьменнік, журналіст, краязнаўца, ураджэнец вёскі Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна, выдаў не адну кнігу, прысвечаную яго роднай Пухавіччыне і гістарычнай Ігуменшчыне, іншым мясцінам і асобам Беларусі.

Гэта — краязнаўчыя нарысы «За Цітаўкаю — Слабада» (1997), «Блонь» (2007; у суаўтарстве з Браніславам Зубкоўскім), «Ігуменскі блакнот» (2000), «Рэкі і азёры Рыгора Барадуліна» (2020), «Сцежкамі Ігуменшчыны» (2008), «Ігуменскі павет (Падарожжа па родным краі)» (2020). У полі зроку аўтара не толькі адзін рэгіён ці адна краіна, але ўся прастора былога СССР.

Як вызначыў аўтар прадмовы да гэтага выдання Адам Мальдзіс, мы назіраем з’яву, як «камернае краязнаўства… на вачах перарастае ў радзімазнаўства, набывае глабальныя вымярэнні!» Кніга «Пухавіччына…» — яскравае таму пацвярджэнне. На прыкладзе гэтага рэгіёна Беларусі разглядаецца характар узаемасувязей мясцовасці, культурных гнёздаў з творчасцю пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў. На старонках сапраўднай літаратурна-краязнаўчай энцыклапедыі можна шмат даведацца пра знакавых асоб айчыннага пісьменства Якуба Коласа, Янку Купалу, Кандрата Крапіву, Сымона Баранавых, Пятра Глебку, Міхася Лынькова, Міхася Чарота, Пятра Рунца, Алеся Бачылу, Генадзя Кляўко. Аўтар распавядае, як і ў сувязі з якімі падзеямі нараджаліся тыя ці іншыя мастацкія творы.

«Шмат хто з літаратараў, якія жылі і працавалі ў маім родным краі, пакінулі ў прыгожым пісьменстве тэмы і сюжэты з Пухавіччыны, пухавіцкага жыцця і побыту. Яркі прыклад — творчасць народнага песняра Якуба Коласа, які цягам многіх гадоў летаваў у пухавіцкіх вёсках і шмат напісаў пра нашы мясціны, рэкі, лясы. Значыць, літаратурная гісторыя Пухавіцкага раёна мае права быць прадметам, тэмай асобнай кнігі…» — разважае аўтар.

Што да назвы — чаму менавіта «Літаратурная карта Пухавіччыны», а не «Пухаўшчыны»?.. У 2003 годзе выйшла ў свет гісторыка-дакументальная хроніка Пухавіцкага раёна «Памяць». Мовазнаўцы прыйшлі да высновы, што правільна будзе менавіта «Пухавіччына». У «Памяці» — менавіта так: «Тут, на Пухавіччыне, з сівой даўніны жылі людзі, апрацоўвалі зямлю, гадавалі дзяцей, абаранялі свой край ад ворагаў  як з захаду, так і з усходу, як з поўначы, так і з поўдня…»

Адкрываецца выданне расповедам пра Мар’іну Горку, якая падарыла свету паэта Анатоля Вольнага, чый драматычны лёс абарваўся расстрэлам у 1937-м, пісьменніка Рыгора Кобеца, паэта Алеся Цвяха. З Пухавіччынай звязана і імя напаўзабытага паэта Аляксандра Пармона, які быў супрацоўнікам пухавіцкай раённай газеты «Сцяг камунізма». І пра кожнага — малавядомыя факты біяграфіі, цытаты з твораў… Не засталіся ўбаку аўтарскіх зацікаўленняў і сучасныя творцы гэтых мясцін: Мікалай Гурын, Аляксандр Лагвіновіч, Браніслаў Зубкоўскі, Уладзімір Рунцэвіч. З такой цеплынёй і ўвагай аўтар падыходзіць да кожнага паселішча Пухавіччыны. Назвы раздзелаў сведчаць самі за сябе: «Гарэлец і ваколіцы», «Шацк», «Дукора», «У Свіслачы» і шматлікія іншыя.


Цёплыя колеры дзяцінства.

Лепшы твор для дзяцей і юнацтва

Кніга вершаў Валянціны Паліканінай «Мацней за ўсіх дабрыня» («Всех сильнее доброта») («Мастацкая літаратура», 2020) распавядае шмат цікавага пра тыя рэчы, прадметы і з’явы, якія акаляюць нас з самага ранняга маленства. Аўтарскі падыход да дзіцячай тэматыкі тыповы: прадметы і з’явы «ажываюць», становяцца суразмоўцамі і сябрамі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. І пры гэтым, акрамя забаўляльнай функцыі, нясуць яшчэ і пазнавальную, сэнсавую нагрузку — але ненавязліва, без павучанняў і маралізатарства:

 

Паровоз

 

Паровоз бежал, пыхтел.

Он устал и заболел.

Но не хочет — вот натура! —

Измерять температуру.

Он сопит: «В моей машине

Смазки требует подшипник.

Дайте масло мне коровье —

Для железного здоровья!»

 

Героі вершаў мараць, у кожнага з іх — свой характар, свае ўчынкі. У цудоўным свеце дзяцінства і адбываюцца ўсе прыгоды, дзе заўсёды ёсць месца цуду.

З гумарам падае аўтарка распаўсюджаную сітуацыю, якая зазвычай мае месца, калі ў сям’і не адно дзіця (тут усміхнуцца і дарослыя, згадаўшы ўласныя прыгоды, калі былі малымі):

 

Даша и Дуняша

 

Заявила наша Даша:

«Я — капризная с утра,

И не стану кушать кашу!

За меня пусть съест сестра!»

«Две тарелки вкусной каши

Я осилю поутру. —

Ей ответила Дуняша. —

Я в ответе за сестру!»

 

Валянціна Паліканіна даўно вядома як паэтэса — яе пяру належаць шматлікія зборнікі вершаў. Філолаг па адукацыі, працавала рэдактарам і аглядальнікам часопісаў «Беларусь» і «Гаспадыня». Творы друкаваліся ў розных беларускіх і расійскіх выданнях і міжнародных зборніках, уключаны ў анталогію «Сучасная руская паэзія Беларусі». Песні на яе словы гучаць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, у тым ліку на «Славянскім базары ў Віцебску» — іх выконваюць вядомыя беларускія артысты.

Акрамя таго, Валянціна Паліканіна — актыўны грамадскі дзеяч. Яна — член вядомай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын». Бярэ актыўны ўдзел у міжнародных канферэнцыях, розных мерапрыемствах і дабрачынных акцыях сваёй арганізацыі.

Асноўныя тэмы яе твораў — маці, Радзіма, вайна, любоў. Кніга вершаў для дзяцей, якая сёлета атрымала ўзнагароду як найлепшая, не першая. Аўтарка не першы год працуе ў гэтым жанры. Адметна, што ў дуэце з паэтэсай у афармленні кнігі выступіла мастачка Алена Карповіч (яна ж афармляла і папярэднюю кнігу вершаў для дзяцей В. Паліканінай — «Няма нагоды для самоты» («Ни к чему быть одному»). На ўсіх карцінках — насычаная, але не кідкая цёплая колеравая палітра — далікатная ігра святла і ценяў, тонаў і паўтонаў; твары людзей, якія перадаюць патрэбныя эмоцыі і настрой: радасць, здзіўленне, засмучэнне, упартасць, зацятасць, дабрыня, задуменнасць, чаканне, засяроджанасць — усё зроблена для таго, каб чытанне кнігі стала святам, прыемным адпачынкам і для дзіцяці, і для бацькоў.


Спатоліць духоўную смагу

Лепшы дэбют

Зборнік вершаў маладой паэтэсы Кацярыны Стройлавай «Насустрач Любові» («Навстречу Любви») (Мінск. Выдавец А. Вараксін, 2020) — не пра каханне, як, магчыма, варта было б чакаць. Любоў у разуменні аўтара — паняцце нашмат больш шырокае і шматграннае. Найперш — гэта пачуццё ў Сэрцы Бога да Свайго Тварэння — чалавека. І гэтая любоў падобная на любоў маці да свайго дзіцяці: яна ўсёдаравальная і ўсёпаглынальная, але не мае нічога агульнага з усёдазволенасцю…

Любоў Бога, пераасэнсаванне існавання чалавека на Зямлі як твора, што мае свайго Скульптара, пераасэнсаванне гісторыі — біблейскай і сучаснай, лёсаў святых і некаторых сучаснікаў; духоўныя пошукі — вось асноўная тэматыка творчасці Кацярыны Стройлавай.

Паэтэса з’яўляецца выпускніцай Інстытута тэалогіі БДУ, магістрам гістарычных навук, аспіранткай РІВШ. Неаднаразова была лаўрэатам літаратурных конкурсаў і літаратурных прэмій, яе творы друкаваліся на старонках многіх часопісаў, газет і альманахаў. Пяру Кацярыны Стройлавай належаць зборнікі вершаў «Цярністы шлях» («Тернистый путь»), «У Ім наша жыццё» («В Нём наша жизнь»), «Клопатам захаваныя» («Заботою хранимы») і кнігі «Палітра жыцця: вершы, аповесць» (Палитра жизни: стихи, повесть).

«Жыццё наша часам бывае нялёгкім, і мы шукаем падтрымкі. Многія па дапамогу звяртаюцца да Бога. А яшчэ мы можам прасіць заступніцтва перад Богам у святых. У сваёй новай кнізе аўтар знаёміць нас з жыццём некаторых з іх. Магчыма, яны з’яўляюцца абаронцамі кагосьці з нас. Але нават калі і не так, то мы проста можам даведацца пра жыццё гэтых святых. Гэта не адзіная тэма кнігі. Тут кожны можа знайсці штосьці на свой густ: любоўная лірыка, старазапаветныя і новазапаветныя гісторыі, ваенная тэматыка, трагедыі, алегорыі, апісанні прыроды, уласных пачуццяў і інш. Ва ўсіх вершах прысутнічаюць роздумы пра жыццё: для чаго мы прыйшлі ў гэты свет, якую памяць пакінем пасля сябе…» — паведамляецца ў анатацыі да выдання. Святая пакутніца Таціяна, прападобнамучаніца Еўдакія, святыя Спірыдон Трыміфунцкі, Кацярына, Ваніфацый і Аглаіда, Еўфрасія, Сімяон Стоўпнік, Марцініян і Фацінія, Іаан Дамаскін, Серафім Сароўскі ды іншыя сталі героямі твораў Кацярыны Стройлавай.

Вершы ў зборніку аб’яднаны ў тэматычныя падборкі: «Па старонках Старога Запавету», «Па старонках Новага Запавету», «Усе святыя, прасіце Бога за нас!», «Пакутнікі», «Тварцу», «Алегорыі», «Думкі ўслых», «Вершы — аповеды», «Немінучы боль страты», «Уся прырода Творцу славіць», «Колькі ты, вайна, жыццяў забрала!», «Па цярністым шляху», «Сэрца раскаянне раніць», «Трапеча сэрца», «Іконы», «Прыйдзіце ўсе да Мяне». Вершы можна чытаць не ў строгай паслядоўнасці, разгарнуўшы кніжку наўздагад. Найбольш уражваюць тыя творы, дзе аўтарка распавядае пра сябе і ўласны шлях спасціжэння Бога і Яго пакутніцкай смерці на Крыжы:

Вместе со Мною дыши

 

Божий промысел я до конца

не всегда понимала.

Не под силу творенью Творца

разуменье познать.

Временами мое существо,

как дитя, бунтовало,

Не желая Отцовскую волю

святую принять.

 

<…>

 

Я слова те святые сквозь сердце

свое пропускала,

И глаза открывались духовные

скорбной души.

Время шло, и, смиряясь, я почерк

Творца понимала.

«Не противься, — вещал Он, —

а вместе со Мною дыши».

 

Зборнік вершаў, мяркую, будзе даспадобы шырокаму колу чытачоў: духоўная тэматыка, адлюстраваная ў простых немудрагелістых вобразах, — тая крыніца, якая натоліць духоўную смагу і напоўніць душу Святлом і Любоўю.

Матэрыялы падрыхтавала Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.