Вы тут

Як кітайскай вакцыне забяспечваюць камфортную тэмпературу, вільготнасць і іншыя ўмовы


Частка вакцыны супраць COVІD-19, днямі дастаўленая з Кітая ў Беларусь — а гэта 500 тысяч доз у межах сяброўскай гуманітарнай дапамогі — цяпер размешчана на складах транспартна-лагістычнага цэнтра «Мінск-Белмытсэрвіс-2». Асобны халадзільнік, спецыяльны тэмпературны рэжым, супрацоўнікі, якія пільна сочаць за бяспекай захоўвання — карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў ТЛЦ і на свае вочы ўбачылі, якая ўвага аддаецца каштоўнаму грузу.


Са сталічнага аэрапорта, куды вакцына была дастаўлена самалётам, два аўтамабілі-рэфрыжэратары перавезлі яе пад Мінск. Тут размешчаны сучасны транспартна-лагістычны цэнтр аднаго з вядучых лагістычных аператараў краіны — РУП «Белмытсэрвіс». Менш за 20 хвілін прайшло з моманту заезду аўтамабіляў на складскую тэрыторыю да апускання дзвярэй халадзільнай секцыі. За такі кароткі час 29 паддонаў з вакцынай перамясцілі ў камфортныя і бяспечныя для яе ўмовы — як вядома, яна патрабуе нізкіх тэмператур пры перавозцы і захоўванні.

— У звычайным рэжыме разгрузка адной машыны займае ў сярэднім 40-45 хвілін. Мы справіліся ў чатыры разы хутчэй, калі ўлічыць, што было дзве машыны, — расказвае намеснік дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белмытсэрвіс» Раман Шорахаў.

Трэба сказаць, што прафесіяналізм работнікаў, а іх, дарэчы, у мінскім філіяле «Белмытсэрвіса» каля 700, не выклікаў сумненняў і ў Міністэрства аховы здароўя, якое без ваганняў даверыла прадпрыемству каштоўны груз. Адметна, што «Белмытсэрвіс» захоўвае вакцыну на бязвыплатнай аснове.

Трэба сказаць, што сертыфікат, які дазваляе размяшчаць на сваіх складах любыя лекавыя і біяпрэпараты, ТЛЦ «Мінск-Белмытсэрвіс-2» атрымаў 29 сакавіка бягучага года. Гэта сістэма забеспячэння якасці для складскіх прадпрыемстваў у сферы абароту лекавых сродкаў, або належная дыстрыб'ютарская практыка (GDP). Адпаведныя ўмовы для захоўвання лекаў, якія адпавядаюць самым высокім міжнародным стандартам, былі прадугледжаны яшчэ падчас будаўніцтва комплексу. Яно вялося ў рамках развіцця транспартна-лагістычнага комплексу краіны і завяршылася ў 2013 годзе. Цяпер давялося дакупіць невялікую частку абсталявання і датчыкаў. Дарэчы, толькі іх штомесячнае абслугоўванне каштуе нятанна.

— Мы гатовыя да такіх затрат, бо гэта перспектыўны напрамак развіцця. І тое, што мы можам захоўваць любыя лекавыя прэпараты і падтрымаць такім чынам нашу медыцынскую галіну, дорага каштуе, — адзначае Раман Шорахаў.

Вакцына знаходзіцца ў камеры, асобна ад іншых лекавых прэпаратаў. Тэмпературны рэжым, а ён вызначаны для вакцыны ў 4 градусы, вільготнасць і нават паток паветра тут адсочваюцца ў рэжыме 24/7. У выпадку ўзнікнення непаладак у абсталяванні спрацоўваюць датчыкі і інфармацыя імгненна паступае на манітор службы бяспекі, якая сочыць за функцыянаваннем комплексу. Акрамя таго, кантралёры кругласутачна ажыццяўляюць візуальны кантроль датчыкаў, якія размешчаны на халадзільных секцыях.

У цэлым жа сертыфікат GDP дае права захоўваць любыя лекавыя прэпараты. Склад часовага захоўвання ТЛЦ «Мінск-Белмытсэрвіс-2» мае халадзільныя камеры агульнай плошчай 180 м2 з падтрымальным тэмпературным рэжымам +2—+8, магчымасць падлогавага і стэлажнага захоўвання звыш 600 м3. З прадпрыемствам ужо супарцоўнічае каля дзясятка фармвытворцаў. Агульная плошча складоў ТЛЦ «Мінск-Белмытсэрвіс-2» — каля 19 тысяч м2.

Дарэчы, аналагічнае заключэнне GDP ужо маюць ТЛЦ «Магілёў-Белмытсэрвіс» і «Брэст-Белмытсэрвіс-2», у хуткім часе яго атрымае ТЛЦ «Гомель-Белмытсэрвіс».

А што датычыцца кітайскай вакцыны, то ў найбліжэйшыя дні са склада ТЛЦ яна пачне паступаць у рэгіёны. На ўсім яе шляху да спажыўца будуць забяспечаны неабходныя ўмовы транспарціроўкі і захоўвання.

Алена КРАВЕЦ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Па найлепшых міжнародных стандартах

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.