Вы тут

Нарыхтоўчы крэатыў. Сакрэты вясковых клопатаў увосень


Перад многімі ўладальнікамі прыватных дамоў з пячным ацяпленнем цяпер востра паўстала пытанне, як нарыхтаваць паліва для ацяпляльнага сезона, ды не наламаць дроў. Асабліва цяжка справіцца з такой задачай пажылым людзям, самотным пенсіянерам, інвалідам. Многім неабходная дапамога і ў нарыхтоўцы садавіны і гародніны на зіму. Жыхары глыбінкі Прыпяцкага Палесся падзяліліся, як запасаюцца на зіму, рыхтуюцца да халадоў і як спагада да чужога клопату можа таксама саграваць.


Школьнікі Лельчыцкага раёна бяруць актыўны ўдзел у акцыі «Мы абіраем дапамогу пажылым людзям».

Дровы-«дэлікатэсы»

Настаўніца вясковай школы з больш як саракагадовым стажам, а цяпер старэйшына вёскі Сініцкае Поле Лельчыцкага раёна, старшыня ветэранскай арганізацыі Валянціна Паўлаўна Шукаловіч на пячным ацяпленні, як той казаў, зубы з'ела. Увесь свой век не змяняе надзейнай печы — сэрцу вясковага дома. Жыццё, кажа, навучыла і пілаваць, і калоць дровы. Ведае яна і навошта загадзя клапаціцца аб паліве: як вясковец падыходзіць да загатоўкі дроў — такая яго гаспадарская самавітасць Сама Валянціна Паўлаўна можа словам і справай дапамагчы іншым пенсіянерам са сваёй вёскі, што дбаюць пра цёплы дом зімой.

— І калоць сама ўмею, і рэзаць магу, але, вядома, дай Бог усё ўмець, але не ўсё каб рабіць прыйшлося. Для печы самыя лепшыя дровы альховыя. Бярозавыя — таксама непагана, але дыму шмат робяць, і сасна дыміць дужа. Дубовыя — хораша, шмат цяпла даюць і мала дыму, але дуб — гэта «далікатэс». Во як у сям'і мужчыны ёсць белыя, то раней можна было і за саманарыхтоўку дроў узяцца, увогуле, вельмі танна тады абыходзіцца ацяпленне зімой, — перайшоўшы на «смачную» вясковую гаворку, тлумачыць Валянціна Паўлаўна нюансы дрованарыхтоўкі.

Пытаюся, што за мужыкі «белыя». Кажа, гэта, можа, і пенсіянеры, але больш-менш дужыя, каб пацягнуць перавозку, нарэзку, колку дроў. Цяпер, дадае мая суразмоўца, саманарыхтоўка — тая яшчэ «штука»:

— Ехаць трэба ў лясніцтва, што ў цэнтры нашага сельсавета, аграгарадку Буйнавічы. Цяпер такое правіла падчас нарыхтоўкі: у які дзень выпісаў паліва, тады і забірай. А гэта не заўсёды можна падгадаць. Калі і ёсць свой транспарт, то ўсе маладыя ўдзень на рабоце, няма калі ездзіць выпісваць дровы. Калі сваім ходам, то, каб выпісаць іх у лясніцтве, трэба дабрацца яшчэ да Буйнавічаў за 12 кіламетраў. А машыны ў каго няма, то сядай на рэйсавы аўтобус, пасля паўвёскі прайдзі нагамі да канторы лясніцтва, выпішы дровы, а потым думай, як дабрацца назад дадому.

Ацяпляльныя «лайфхакі» сінпольцаў Валянціна Паўлаўна гаворыць, што доўгі час усім сінпольскім вяскоўцам вельмі шанцавала з нарыхтоўкай дроў: мясцовы жыхар працаваў у лясніцтве, дапамагаў аднасяльчанам справіцца з «папяровай работай» па выпісцы дроў, але цяпер не працуе. Людзі нарыхтоўваюць самі, хто як можа. Старэйшына Сініцкага Поля пераконвае: усе мясцовыя пенсіянеры дбаюць аб паліве загадзя, ніякіх ацяпляльных калапсаў не здараецца.

— У маёй ветэранскай арганізацыі «Сінпольскае» — ветэраны працы, самотныя пенсіянеры і тыя, хто не адзінокі, але жыве адзін. Усяго ў арганізацыю аб'ядналіся 60 пажылых вяскоўцаў. Звычайна ў нас традыцыя — калі восенню арганізоўваю разам з работнікамі культуры віншаванне з Днём пажылога чалавека, то ходзім па хатах, а заадно цікавімся, як яны падрыхтаваліся да зімы, ці ёсць чым паліць, — дзеліцца Валянціна Паўлаўна.

Старэйшына вёскі Сініцкае Поле Валянціна Шукаловіч (злева) праведвае падапечных ветэранскай арганізацыі Сінпольскае.

Кажа, пенсіянеры, асабліва тыя, хто не хочаць дзяцей «напружваць» або зусім адзінокія састарэлыя, карыстаюцца паслугай па прывозцы гатовых колатых дроў.

— Мае бабкі з пенсіі грошы адкладваюць загадзя патроху рыхтуюцца да ацяпляльнага сезона, потым мы дамаўляемся, і нам прывозяць гатовыя добрыя дровы. Нарыхтоўваць імкнёмся так, каб пра запас, — кажа старэйшына.

Яшчэ павучыцца маладым у дбайнасці гаспадароў старэйшага пакалення.

Людзі, што дораць цяпло

Увогуле, такія актыўныя грамадзяне, як Валянціна Шукаловіч, для мясцовых — на вагу золата. Старэйшына — аўтарытэт, правераны гадамі жыцця на вёсцы і зносінамі з гаспадарамі. Звяртаюцца людзі з любой праблемай. Але звычайна — святло, цяпло, вада, зямля — іх клопат, вядома, і зіма.

— Старэйшыны своечасова даносіць усе праблемы, якія турбуюць людзей, да старшынь сельсаветаў. Некаторыя ў нас непасрэдна працуюць з камунальнымі, спажывецкімі арганізацыямі раёна, самі могуць тэлефанаваць, каб вырашыць тыя ці іншыя пытанні. Работа выбудаваная так, што ва ўсіх нашых арганізацыях ужо добра ведаюць старэйшын населеных пунктаў. Яны дапамагаюць з нарыхтоўкай усяго неабходнага, каб пажылы чалавек, інвалід перазімавалі добра, — адзначае старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Бяспалая.

Увогуле, райсавет пастаянна адсочвае, каму і чым неабходна дапамагчы перад пачаткам зімовага сезона, ацяплення жылля.

— Прапрацавалі работу з лясніцтвамі: вядуць улік грамадзян, якім неабходна паліва на зіму. Людзі самі прыходзяць ці звоняць і запісваюцца. Выбіраюць нават пэўную дату прывозкі дроў, бо многія спецыяльна хочуць падстроіцца пад выплату пенсіі, — тлумачыць Таццяна Адамаўна.

Старшыня райсавета штодзень аб'язджае населеныя пункты раёна, імкнецца праведаць кожнага пажылога чалавека, каб даведацца, як падрыхтаваны да зімы, ці трэба дапамога. Таму цвёрда ведае: сёння на вёсцы з нарыхтоўкай дроў праблем няма.

У самы пік заказаў паліва перад ацяпляльным сезонам традыцыйна ўзрастае нагрузка на паслугі лельчыцкага ўчастка Мазырскага філіяла «Гомельаблпаліва». Ішла актыўная нарыхтоўка прадпрыемствамі раёна, дадалася праблема з тэхнікай на нарыхтоўчым участку, збіліся адгрузкі па заказах, утварылася чарга з заказчыкаў паслугі, але нязначная, тлумачаць у раёне. Прапрацавалі тут сёння гэтае пытанне і падключылі іншыя арганізацыі, якія змогуць дапамагчы з выкананнем паслуг «райгарпалу».

Клопат агульны

Што датычыцца падрыхтоўкі да зімы, зазначае старшыня Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў, шмат увагі ўдзяляецца і харчовай бяспецы жыхароў усіх населеных пунктаў:

— У райцэнтры вельмі папулярныя кірмашы сельгаспрадукцыі. На вёсцы, нягледзячы на тое, што значная колькасць гаспадароў апрацоўвае і трымае вялікія сельгасучасткі, рэалізацыя садавіны і гародніны таксама запатрабаваная, — кажа Таццяна Бяспалая. — Фермеры, прыватныя прадпрымальнікі імкнуцца дастаўляць садавіну і гародніну на продаж у кожны населены пункт. Акрамя таго, інваліды, старыя, адзінокія людзі, якія не маюць сіл апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі, саджаць гародніну і садавіну, могуць заўсёды заказаць усё неабходнае праз аўталаўку, заяўкі можна пакінуць па тэлефоне.

Старшыня Лельчыцкага райсавета падкрэслівае, наколькі ўдзячная раённым арганізацыям спажыўсаюза і пошты за добрую работу перасоўных пунктаў сувязі, аўталавак.

— Не застаюцца без абслугоўвання жыхары нават самых аддаленых вёсачак. Хачу сказаць дзякуй і нашым людзям. Аўталаўка працуе па заяўках, калі, напрыклад, прыехаў у аддалены населены пункт поштамабіль, і людзі набылі ўсё неабходнае, яны перажываюць, каб не ганяць машыну аўталаўкі да іх дарма, тэлефануюць, папярэджваюць, што сёння можна не ехаць, сэканоміць паліва. Хвалююцца людзі за чужы клопат як за свой. Вось самая адметная рыса старэйшага пакалення, чаго часта не хапае маладому, — дзеліцца Таццяна Адамаўна.

Яна тлумачыць, што ў сваёй працы надае значную ролю якаснай рабоце аглядальных камісій.

— Яны працуюць на тэрыторыях сельскіх Саветаў два разы на месяц і вельмі дапамагаюць вызначыць і папярэдзіць праблемы людзей, датычыцца гэта і падрыхтоўкі да зімовага перыяду. За дзень падчас работы аглядальнай камісіі наведваем не менш за 15 сем'яў, — звяртае ўвагу кіраўнік райсавета. — На тэрыторыі Стадоліцкага, Буйнавіцкага, Тонежскага сельсаветаў, напрыклад, ёсць шэраг населеных пунктаў, дзе пражываюць усяго некалькі жыхароў, адзінокія старыя. Наведваю іх, высвятляю, што неабходна, прапаную перасяліцца ў больш буйныя вёскі, але людзі не жадаюць пакідаць свой дом, іх можна зразумець. На тэрыторыі раёна ў нас знаходзіцца дзве бальніцы сястрынскага догляду ў аграгарадках Сіманавічы і Буйнавічы. Многіх пераконваю накіравацца туды хоць на зіму. Гэта таксама адзін з варыянтаў вырашэння праблемы нарыхтоўкі паліва, прыпасаў на зіму для нядужага чалавека.

У многіх сельсаветах старшыні самі прывозяць пажылым жыхарам неабходнае з райцэнтра ці аграгарадка. Акрамя таго, у школах створаны своеасаблівыя «цімураўскія атрады»: старшакласнікі складаюць дровы, прыбіраюць гародніну, рыхтуюць участкі да зімы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.