Вы тут

Талентам у творчасці расці


Беларускі вакальны ансамбль “Каданс” паўдзельнічаў у Міжнацыянальным фестывалі “Спасибо, музыка, тебе!”, які праходзіў у Самары.


Кампазітар Дзмітрый Шастаковіч меў беларускія родавыя карані

Творчы форум у другі ўжо раз прайшоў пры падтрымцы адміністрацыі гарадской акругі Самара, Дома дружбы народаў вобласці, тутэйшых нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў. І таленты з Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” у фестывалі паўдзельнічалі. А ладзіцца ён у гонар Міжнароднага дня музыкі (1 кастрычніка).

Прыемна адзначыць, што ў ліку ініцыятараў усталявання такога дня (адзначаецца з 1975 года) былі й вядомыя людзі, для якіх Беларусь – не чужая. У кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, нагадаем, прадзядуля па бацькоўскай лініі – ветурач Пётр Міхайлавіч Шастаковіч (1808–1871), які нарадзіўся ў мястэчку Шэметава (цяпер: Мядзельскі раён, Міншчына). А бацькам знакамітага амерыканскага скрыпача й дырыжора, у той час старшыні Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЭСКА Егудзі Мянухіна, быў рабін Мойша Мянухін (першапачаткова Мнухін) – ураджэнец Гомеля. Дарэчы, менавіта Егудзі Мянухін сфармуляваў галоўную “этычную задачу” музыкі: барацьба з жорсткасцю ў пачуццях і думках. Ён так і разумеў сваю місію: як барацьбу з жорсткасцю пры дапамозе музыкі, таленту. Ну а мэта свята ў Самары – зрабіць музыку даступнай і папулярнай у розных слаях грамадства, дапамагчы наладжваць супрацу між прадстаўнікамі розных народаў. Бо ці ж ёсць мова больш універсальная, чым мова музыкі!

Ансамбль "Каданс" на свяце

Паўдзельнічалі ў шматнацыянальнай канцэртнай праграме салісты, творчыя калектывы нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў і нядзельных школ вобласці, педагогі ды студэнты Самарскага дзяржінстытута культуры, Музычнага вучылішча імя Д. Г. Шаталава, дзіцячых школ мастацтваў, музычных школ і студый. Ад суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” выступіў шматразовы лаўрэат і ўладальнік гран-пры ўсерасійскіх і міжнародных конкурсаў-фэстаў мастацтваў беларускі вакальны ансамбль “Каданс” (мастацкая кіраўніца – Іна Сухачэўская). Заўважым, што гэта – адзін з нямногіх самадзейных нацыянальных творчых калектываў у Самары, дзе ўмеюць тонка камбінаваць у праграмах некалькі напрамкаў музыкі: ад традыцыйных да сучасных. Да таго ж у выступленнях “Каданса” спалучаны вакальныя нумары з арыгінальна пастаўленай пад іх харэаграфіяй. На гэты раз калектыў бліскуча паказаў беларускую народную песню “Лявонiха”, эстрадную “Гармонік грае”.

Як адзначае Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі, яе гурты заўсёды ўдзельнічаюць у міжнацыянальных імпрэзах у вобласці: “Гэта ж для нас і магчымасць прадставіць беларускую культуру. Творчыя форумы, якія спрыяюць дружбе, міру і згодзе, з увагай да гісторыі, культуры розных народаў сёння актуальныя”. Іна Сухачэўская нагадала, што творчыя калектывы суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” – гэта ўжо яе прыгожая візітная картка. Святкаванне ж Дня музыкі спрыяе творчым кантактам прадстаўнікоў розных культур.

Фестываль праходзіў у самарскім Доме культуры “Заря”, і там жа ладзілася выстава нацыянальных музінструментаў. Сярод іх была й беларуская жалейка.

Мікалай Бойка,г. Самара

СВЕЖЫ НУМАР

Загаловак у газеце: Талентам у творчасці расці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.