Вы тут

Любоў да роднага, памножаная на гады


У Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі 29 лютага выступіць Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча з праграмай «Паклон табе, бацькоўскі край». На сцэне публіка ўбачыць са- праўдную феерыю фарбаў музычнага і танцавальнага мастацтва, што дазволіць кожнаму адчуць непаўторнасць беларускай культуры і майстэрства вядомага творчага калектыву.​


— Дата 29 лютага — унікальная для гісторыі нашага калектыву, таму што менавіта ў гэты дзень у 1952 годзе была падпісана Пастанова аб стварэнні, як тады ён называўся, Дзяржаўнага народнага хору БССР. А ўлічваючы, што такі дзень здараецца раз на чатыры гады, мы стараемся традыцыйна адзначаць яго канцэртам у Мінску, каб нагадаць пра з’яўленне калектыву і парадаваць нашага гледача яркімі творчымі нумарамі, — дзеліцца дырэктар хору Марат Лагутка. — Зараз у нас працягваецца насычаная падрыхтоўка да канцэрта, таму што дастаткова даўно не было вялікіх выступленняў калектыву ў сталіцы. І мінская публіка паспела ўжо нават засумаваць па нашых артыстах, пра што сведчыць актыўны продаж білетаў. Праграма, якую пакажам у Белдзяржфілармоніі 29 лютага, была створана ў мінулым годзе, і гэтым канцэртам мы заканчваем яе пракат. Мяркую, што мінскі глядач будзе прыемна здзіўлены яе зместам і якасцю. Праграма вельмі разнастайная. Яе агульная канцэпцыя — гэта любоў да роднага краю. Суседнічаюць абсалютна розныя жанры: як сольнае, так і ансамблевае выкананне і агульнахаравыя нумары. Пачуем спевы а капэла і з аркестрам, плануецца ў нас і чыста аркестровы нумар, таму паглядзець будзе на што.

Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча мае не толькі багаты рэпертуар, але і сваю адметную гісторыю. Заснаваў яго як Дзяржаўны народны хор БССР (толькі ў 2002 годзе яму прысвояць званне «нацыянальны») у 1952 годзе фалькларыст, этнограф, народны артыст СССР, вядомы дзеяч нацыянальнай музычнай культуры Генадзь Іванавіч Цітовіч. З Нацыянальным акадэмічным народным хорам імя Г. І. Цітовіча звязаны лёсы многіх знакамітых артыстаў, у ліку якіх, напрыклад, імёны заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Марыі Маршак, Васіля Браіма, Пятра Глушчука, Ніны Чараднічэнкі, Юрыя Паўлішына, народнай артысткі Валянціны Крыловіч і іншых. Дзякуючы таленту кіраўнікоў калектыву, хормайстраў, балетмайстраў, рэжысёраў, аранжыроўшчыкаў, паэтаў, кампазітараў за 72 гады існавання калектыву былі створаны канцэртныя нумары і праграмы, якія з’яўляюцца сапраўдным скарбам беларускай народнай творчасці.

— Праграма наша называецца «Паклон табе, бацькоўскі край». І гэта наша прызнанне ў любові роднай зямлі, малой радзіме, якая ў кожнага свая. Адпаведна і песні ў нас сабраныя ў праграме пра родны край, пра бацькоўскую хату, пра бацькоў. Пра нашы нацыянальныя традыцыі расказваем у абрадавых песнях, як, напрыклад, «Сядзіць галубок» і «Вясельная сюіта», — распавядае асістэнт хормайстра, салістка, вядучая канцэртных праграм Вікторыя Мачаліна. — Суправаджацца песні будуць прыгожым відэакантэнтам, які мы здымалі нядаўна ў Строчыцах з нашымі артыстамі. У канцэрце будзем згадваць Генадзя Іванавіча Цітовіча, Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага, бо не часта ў нас канцэрты выпадаюць на 29 лютага. Прагучаць у нас і залатыя хіты, аднак не абыдзецца і без прэм’ер, сярод якіх «Беларуская гасціннасць» і «Полька-весялуха». Мы супрацоўнічаем з беларускімі кампазітарамі, таму таксама аўдыторыя пачуе творы, напрыклад, Уладзіміра Гінько, Алега Чыркуна і г. д. Песні пра бацькоў і родны дом нагадаюць кожнаму пра тыя мясціны, адкуль выйшлі ў свет і сталі тымі, кім ёсць. Таксама ў праграме будуць песні на вершы такіх беларускіх паэтаў, як Уладзімір Караткевіч і Анатоль Грачанікаў у сольным выкананні нашых ар- тыстаў. Пачуем, вядома, і беларускія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, бо работа нашага калектыву накіравана на тое, каб абуджаць у маладога пакалення любоў да народнай музыкі.

На сайце Нацыянальнага акадэмічна- га народнага хору імя Г. І. Цітовіча нельга не заўважыць словы Міхася Дрынеўскага (мастацкі кіраўнік калектыву з 1975-га да 2020 года): «Народная песня — наша духоўная гісторыя, аша святыня. Наш корань. З вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праз многія сотні гадоў прыйшоў у сённяшні дзень гэты цуд. Наша мэта — збіраць разам усё найлепшае, што ёсць у скарбніцы беларускай нацыянальнай музычнай культуры, і даць яму новае сцэніч- нае жыццё. Бо музычнае мастацтва вало- дае вялікай сілай уздзеяння. Яно прыносіць людзям радасць, абуджае ў іх пачуццё прыгожага. Любіце добрую песню, добрую музыку — яна сапраўдны сябар чалавека. Яна робіць яго добрым душой, найчысцейшым, больш справядлівым...» Менавіта Міхась Паўлавіч, працягваючы справу свайго настаўніка Генадзя Цітовіча, здолеў абагаціць і папулярызаваць усё тое, што было зроблена папярэднікамі... Важна адзначыць, што сёлета калектыў папоўніўся маладымі кадрамі. І гэта наўпрост сведчыць пра жаданне новага пакалення спрычыніцца да папулярызацыі народнай творчасці і быць часткай легендарнага калектыву.

І ў канцэртнай праграме «Паклон табе, бацькоўскі край» сабрана суквецце разнастайных народных касцюмаў, чароўных галасоў і запальных танцаў. Менавіта ў свой дзень нараджэння Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. І. Цітовіча падорыць аўдыторыі лепшыя нумары з багатага рэпертуару, які налічвае некалькі соцень твораў.

А вось у першы дзень вясны, 1 сакавіка, ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца «Вечар беларускіх прэм’ер» — знакавая падзея для сучаснага беларускага харавога мастацтва. У гэты вечар на сцэне ў Вялікай зале прагучаць сусветныя прэм’еры новых сачыненняў Алены Атрашкевіч і Алега Хадоскі. І публіцы іх прадставіць Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы — адзін са старэйшых калектываў краіны, які з’яўляецца захавальнікам каштоўнасцяў народнай музыкі, шэдэўраў сусветнай класікі і твораў сучасных беларускіх кампазітараў. За дырыжорскім пультам — Вольга Янум. Што датычыцца праграмы, то аўдыторыі прадставяць, напрыклад, у першым аддзяленні паэторыю «Таямніцы быцця. Ісціны ад Амара Хаяма». Менавіта галоўны дырыжор капэлы стала натхняльніцай гэтага 12-частковага хара- вога сачынення. Вользе Янум прысвечана і Сімфонія № 2 для змешанага хору a capella «Поры года» Алега Хадоскі, якую ўжо пачуем у другім аддзяленні канцэрта. Твор таксама складаецца з 12 частак, ствараючы якія, кампазітар натхняўся святамі бела- рускага каляндарна-абрадавага цыкла. А ў дадатак у гэты вечар у фае Вялікай залы Белдзяржфілармоніі будзе прадстаўлены экспазіцыйны праект мастака сучаснай Беларусі, лаўрэата Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва Усевалада Швайбы.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва калектываў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.