Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Для таксіста сем вёрстаў не крук?

Мы, беларусы, з даўніх часоў імкнуліся да лепшага жыцця, шукалі яго, у тым ліку за межамі. Смялейшыя выязджалі ў Еўропу, Амерыку, Канаду, што ўжо казаць пра Карэлію, Казахстан і Далёкі Усход... А потым — хай не заўсёды — але вярталіся дамоў. Як той казаў, добра там, дзе нас нямашака.

Дык вось, гадоў пятнаццаць назад мая знаёмая ў Германію падалася, да мужа, які з'ехаў яшчэ раней і ўжо паспеў нейкі час папрацаваць там, купіць кватэру, абсталяваць да прыезду сям'і, на першы час назапасіць грошай...

А гэта азначала адно: яго любай жоначцы на новым месцы не трэба будзе тэрмінова шукаць работу (найчасцей — незалежна ад адукацыі — пасудамыйкай ці «нянькай» пры старых). Яна зможа спакойна агледзецца, пажыць для сябе і сваёй сям'і, якая ўрэшце з'ядналася, парадавацца...

Што было, тое было, але ж досыць хутка сплыло, бо засумавала Наташа: муж цэлымі днямі на рабоце, бо трэба ж старацца, забяспечваць сям'ю, дзеці — у школе. Ёй, беднай, ні пагаварыць з кім-небудзь, ні выйсці куды... Мовы ж не ведае, горад чужы — там і заблудзіцца можна.

Хоць-нехаць прыйшлося запісацца на моўныя курсы. Муж на першыя заняткі яе звазіў. У другі раз, каб з'едзіць, надумала таксі заказаць, балазе — у тэлефоне нумарок пазначаны. Яна лічбачкі тыц-тыц-тыц — хуценька набрала, вуха навастрыла, каб вось пачуць іхняе «Хелло!», а ёй — і проста ў сэрца, можна сказаць — далятае наша «А-алё!».

— Вы рускі?! — пытае жанчына з той радасці:

— Не, беларус, — чуе ў адказ.

— Праўда?! Няўжо?! — ажно свеціцца Наташа. — І даўно тут жывяце?

— Ды 34 гады... З хвосцікам...

— І сям'я з вамі?!

— А як жа. Вядома, са мной! Дзе ж яшчэ ёй быць...

Што яшчэ спытаць, маладзіца не ведае, а пагаварыць — проста жах як хочацца!

Суайчыннік «выручыў» — праз паўзу спытаў:

— Дык адкуль вас забраць? Адрас назавіце.

Кліентка тут жа:

— Прагерстрасэ, трыццаць...

— Далекавата, аднак, — перапыніў таксіст. — Гэта ж недзе ў Германіі?

— Так, у Дрэздэне... А вы дзе?

— А я ў Смаргоні.

— Вой, дык мы ж землякі! — яшчэ больш узрадавалася жанчынка. І толькі тут да яе дайшло, што нумар, які толькі што набрала, запісала сабе куды раней, яшчэ ў Беларусі, і што хвіліна міжнароднай размовы можа выліцца ў такую капеечку...

І сапраўды: тэлефон падказаў, што на балансе ў яе нуль еўра. Гэта значыць, што да прыезду мужа пазваніць куды-небудзь яна не зможа, на курсы трапіць таксама... Усяго і радасці, што з землячком пагаманіла, душу адвяла.

...Даўнавата, як быццам, тое было. За гады Наташа добра засвоіла мову, знайшла сабе цікавую работу, ва ўніверсітэце вучыць моладзь — усё ў іх як мае быць!

Але тая размова з таксістам не-не ды і ўспомніцца... Разам з сумным «адкрыццём»: мову абранай краіны трэба вучыць раней — да таго, як з'язджаць. Тады менш будзе сюрпрызаў.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск.


Чужую бяду і я развяду...

Са сваёй што рабіць?

...Цётку Маню з вёскі ў горад

Перавезлі ўвосень дзеці,

«На замку» дзянёк каторы,

Сумна беднае кабеце!

 

Тэлевізар не глядзіцца,

Вочкі стомлены чытаць...

У суседзяў ціха быццам —

Не чуваць іх, не відаць...

 

Раптам во —

званок у дзверы!

Будзе з кім пагаварыць?!

Аж забылася праверыць,

Каму дзверы адчыніць...

 

Увайшоў такі мужчына —

Пры партфелі, пры вусах:

— Маё прозвішча — Вяршынаў,

Прадстаўляю «Абдурстрах»...

 

Што за «страх»,

гадае Маня.

Не было б якой бяды?!

Не казалі ж дзеці з рання,

Што ён з'явіцца сюды.

 

А той зух

ужо з паперкай

І салодка так пяе:

— Мне вы можаце паверыць,

Вось дакументы мае.

 

Вас, жанчынка, застрахую

Ад навалы —

як такой...

Калі што — бяду любую

Развяду адной рукой!

 

Захварэеце — на лекі

Грошай выпішам крыху.

Нам удзячны і калекі,

Кажуць: зноўку застрахуй!

 

Калі маеце машыну,

Дык падкінем на рамонт:

Будзе бегаць, як дзяўчына

За хлапцамі наўздагон!

 

Вельмі файная кватэра...

А пажар,

крый бог, патоп?

Ці зладзюга ўзломіць дзверы

Альбо зробіць дзе падкоп?..

 

Наша фірма

дапаможа,

Не пакіне у бядзе!

Мы яшчэ й не тое можам

Дзеля шчасцейка людзей!

 

Скажам, мае ўнук ваш бізнес

У далярах, за мяжой.

Мы — любых пазбавім рызык!

Гарантуем вам спакой...

 

Красамоўнічаў Вяршынаў,

Пра паслугі гаварыў...

Моўчкі слухала жанчына:

Як Амерыку адкрыў!

 

А пасля пытае ціха

Ды з хітрынкай у вачах:

— А ці мог бы кляты вірус

Адагнаць

ваш «Абдурстрах»?

 

Ці дасць рады

для дачушкі

Мужа добрага знайсці:

Той, што быў,

распіўся дужа:

Не шанцуе па жыцці...

 

Калі ў гэтым дапаможа

«Страх» ваш...

Хоць па драбязе,

Падпішуся з ласкай божай

На паслугі вашы ўсе!

 

...Сціх тут «посвіст салаўіны»,

«Госцік» рушыў за парог.

Стуль і вымавіў Вяршынаў:

— Няхай вам паможа бог!

Віктар Сабалеўскі,

г. Узда.


Гарбузы — гэта адно, кавуны — другое...

З Растова ў Мінск мяне перавёз мой будучы муж. Ніколі не забыцца, як ехалі сюды ўпершыню, як па дарозе Раман (яшчэ студэнт філфака) знаёміў мяне са сваёй краінай і роднай для яго беларускай мовай. Казаў, напрыклад, што едзем чыгункай: адно слова, а не железной дорогой (у рускай — два), што ў цягніку (ад слова «цягнуць»)...

Потым мы ішлі з ім па праспекце знакамітага Скарыны, дзе мяне ўражвала ўсё: Галоўпаштамт, карціны ў мастацкім салоне, кнігарня (а не книжный магазин)... Што ўжо казаць пра цукерню (я ахрысціла так сталічную «Лакомку», пачуўшы слова «цукерка»)...

Факт, што ў першы ж прыезд, злёту, я засвоіла многае.

Праўда, і загадак хапіла. Помню, ніяк не магла разабрацца, што такое канапа, а што —дыван, што — ложка, што — ложак, чаму тыква па-беларуску гарбуз, а арбуз — ужо кавун?

Вось гэта, апошняе, я не запомніла б, мусіць, ніколі, але...

Назаўтра пасля прыезду мы з Раманам пайшлі гуляць, пад вечар пасядзелі ў кафэ, а непадалёк ад яго купілі арбуз (гэта значыць, кавун). Не магу сказаць, што ён дужа вялікі быў, але чамусьці вельмі цяжкі. Ды і неслі яго без «торбы»... Мы змарыліся і нарагаталіся, пакуль «дакацілі» яго дадому. А ўжо там — захацелі пакаштаваць, пачаставаць бацькоў.

Усе разам паселі за стол, адрэзалі па лустачцы. Дзе была адна, там і дзве, і тры, і чатыры... Ды яшчэ за размовай... Факт, што спыніцца мы не змаглі і проста не заўважылі, як з'елі ўвесь.

Нанач разышліся па пакоях: гаспадары — у адзін, Раман — у другі, я — на ложак у трэцім... Там яшчэ фарбай пахла. Гаспадар на балконе рамонт распачаў. (Я, трохі мастачка, абяцала яму дапамагчы — пафарбаваць рамы.)

Толькі прылягла, — чую, што трэба ўставаць, ісці ў прыбіральню.

Там — праз шчылінкі бачу — святло. Значыць, нехта мяне апярэдзіў?

Я затаілася ў сваім пакоі, стала чакаць: мінуту, дзве... Больш — проста не змагла: выйшла на балкон, узяла там пустую бляшанку ад фарбы... Потым, з ёй жа, рушыла ў бок прыбіральні...

Здалёк убачыла (калідор вялікі, начнік гарыць), што святла там ужо няма — на шчасце.

А няшчасце заключалася ў тым, што... расчыніліся дзверы спальні, і насустрач мне выйшаў гаспадар.

Я (у халаціку паверх «начнушкі») не ведала, дзе і падзецца!... Ён таксама не чакаў мяне ўбачыць... Ды яшчэ з бляшанкай у руках. «Ты што, — здзівіўся, — фарбаваць узялася?.. З глузду з'ехала, дзеўка!.. Ану аддай мне фарбу!» — «Не!... Нізашто!» — ускрыкнула я, хаваючы бляшанку за спінай і адступаючы ў «свой» пакой.

Тым часам на галасы ўжо ішла гаспадыня. «Што за шум?» — спытала ў нас, але разбірацца не стала — зачынілася ў прыбіральні...

Карацей, мне зноў давялося ісці на балкон...

Вось такая, «на другие не похожая ночь у Любочки была». На працягу яе чаго ні прывялося: і нацярпецца, і назлавацца (нанач есці кавун — гэта ж галавы не меўшы!)... А нараніцу ўжо і нарагатацца, бо аказалася, што «вясёленькая» ноч была не толькі ў мяне — ва ўсёй маёй (ужо без сумненняў) новай сям'і.

Вось такім атрымалася першае і напраўду блізкае знаёмства з ёй, з бацькамі майго жаніха.

Як і з беларускай мовай, у якой гарбузы — гэта адно, а вось кавуны — ужо другое. Не трэба нанач іх есці шмат.

Любоў Я.,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.