Вы тут

Аперацыя «Таргсін», або залатая ліхаманка ў савецкай Беларусі


Усесаюзнае аб'яднанне па гандлі з замежнікамі на тэрыторыі СССР (скарочана Таргсін) было заснавана савецкім урадам у ліпені 1930 г. з мэтай прыцягнуць дадатковыя валютныя сродкі для індустрыялізацыі. Паводле задумы Наркамата знешняга гандлю, крамы Таргсіна павінны былі прапаноўваць замежнікам якасныя тавары за цвёрдую валюту. Савецкім грамадзянам уваход у іх забараняўся. Першапачаткова падобны гандаль разгарнулі ў гасцініцах Масквы і Ленінграда, а таксама ў партовых гарадах краіны. Сціплыя вынікі першага года цэнтралізаванага валютнага гандлю з замежнікамі прымусілі адчыніць у верасні 1931 г. дзверы Таргсіна для грамадзян СССР. Першыя савецкія пакупнікі маглі аплаціць свае набыткі грашовымі пераводамі замежных сваякоў або з уласных рахункаў у замежных банках.


Ударнікі-таргсінаўцы і арышт пенсіянера Рубіса

Рэалізацыя планаў першай пяцігодкі спустошыла залаты запас краіны. Валюты для набыцця за мяжой абсталявання, тэхналогій, аплаты працы спецыялістаў не хапала. Палітбюро ЦК УсеКП(б) шукала ўсе магчымасці для прыцягнення золатавалютных сродкаў — ад доларавых «апарняў» для нэпманаў у АДПУ да продажу за мяжу музейных шэдэўраў. У гэтым шэрагу Таргсін з'яўляўся толькі адным са сродкаў пераадолення валютнага крызісу. Яго значнасць рэзка ўзрасла пасля таго, як у снежні 1931 г. Савет Народных Камісараў СССР дазволіў гандаль з савецкімі грамадзянамі за побытавае золата. Цяпер кожны мог абмяняць залатыя манеты, ювелірныя вырабы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на дэфіцытныя прамтавары і прадукты.

Механізм гэтага абмену выглядаў наступным чынам. Людзі прыносілі ў прыёмныя пункты каштоўнасці, якія ацэньваліся ў залатых таргсінаўскіх рублях. Залатыя рублі выконвалі функцыю ўмоўных разліковых адзінак і ніколі не існавалі ў фізічным выглядзе. У якасці плацежных сродкаў, якія спраўджвалі здачу валютных каштоўнасцяў, выкарыстоўваліся таварныя ордэры Таргсіна (ТОТ).

Пасля таго, як Таргсін стаў даступны для савецкага пакупніка, cетка крамаў аб'яднання распаўсюдзілася па ўсёй краіне. Савецкая Беларусь не была выключэннем. Створаная 6 кастрычніка 1931 г. Беларуская кантора Таргсіна да сярэдзіны 1932 г. адкрыла ўнівермагі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Клімавічах, Полацку, Мазыры, Оршы, Слуцку і Барысаве. Свае паслугі айчынным і замежным падарожнікам прапаноўвалі таксама павільёны на памежных пераходах у Бігосаве і Негарэлым. На працягу другой паловы 1932 і асабліва першай паловы 1933 г. беларуская кантора Таргсіна пашырыла сваю гандлёвую сетку да 69 пунктаў (41 універмаг, 26 ларкоў, 2 павільёны), якія ахоплівалі ўсю тэрыторыю БССР. Распачаўся фургонны гандаль на вёсках. Пры кожным гандлёвым пункце працаваў пункт скупкі каштоўных металаў (у Мінску іх было некалькі).

Адначасова з ростам гандлёвай сеткі ўскладнялася арганізацыйная структура Белканторы Таргсіна. У 1933 г. з'явіліся новыя аддзяленні ў Белканторы, сфарміравалася «куставая» структура крам, паўсталі міжраённыя базы ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску і Оршы. У тым жа годзе з'явілася ўласная «асобая інспекцыя», пачалі выдаваць на беларускай мове бюлетэнь «Беларускі таргсінавец», адбыўся першы ўсебеларускі злёт ударнікаў-таргсінаўцаў. Акрамя Наркамата знешняга гандлю, у структуры якога знаходзіўся Таргсін, ён шчыльна супрацоўнічаў з Дзяржбанкам, куды здаваліся «нарыхтаваныя» каштоўнасці, Знешгандальбанкам, які атрымліваў грашовыя пераводы з-за мяжы, Наркаматам забеспячэння, які пастаўляў тавары і прадукты, а таксама з шэрагам іншых ведамстваў і арганізацый. Па шырокім коле пытанняў — ад інфармацыйнага забеспячэння да выкрыцця валютных махінацый — Белкантора Таргсін супрацоўнічала з АДПУ БССР.

АДПУ і Таргсін супрацоўнічалі і адначасова спаборнічалі ў справе адабрання золатавалютных каштоўнасцяў у насельніцтва. Эканамічнае ўпраўленне АДПУ, з аднаго боку, дапамагала кіраўніцтву Таргсіна лакалізаваць месцы канцэнтраванага пражывання ўладальнікаў валюты і золата, выкрывала злачынствы, здзейсненыя прадаўцамі і прыёмшчыкамі, забяспечвала транспарціроўку золата, срэбра і каштоўных камянёў. З іншага боку, вынайдзены савецкім кіраўніцтвам «негвалтоўны» метад адабрання золатавалютных каштоўнасцяў з дапамогай аб'яднання «Таргсін» аб'ектыўна памяншаў колькасць «укрывальнікаў» золата і валюты, скарачаў аб'ёмы прымусова адабраных у іх АДПУ каштоўнасцяў. У гэтай сітуацыі агенты АДПУ пачалі выкарыстоўваць Таргсін ва ўласных мэтах. Яны сачылі за здатчыкамі золата, рабілі ператрусы, выклікалі на допыты, а ў пэўных выпадках арыштоўвалі іх непасрэдна ва ўнівермагах Таргсіна. Такі лёс у жніўні 1934 г. у мінскім універмагу напаткаў добрасумленнага пераводаатрымальніка, пенсіянера Рубіса, пра арышт якога начальніку беларускай міліцыі з абурэннем паведамляў кіраўнік Белканторы Таргсіна.

Работнікі Таргсіна атрымлівалі даволі высокія заробкі. У часы, калі сярэдняя аплата працы рабочага складала каля 130 рублёў, кіраўнік Белканторы атрымліваў 550 рублёў, камерцыйны дырэктар — 300 рублёў, загадчык універмага ва Уздзе — 175 рублёў, прыбіральшчыца памяшканняў — 60 рублёў у месяц. Аднак не толькі заробкі прыцягвалі людзей на працу ў аб'яднанне «Таргсін». Важнасць дзяржаўнай задачы, якую ён выконваў у імя індустрыялізацыі, была ацэнена ў выглядзе т. зв. залатых пайкоў — штомесячных набораў прадуктаў на 12 таргсінаўскіх рублёў. Была і іншая, больш прагматычная мэта ўвядзення дадзенай формы стымулявання працы работнікаў Таргсіна, а менавіта прадухіленне раскрадання валютных тавараў ва ўмовах татальнага дэфіцыту. У «залаты паёк» уваходзілі «экспартныя» тавары, такія як мука, крупы, мяса, рыба, масла, сыр, гарбата.

Голад і залатыя горы

Найважнейшым кірункам работы Таргсіна была «нарыхтоўка» золатавалютных каштоўнасцяў у насельніцтва. Золата ў скупачных пунктах прымалася ва ўсіх выглядах — ювелірных, мастацкіх і побытавых вырабах, манетах, злітках, пяску (шліхту) і інш. Забаранялася прымаць толькі царкоўнае начынне, якое лічылася дзяржаўнай, нацыяналізаванай маёмасцю, але гэтае правіла часта парушалася. Прыёмшчыкі ператваралі ўсе залатыя прадметы ў «лом», не зважаючы на іх гістарычную, мастацкую або сацыяльную значнасць (выключэнне складалі шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва накшталт яек Фабержэ). У арыгінальным выглядзе пакідалі залатыя манеты, якія праходзілі ў афіцыйнай справаздачнасці пад назвай «чакан». Пасля дастаўкі нарыхтаванага лому і чакану ў Маскву яны пераплаўляліся ў залатыя зліткі — сродкі плацяжу за трактары і станкі.

Таргсін плаціў 1,29 таргсінаўскага рубля (паводле афіцыйнага курса, 1 таргсінаўскі рубель быў роўны 6,6 звычайным савецкім рублям) за грам хімічна чыстага золата. Манеты без пашкоджанняў прымаліся па намінальным кошце, дэфектныя — па вазе. Золата (як і срэбра, плаціна, брыльянты) у Таргсіне прымалася ў насельніцтва па цэнах, у некалькі разоў заніжаных у параўнанні з сусветнымі. Больш за тое, атрымаўшы таварныя ордары, здатчыкі былі вымушаны купляць за іх дэфіцытныя тавары па значна завышаных цэнах. Напрыклад, прадукты ў Таргсіне падчас галадамору прадаваліся ў сярэднім у 3,3 раза, а найбольш запатрабаваныя тавары «хлебнай групы» — у 5 разоў даражэй за тыя, па якіх іх экспартавалі за мяжу.

«Залатыя» аперацыі, якія распачаліся ў канцы 1931 г., імкліва пашырыліся ў наступным годзе, калі ў СССР пачаўся масавы голад. Развал сялянскай гаспадаркі падчас калектывізацыі і другі запар неўраджайны год абяцаў Таргсіну залатыя горы. У час галадамору людзі неслі каштоўнасці ў Таргсін для абмену іх не на футры і далікатэсы, а на жытнюю муку. Яны здымалі з сябе нацельныя крыжы, завушніцы, заручальныя пярсцёнкі. У 1932 г. Белкантора нарыхтавала 580 кг золата. Акрамя таго,
насельніцтва рэспублікі здала наяўнай замежнай валюты на 1 040 000, а таксама атрымала замежных грашовых пераводаў на 1 950 000 таргсінаўскіх рублёў. Такім чынам, пастаўлены Масквой гадавы план нарыхтоўкі золатавалютных каштоўнасцяў у памеры 3 млн рублёў быў нават перавыкананы.

Узняць гэтыя паказчыкі перашкаджалі абмежаваныя тэхнічныя магчымасці, з-за якіх амаль штодня каля ўвахода ў мінскі скуппункт утваралася чарга да 50 чалавек. На перыферыі асобныя памяшканні для скупкі золата ўвогуле адсутнічалі. Напрыклад, у Віцебску прыёмшчык прымаў золата ва ўласнай кватэры. З-за нізкай кваліфікацыі прыёмшчыкаў, акрамя Мінска, нідзе не прымаліся замежныя срэбныя манеты, былі праблемы з прыёмкай папяровых грошай асобных краін.

Партыйнае кіраўніцтва рэспублікі аператыўна далучылася да выканання важнага дзяржаўнага задання. Да канца 1933 г., акрамя цэнтральнага скуппункта ў сталічным універмагу, свае паслугі галодным мінчукам ужо прапаноўвалі пункты №  1 на рагу Ленінскай і Савецкай, №  2 (Савецкая, 24), №  3 (Ленінская, 10), №  4 (Гандлёвая, 50), №  5 (Камунальная), №  6 (Савецкая, 127), №  7 (Са-
вецкая, 59), №  8 (Вольная, 2) і №  9 (Міхайлаўская). У 1934 г. яшчэ адзін пункт адкрыўся на вуліцы Нямігскай, «...у раёне канцэнтрацыі значнай колькасці атрымальнікаў валютных пераводаў». Шэсць пунктаў працавалі ў Віцебску, чатыры — у Магілёве, тры — у Гомелі, па два — у Бабруйску і Оршы, па адным — у Полацку, Мазыры, Слуцку, Шклове, Рэчыцы, Петрыкаве, Клімавічах, Чэрвені, Калінкавічах, Лепелі, Глуску, Рагачове, Жлобіне, Чавусах, Гарадку.

«Маці ўспомніла, што ў куфэрку ляжыць бабчына ікона Божае Маці»

На пачатку 1933 г. скупачным пунктам было дазволена прымаць у насельніцтва срэбра, у выніку чаго чэргі каля іх зрабіліся значна даўжэйшымі. Сярод іншых жыхароў БССР у тыя чэргі былі вымушаны стаць сямейнікі Якуба Коласа. Вось як пра гэта згадваў яго сын Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч: «Маці ўспомніла, што ў куфэрку ляжыць бабчына ікона Божае Маці. Ікона была ў важкім акладзе цёмнага металу. Даніка, як хіміка, папрасілі высветліць, ці не срэбра гэта. Ён мазнуў салянай кіслатой, і аклад заблішчэў. Занеслі ў таргсін — срэбра аказалася высокай пробы. За яго атрымалі каля пуда грэчкі, цукар, масла. Адным словам, Божая Маці моцна падтрымала сям'ю».

Не менш важнай крыніцай валютных паступленняў у дзяржаўны бюджэт былі грашовыя пераводы грамадзянам СССР ад сваякоў і сяброў, якія пражывалі за мяжой. Валютныя пераводы, якія савецкая дзяржава і раней настойліва прапаноўвала атрымліваць у рублях па афіцыйным курсе, з 1931 г. у дырэктыўным парадку абменьваліся па заніжаным курсе на таргсінаўскія рублі. Павелічэнню колькасці валютных пераводаў паспрыяў голад, прымусіўшы звяртацца па дапамогу да замежных сваякоў дзясяткі тысяч савецкіх людзей. Больш чым палову ад усіх грашовых пераводаў траплялі ў Мінск з ЗША. Пераважна гэта былі невялікія сумы долараў, што дасылалі сваякам беларускія яўрэі, якія з'ехалі ў Амерыку ў пошуках лепшай долі яшчэ да рэвалюцыі. У 1934 г. «грошы на Таргсін» бацьку класіка беларускай літаратуры — Адаму Багдановічу пераводзіла яго сваячка Кацярына Пешкава, якая ў той час узначальвала праваабарончую арганізацыю «Дапамога палітычным зняволеным».

Пасля добрага ўраджаю 1933 года голад адступіў. Адпаведна больш чым удвая зменшыўся для БССР план нарыхтоўкі золатавалютных каштоўнасцяў на 1934 год — 2,5 млн рублёў. Гэты план быў выкананы толькі на 89 %, што ў справаздачы тлумачылася «змяншэннем золата і срэбра ў мясцовага насельніцтва», а таксама эканамічным крызісам на Захадзе, у выніку якога скарацілася колькасць пераводаў з-за мяжы. У 1934 г. жыхары рэспублікі перадалі дзяржаве валюты і рэчаў на 2 197 200 рублёў. Амаль палову ад гэтай сумы склалі валютныя пераводы з-за мяжы — 47,4 %. 30,8 % далі залатыя лом і чакан, 15,7 % — наяўная замежная валюта, 5,5 % — срэбра, 0,6 % — брыльянты.

«Каштоўныя камяні ў насельніцтва маюцца, толькі трэба ўмець арганізаваць прыёмку»

«Нарыхтоўка» Таргсінам брыльянтаў распачалася ў канцы 1933 г. Пра важнасць, якая надавалася падобным аперацыям, сведчыць распараджэнне, згодна з якім кіраўніцтва Белканторы павінна было дакладаць пра іх у Маскву кожныя пяць дзён. Пададзеныя ніжэй вытрымкі з тых дакладаў перадаюць стан дыяментавай ліхаманкі, якая ахапіла БССР у 1934 г.: «...У Мінскай мытні маюцца дыяменты, а таксама залатыя ўпрыгожанні з дыяментамі. Спасылаючыся на інструкцыю, мытнікі адпраўляюць гэтыя рэчы ў Маскву. Просім хадайнічаць перад Галоўным мытным упраўленнем аб перадачы рэчаў нам», «...Каштоўныя камяні ў насельніцтва краю маюцца, толькі трэба жадаць і ўмець арганізаваць прыёмку і прыцягваць здатчыкаў» і інш.

Нягледзячы на ўсе высілкі, пасля рэкорднага 1933 г. паказчыкі 1934 г. упалі ніжэй, чым у 1932 г. Але ў адрозненні ад 1932 г., у 1934 г. яны былі дасягнуты з прыцягненнем значна большых матэрыяльна-тэхнічных і чалавечых рэсурсаў. Гандлёвая сетка Таргсіна рабілася нерэнтабельнай. Пачаліся работы па яе згортванні.

1 студзеня 1935 г. адмянілі хлебныя карткі, 1 кастрычніка 1935  г. — карткі на іншыя харчовыя тавары, 1 студзеня 1936 г. — карткі на прамысловыя тавары. Адкрыліся новыя ўзорныя ўнівермагі, у якіх за прадукты і тавары можна было плаціць у звычайных савецкіх рублях. Паляпшэнне эканамічнага становішча насельніцтва абумовіла далейшае скарачэнне золатавалютнага плана на 1935 г., які быў даведзены да Белканторы Таргсін у аб'ёме 1,5 млн рублёў. У кожным наступным квартале было запланавана паступовае змяншэнне золатавалютных паступленняў: у першым квартале — 450 тыс., у другім — 400 тыс., у трэцім — 350 тыс., у чацвёртым — 300 тыс. рублёў. У рэальнасці ўсё было з дакладнасцю наадварот. У першым квартале план быў выкананы меней, чым на 90 %, затое ў апошнім перавыкананы, што тлумачылася ажыятажным попытам на тавары Таргсіна, які ўзнік пасля рашэння ўрада аб яго закрыцці.

Што можна было набыць ва ўнівермагах Таргсіна на таварныя ордары, атрыманыя за здадзенае золата і валюту? Пералік тавараў, што прапаноўваліся ў рэкламным буклеце 1935 г., уражвае нават сённяшняга, спрактыкаванага спажыўца: швейцарскі і галандскі сыры, кава мока, салямі, карэйка, языкі бычыныя, масліны, балык, ікра паюсная, арэхі, фруктовыя кансервы, шакалад, цукеркі, касметыка, футры і манто з блакітнага пясцу і собалю, англійскія кашулі і камізэлькі, дамская бялізна і шыфонавыя кашулі, джэмперы і касцюмы з імпартнай воўны, кашнэ і берэты, фільдэперсавыя панчохі і купальныя касцюмы, імпартныя ровары, швейныя машыны, патэфоны, радыёпрыёмнікі, фотаапараты, гадзіннікі.

Цытаваны вышэй буклет быў складзены ў час, калі асноўнымі карыстальнікамі ўнівермагаў Таргсіна сталі заможныя грамадзяне, якія жадалі набыць каштоўныя тавары элітнага попыту. У гады «галоднага» попыту найбольш запатрабаваным таварам з'яўлялася айчынная жытняя і пшанічная мука нізкіх гатункаў, якая складала да 40 % у агульнай масе прададзенага. Гэты аб'ём быў бы яшчэ большы, калі б не яе абмежаваныя пастаўкі на базу Таргсін, якая забяспечвалася з тых жа мізэрных дзяржаўных фондаў, што і звычайны гандаль. Адзенне, абутак, а таксама тавары хатняга ўжытку падчас голаду амаль не куплялі.

У справаздачы Белканторы адзначалася, што ў 1934 г. колькасць гарадскіх пакупнікоў у яе крамах павялічылася і склала 83,4 %, сярод якіх 26,4 % — мінчукі. З адступленнем голаду колькасць вясковых пакупнікоў, наадварот, паменшылася, што адбілася на скарачэнні аб'ёмаў рэалізацыі мукі.

«Ён бярэ чалавека за каўнер і выкідае на вуліцу»

Нягледзячы на «залаты» кошт тавараў, культура гандлю ў крамах сеткі Таргсін фактычна адсутнічала. Хамства, якое было неад'емным атрыбутам усяго савецкага рытэйлу, у поўнай меры прысутнічала ў гандлёвых залах Таргсіна. Жорсткасць правілаў гандлю спалучалася з дрэннай якасцю паслуг і дэфіцытам тавараў. Прысланы ў маі 1932 г. для праверкі дзейнасці Белканторы маскоўскі інспектар так ахарактарызаваў сітуацыю ў мінскім цэнтральным універмагу: «Большасць кадраў некваліфікаваныя, укамплектаваны жонкамі адказных супрацоўнікаў. ...Хенелес — няветлівы, нявытрыманы, лаецца матам пры пакупніках. ...Прадаўшчыца бакалейнага аддзела Рачкоўская грубаватая. ...Камсамолка Айзенман нетактоўная, пакупнікі яе баяцца».

Яшчэ горш сітуацыя з абслугоўваннем пакупнікоў была ў раёнах. Інспектар, правяраўшы ў лютым 1934 г. бягомльскі ўнівермаг, быў шакаваны ўбачаным: «Тавар амаль не выкладаецца, шмат пустых паліц, у краме холадна, няўтульна, брудна. Прадаўшчыца, касір і загадчык Гулевіч ходзяць без халатаў і галаўных убораў, у скураных куртках, нібыта чэкісты. Тавары адпускаюцца рукамі, без паперы. Вельмі грубыя адносіны, у асаблівасці загадчыка, да кліентуры, ёсць такія выпадкі, калі ён бярэ чалавека за каўнер і выкідае на вуліцу. З боку наведвальнікаў назіраецца боязь заходзіць
у краму».

Эканоміка дэфіцыту дазваляла працаўнікам гандлю дэманстраваць сваю перавагу любому пакупніку, незалежна ад яго сацыяльнага становішча і прафесійнага статусу. Падобныя паводзіны непазбежна прыводзілі да шматлікіх канфліктных сітуацый, некаторыя з якіх набывалі характар міжнароднага скандалу. Напрыклад, у студзені 1935 г. упаўнаважаны Наркамата замежных спраў СССР пры СНК БССР атрымаў скаргу ад жонкі генеральнага консула Польшчы ў Мінску на дрэннае абслугоўванне ў мясной секцыі сталічнай крамы № 3.

Кіраўніцтва Белканторы прыкладала намаганні для паляпшэння якасці абслугоўвання пакупнікоў у сваіх крамах. Выступаючы на пачатку 1935 г. на нарадзе дырэктараў крам, Сакалоўскі казаў пра арганізаваную ў Мінску вучобу для прадаўцоў, выраб для іх спецадзення, фірмовых значкаў, а таксама пра дагаворы, падпісаныя з арцелямі цырульнікаў на іх стрыжку, галенне і нават манікюрныя працэдуры.

Неўзабаве пасля ўтварэння аб'яднання Таргсін кіраўніцтва краіны дазволіла выдзяляць «ліміты» таргсінаўскіх тавараў для забеспячэння прадстаўнічых патрэб мясцовых улад — правядзення з'ездаў, канферэнцый, нарад. З цягам часу не абмежаваныя ніякімі канкрэтнымі лічбамі «ліміты» зрабіліся «шчылінай», дзякуючы якой мясцовыя эліты пачалі набываць дэфіцытныя тавары за савецкія рублі для асабістага спажывання. Партыйныя, савецкія, прафсаюзныя кіраўнікі, а таксама начальства АДПУ разглядала таргсінаўскія крамы як ведамасны размеркавальнік. Гэта непазбежна стварала канфліктныя сітуацыі з кіраўніцтвам Белканторы, якая павінна была штомесяц даваць план. Адзін з падобных канфліктаў адбыўся ў 1934 г. у Бягомлі, дзе згаданы вышэй загадчык крамы Гулевіч быў арыштаваны за шматлікія парушэнні, у тым ліку продаж супрацоўнікам міліцыі бочкі селядцоў за савецкія рублі. Факты продажу супрацоўнікам АДПУ дэфіцытных тавараў за савецкія рублі адзначаліся таксама ў іншых месцах.

«Прашу звярнуць Вашу ўвагу на пачварныя з'явы, якімі акружана крама Таргсін № 4 на Ніжнім базары»

Тавары, што захоўваліся на складах і паліцах таргсінаўскіх універмагаў, прыцягвалі шматлікіх злачынцаў. Ахова, якая, паводле слоў дырэктара рэспубліканскай базы Таргсін Гольдзіна, складалася са «...старых, узброіць якіх немагчыма», не ўяўляла для іх сур'ёзнай праблемы. Акрамя дробнага крадзяжу з прылаўкаў, найбольш дзёрзкія злачынцы рабілі падкопы, выкарыстоўвалі вентыляцыйныя шахты, атручвалі ахову. У Віцебску рабаўнікі праніклі ва ўнівермаг на вуліцы Замкавай уначы, праз адтуліну, зробленую ў столі. Забраўшы найбольш каштоўныя тавары, а таксама касу, яны павольна сышлі праз акно і бясследна зніклі.
У маі 1935 г. былі затрыманы злодзеі, якія вынеслі з бабруйскага ўнівермага тавараў на суму
190 рублёў золатам.

Асаблівую групу кліентаў Таргсіна складалі спекулянты, якія зараблялі на перапродажы таварных ордараў, што ішлі на чорным рынку з разліку 60 і нават 70 савецкіх рублёў за 1 таргсінаўскі. Яны таксама перапрадавалі набытыя ў таргсінаўскіх універмагах тавары, наладжвалі ў прылеглых да скупачных пунктаў вуліцах, скверах, пад'ездах альтэрнатыўную скупку золата і валюты. Побач са спекулянтамі дзейнічалі ашуканцы розных спецыялізацый, якія прапаноўвалі добрасумленным здатчыкам фальшывыя долары, «куклы» і г. д. Летам 1933 г. былі выкрыты факты крадзяжу валютных чэкаў на мінскай пошце.

Дзейнасць злачынцаў павінна была ўскладніць увядзенне ў лютым 1933 г. імянных таргсінаўскіх кніжак замест таварных ордараў. Але неўзабаве спекулянты і нядобрасумленныя прадаўцы вынайшлі спосабы абыходу дадзенага абмежавання. У жніўні 1934 г. кіраўнік Белканторы атрымаў ад мінчука Запольскага скаргу, з якой вынікала, што спекулянты, прынамсі ў Мінску, дзейнічаюць пры актыўнай падтрымцы гандляроў. Ён, у прыватнасці, пісаў: «Прашу звярнуць Вашу ўвагу на пачварныя з'явы, якімі акружана крама Таргсін №  4 на Ніжнім базары. Спекуляцыя разгарнулася на ўсю моц. Гэтай спекуляцыі вельмі спрыяе касірка Міндаль. Назіраюцца такія з'явы: спекулянты скупляюць ордары ў людзей вясковых і малапісьменных, якія па няведанні адразаюць іх з уласных кніжак. Ордары без кніжак атаварваць нельга, але касірка Міндаль ахвотна бярэ іх у спекулянтаў, канешне, за добрую цану (хабар)».

Шчыльнае ўзаемавыгаднае «супрацоўніцтва» работнікаў прылаўка з працаўнікамі чорнага рынку, гэтаксама, як і прыпіскі, завышэнне цэнаў, крадзеж, да 1933 г. набылі хранічны характар і патрабавалі экстраардынарных захадаў. У студзені 1934 г. у Маскве і рэгіянальных падраздзяленнях Таргсіна была створана ўласная асобая інспекцыя па барацьбе са злоўжываннямі і крадзяжом. У Мінску яе ўзначаліў нейкі Тамашэвіч, які адразу распачаў правядзенне планавых і раптоўных праверак гандлёвых пунктаў.

У лютым — сакавіку 1934 г. работу Белканторы правяраў начальнік Галоўнай асобай інспекцыі Бабінчук. Высновы, зробленыя маскоўскім правяраючым, былі несуцяшальныя для яго беларускіх калег. Бабінчук зафіксаваў поўную адсутнасць канкрэтнага кіраўніцтва з боку Львовіча, што, на яго думку, межавала са злачынствам. Беларускія базы Таргсіна былі затавараны нехадавымі таварамі, бухгалтарскі ўлік у іх пастаўлены дрэнна, у падборы кадраў буяў пратэкцыянізм. Найбольш распаўсюджаным парушэннем з'яўлялася фіктыўнае актаванне тавару, іншымі словамі, яго раскраданне як «страціўшага якасць». Па выніках праверкі Львовіча знялі з пасады, а яго справу перадалі ў следчыя органы.

Маскоўская праверка стала падмуркам для так званай «справы Таргсіна» 1934 г., паводле якой было асуджана 27 супрацоўнікаў Беларускай канторы на чале з Львовічам. Кіраўнік канторы атрымаў тры гады зняволення ўмоўна. Астатнія фігуранты справы, абвінавачаныя ў раскраданні дзяржаўнай маёмасці, падробцы таварных ордараў, гандлі за золата без кніжак атрымалі розныя тэрміны ад 1 да 10 гадоў турмы. Малодшага міліцыянера Сіроткіна за ўдзел у махінацыях з ордарамі звольнілі з органаў. Агулам удзельнікі «справы Таргсіна» нанеслі дзяржаве шкоду ў памеры больш чым тры тысячы залатых рублёў.

У тым жа годзе на розныя тэрміны зняволення была асуджанна група работнікаў слуцкага ўнівермага на чале з яго загадчыкам Гольдбергам. У студзені 1935 г. судзілі групу супрацоўнікаў віцебскай гандлёвай базы Таргсіна ў колькасці 13 чалавек. У маі таго ж года на лаву падсудных трапілі тры супрацоўнікі гомельскай гандлёвай базы. Гэтыя злачынныя групы былі выкрыты ў значнай ступені дзякуючы створанай Тамашэвічам сетцы паведамляльнікаў.

Да канца 1935 г. Таргсін зрабіўся непатрэбным. Большая частка золатавалютных каштоўнасцяў з насельніцтва была ўжо выпампавана. Скарачэнне аб'ёму імпарту суправаджалася стабільным павелічэннем золатаздабычы ў СССР. Краіна вярнулася да станоўчага сальда знешняга гандлю. 3 кастрычніка 1935 г. выйшла пастанова СНК БССР «Аб скарачэнні гандлёвай сеткі Таргсіна», адпаведна якой памяшканні ліквідаваных універмагаў Таргсіна ў Гомелі, Віцебску, Мінску, Клімавічах, Петрыкаве, Рагачове, Уздзе перадаваліся Белгандлю. 1 студзеня 1936 г. закрыліся ўнівермагі Таргсіна ў Барысаве, Магілёве, Мазыры, Оршы, Полацку, Чэрвені, Рэчыцы, Лепелі. 1 лютага 1936 г. — усе астатнія. У іх памяшканнях былі адкрыты звычайныя крамы. Імянныя таргсінаўскія кніжкі ануляваліся.

Дзейнасць Таргсіна мела вялікае значэнне для індустрыялізацыі. За «нарыхтаваныя» ім каштоўнасці была набыта пятая частка савецкага імпарту 1932—1935 гг. Голад з'яўляўся галоўным фактарам поспеху Таргсіна. У «зорным» для яго 1933 г. насельніцтва СССР забяспечыла трэцюю частку ад агульнай валютнай выручкі краіны. Таргсін быў адным з эпізодаў залатой ліхаманкі, якую выклікала правядзенне індустрыялізацыі «з пустой кішэняй». За чатыры гады яго існавання галоднае насельніцтва Савецкай Беларусі прынесла ў агульны «кашалёк» золатавалютных каштоўнасцяў эквівалентна амаль дзевяці тонам чыстага золата.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ

Фота з кнігі Алены Асокінай «Алхімія савецкай індустрыялізацыі. Час Таргсіна»

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.