Вы тут

Дынамічна! Хутка! Перспектыўна! Што трэба ведаць пра баскетбол 3х3


Апошнім часам адным з лідараў спартыўных навін з'яўляецца баскетбол 3х3. Беларуская жаночая зборная U-17 — бронзавы прызёр Кубка Еўропы, мужчынская зборная U-18 — бронзавы прызёр Кубка свету. У абедзвюх каманд — сярэбраныя медалі Гульняў СНД.

Баскетбол 3х3 — адносна малады від спорту. Ён узнік у 1950-я ў бедных гарадскіх кварталах ЗША. За гэты час прайшоў вялікі шлях ад бедных кварталаў да Алімпійскіх гульняў, набыўшы папулярнасць у многіх краінах свету. У тым ліку і ў Беларусі. Цікавыя факты пра малады, але перспектыўны від спорту і яго развіццё ў Беларусі чытачам «Звязды» расказала Настасся Марыніна, генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола.


Фота: БелТА

Стаўка на моладзь

— У гэтым сезоне мы зрабілі стаўку на маладзёжныя каманды. Галоўныя трэнеры нацыянальных дарослых зборных Юрый Воўк і Дзмітрый Калтуноў заўважылі, што ў нас добрыя каманды да 17 і 18 гадоў, таму добрыя медальныя шанцы. Яны парэкамендавалі баскетбалістаў, якія зараз спрабуюць сябе ў трэнерскай дзейнасці, — Аляксея Лашкевіча і Андрэя Навойчыка. І мы вырашылі сканцэнтравацца на маладзёжных камандах.

У гэтым сезоне Еўрапейская федэрацыя баскетбола вырашыла не праводзіць чэмпіянат Еўропы, а замяніць яго на Кубкі выкліку. І самі спартсмены вельмі хацелі выступаць. У маладзёжных каманд па баскетболе 3х3 з'явіўся вельмі добры шанц заваяваць медаль для сябе, для сваёй краіны.

Сярод усіх захапленняў моладзі баскетбол 3х3 можа смела спаборнічаць з камп'ютарнымі гульнямі. Сучаснай моладзі часам бывае цяжка доўга канцэнтравацца на нечым адным, напрыклад, на класічным баскетбольным матчы, што можа працягвацца дзве гадзіны. А ў баскетболе 3х3 гульня ідзе 10—20 хвілін, там усё хутка, дынамічна, вялікі напал эмоцый, гульцы самастойна прымаюць рашэнні. А калі нешта становіцца папулярным у моладзі, то адпаведна і ў спонсараў. Моладзь — вялікі пласт цікавай для спонсараў аўдыторыі. Асабліва калі казаць пра каманды, якія прыносяць медалі, бо кожны хоча атаясамлівацца з пераможцамі.

Усе разумеюць, што зборная ЗША — фаварыты. А вось немагчыма прадказаць, хто будзе найлепшым сярод каманд Беларусі, Латвіі, Літвы, Венгрыі. На адных спаборніцтвах перамагаюць адны, на іншых — другія. І ўсім краінам з невялікай колькасцю насельніцтва, дзе няма магчымасці праводзіць селекцыю, будзе вельмі цікавы баскетбол 3х3.

Спецыфічныя правілы

— Усе прывыклі, што ў баскетбольным матчы галоўны на пляцоўцы — трэнер. Ён падказвае, накіроўвае ігракоў па ходзе гульні. Але такое немагчыма ўявіць у баскетболе 3х3. Тут трэнер не ўдзельнічае ў матчы. Калі ён з трыбуны пачне даваць нейкія парады — рызыкуе быць выдалены з пляцоўкі. Усе ўстаноўкі і парады ён дае ў пачатку або ў канцы матча, але толькі не падчас. Спартсмены на пляцоўцы самі прымаюць рашэнні, што ім рабіць. І ад гэтага цікавей. У баскетболе 3х3 адрозніваюцца памеры мяча. Ён такі ж, як і ў жаночым баскетболе 5х5. Вялікая ўвага ўдзяляецца відовішчнасці. Павінен быць вядучы, які стварае шоу. Неабходна, каб дыджэй падабраў музыку, якая будзе зараджаць гульцоў і заўзятараў.

Падчас спаборніцтваў разыгрываюць медалі ў конкурсе індывідуальнага майстэрства: конкурс кідкоў, баскетбольная эстафета. Спартсмены, якія ў камандзе не змаглі належным чынам сябе праявіць, могуць выступіць індывідуальна. Безумоўна, баскетбол — камандны від спорту. І выглядае вельмі незвычайна, калі адзін гулец заваёўвае медаль. Наша Паліна Касцючэнка выйграла медаль у конкурсе індывідуальнага майстэрства падчас Кубка свету. І дзякуючы гэтаму баскетбол 3х3 дае спартсмену дадатковы шанц для самарэалізацыі. Кожнаму спартсмену прыемна стаяць на п'едэстале і атрымліваць медалі.

Ідэальны ігрок

— Баскетбол 3х3 прад'яўляе да ігракоў адно важнае патрабаванне — добрая фізічная падрыхтоўка. Спартсмены, якія гуляюць у баскетбол 3х3, ростам прыкладна 190 см, для звычайнага баскетбола гэта невысокі рост. Але яны маюць вельмі добрую фізічную падрыхтоўку і ўмеюць аператыўна прымаць правільныя рашэнні. Для дзяўчат ідэальныя параметры — рост 180 см і атлетычны склад. Але нават спартсмен ростам 164 см можа быць добрым гульцом у баскетбол 3х3, калі ён валодае вялікай хуткасцю, калі можа быць маторам каманды. У нас такія — Кацярына Новік і Ілья Мілашэўскі. Яны не вылучаюцца вялікім ростам, але добра тэхнічна падрыхтаваныя і выклікаюць захапленне ўсіх спецыялістаў і аматараў. І на іх трэнеры ўскладаюць вялікія надзеі ў баскетболе 3х3.

Вучэбна-трэніровачны спорт

— Міжнародная федэрацыя баскетбола плануе, што ў будучыні баскетбол 3х3 будзе асобным самастойным відам спорту. Але сёння няма міжнароднай сістэмы правядзення спаборніцтваў, няма самастойных нацыянальных чэмпіянатаў, клубнай сістэмы — усяго, што неабходна для станаўлення гульнявога віду спорту. Зараз баскетбол 3х3 — больш дадатак да баскетбола 5х5. І таму пакуль такая сітуацыя. Але нашы трэнеры ўжо заўважылі, што спартсмены, якія прайшлі школу баскетбола 3х3, становяцца па-добраму нахабнымі на пляцоўцы, яны могуць трымаць удар, разумеюць важнасць добрай фізічнай падрыхтоўкі. І таму сёння баскетбол 3х3 уваходзіць у адукацыйную праграму баскетбола 5х5. Ён робіць гульца больш хуткім, дынамічным і агрэсіўным. Сёння без баскетбола 3х3 звычайны баскетбол існаваць не можа. Цікава, што не кожны баскетбаліст можа са звычайнага баскетбола перайсці ў 3х3. Бываюць вельмі высокія, фізічна падрыхтаваныя, але марудныя гульцы.

Разнастайныя праекты

— Разам з Прэзідэнцкім спартыўным клубам мы праводзім акцыю «Аранжавы мяч», у межах якой забяспечваем дзіцячыя спартыўныя школы баскетбольным мячамі. І сёлета школы падаюць заяўкі менавіта на мячы для баскетбола 3х3. І гэта вельмі важна. І баскетбол 3х3 можа ўвайсці ў спартыўнае жыццё кожнай вучэбнай установы. Любой агульнаадукацыйнай школе ці ўніверсітэту прасцей сфарміраваць каманду 3х3, бо патрэбны ўсяго чатыры гульцы. А ў традыцыйным баскетболе патрэбны 12, а гэта не заўсёды атрымліваецца.

У гэтым сезоне плануем сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам правесці спартакіяду па баскетболе 3х3 сярод каледжаў. Гэта проста і цікава, выклікае шмат азарту і не патрабуе доўгай працы, каб стварыць каманду. Калі ў відзе спорту няма прызнаных лідараў, дзецям і падлеткам цікавей спаборнічаць.

Беларуская федэрацыя баскетбола ўдзельнічае ў міжнародных праектах. І ў межах самых яркіх — «Крок у будучыню», «Яе свет, яе правілы» — мы развіваем баскетбол 3х3. Бо калі збіраюцца дзеці з усёй краіны, цяжка за адзін-два дні правесці паўнавартасныя турніры. Каманды несыграныя. А спаборніцтвы па баскетболе 3х3 дынамічныя і арганічна выглядаюць у такіх форумах. І ўжо зараз мы заўважаем будучых зорачак, якія потым могуць увайсці ў клубы і нацыянальныя зборныя.

Не проста спорт, а сацыяльны праект

— На Алімпійскіх гульнях у Токіа ўпершыню быў прадстаўлены баскетбол 3х3. Цяпер гэта алімпійскі від спорту, што павышае яго значнасць і прэстыжнасць. Але ёсць і адваротны бок. Варта разумець: на алімпіяду трапляе толькі восем каманд з усяго свету. А баскетбол 3х3 развіваюць 204 краіны. І трапіць у васьмёрку наймацнейшых цяжэй, чым паляцець у космас. Аднак абсалютна любая краіна можа развіваць гэты від баскетбола. Кожная краіна можа стварыць каманду з чатырох гульцоў і выступіць на Алімпійскіх гульнях. Так, гэта цяжка, але магчыма.

Баскетбол 3х3 — выдатны сацыяльны праект па прыцягненні дзяцей для здаровага ладу жыцця. Яны навучацца працаваць у камандзе, прымаць правільныя рашэнні, камунікаваць, несці адказнасць. І вельмі добра, што гэты від спорту алімпійскі. Магчымасць выступіць на Алімпіядзе моцна матывуе.

Летам у сталічным раёне Лябяжы разам з Мінскім абласным выканаўчым камітэтам адкрылі баскетбольную пляцоўку. Спецыяльна рабілі яе для баскетбола 3х3. Там чатыры пляцоўкі як для дарослых, так і для зусім маленькіх.

Беларускі пачатак

— Першыя маладзёжныя спаборніцтвы па баскетболе 3х3, першы чэмпіянат Еўропы да 18 гадоў у 2015 годзе прайшоў у Мінску на Palova-арэне. І тады мала хто ведаў, што гэта за від спорту, дасканала не ведалі яго правілы. Баскетбалісты гулялі, а структураваных правіл, сістэмы не было. Нават на чэмпіянаце Еўропы каманды дапускалі памылкі. Бо не ведалі, што, калі не прайшоў час, але забіта 21 ачко, гульня спыняецца. Спартсмены гублялі канцэнтрацыю. Такога цяпер ужо не бывае, за гэтыя шэсць гадоў спорт зрабіў вялікі скачок. І іншую сітуацыю мы бачылі ў 2019 годзе на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску. Калегі тады адзначалі, што гэта адзін з самых відовішчных турніраў на тых Гульнях.

Сёння наша жаночая каманда па баскетболе 3х3 — адзін з сусветных лідараў. І ў кожнай краіне ёсць свае асаблівасці, свая школа. Мы вучымся адзін у аднаго — так агульнымі намаганнямі спорт і развіваецца. Баскетбол збліжае.

Планы грандыёзныя, але рэальныя

Цяпер перад жаночай зборнай па баскетболе 3х3 стаіць задача змагацца за выхад на Алімпіяду 2024 года ў Парыжы. Перад мужчынскай — трапіць у фінал Кубка Еўропы. Ад каманд мы чакаем толькі самых высокіх вынікаў, паколькі Беларусь з'яўляецца адным з грандаў баскетбола 3х3. І нас не задавальняе месца з 16 да 20. Мы ставім мэтай толькі першае — трэцяе месцы. Усё, што ніжэй, нікому не падабаецца. І ў першую чаргу спартсменам і трэнерам, паколькі яны матываваныя на дасягненне вынікаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.