Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


Запяканка з гарбуза

Атрымліваецца вельмі далікатная, яркая, духмяная і смачная. Запяканка можа стаць выдатным сняданкам, дэсертам на абед ці вячэру.


 pixabay.com

Спатрэбіцца: гарбуз — 600 г; курынае яйка — 1 шт.; вяршкі тлустасцю 20 % — 300 мл; чарнасліў — 50 г; разынкі — 50 г; цукар — 2 ч. л.; траціна чайнай лыжкі солі.

Разынкі і чарнасліў раскладваем па розных місках і заліваем кіпнем. Пакідаем іх на некаторы час, каб набраклі. Салодкі гарбуз з ярка-аранжавай мякаццю чысцім ад насення, зразаем лупіну і наразаем на частачкі. Перакладаем у рондаль, заліваем вадой, варым 7—10 хвілін.

Глыбокую гарачатрывалую форму змазваем маслам.

З чарнасліву зліваем ваду і наразаем маленькімі кубікамі. З разынак таксама зліваем ваду. З гарбуза, зваранага да паўгатоўнасці, зліваем ваду (адкідваем яе на друшляк), а затым перакладаем у форму. Пасыпаем разынкамі і чарнаслівам.

Рыхтуем заліўку. У міску ўбіваем яйка, трохі ўзбіваем. Затым уліваем у яйка вяршкі, дадаём соль і цукар. Усё добра змешваем і заліваем атрыманай сумессю гарбуз.

Ставім форму з запяканкай у разагрэтую да 200 градусаў духоўку і гатуем 30 хвілін.


Калядны штолен

Штолен — традыцыйная нямецкая выпечка. Гэта штосьці незвычайнае, каляднае, нейкі зімовы і радасны смак прыпраў і сухафруктаў. Паспрабуйце прыгатаваць гэтую выпечку да свят, але паспяшайцеся, бо штолены вытрымліваюць не менш за месяц. Гэта трэба для ферментацыі выпечкі, так лепш за ўсё раскрываецца смак.

Спатрэбіцца: мука пшанічная — 1 кг, масла (200 на цеста і 100 на змазванне штолена) — 300 г, дрожджы — 50 г, цэдра аднаго лімона, малако — 400 мл, цукар — 150 г, ванілін — 3 г, соль — 2/3 ч. л., разынкі (пароўну чорныя і белыя) — 400 г, міндаль — 120 г, цукаты — 200 г, журавіны (сушаныя) — 100 г, ром (або каньяк) — 100 мл, цукровая пудра — 200 г, карыца — 1 ч. л., імбір — 1 ч. л., арэх мускатны — 1 ч. л. або на смак, гваздзіка — 5 бутонаў.

За суткі ці двое да выпечкі заліць разынкі, журавіны і цукаты ромам ці каньяком і пакінуць настойвацца ў закрытым посудзе.

Міндаль апарыць кіпнем, затым халоднай вадой, ачысціць ад шалупіны, падсушыць на патэльні і парэзаць нажом.

Прыгатаваць рошчыну: дрожджы растварыць у цёплым малаку, дадаць цукар, паступова ўвесці дзве шклянкі мукі і змяшаць. Пакінуць на 25 хвілін, пакуль рошчына не падымецца. У гатовую рошчыну дадаць соль, ванілін, лімонную цэдру, муку, якая засталася, размякчанае масла і замясіць цеста. Даць падысці цесту два разы.

Пакуль яно падыходзіць, у сухафрукты і цукаты дадаць арэхі, спецыі і ванільны цукар, усё змяшаць.

У гатовае цеста дадаць сумесь сухафруктаў і арэхаў і вельмі старанна вымесіць яго. Падзяліць цеста на дзве часткі і сфармаваць штолены ў выглядзе батонаў.

Паставіць штолены падымацца — прыкладна на паўгадзіны.

Выпякаць штолены пры тэмпературы 180 градусаў да зарумяньвання, арыентуючыся на сваю духоўку. Калі ёсць неабходнасць, у сярэдзіне выпечкі штолены можна накрыць зверху фольгай, каб верх выпечкі не прыгарэў.

Гатовыя штолены трохі астудзіць, шчодра прамазаць растопленым маслам, прысыпаць зверху ванільным цукрам і цукровай пудрай, стварыўшы цукровую шапку.

Астылыя штолены спакаваць у фольгу, поліэтыленавыя пакеты і захоўваць у халодным месцы пажадана не менш за месяц для ферментацыі выпечкі.


Упрыгажэнне для саду з гірлянды

Самы галоўны плюс такога праекта — надзвычайная прастата.

У першую чаргу трэба выбраць правільную ёмістасць. Гэта можа быць лейка, чайнік або кафейнік. Выдатны спосаб даць новае жыццё дзіраваму посуду, форма і фактура якога вам падабаецца.

Палівачку або чайнік трэба замацаваць на ўстойлівым штатыве ў такім становішчы, каб здавалася, што з ёмістасці нешта льецца. А «ліцца» будзе наша гірлянда. Яе трэба прасунуць у адтуліны ў лейцы або чайніку, змясціўшы ўнутр элемент харчавання. Можна выбраць і больш складаны спосаб, правёўшы да свяцільні разетку (шнур можна схаваць у штатыў або абвіць вакол яго). У такім выпадку паклапаціцеся пра гідраізаляцыю правадоў!

Гірлянду можна пераключыць у рэжым мігцення, і сад напоўняць цудоўныя рухомыя агеньчыкі.

Канструкцыя з акумулятарам выглядае больш бязважка, паколькі штатыў у гэтым выпадку можна выбраць вельмі тонкі. А чайнік або палівачка на яго проста падвешваюцца. Стацыянарная свяцільня патрабуе больш складаных работ па манціроўцы электрыкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.