Вы тут

У прыярытэце — захаванне сацыяльных гарантый


А больш за ўсіх насельніцтва давярае Прэзідэнту. Такой пазіцыі прытрымліваецца больш як 72 % рэспандэнтаў, якія сталі ўдзельнікамі маштабнага сацыялагічнага даследавання «Беларусь: меркаванне пра будучыню», ініцыятарамі якога выступілі Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук і Аналітычны цэнтр EcooM. Акрамя таго, беларусы ў большай ступені давяраюць арміі, царкве і праваахоўным органам.


— Высокі ўзровень даверу да Прэзідэнта, а таксама да ключавых дзяржаўных інстытутаў сведчыць аб тым, што наш народ адзіны ў сваім імкненні захаваць сумесна з дзяржаўнай уладай і асноўнымі праваахоўнымі органамі тую стабільнасць і ўстойлівы вектар развіцця на гэтых высокіх хуткасцях, — адзначыла першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлана ВІНАКУРАВА. — Фігура Прэзідэнта і найбольш уразлівая з аднаго боку, і паказальная з другога. Прэзідэнт — гарант канстытуцыі, той палітыкі, якую праводзіць наша дзяржава. Наша грамадства па-ранейшаму арыентуецца на захаванне сацыяльных гарантый.

У апытанні прынялі ўдзел 10217 рэспандэнтаў — людзі, занятыя ў эканоміцы. У выбарку трапіла таксама моладзь, навучэнцы ВНУ і сярэдне-спецыяльных устаноў. На пытанне, якія ініцыятывы Прэзідэнта краіны з'яўляюцца найбольш значнымі, 43,7 % апытаных назвалі захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, 38,7 % — падтрымку шматдзетных сем’яў, 31,8 % жыллёвую палітыку. 27,6 % рэспандэнтаў вызначылі ўмацаванне абараназдольнасці краіны, 24,8 % — інтэграцыю Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы, 23,6 % — патрыятычнае выхаванне моладзі.

На пытанне аб адносінах беларусаў да ўстанаўлення і прызнання Дня народнага адзінства, якое сёлета мы адзначалі ўпершыню, абсалютная большасць (34,4 %) выказалася аб тым, што новае свята толькі аб'яднала нас як нацыю. 24,5 % рэпандэнтаў выказалася аб тым, што Дзень народнага адзінства ўмацаваў наш суверэнітэт і незалежнацсь. 17,5 % апытаных ахарактарызавалі гэты факт як аднаўленне гістарычнай справядлівасці.    

Адказваючы на пытанне, ці патрэбна беларусам абноўленая Канстытуцыя, 27,9 % мяркуюць, што патрэбна, 30,8% — хутчэй патрэбна, чым не. Прычым большасць рэспандэнтаў (36,6 %) плануе прыняць удзел у рэферэндуме па зменах у Канстытуцыі. Найбольш неабходнымі зменамі ў Канстытуцыю беларусы лічаць захаванне асноўных сацыяльных гарантый (67,8 %), захаванне гарантый бяспекі (39, 1%), пашырэнне грамадзянскіх праў і свабод грамадзян (28 %), пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж асноўнымі галінамі ўлады (15,1 %) і інш.

— Мы не толькі абнародваем лічбы гаворым аб канкрэтных выніках, гэтыя даныя павінны быць прадметам не толькі нашага асэнсавання, а і прадметам вельмі сур’ёзнай работы, — заўважыў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай МЫСЛІВЕЦ.  — Па ўсіх пытаннях вельмі мала тых, хто сышоў ад прамога адказу, вызначэння сваёй пазіцыі, але ў пэўных пытаннях значны працэнт тых, хто ўвогуле не вызначыўся са сваёй пазіцыяй. Гэты рэсурс трэба задзейнічаць у плане ўзаемадзеяння ў працоўных калектывах, зносін з людзьмі, якія знаходзяцца з намі побач. Гэта магутны пласт работы, які выцякае з прадстаўленых меркаванняў.

Акрамя таго, падчас даследавання вывучаліся меркаванні людзей наконт таго, як яны адносяцца да санкцый супраць Беларусі. Кіраўнік Аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей Мусіенка агучыў наступныя лічбы. Удзельнікі апытання ва ўсіх абласцях і ўзроставых групах выказалі негатыўнае стаўленне (71,3 працэнта) да ўвядзення супраць Беларусі санкцый (55,1 працэнта — негатыўна, 16,2 працэнта — хутчэй негатыўна). Не змаглі адказаць 16,8 працэнта апытаных. Нейтральную пазіцыю займаюць 8,5 працэнта. Пазітыўна ўвядзенне санкцый ацэньваюць 1,5 працэнта, хутчэй пазітыўна — 1,4 працэнта. «Мне хацелася б паглядзець у вочы тых 1,5 працэнта, якія адказалі „Пазітыўна“. Таму што гэта значыць пазітыўна ставіцца да таго, што тваёй краіне будзе дрэнна. Але мы бачым, што такія людзі ў грамадстве прысутнічаюць, і гэта знайшло адлюстраванне ў тым ліку і ў апытанні», — адзначыў Сяргей Мусіенка.

На думку ўдзельнікаў апытання, мэтамі санкцый калектыўнага Захаду супраць Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца: азлобіць народ супраць Прэзідэнта краіны (19,1 працэнта), зрабіць наша жыццё горшым (17,9 працэнта), зрабіць эканоміку Беларусі неканкурэнтнай на сусветным рынку (15,5 працэнта), зрабіць Беларусь залежнай ад калектыўнага Захаду (12 працэнтаў), не дапусціць далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (11 працэнтаў), адпрацаваць сцэнарый націску на Расію (7,9 працэнта).

Што датычыцца адказнасці за наплыў і вялікую колькасць мігрантаў, яе, па меркаванні большасці апытаных, нясуць урады краін, адкуль бягуць людзі (33,8 працэнта). У ліку вінаватых міграцыйнага крызісу грамадзяне называюць таксама краіны ЕС (24,4 працэнта), ЗША (19 працэнтаў) і НАТА (12,6 працэнта). «Мы бачым гэтыя відавочныя рэчы, у тым ліку дзякуючы рабоце СМІ і ўключанасці нашага грамадства ў інфармацыйныя патокі. Людзям гэта сітуацыя абсалютна відавочна. Хоць ёсць тыя, хто не змог адказаць, — 32,9 працэнта. Гэта якраз той рэсурс, якім трэба растлумачваць гэту сітуацыю», — дадаў Сяргей Мусіенка.

 У ацэнцы адносін Беларусі і Расіі 41 працэнт апытаных назвалі цяперашнія адносіны дзвюх краін як дружалюбнымі, братэрскімі, 35,5 працэнта — нармальнымі, спакойнымі. Напружанымі адносіны Беларусі і Расіі лічаць толькі 3,7 працэнта. Не змаглі адказаць — 12,9 працэнта апытаных.

У бліжэйшы час будуць апублікаваныя вынікі даследавання і па іншых пытаннях.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.