Вы тут

Адбылося паседжанне шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў


На пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, якое сёння адбылося ў Авальнай зале, быў разглежаны шэраг законапраектаў. Найбольш рэзанансныя з іх — «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі» і «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры» — ужо даўно абмяркоўваюцца на самым розным узроўні.


Адукацыя — традыцыі і навацыі

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК, да другога чытання праекта Закона «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі» максімальна былі ўлічаны пажаданні грамадскасці, дэпутатаў, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. «Новы Кодэкс аб адукацыі, якім мы неўзабаве будзем карыстацца, адлюстроўвае стратэгіі беларускай адукацыі, што з'яўляюцца стратэгіямі будучыні, — заявіў парламентарый. — Усе тыя навацыі, якія неабходныя нам для далейшага развіцця, у ім ёсць. Безумоўна, гэта нацыянальны кодэкс, арыентаваны на сваю краіну, з улікам сённяшніх рэалій. Мы атрымліваем вельмі важны інструмент для далейшага развіцця: і сярэдняй, і вышэйшай школы».

У будучым законе адлюстраваны моманты, звязаныя з магчымасцю бацькоў браць удзел у працэсе навучання сваіх дзяцей у школе і атрымліваць вынікі ўсіх праверак, тэсціраванняў і абследаванняў. Акцэнт зроблены на выхаваўчай функцыі адукацыі, а таксама на функцыі патрыятычнага выхавання. Максімальна поўна ўлічаны ўсе пажаданні Міністэрства абароны, звязаныя са спецыфікай ваенных навучальных устаноў.

— Мы — народ кнігі, народ асветы, — падкрэсліў Ігар Марзалюк. — У нашым топе пазітыўных старажытных герояў знаходзяцца Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі і Францыск Скарына. Найважнейшыя фундаментальныя моманты, гуманістычныя прынцыпы нашай сістэмы адукацыі, якія заўсёды былі для яе характэрныя, апора на традыцыі і выкарыстанне існуючых навацый — гэта і ёсць наш Кодэкс аб адукацыі.

Спрашчэнне дзеля эфектыўнасці

Дэпутатамі ў першым чытанні быў разгледжаны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры». Асноўная мэта дакумента — карэкціроўка Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. З 257 артыкулаў дакумента змяненні закранулі 109 артыкулаў. Акрамя таго, прадугледжана ўвядзенне ў Кодэкс трох новых артыкулаў.

Новаўвядзенні датычацца пытанняў аховы гісторыка-культурнай спадчыны, вывазу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў, а таксама іншых пытанняў ажыццяўлення творчай дзейнасці. У прыватнасці, у сферы бібліятэчнай справы ўводзіцца паняцце аддаленага карыстальніка, а таксама спрашчаецца парадак разгляду навукова-праектнай дакументацыі, неабходнай для адкрыцця пастаяннай экспазіцыі ў музеі. Асаблівая ўвага — дзейнасці народных майстроў. Напрыклад, прадугледжваецца магчымасць для цэнтраў, дамоў рамёстваў ажыццяўляць продаж прадукцыі падчас выязных мерапрыемстваў — у першую чаргу гэта накіравана на папулярызацыю вырабаў народных майстроў, а таксама атрыманне цэнтрамі і дамамі рамёстваў дадатковага прыбытку.

— Змяненні ў Кодэксе аб культуры прадыктаваныя самім жыццём, — заўважыў міністр культуры Анатоль МАРКЕВІЧ. — Яны накіраваны на спрашчэнне працэдурных механізмаў і дазволяць больш эфектыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць. Усе жыхары нашай краіны трывала звязаныя са сферай культуры, таму нядзіўна, што даволі шмат пытанняў на этапе разгляду законапраекта паступала ад нашых грамадзян. У нас працавалі і працуюць прамыя тэлефонныя лініі, ствараюцца дыялогавыя пляцоўкі, падчас якіх нашы грамадзяне давалі нам вельмі карысныя парады. Дзякуючы ў тым ліку ім мы разумелі, на што нам трэба звярнуць увагу ў першую чаргу, каб нормы, прапанаваныя ў новы Кодэкс аб культуры, мелі пастаянны характар, бо гэта асноўны нарматыўны дакумент, па якім жыве і працуе сфера культуры. Мы ўлічылі ўсе заўвагі, асобныя з іх знайшлі адлюстраванне ў законапраекце «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры».

Расходы — з сацыяльнай накіраванасцю

У другім чытанні разгледжаны рэспубліканскі бюджэт на будучы год. Як паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла НІЖЭВІЧ, у адносінах да бюджэту кардынальных змен не адбылося: практычна ўсе пазіцыі, якія былі прадугледжаны ў першым чытанні, ляглі ў аснову і праекта Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год» і да другога чытання. Што датычыцца Падатковага кодэкса, у камісію паступілі прапановы ад дэпутацкага корпуса па дапрацоўцы асобных артыкулаў, якія датычацца ў тым ліку ўдасканалення падаткаабкладання малога і сярэдняга бізнесу, пытанняў правядзення кантрольных праверак, а таксама заліку сродкаў, пераплачаных у папярэднія перыяды.

— Безумоўна, падчас падрыхтоўкі бюджэту разглядаліся шматлікія сцэнарыі развіцця эканомікі ў будучым годзе: уплыў санкцыйнага ціску, узаемаадносіны, якія сёння выбудоўваюцца з Захадам, — адзначыла Людміла Ніжэвіч. — Улічвалася і ўзмацненне экспартнага патэнцыялу, і арыенціроўка рынку ў нашым традыцыйным кірунку — Расійская Федэрацыя, краіны Азіі, Кітай.

У наступным годзе ў рэспубліканскі бюджэт прадугледжана ўключыць сродкі дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў: фондаў нацыянальнага развіцця, рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, рэспубліканскага дарожнага фонду, рэспубліканскага фонду ўніверсальнага абслугоўвання сувязі і інфарматызацыі, а таксама рэспубліканскага фонду грамадзянскай авіяцыі. Асноўнымі крыніцамі паступлення даходаў у рэспубліканскі бюджэт 2022 года з'яўляюцца падатак на дабаўленую вартасць, падатак на прыбытак, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

Што датычыцца расходаў, захаваецца іх сацыяльная накіраванасць. Значную частку бюджэту складуць расходы на аплату працы, выплачванне пенсій, стыпендый, дапамог, іншых выплат, а таксама на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Акрамя таго, бюджэтнае фінансаванне дазволіць забяспечыць стабільнае функцыянаванне сістэм адукацыі і аховы здароўя.

Міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН прадставіў праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб сумесным інжынерным падраздзяленні гуманітарнага размініравання ўзброеных сіл дзяржаў — удзельнікаў СНД». Акрамя таго, падчас пасяджэння ў другім чытанні былі разгледжаны законапраекты «Аб змяненні законаў» (па пытаннях падаткаабкладання) і «Аб змяненні законаў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання». У двух чытаннях прыняты законапраект «Аб змяненні кодэксаў», у другім чытанні — праекты Законаў «Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў» і «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспублікі Беларусь», у першым чытанні — праекты Законаў «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі», «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.