Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Урач — не цяля, бачыць круцяля

Некалі ў нашай вёсцы Каменка чаго толькі ні было: школа, дзве крамы, аптэка, пошта, кантора саўгаса, бальніца... Прычым працаваў там не адзін фельчар. Былі свае стаматолаг, акушэрка, нават лабарантка. А з часам з'явіўся яшчэ і шафёр, бо гэта шаноўная медустанова атрымала сваю машыну — на жаль, не новую: дабіты, крыты (яшчэ і мацюкамі) УАЗ... Але і яму былі ў вёсцы рады.

Ці не найбольш цешыўся Анатоль — малады мясцовы жыхар, які атрымаў нядрэнную работу, сеў за руль. А калі так, то трэба ж ехаць, везці доктара то да аднаго хворага, то да другога... Да пятага, у пятніцу, Толя адмовіўся, сказаў, што машына няспраўная. Маўляў, месца ёй на звалцы металалому, а не на дарозе.

— Што барахліць? Ты канкрэтна кажы, — папрасіў яго доктар.

— Ды карбюратар, — адказаў кіроўца.

— І што, нічога нельга зрабіць? Ні стары паправіць, ні новы дастаць?

— Новы? — насцярожыўся Анатоль. — Гэта можна! У мяне на аўтабазе свой чалавек працуе. За 20 рублёў што хочаш здабудзе... Мігам!

Доктар дастаў з кішэні дзве дзясяткі, паклаў на стол: бяры, маўляў, даставай і мяняй.

...У панядзелак зранку ён жа, той доктар, пытае ў шафёра: як справы, што з рамонтам машыны?

— Ды ўсё ў парадку, — хваліцца той. — Машына — звер, заводзіцца з паўабарота!

Разам з доктарам яны выйшлі ў двор, каб ехаць на выклік, Толя завёў рухавік, трохі пагазаваў.

— Новы карбюратар? — удакладніў урач.

— А як жа! Ледзь ад масла адмыў!

— Дай паглядзець, — зацікавіўся медык, схіліўся над маторам, адшукаў на карбюратары дзве літары «К» і «Б», спытаў у Толі:

— Ведаеш, што яны азначаюць? Не? Тады я скажу: «Каменская бальніца».

Аказалася, што доктар быў яшчэ і шафёрам, ведаў хітрыкі іншых, людзям давяраў, але і правяраў.

Толя пасля гэтай праверкі мусіў вярнуць яму 20 рублёў і, як выглядала, зразумець, што наступны раз можа застацца не толькі без так званых левых грошай, але і без «правых» — то-бок без работы і без зарплаты.

Іван Пяшко,

г. Шчучын


Два Васілі і адзін Высоцкі

Імя Васіль для мяне і было, і засталося ў нейкай ступені сакральным. На памяці свята Васілле з памятным «Васілёва маці пайшла шчадраваці...», незабыўныя Васіль Дзятлік, Чапаеў, Быкаў, Шукшын, Ліванаў... І яшчэ два добрыя знаёмцы, якія ў свой час вельмі здзівілі. Чым? Зараз раскажу.

У сямнаццаць гадоў, не паступіўшы на будфак політэхнічнага, я падаўся працаваць на будоўлю, дакладней — у досыць буйную арганізацыю, якая займалася рамонтам жылля. Спецыяльнасці я, вядома ж, не меў, так што класці цэглу і плітку, тынкаваць ды фарбаваць мяне вучылі на рабочым месцы як мінімум удвая старэйшыя дзядзькі... У іх, такіх жа, толькі суседзяў па рабочым інтэрнаце, я навучаўся не менш патрэбнаму — уменню ладзіць з людзьмі, жыць у калектыве.

Дык вось, якраз тады адным з маіх суседзяў па пакоі быў «марскі воўк» па імені Васіль, дзяцюк высокі, магутны... Са сваіх трыццаці гадоў ён, відаць, з дзесяць праплаваў па марах-акіянах, але ні гэтым, ні чым іншым не фарсіў. Мяне ж і наогул глядзеў, як малодшага брата... А неяк сказаў, што хоча ўсур'ёз пагаварыць, ды ўсё чамусьці адкладваў — быццам не рашаўся. Чаму — я зразумеў толькі потым.

Тынкоўшчыцай у нашай брыгадзе працавала вельмі адметная дзяўчына — рыжая, смяшлівая. Дзе яна, там, здавалася, і сонца — у любое надвор'е...

Факт, што на гэтакі цуд прыроды Васіль не мог надзівіцца! І не мог чамусьці наблізіцца — падысці, загаварыць... Мне ж казаў як роўнаму, што Люба запала ў душу — нават сніцца стала, што хоць сёння гатовы жаніцца...

Я пазнаёміў іх і... сапраўды вельмі хутка стаў сведкам на вяселлі, пасля чаго ў знак удзячнасці Васіль мне адкрыў яшчэ адну сваю таямніцу — любоў да Высоцкага. У нетрах яго чамадана, відаць, як найвялікшая каштоўнасць ляжаў тоўсты агульны сшытак, да апошняй клетачкі спісаны вершамі.

Я чытаў іх запоем, з вялікай асалодай, аж пакуль маладажонам не выдзелілі асобны пакой у іншым інтэрнаце...

А праз нейкі час сваім стаўленнем да Высоцкага мяне здзівіў яшчэ адзін Васіль. На нашым прадпрыемстве ён працаваў кіроўцам і быў адметны тым, што ў свой час пабраўся шлюбам з жанчынай, гадоў на 15 старэйшай за яго і з... чатырма дачушкамі (пятая была агульнай).

Аднойчы на мікрааўтобусе мы з ім паехалі ў Маскву па досыць тэрміновай справе. Калі з ёй, той справай, было пакончана, і мы павярнулі назад, на адной з маскоўскіх вуліц Васіль раптам спыніўся, выскачыў з машыны — ірвануў да кіёска, купіў вялікі букет.

Мы, яго спадарожнікі, седзячы ў салоне, сталі смяяцца, што для кветніка, які чакае дома (жонка і пяць дзяўчат), аднаго букета будзе замала... Аднак Васіль спяшаўся не ў аўтобус і не дамоў. Ён нырнуў за рог дома і... прапаў. Мы нічога не зразумелі, а ўжо як злавалі!.. Праўда, да пары, бо, вярнуўшыся, Васіль сказаў, што тут паблізу Ваганькаўскія могілкі, і ён ніколі б сабе не дараваў, калі б не зайшоўся — не паклаў букет на магілу Высоцкага, не пакланіўся праху.

Абодвух Васілёў я ўспамінаю з цеплынёй і ўсмешкай. Вось і цяпер згадаў — на душы пацяплела...

Іван Гаральчук,

г. Мінск


Ад вядучай рубрыкі (і не толькі)

«Скончыўся чарговы, 2021 год — у тым ліку на нашым «провадзе». А гэта значыць, час збіраць камяні, то-бок перачытваць надрукаваныя гісторыі ды выбіраць з іх найлепшыя. Цікавы занятак, — піша старшыня вялікага чытацкага журы спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, — бо над многім можна яшчэ раз ад душы пасмяяцца, разгледзець «почырк» аўтара, ацаніць не толькі змест, але і форму падачы. Гэта як з анекдотамі: адзін і той жа можа атрымацца і смешным, і не — у залежнасці ад таго, хто раскажа.

Да таго ж па гісторыях са «звяздоўскага» «проваду» можна даследаваць асаблівасці жыцця ў розных мясцовасцях, адметнасці мовы. Продкі нездарма казалі: «Што сяльцо, то нараўцо, што хутарок, то гаварок». Быў час — гісторыі друкаваліся з мясцовымі слоўкамі-залацінкамі, іх тлумачэннем. Цікавая практыка! Яшчэ і для навукоўцаў...

Што ўжо казаць пра чытачоў! Асобныя з іх (я дакладна ведаю) менавіта з-за «проваду» газету і выпісваюць, пішуць у рэдакцыю самі, знаходзяць новых сяброў. Факт, што гэтая рубрыка яшчэ пры жыцці заслугоўвае помніка — як мінімум у выглядзе асобнага выдання, прычым не аднаго... Пажывём, — дасць бог, убачым і нават пачытаем...

Да ліста, як вы здагадаліся, дадаецца спіс найлепшых гісторый.

«Цяжка іх вылучыць, — прызнаецца спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — бо незразумела, з якімі крытэрыямі падыходзіць, што ставіць на першы план? Гумар? Так, у кожнай гісторыі ёсць свае «разыначкі», вясёлыя нечаканыя павароты. Не кожны, праўда, іх можа «выпісаць», як след расказаць: здольнасці ў людзей, што на «тым канцы проваду», розныя... Але ж ад кожнага з аўтараў-апавядальнікаў зыходзяць шчырасць, дабрыня, жаданне падзяліцца нечым асабістым — цікавым для іншых. І гэта добра, што ў «Звязды» ёсць спецыяльны мадэратар (цяпер так модна казаць), які адрэдагуе дасланы матэрыял, дапаможа падаць яго ў найлепшым выглядзе.

...Трэба ўлічваць актыўнасць удзельнікаў? Ну вядома ж, трэба! Але нельга не адзначыць і тых, хто даслаў мо адну гісторыю, але сапраўды смешную, альбо рыфмаваную, што патрабуе больш часу, больш намаганняў. Таму я ўлічваў усе вышэйназваныя фактары і расставіў пераможцаў так...»

Спіс, як той казаў, дадаецца...

Свой, ну вядома ж, адрозны, адмысловы, ён у лістах спадарынь Валянціны Гудачковай з Жыткавіч, Таццяны Новік з Клецка, Таццяны Маркавай з Віцебска, Галіны Нічыпаровіч з Уздзеншчыны, спадароў Мікалая Старых з Гомеля, Баляслава Радзевіча з Мінска, Уладзіміра Дзедава з Заслаўя... Кожнаму з якіх хочацца шчыра падзякаваць за іх працу, за думкі, якія, ну вядома ж, дапамаглі маленькаму рэдакцыйнаму журы вызначыць тое, што спадабалася найбольшай колькасці чытачоў. Такім чынам, у спісе найлепшых:

«Па шапцы... альбо Не сунься ў воду, не знаўшы броду» (Ю. Баўбель, г. Бабруйск), «Ажаніцца — трэба знаць» і «Словы для праўды» (Н. Кандрашонак, г. Петрыкаў), «Ну а дружба пачынаецца... з усмешкі і не толькі з яе» (Н. Бурко, Бярэзінскі раён), «Калі навука пойдзе туга...» (Л. Купрыянчук, Рагачоўскі раён), «Прыгажосць прыглядзіцца...» (А. Чайкоўская, г. Гомель).

На лічаныя балы ад гэтых гісторый адсталі бываліцы С. Варонінай (Рагачоўскі раён), Л. Чыгрынавай (г. Мінск), З. Наваенкі (г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён), А. Петрашкевіч (Мінскі раён), Т. Раманавай (Наваполацк), Н. Шастаковай (г. Гомель), І. Гаральчука (г. Мінск), В. Сабалеўскага (г. Узда), В. Гаўрыша (г. Чавусы), В. Жураўскага (г. Жодзіна)...

Іншымі словамі, выйгралі, здаецца, усе, хто пісаў! І ўсе, хто чытаў, бо згадвалі сваё «перажытае-незабытае», дзяліліся назіраннямі, думкамі, вопытам і, вядома ж, усмешкамі! Сёння патрэба ў іх па-сапраўднаму вострая. А таму...

Конкурс працягваецца. Журы — і маленькае рэдакцыйнае (у складзе намесніка галоўнага рэдактара газеты Наталлі Карпенкі, рэдактара аддзела Надзеі Дрындрожык, аглядальніка Веранікі Канюты), і вялікае чытацкае, у склад якога можа ўвайсці кожны, хто прачытае ўсе гісторыі, надрукаваныя на працягу года, і потым дашле сваю дзясятку найлепшых, працуе. Так што пішыце!

...Адмысловыя дыпломы і прызы пераможцам будуць высланы ў хуткім часе.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.