Вы тут

Акушэр-гінеколаг пра COVІD-19 у цяжарных


Спалучэнне COVІD-19 і цяжарнасці сёння нікога не здзіўляе: да гэтага прызвычаіліся і ўрачы, і, напэўна, самі будучыя мамы не выключаюць такога развіцця падзей. Таму медыкі раяць як мага раней прышчапляцца цяжарным. Ці адаб'ецца прышчэпка на здароўі будучай мамы і малога? Як каранавірусная інфекцыя праходзіць у цяжарных і дзе найбольшыя шанцы ёй заразіцца? Урач-акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі, аспірант кафедры рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі БелМАПА Святлана Крэер адказала на самыя актуальныя пытанні.


— Святлана Аляксандраўна, дзе цяжарная можа заразіцца каранавірусам?

— Часцей за ўсё цяжарныя заражаюцца падчас дамашніх кантактаў, а таксама ў месцах масавага збору людзей.

— Якія сімптомы каранавіруснай інфекцыі ў цяжарных?

— Гэта тыповыя сімптомы: павышэнне тэмпературы цела, кашаль, слабасць, болі ў мышцах. Цяжарныя часцей скардзяцца на галаўны боль, млоснасць і ваніты. Традыцыйныя для першых хваляў скаргі на адсутнасць нюху і смакавых адчуванняў на фоне штамаў «Дэльты» і «Амікрона» сустракаюцца значна радзей. Калі раней яны адзначаліся ў 80 % пацыентак, то цяпер — у 50 %, а па некаторых даных нават у 40 %. Цяжарнасць з'яўляецца фактарам рызыкі цяжкага ходу COVІD-19.

— Як уплывае COVІD-19 на ход цяжарнасці і ці церпіць плод?

— На дадзены момант у сусветнай літаратуры ўсё больш інфармацыі аб уплыве каранавіруса, асабліва пры захворванні ў другім і трэцім трыместрах. У асноўным вывучаны ўскладненні ў жанчын, якія захварэлі ў трэцім трыместры. Часцей за ўсё сустракаюцца заўчасныя роды і затрымка развіцця плода. У сучаснай сусветнай літаратуры апошнім часам сталі з'яўляцца навуковыя публікацыі, у якіх апісваюцца выпадкі вертыкальнай перадачы плоду каранавіруснай інфекцыі.

— Якія фактары рызыкі цяжкага ходу COVІD-19 у цяжарных?

— Асноўнымі фактарамі рызыкі з'яўляюцца атлусценне, хранічныя захворванні лёгкіх, артэрыяльная гіпертэнзія і іншыя сардэчна-сасудзістыя захворванні, прэгестацыйны цукровы дыябет, захворванні нырак, захворванні печані.

— А ці сустракаецца ў цяжарных постковідны сіндром?

— Так, і ў цяжарных ён цягнецца больш доўгі час і часцей за ўсё мае большую выразнасць, асабліва з пункту гледжання псіхасацыяльнай сімптаматыкі, звязанай з псіхалагічнымі і кагнітыўнымі парушэннямі.

— Як пазбегнуць гэтых наступстваў?

— Самым эфектыўным спосабам прафілактыкі цяжкага ходу COVІD-19 з'яўляецца вакцынацыя.

— Ці можа вакцына выклікаць захворванне?

— Ні адна з зарэгістраваных у свеце вакцын не змяшчае жывы вірус SARS-CoV-2, таму не можа выклікаць захворванне. Бяспечнасць мРНК-вакцын дастатковая для вакцынацыі цяжарных, у тым ліку да 20-га тыдня, устаноўлена, што яны зніжаюць рызыку развіцця інфекцыі.

— Ці шкодная вакцынацыя для плода?

— Паколькі поствакцынальныя антыцелы выяўляюцца ў пупавіннай крыві, гэта можа дапамагчы засцерагчы ад COVІD-19 плод і нованароджанага. Вакцынацыя не ўплывае на частату мёртванараджэнняў, спантанных спыненняў цяжарнасці і заўчасных родаў, прыроджаных анамалій.

— Якімі вакцынамі ў Беларусі прышчапляюць цяжарных?

— У Беларусі на дадзены момант даступныя расійская двухкампанентная вакцына «Спадарожнік V» («Гам-КОВІД-Вак»), якая з'яўляецца адной з самых эфектыўных імунагенных вакцын у свеце, а таксама вакцына Sіnovac CoronaVac (Vero Cell), ухваленая СААЗ да выкарыстання ў цяжарных.

Вакцына Sіnovac CoronaVac (Vero Cell) з'яўляецца інактываванай, выгадавана на культуры клетак, а не на курыных эмбрыёнах, гэта значыць гіпаалергенная. СААЗ рэкамендуе дадзеную вакцыну да прымянення ў цяжарных у выпадках, калі перавагі вакцынацыі перавышаюць патэнцыяльныя рызыкі, пры гэтым для прыняцця ўзважанага рашэння цяжарныя павінны быць праінфармаваныя аб рызыках цяжкага ходу COVІD-19 пры цяжарнасці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.