Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «FASHІON-ілюстрацыя»


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка «FASHІON-ілюстрацыя», дзе можна пазнаёміцца з яркімі старонкамі мастацтва ўвасаблення модных ідэй у візуальнай форме. Экспазіцыя ладзіцца ў межах штогадовага мультымедыйнага праекта «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі».


— Доўгі час вывучаючы розныя кнігі як гістарычнай, так і іншай тэматыкі, мы зразумелі, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ёсць шмат унікальных выданняў з выявамі моднага адзення: кнігі, альбомы, перыёдыка мінулых гадоў, гравюры. Зараз ва ўсім свеце для фэшн-ілюстрацыі час рэнесансу, — адзначае загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Ірына Васільковіч. — Летась мы распачалі праект «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі» з расповеду пра віды і тэхнікі ілюстравання кніжных выданняў (дрэварыт, афорт, літаграфія, лінагравюра, камп'ютарная графіка і г. д.), а зараз засяродзіліся на тэме фэшн-ілюстрацыі. Паколькі, па-першае, гэты кірунак сёння з'яўляецца вельмі запатрабаваным у мастацтве, у рэкламе і ў моднай індустрыі, а, па-другое, у Беларусі яшчэ не было аналагаў гэтай выставе — мода і модныя паказы. Шмат выстаў пра гісторыю народнага касцюма, а пра гісторыю моднай ілюстрацыі не было. І ў пэўным сэнсе нам хочацца быць першапраходцамі, каб да нас прыйшлі знаёміцца і вывучаць узоры сусветнай індустрыі моды, каб і ў нас з'явіліся даследчыкі гэтага цікавага мастацкага кірунку.

Адметна, што не проста дэманструюцца кніжныя фонды па вызначанай тэме, але раскрываюцца розныя грані і ракурсы, дзе і ўзаемасувязь фэшн-ілюстрацыі з мастацтвам, і наглядныя прыклады, як працуюць у такім жанры сучасныя дызайнеры і мастакі. Па ініцыятыве галоўнага бібліятэкара аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Святланы Зайко, да ўдзелу ў праекце была запрошана Беларуская палата моды. Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены акварэлі беларускай фэшн-ілюстратаркі Веранікі Талецкай. Акрамя гэтага, на выставе наведвальнікаў чакаюць факсімільныя выданні летапісных зводаў з выявамі адзення тагачаснага насельніцтва і зборамі саслоўных партрэтаў вышэйшых слаёў грамадства. Прадстаўлена мода XVІІІ—ХІХ стст. — арыгінальныя аўтарскія гравюры з выявамі жаночых і мужчынскіх касцюмаў, найлепшыя часопісы моды еўрапейскіх і расійскіх выдаўцоў. Ёсць і модныя вобразы ХХ ст. — работы знакамітых Бакста і Эртэ, альбомы Дамоў моды і часопісы выдавецтваў СССР і БССР, папулярныя ва ўсім свеце часопісы Vogue, Harper's Bazaar, Marіe Claіre, Elle з выявамі стыльных мадэляў ад Габрыель Шанэль, П'ера Кардэна, Іва Сен-Ларана, якія адабрала загадчыца сектара кніжных выстаў Марыя Шопіна. Дарэчы, у дзень адкрыцця экспазіцыі была рэдкая магчымасць убачыць у арыгінале збор гравюр моднага адзення розных краін свету 1590 г., зробленага італьянскім мастаком і гравёрам Чэзарэ Вечэліа. Арганізатары не выключаюць, што на час выстаўкі пазнаёміцца з гэтым унікатам наведвальнікі змогуць у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

— Мы прадставілі нашы выданні, пачынаючы ад правобразаў fashіon-ілюстрацыі — гравюр і афортаў ХVІ ст. з выявамі прыдворных дам і кавалераў, — распавядае Ірына Якаўлеўна. — Далей паказалі прыклады першых модных часопісаў, уражвае «Залаты век фэшн-ілюстрацыі» — перыяд, калі працавалі знакамітыя Эртэ, Леон Бакст, Поль Ірыб і іншыя. І пры падрыхтоўцы выставы мы адкрылі для сябе, напрыклад, што, хоць у той час і лічылі «іконай стылю» сярод часопісаў Vogue, аднак існавала выданне і больш эксклюзіўнае і ўнікальнае — «Gazette du Bon Ton» («Часопіс добрага густу»). Спадзяёмся, што і наведвальнікі нашай экспазіцыі таксама адкрыюць для сябе новыя і цікавыя факты і знойдуць творчае натхненне.

Для зручнасці ўся экспазіцыя дзеліцца на тэматычныя раздзелы, якія дазваляюць прасачыць шлях ад ідэі да ўвасаблення модных вобразаў. Так, тут на кантрасце можна адчуць розніцу паміж фэшн-ілюстрацыяй і фэшн-дызайнам і нюансы апошняга разгледзець у «Лабараторыі фэшн-дызайну». На прыкладах творчых работ студэнтаў кафедры дызайна моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ паказваецца, наколькі аб'ёмным і карпатлівым з'яўляецца працэс стварэння пэўнага касцюма альбо вобраза ў цэлым. Не менш цікава паглядзець і на калекцыю адзення творчага тандэма Вольгі Дзяйко (брэнд «Ежевика») і беларускага мастака Аляксандра Некрашэвіча, і на творчыя работы мастакоў-мадэльераў Таццяны Яфрэмавай, Тамары Гарыдавец, Кацярыны Буцер, дзе раскрываецца тэма ўзаемапранікнення моды і мастацтва. А раздзел «Сучасная арбіта фэшн-ілюстрацыі» знаёміць з імёнамі і творчымі поглядамі майстроў, што працуюць у адзначаным жанры сёння. Выстава вылучаецца стыльным аздабленнем, створаным мастаком-дызайнерам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Надзеяй Сідарэнкай.

Дапаўняюць маштабную экспазіцыю рэчы з асабістай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, дэталёвыя рэканструкцыі галаўных убораў і сукенак Ганны Юхнавец, лялькі ў строях розных эпох. Таму, калі хочацца здзейсніць падарожжа ў часе, варта абавязкова завітаць сюды. Праект будзе доўжыцца да 16 мая, і пропуск на яго традыцыйны: па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.