Вы тут

Хто з беларускіх алімпійцаў пачне спаборніцтвы ў першы дзень Гульняў?


Беларускія спартсмены дарма часу не губляюць і з першых дзён уступаюць у барацьбу за медалі. У першы дзень алімпійскіх спаборніцтваў, у суботу, 5 лютага, на старты выйдуць лыжнікі, канькабежцы і біятланісты. 


У лыжных гонках першым стартам для беларусаў, а дакладней для беларусак, стануць спаборніцтвы па скіятлоне. Гэта гонка з мас-стартам, якая складаецца з дзвюх частак, што трэба праязджаць рознымі стылямі. На старт выйдуць Настасся Кірылава і Ганна Каралёва. Настасся ўжо ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях у 2018 годзе. Тады яе лепшым вынікам было 14-е месца ў эстафеце 4×5. Паспяховым для спартсменкі стаў 2021 год. На этапе Кубке Усходняй Еўропы яна перамагла ў спрынце класічным ходам і ў гонцы на 10 кіламетраў каньковым ходам. А на дыстанцыі 5 кіламетраў заняла другое месца. Для Ганны Каралёвай Гульні ў Пекіне стануць першымі ў кар’еры. Літаральна за месяц да старту галоўных стартаў, Ганна стала пераможцай этапа Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках. 

Спаборнцітвы па лыжных гонках пачнуцца ў 10.45 па беларускім часе.

Алімпійскую праграму канькабежнага спорту таксама адкрыюць жаночыя спаборніцтвы. На старт гонкі на 3000 метраў выйдуць Марына Зуева, Кацярына Слоева, Ганна Ніфантава і Яўгенія Вараб’ёва.

Марына Зуева — жаночы твар беларускага канькабежнага спорту. У яе актыве — мноства нацыянальных рэкордаў, перамога на Зімовай Універсіядзе 2017 года, серабро Кубка свету 2018 года, бронза чэмпіянату Еўропы па асобных дыстанцыях 2020 года. Марына Зуева ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях 2018 года, дзе паказала нядрэнны вынік — 6-е месца ў мас-старце і 7-е — на дыстанцыі 5000 метраў. Спартыўны лёс Марыны Зуевай лёгкім назваць цяжка. З самага дзяцінства яна каталася на каньках, і падавала вялікія надзеі. Але яе прагрэс спыніўся ў 15 гадоў. А ў 18 яна не магла матываваць сябе працягваць займацца канькабежным спортам. Любоў да спорту не згасла, і Марына стала трэніраваць дзяцей. Але галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Сяргей Мінін паверыў у Марыну і ў 21 год яна зноў вярнулася на лёд. Як бачна, не дарма. 

Для Кацярыны Слоевай Алімпійскія гульні ў Пекіне — першыя ў кар’еры. Кацярына — шматразовы прызёр этапаў Кубку свету. Спартсменка нарадзілася і вырасла ў Расіі, нават паспела сябе там добра зарэкамендаваць. Але ў Расіі з-за вялікай канкурэнцыі, гучна заявіць пра сябе складана, таму Кацярына вырашыла памяняць спартыўнае грамадзянства. Здаецца, іншага занятку, акрамя канькабежнага спорту, для Кацярыны не было. Яе мама Аксана Равілава — чэмпіёнка свету па канькабежным спорце, займалася ім 26 гадоў. Тата Сяргей Слоеў — заслужаны трэнер Расіі па канькабежным спорце. 

Прызёр чэмпіянату свету сярод студэнтаў Ганна Ніфантава ўжо ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях, праўда, толькі юнацкіх. Ганна спецыялізуецца на кароткіх дыстанцыях. Яна адзначала, што гэтыя дысцыпліны прыцягваюць яе высокімі хуткасцямі, што дае адчуванне палёту. 

Яўгенія Вараб’ёва яшчэ да сваёй першай алімпіяды ўпісала сваё імя ў гісторыю беларускага канькабежнага спорту. У 2018 годзе яна заваявала бронзавы медаль маладзёжнага этапа Кубка свету на дыстанцыі 500 метраў. 

У студзені 2022 году Ганна Ніфантава, Марына Зуева і Кацярына Слоева занялі другое месца ў камандным спрынце на чэмпіянаце Еўропы ў Херэнвене. Дысцыпліна не алімпійская, але медаль заўсёды дадае ўпэўненасці. 

Спаборніцтвы па канькабежным спорце пачнуцца ў 11.30 па беларускім часе. 

Біятлон на Алімпійскіх гульнях у Пекіне пачнецца са змешанай эстафеты. Беларускі трэнерскі штаб выставіў на гэтыя спаборніцтвы лепшых спартсменаў. На старт выйдуць Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Мікіта Лабастаў і Антон Смольскі. Сімвалічна, што менавіта ў такім складзе беларуская зборная заваявала серабро ў адзінай у гэтым сезоне змешанай эстафеце. Гэта адбылося на пятым этапе Кубка свету ў нямецкім Аберхофе.

Спаборніцтвы па біятлоне пачнуцца ў 12.00 па беларускім часе. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.