Вы тут

Алімпійскі дзённік. Беларускія біятланісты занялі шостае месца ў змешанай эстафеце


У алімпійскім Пекіне разыгралі першы камплект медалёў XXIV зімовых Алімпійскіх Гульняў. На жаль, пакуль  узнагароды не знайшлі беларускіх спартсменаў. 


Фота: БелТА

Лепшы сярод беларусаў вынік сёння паказалі біятланісты, якія выступалі ў змешанай эстафеце. Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Мікіта Лабастаў і Антон Смольскі занялі шостае месца выніковага пратакола. Стартар каманды алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава прыйшла на першы агнявы рубеж другой. У становішчы лежачы яна дапусціла адзін промах і на другі круг уцякла сёмай. На стральбу са становішча стоячы Алімбекава зноў прыбегла другой і і зноў выкарыстала адзін дадатковы патрон. Дзінара Алімбекава завяршыла свой этап на трэцяй пазіцыі, адстаўшы ад лідэра нарвежкі Марце Ройселан на 31,2 сек. 
Ганна Сола, якая прыняла эстафету, пры стральбе лежачы прамахнулася тройчы, а на «стойцы» пры моцных парывах ветру зарабіла два штрафныя кругі. Да фінішу свайго этапа яна прыйшла шосты з адставаннем ад новага лідэра францужанкі Жулі Сімон на 53,4 сек., адправіўшы на дыстанцыю Мікіту Лабастава. Са стральбой лежачы ён справіўся ідэальна, а «стоячы» выкарыстаў два дадатковых патроны. На заключны этап лідар мужчынскай беларускай каманды Антон Смольскі пайшоў шостым, уступаючы лідару Аляксандру Логінав 47,2 сек. На двух агнявых рубяжах беларускі біятланіст прамахнуўся па два разы і ў выніку завяршыў гонку на 6-й пазіцыі. Час зборнай Беларусі - 1 гадзіна 08 хв. 00,2 сек.
Алімпійскае золата ў каманды з Нарвегіі. Серабро ў прадстаўнікоў Францыі. А спартсмены алімпійскай каманды Расіі сталі бронзавымі прызёрамі. 
Дзінара Алімбекава пракаментавала прэс-службе НАК Беларусі сваё выступленне:

«Умовы надвор’я ў сённяшняй гонцы былі няпростымі, як і ўвесь тыдзень, які мы тут трэніраваліся, - моцны вецер, мароз. Але мне пашанцавала з тым, што на прыстрэлцы вецер быў крыху мацнейшы. Калі я страляла лежачы і стоячы, быў рабочы вецер, які дазваляў абыходзіцца без дадатковых патронаў. Вядома, вельмі шкада, што выкарыстала дадатковы патрон на стойцы. У планах было адпрацаваць без іх, да таго ж бачыла, што італьянка яшчэ стаяла. Але лічу, што са сваім этапам зладзілася нядрэнна. Не зусім задаволеная, але гэта лепш, чым браць шмат запасных патронаў ці сыходзіць на штрафны круг. Па такіх умовах надвор'я лічу, што гэта добрая праца. Самае галоўнае, што я не змерзла».

У канькабежным спорце прайшлі жаночыя спаборніцтвы на дыстанцыі 3000 метраў. Марына Зуева ў сёмым з дзесяці забегаў паказала вынік 4 хв. 08,70 сек., што дало магчымасць ёй заняць толькі 16-е выніковае месца сярод 20 удзельніц спаборніцтваў.
Алімпійскай чэмпіёнкай у гэтым відзе праграмы стала Ірэн Схаўтэн з Нідэрландаў, якая ўстанавіла новы алімпійскі рэкорд - 3 хв. 56,93 сек. Уладальнікам серабра стала італьянка Франчэска Лолабрыджыда (+1,13 сек.), замкнула тройку канадская канькабежка Ізабель Вайдэман (+1,71 сек.).

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.