Назіральнікі ад самай масавай грамадскай арганізацыі ў краіне будуць працаваць на кожным участку для галасавання, заявіў старшыня ФПБ Міхаіл Орда на Пленуме савета Мінскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў.
На парадку дня пасяджэння адным з цэнтральных пытанняў стаў удзел прафактыву ў рэферэндуме, правядзенне якога запланавана на 27 лютага.
Як нагадалі ў прэс-службе ФПБ, 29 студзеня Федэрацыя прафсаюзаў сумесна з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі прынялі дэкларацыю ў падтрымку рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю і абвясцілі аб грамадскай ініцыятыве «Мы разам — за Беларусь!»
Трэба сказаць, што прафактыў і прадстаўнікі маладзёжнай, жаночай, ветэранскай арганізацый, «Белай Русі» сталіцы аднагалосна падтрымалі гэтыя ініцыятывы.
— Аб’ектыўнае інфармаванне людзей аб маючым адбыцца рэферэндуме, тлумачэнне прапанаваных нормаў па змене Канстытуцыі і шырокае назіранне за галасаваннем па ўсёй краіне — галоўныя напрамкі нашай сумеснай з грамадскімі аб’яднаннямі дзейнасці, — падкрэсліў Міхаіл Орда. — Нашы назіральнікі — ад прафсаюзаў, «БРСМ», «Белай Русі», Саюза жанчын, ветэранскай арганізацыі і іншых грамадскіх аб’яднанняў будуць працаваць на кожным участку. Ужо сёння ў многіх рэгіёнах яны ў ліку першых акрэдытаваны для правядзення назірання.
Лідар ФПБ падкрэсліў: у выніку будзе абсалютна поўная і дакладная інфармацыя аб тым, як ідзе галасаванне.
— Мы працуем адкрыта і будзем аператыўна інфармаваць грамадства аб тым, як праходзіць рэферэндум, каб была аб’ектыўная інфармацыя аб гэтай найважнейшай падзеі, і ніхто не маніпуляваў праз укіды і фэйкі свядомасцю людзей, — рэзюмаваў прафлідар краіны.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА
Фота БелТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.