Вы тут

Наталля Качанава: З людзьмі трэба ўмець працаваць


Старшыня Савета Рэспублікі сёння правяла прыём грамадзян у Светлагорску.


Шукаць дапамогі ў вырашэнні праблемных пытанняў у спікера верхняй палаты парламента вырашылі больш за 80 заяўнікаў з розных куткоў краіны. Асобныя звароты людзей ўдалося вырашыць на месцы, іншыя патрабуюць больш сістэмнага высвятлення і ўзятыя старшынёй Савета Рэспублікі на кантроль.

Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты, яшчэ да пачатку прыёму было станоўча вырашана пытанне жыхаркі Гомеля па арэндзе памяшкання ў Рэчыцы. На асабістым прыёме грамадзян да старшыні Савета Рэспублікі звярнулася дырэктар турыстычнай фірмы. Заяўніца ўзняла пытанне, якое закранае работу ўсёй айчыннай турыстычнай індустрыі. Як звярнула ўвагу жанчына, доўгі час беларускія турагенты паспяхова працавалі з буйнымі ўкраінскімі холдынгамі праз прадстаўніцтвы ў нашай краіне. З турыстамі холдынгі непасрэдна ў нашай краіне не працуюць, а ўсе зносіны з людзьмі і разлікі з імі бяруць на сябе беларускія фірмы. Сёння холдынгі дзейнасць спыняюць, але перадаплату за турыстаў вяртаць не збіраюцца.

— Па нашым заканадаўстве ўся адказнасць перад турыстамі ляжыць на нас. І мы ад яе не адмаўляемся. Але на тое, каб вярнуць людзям грошы, патрэбны час. Мы падлічылі: на 17 сакавіка з-за такога рашэння толькі ад аднаго холдынгу пацярпела 61 адна фірма і 549 турыстаў, шкода склала 620 тысяч беларускіх рублёў, — заяўніца дакладна вызначыла праблему, з якой сутыкнуліся турфірмы.

Яна спадзяецца, што пытанне можна вырашаць на заканадаўчым узроўні.

— Трэба аператыўна заняцца гэтым пытаннем, ініцыяваць унясенне змяненняў у заканадаўства, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Трэба абараніць сваіх людзей і свае турфірмы.

Яшчэ адзін зварот, які ўзяла на кантроль старшыня Савета Рэспублікі, — закранае ў тым ліку праблему замацавання спецыялістаў у раёнах.

Зварот паступіў ад сталічнага жыхара, супрацоўніка фірмы па вытворчасці медыцынскіх вырабаў. Як паведаміў заяўнік, яны з жонкай і дзіцем жывуць разам у арэнднай двухпакаёвай кватэры, якую хочуць прыватызаваць. Але па законе гэта можна зрабіць толькі ў індывідуальным парадку з дазволу Прэзідэнта.

— Цяпер мы павінны разабрацца, як можна дазволіць прыватызаваць арэнднае жыллё, каб усё было па справядлівасці, па сумленні. Магчыма, трэба ўвесці спецыяльныя ўмовы: прапрацаваць 15 гадоў на прадпрыемстве ці пражыць 10 гадоў у гэтай кватэры. Так мы будзем садзейнічаць замацаванню людзей на месцах, — пераканана Наталля Качанава.

З Магілёўскага раёна з хвалюючым пытаннем прыехала цэлая група заяўнікаў. Людзі прасілі дапамагчы разабрацца ў арганізацыі работы гаспадаркі. Па словах грамадзян, за апошнія некалькі гадоў, калі сельгаспрадпрыемствам пачала кіраваць маладая жанчына-дырэктар, у калектыве толькі канфлікты. Заяўнікі расказалі аб выпадках незаконнага звальнення работнікаў, неабгрунтаванага паніжэння ў пасадах і пазбаўлення прэмій.

— У вашу гаспадарку я абавязкова прыеду ў бліжэйшы час, і мы на месцы разбяромся ў сітуацыі, — запэўніла Наталля Качанава.

Як зазначыла спікер верхняй палаты парламента, у практыцы яе работы са зваротамі грамадзян час ад часу ўзнікаюць пытанні, якія проста абураюць. Гэта недзе вынік і паводзін кіраўнікоў прадпрыемстваў.

— Да людзей трэба ставіцца па-добраму, з людзьмі трэба ўмець працаваць, умець размаўляць, — упэўнена Старшыня Савета Рэспублікі.

Па словах Наталлі Качанавай, у рабоце са зваротамі грамадзян вызначаюцца як пытанні, якія можна вырашыць вельмі хутка і аператыўна, так і тыя, што патрабуюць дэталёвага разгляду:

— Звароты больш сістэмнага характару, напрыклад, такія, як сёння, калі звярнуліся па пытаннях турыстычнай дзейнасці. Вядома, тут пытанне і заканадаўчага характару. Таму што трэба паглядзець, як сёння законам урэгулявана гэтае пытанне ў заканадаўстве і што трэба яшчэ зрабіць, каб вырашаць гэтыя пытанні і аказаць садзейнічанне тураператарам, якія працуюць у нашай краіне, і турыстычным кампаніям.

Паводле яе слоў, паступаюць і пытанні, якія можна вырашыць вельмі хутка і аператыўна.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што каля 30 % зваротаў грамадзян вырашаюцца аператыўна толькі дзякуючы таму, што людзі вырашаюць запісацца на прыём.

— Прыйсці чалавеку на прыём таксама няпроста: трэба прыехаць, пахвалявацца, — зазначыла Наталля Качанава. — Таму такія пытанні, якія павінны вырашаць ці мясцовыя ўлады, ці кіраўнікі прадпрыемстваў, трэба вырашаць вельмі хутка і аператыўна, і не выклікаць незадавальнення людзей.

Спікер верхняй палаты падкрэсліла, што па выніках правядзення адзінага дня прыёму грамадзян у раёнах Гомельшчыны, будзе прааналізавана работа са зваротамі грамадзян на ўсіх узроўнях:

— Будзем падводзіць вынікі і даваць ацэнку і дзейнасці мясцовых органаў улады, і дэпутацкага корпусу, што не мала важна. Таму што сёння, у тым ліку прагучала, — ёсць недапрацоўкі і дэпутатаў на месцах па рашэнні пытанняў, якія хвалююць нашых грамадзян. Таму абавязкова дадзім ацэнку гэтай рабоце, бо ёсць закон па рабоце са зваротамі грамадзян і ёсць дакладныя даручэнні Прэзідэнта па рабоце са зваротамі грамадзян. Мы павінны гэта выконваць, гэта наш святы абавязак, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, практыка асабістых прыёмаў грамадзян у рэгіёнах вельмі добра сябе зарэкамендавала і будзе прадоўжана.

— Гэта важна і для нас, гэта важна і для мясцовых органаў улады, дэпутацкага корпусу, таму што яны самі бачаць вузкія месцы, якія неабходна вырашыць для жыццядзейнасці жыхароў дадзенага раёна або вобласці ў цэлым, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Як зазначыла спікер верхняй палаты, сёння можна казаць і аб тым, што тэматыка зваротаў на прыёмах апошнім часам пашыраецца: ад праблем ЖКГ да агучвання пытанняў, якія патрабуюць урэгулявання на заканадаўчым узроўні. Гэта дазваляе парламентарыям больш эфектыўна працаваць на законапраектамі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.