Анатоль Сыс (1959—2005) — вядомы беларускі паэт. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Аўтар паэтычных зборнікаў «Агмень», «Пан лес», «Сыс», «Берагі майго юнацтва», «Званы». Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Полымя». Быў адным з заснавальнікаў суполкі маладых літаратараў «Тутэйшыя». Постаць Анатоля Сыса лічыцца даволі супярэчлівай. Многія пры жыцці называлі яго геніем, але некаторых абурала прага паэта да спантанных публічных перформансаў. З цягам часу прыхільнікаў творчасці паэта становіцца ўсё больш.
Вершы — Анатоль СЫС, музыка — Яўген КСЯНЕВІЧ
1. Ты не станеш маёю згубай —
Прагну рук тваіх, воч і плеч,
Пакладзі мне далонь на губы,
Як пячаць нашых тайных стрэч.
Прыпеў:
Сама прызнайся,
Што дзіця багоў,
Хаця зямныя рысы, нават звычкі,
Ад рэчак — вочы,
Косы — ад лугоў,
Загубленых касцамі у кастрычнік
2. Ты не станеш пустою ўцехай,
Прад табою я не грашыў.
Тваё сэрца вар'яцкім рэхам
Аддаецца ў маёй душы.
Прыпеў.
3. Ты не станеш маёй рабою,
Путы рабства я ўзяў сабе.
Ведай, думкі мае і мроі —
Аб табе, аб табе, аб табе.
Прыпеў.
Рубрыку вядзе кампазітар Яўген КСЯНЕВІЧ
evgenyksenevіch@gmaіl.com
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.