Вы тут

Спецыялісты расказалі пра сітуацыю на рынку працы


Забеспячэнне занятасці — адзін з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Што адбываецца на рынку працы цяпер, якія прафесіі запатрабаваны і за які тэрмін у сярэднім беспрацоўны можа знайсці новую работу, расказалі спецыялісты.


Фота: pexels.com

Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашай краіне ў межах праграмы «Рынак працы і забеспячэнне занятасці», накіраваны на забеспячэнне збалансаванасці попыту і прапановы, садзейнічанне павышэнню якасці працоўнай сілы і яе канкурэнтаздольнасці, заахвочванне да працоўнай дзейнасці эканамічна неактыўнага насельніцтва. Паводле інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алены Дакукінай, летась у службы занятасці звярнулася каля 150 тысяч беларусаў, было працаўладкавана 110 тысяч чалавек. Сярэдні перыяд, падчас якога беспрацоўны шукае работу, — каля трох месяцаў.

Як адзначыла Алена Дакукіна, узровень беспрацоўя ў краіне скарачаецца. Летась ён складаў 3,8 % ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва. Колькасць беспрацоўных скарацілася на 6,5 % у параўнанні з 2020 годам. Летась назіралася ажыўленне на рынку працы: попыт быў як сярод наймальнікаў, так і сярод працоўнай сілы.

Адным з элементаў інфраструктыры, якая дапамагае беспрацоўным, з'яўляецца агульнарэспубліканскі банк вакансій. Гэта электронны рэсурс, дзе размешчана звыш 90 тысяч вакансій. Акрамя таго, беспрацоўны таксама можа размясціць тут сваё рэзюмэ. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі беспрацоўныя найчасцей шукаюць працу самастойна праз інтэрнэт. За мінулы год зарэгістравана 13 мільёнаў зваротаў да агульнарэспубліканскага банка вакансій. Найбольшы попыт на рынку працы — на рабочыя прафесіі.

Яшчэ адной новай формай паслуг службы занятасці з'яўляюцца электронныя кірмашы вакансій. Калі ў 2020-м іх правялі 370, то ўжо летась — 725.

Асобны акцэнт службамі занятасці робіцца на патрэбы наймальнікаў. Каля 4 тысяч беспрацоўных летась накіравана на перанавучанне. З іх 77 % — па заказе наймальніка.

— 2022 год у сферы занятасці насельніцтва будзе дастаткова насычаны. Плануюцца распрацоўка і ўкараненне новых нарматворчых ініцыятыў. У бягучым годзе прадугледжана распрацоўка праекта закона аб занятасці насельніцтва, які мае на ўвазе магчымасць рэгістрацыі грамадзян у якасці беспрацоўных незалежна ад месца іх рэгістрацыі па месцы жыхарства. Гэта дасць магчымасць забяспечыць максімальную мабільнасць грамадзян, якія шукаюць працу, за кошт аказання ім пры рэгістрацыі больш шырокага спектра паслуг, — расказала Алена Дакукіна.

Асаблівую ўвагу будуць удзяляць сёлета занятасці моладзі. Прадугледжана ранняя прафарыентацыйная работа, а яе прыкладам можа служыць акцыя «Дзень з прадпрыемствам», якую службы занятасці праводзілі па ўсёй краіне для навучэнцаў школ. Наступным крокам стане арганізацыя часовай працоўнай занятасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі ў вольны ад вучобы час.

З 2022 года дзяржаўная служба занятасці ўкараняе праактыўны фармат супрацоўніцтва з наймальнікамі. Работа будзе выбудавана па двух асноўных прынцыпах — дапамагчы пабудаваць аптымальную кар'еру саіскальніку і набраць штат работадаўцу. У кожным раёне ўжо вызначаны прадпрыемствы, якія адчуваюць патрэбу ў кадрах звыш 10 % ад спісачнай колькасці. Да канца першага квартала ў кожным рэгіёне будуць зацверджаны адпаведныя дарожныя карты. Для аналізу эфектыўнасці ўкаранення гэтага механізму будзе праводзіцца маніторынг. Гэтыя меры дазволяць адрасна вырашаць пытанні занятасці насельніцтва ў асобных рэгіёнах.

У 2022 годзе плануецца аднавіць работу па правядзенні кірмашоў вакансій. У сталіцы агульнагарадскі кірмаш вакансій пройдзе 20 красавіка. Будуць прадугледжаны секцыі для работы з моладдзю, для грамадзян, якія працяглы перыяд не працуюць, і для тых, хто толькі выйшаў на рынак працы, расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна Кудзевіч.

Акрамя таго, камітэт робіць акцэнт на маладзёжную групу. Гэта прафарыентацыйныя мерапрыемствы, якія праходзяць на базе арганізацый. Усё для таго, каб маладыя людзі маглі знаёміцца з працоўнымі месцамі і прафесіямі, якія запатрабаваны на рынку працы.

— Трэба ўдзяляць вялікую ўвагу прафарыентацыі па тых прафесіях, якія сёння запатрабаваны на рынку працы. Штотыдзень праводзяцца такія прафарыентацыйныя мерапрыемствы, куды могуць звярнуцца і грамадзяне з ліку моладзі, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных, і тыя, хто плануе выйсці на рынак працы. Гэта выпускнікі 9—11-х класаў, якія яшчэ не могуць сарыентавацца ў выбары прафесіі, — падкрэсліла Таццяна Кудзевіч.

У Мінскай вобласці адкрыта каля 15 000 вакансій, палова з іх — у сельскай мясцовасці. У цэлым, на аднаго беспрацоўнага прыпадае 18 вакансій, гэта значыць, абраць ёсць з чаго. Попыт на спецыялістаў у гарадах і сельскай мясцовасці розніцца: калі ў гарадах запатрабаваны медыкі, інжынеры, бухгалтары, то ў сельскай мясцовасці — трактарысты, электраманцёры.

Як адзначыла начальнік упраўлення па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінаблвыканкама Вераніка Азаркевіч, летась дапамога ў працаўладкаванні аказана больш за 15 000 саіскальнікаў. Асабліва спецыялісты дапамагаюць найбольш уразлівымі катэгорыям насельніцтва — інвалідам, пенсіянерам, былым зняволеным.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.