Вы тут

Леанід Захлеўны: Па творах кампазітара трэба знаць, на якой зямлі ён жыве


Песні ансамбля «Бяседа» ўжо даўно сталі неад’емнай часткай святочных сустрэч у коле блізкіх людзей. А кіраўнік ансамбля, кампазітар, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны Леанід Захлеўны сёлета адзначыў 75-годдзе. Дзякуючы яго таленту, на свет з’явіліся шматлікія камерныя, сімфанічныя, вакальныя і харавыя сачыненні. Асаблівае месца ў творчасці Леаніда Канстанцінавіча займае работа ў песенным жанры. Музыка кампазітара жыве таксама ў спектаклях, кінастужках і мультфільмах. Як сам аўтар, так і яго творы застаюцца непадуладныя часу. Мы сустрэліся з маэстра, каб згадаць адметныя перыяды мінулага, пацікавіцца поглядам на творчасць маладых і даведацца, што дае яму сілу не спыняцца…


— Леанід Канстанцінавіч, некалі жаданне вашага бацькі «каб сын навучыўся граць на баяне» прадвызначыла ваш прафесійны лёс. Як вы да таго ставіліся і ці не было імкнення выбраць зусім іншы напрамак у жыцці?

— Мой бацька сапраўды любіў музыку, і на баяне ён іграў як самавучка. Выконваў адну песню — «Узяў бы я бандуру». Тата быў родам з Украіны і марыў, каб я навучыўся граць на баяне і стаў музыкантам. Хаця сам, вядома, не думаў, што адбудзецца такі паварот, і я пачну сур’ёзна займацца музыкай. Але ў музычную школу сын пайшоў і любімую татаву песню граць навучыўся. Акрамя гэтага, у дзяцінстве мне падабаліся песні ў выкананні такіх выдатных артыстак, як Лідзія Русланава, Клаўдзія Шульжэнка, якія ў той час былі вельмі папулярнымі. Мама мне нават расказвала, што калі я чуў іх спеў па радыё, то браў падушку і ўяўляў, нібы акампанірую ім на гармоніку. Музыка мяне заўсёды прыцягвала. Асабліва спявачкі з народным выкананнем. Я падбягаў да радыёпрыёмніка і слухаў. Калі маю зацікаўленасць музыкай заўважыў бацька, то ён зрабіў правільную выснову, прыняўшы рашэнне, што гэтую здольнасць трэба развіваць. Памятаю, ён нават сказаў неяк: «Вось навучышся граць і тады ў арміі будзеш не маршыраваць, а станеш удзельнікам аркестра». І я пайшоў у музычную школу.

— Так музыка ўжо не адпусціла…

— На ўсім творчым шляху са мной побач заўсёды былі вельмі таленавітыя людзі. Мой першы настаўнік музыкі Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч з Гродна крыху нават сам пісаў музыку і ўжо тады падштурхоўваў спрабаваць рабіць нешта сваё. Ці, напрыклад, калі я вучыўся граць марш, то настаўнік маршыраваў па класе, каб я бачыў, у якім характары і тэмпе трэба выконваць гэты твор. У музычным вучылішчы таксама было шмат настаўнікаў, якія дапамагалі мне расці. А потым да нас як старшыня экзаменацыйнай камісіі прыязджае вядомы беларускі кампазітар Эдзі Майсееўна Тырманд. Паслухаўшы мае творы і творы сябра Віктара Войціка, якія мы выконвалі на дзяржэкзаменах, яна прапанавала нам далей працягваць музычную адукацыю па класе кампазіцыі ў Белдзяржкансерваторыі. Тады кафедрай кампазіцыі загадваў Анатоль Васільевіч Багатыроў, выдатны выкладчык, заснавальнік беларускай кампазітарскай школы. Сабралі кафедру і праслухалі нас, а па выніках прынялі на падрыхтоўчае аддзяленне па класе кампазіцыі. Паўстаў выбар: працягваць вучыцца граць на баяне ці асвойваць новую прафесію. Вырашыў зняць з сябе адказнасць і параіцца з бацькамі. Мая мама сказала «Бог дапаможа!». Так пачалася вучоба на падрыхтоўчых курсах. А калі ўдалося за год прайсці двухгадовую праграму, то мяне і Віктара Войціка ўзялі на асноўны курс. Вельмі пашчасціла вучыцца ў Анатоля Васільевіча Багатырова, які выхаваў цэлую плеяду вядомых беларускіх кампазітараў (Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Дзмітрый Смольскі і інш.), якія сталі набыткам беларускай музычнай культуры. Ён адчуваў патэнцыял маладых адораных людзей. Але ж дараванне трэба накіроўваць і развіваць. І наш настаўнік заўсёды знаходзіў для нас такія словы, якія натхнялі. Ніколькі не шкадую, што так склаўся мой лёс. Бо калі побач з табой людзі, якія даюць надзею і аптымізм і ставяцца як да роднага, гэта дарагога варта.

— Сваю музыку вы пачалі складаць паводле вучэбнай праграмы ці рабілі тое па ўнутраным закліку?

— Падчас вучобы мы пісалі музыку паводле праграмы. З кожным курсам трэба было асвойваць больш складаныя формы. Але заўсёды знаходзіш жанр, які больш блізкі менавіта табе. І пасля аспірантуры, дзе займаўся па класе прафесара Глебава, я прыйшоў да высновы, што мне бліжэй работа ў жанры песні і ў вакальна-харавой музыцы, чым я сёння і займаюся. Калі адчуваеш, што тэма кладзецца на душу, то і вынік атрымліваецца добры. Я напісаў шмат музыкі, у тым ліку і да кінафільмаў — анімацыйных і дакументальных.

— А калі вы адчулі цікавасць і любоў да фальклору?

— Першымі нашымі творамі сталі апрацоўкі беларускіх народных песень. Гэта было ў класе Багатырова на працягу ўсяго першага курса. Лічу, што для кожнага будучага кампазітара народная песня, фальклор павінны стаць асновай яго творчасці, каб па яго творах можна было пазнаць, на якой зямлі ён жыве. Таксама я памятаю фальклорныя экспедыцыі, якія ўнеслі вялікі ўклад у нашу прафесійную адукацыю. І зараз, і на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці я максімальна імкнуўся выкарыстоўваць у сваіх творах беларускі мелас, характэрныя матывы беларускай народнай песні.

— Потым вы арганізуеце ансамбль «Бяседа»…

— Так здарылася. Я ў той перыяд працаваў мастацкім кіраўніком усіх музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі. І быў цудоўны ансамбль «Жывіца» пад кіраўніцтвам Валянціны Пархоменкі. У 1990 годзе па запрашэнні беларускай дыяспары калектыў з канцэртамі паехаў у Амерыку, а вярнуліся артысты ўжо без сваёй кіраўніцы. Мне вельмі хацелася захаваць калектыў, таму я вырашыў заняцца ім у чаканні, пакуль з Амерыкі вернецца Пархоменка. А як стала зразумела, што чакаць марна, то я ўзяў ансамбль пад сваё кіраўніцтва. Самі артысты прасілі не пакідаць іх. Мне тая работа была блізкай, паколькі я сам баяніст, як кажуць, народнік і беларуская народная песня — аснова маёй творчасці.

...Самае галоўнае, што мне зараз 75 гадоў споўнілася, а я адчуваю, што нічога не змянілася. Трэба рухацца і працаваць, таму што талент — гэта толькі адна дзясятая доля поспеху, аванс, што дадзены табе ад Бога. Талент патрабуе развіцця, працавітасці і натхнення. Хаця самае цікавае, што якраз натхнення я ніколі не чакаў, бо перакананы, што яно прыходзіць падчас працы. Гэта такая азартная рэч, якая зацягвае цябе. І ты ўжо проста не можаш жыць па-іншаму. Мне вельмі падабаюцца словы наша вядомага беларуска кампазітара Дзмітрыя Смольскага: «Кампазітар — гэта не той, хто піша музыку, а той, хто не можа яе не пісаць». Калі чалавек дасягае такога разумення, то і музыка пачынае складацца асэнсавана, а аўдыторыя, пачуўшы мелодыю, замірае ад прыгажосці, што выйшла з тваёй душы.

— Што было на душы ў 14-гадовага юнака, калі вы ехалі ад бацькоў у Гродна паступаць?

— У 1961 годзе майго бацьку па службе перавялі ў Казахстан. Наша сям’я пераехала ў Акмолінск (цяперашні Нур-Султан), дзе я і заканчваў музычную школу. Калі мы прыехалі ў гэты горад, там стаяла, можа, дамоў дзесяць, а астатнія былі нібы мазанкі, самаробныя прыбудовы. Мяне пасля Гродна, з яго гісторыяй, архітэктурай і цывілізацыяй, новыя мясціны не ўразілі, і таму адразу пачаў збіраць грошы на зваротны білет. І тое, што ў Акмолінску не было музычнага вучылішча, якраз стала добрай нагодай зноў вярнуцца ў Гродна і працягваць музычную адукацыю. Таму ўзяў баян і праз пэўны час вярнуўся назад у Беларусь. А мама вельмі перажывала за мяне, паколькі мне аднаму, чатырнаццацігадоваму хлопчыку, трэба было з перасадкай у Маскве даехаць да Гродна. У дарозе за некалькі сутак усякае магло здарыцца. Дзякаваць Богу, даехаў і паспяхова здаў іспыты. І з гэтага моманту пачалася прафесійная праца. Мой старэйшы ўнук неяк спытаў: «Дзядуля, скажы, а гэта крута — быць кампазітарам?» Гэта такое дзіцячае ўспрыманне прафесіі... На што я адказаў: «Так, але патрэбна шмат працаваць». І калі ты адказны за калектыў, то трэба дапамагаць кожнаму развівацца і расці. Я хачу падкрэсліць, што самае галоўнае для творцы — любоў да роднай зямлі і людзей, якія на ёй жывуць. Не варта нікому зайздросціць, трэба ўмець радавацца чужым поспехам, бо ў свеце хопіць месца ўсім таленавітым людзям.

— Хачу пацікавіцца ў вас як у чалавека, які не аднаразова ўзначальваў журы розных конкурсаў для таленавітай моладзі: што можна сказаць пра новае пакаленне тых, хто жадае рэалізоўваць сябе ў музычнай і артыстычнай сферы?

— Я ўзначальваю журы конкурсу «Маладыя таленты Беларусі», які паспяхова ўжо дзесяць гадоў праводзіць Белтэлерадыёкампанія. І, назіраючы за таленавітымі юнакамі і дзяўчатамі, бачу іх патэнцыял, адзначаю, што кожны год у нас з’яўляюцца новыя зорачкі, якія заяўляюць пра сябе. Некаторыя ўжо выраслі і сталі сапраўднымі артыстамі. Журы мае адказную місію на такога роду конкурсах — справядліва і ўзважана вызначыць найлепшых. Але важна ўлічваць, што дзеці вельмі ўразлівыя, і галоўнае — з «вадой» не выліць і талент. Увогуле, тэндэнцыя такая, што, напрыклад, летась на конкурс падалі 600 заявак. Спаборніцтва гэтае вельмі прэстыжнае і мае рэспубліканскі маштаб. А па выніках дае магчымасць атрымаць прэзідэнцкую стыпендыю таленавітым людзям. Зразумела, што не ўсе здольныя перамагаць з першага разу. Але з кожным удзелам у творчым спаборніцтве яны праходзяць школу майстэрства, сталеюць і пачынаюць глядзець на сваю творчасць больш крытычна, аб’ектыўна.

— Асобна хочацца спыніцца на перыядзе, калі вы працавалі на «Беларусьфільме» музычным рэдактарам. Ці складана пісаць музыку для кіно і ў прыватнасці для мультфільмаў?

— Там я прапрацаваў дзесяць гадоў. І скажу, што музыка ў кіно — асаблівы жанр, які суправаджае сюжэт, драматургію. Але самае галоўнае, што такія кампазіцыі не павінны перацягваць увагу на сябе. Вельмі важна, каб музыка ў кінатворы гарманічна ўпляталася ў канву аповеду на экране. Для мяне вельмі цікавай была работа над музыкай да мультфільма «Песня пра зубра», дзе трэба было максімальна падкрэсліць беларускую тэму і зрабіць гэта па-сучаснаму.

— Вы неяк адзначылі, што работу з ансамблем «Бяседа» лічыце самым плённым перыядам сваёй творчасці. Сёння на чым засяроджваецеся ў дзейнасці з калектывам?

— Так, хочацца адзначыць, што ансамбль «Бяседа» існуе ўжо болей за трыццаць гадоў. Для мяне гэта вялікі творчы шлях і вельмі цікавая праца, дзе я сябе поўнасцю рэалізаваў як кампазітар. Наш калектыў — гэта дружная сям’я таленавітых спевакоў і музыкантаў, аднадумцаў, улюбёных у сваю прафесію і ў беларускую народную песню. Акрамя таго, што мы звяртаемся да беларускіх песень, пішам і аўтарскія кампазіцыі. Я сам, напрыклад, шмат напісаў мелодый на народныя словы. Бывае, што народны тэкст для песні цікавы, але сюжэт не вельмі раскрыты, і, як кампазітар, я дазваляю сабе нейкія моманты па тэксце дарабляць, але тое трэба рабіць акуратна і з добрым густам. У праграмы «Бяседы» ўключаем і творы іншых беларускіх кампазітараў. Выконваем і ўзоры класічнай музыкі, каб найбольш шырока на канцэртах прадставіць музычную палітру. Так будуць і эмоцыі, і густ выхоўвацца ў слухачоў.

— Чым вымяраецца для вас поспех сёння?

— Я ніколі спецыяльна не імкнуся пісаць такія творы, якія адразу ўразяць публіку. Таму што калі аўтар задаецца такой мэтай, то ён поспеху не даб’ецца, бо ў зробленым не будзе душэўнасці і сардэчнасці. З’явіцца проста яшчэ адно мёртвае, кан’юнктурнае сачыненне. А поспех — гэта калі ты працуеш і адчуваеш, як узлятае твая душа, часам нават у самога мурашы з’яўляюцца... Поспех — рэч непадкантрольная, але ён заўсёды цябе напаткае, калі ты шчыры са сваімі слухачамі, паважаеш іх і падбіраеш ключык да сваёй аўдыторыі…

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.