Вы тут

«Гуляць» у лічбавую эканоміку сталі нават нашы бабулі і дзеці


Сусветны Дзень правоў спажыўцоў адзначаецца ў нашай краіне ў сярэдзіне сакавіка. Сёлета яго тэма — «Справядлівыя лічбавыя фінансавыя паслугі». Спажывецкія арганізацыі маюць намер праводзіць кампаніі і даследаванні для развіцця лічбавых фінансавых паслуг, якія будуць інклюзіўнымі, бяспечнымі, справядлівымі, і якія будуць трымаць даныя карыстальнікаў пад абаронай.


Фота: pexels.com

Беларускае таварыства абароны спажыўцоў (БТАС) — не выключэнне. Сёлета аб’яднанне плануе падрыхтаваць пакет канкрэтных прапаноў па змене заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, распавяла на прэс-канферэнцыі «Лічбавая эканоміка: правы спажыўцоў і адказнасць прадаўцоў» старшыня БТАС Ганна Суша.

Трэнінгі для пажылых і не толькі

Паводле яе слоў, лічбавыя тэхналогіі кардынальна мяняюць звыклыя рынкі плацяжоў, узнікаюць прынцыпова новыя магчымасці. Чакаецца, што да 2024 года колькасць карыстальнікаў, якія аперыруюць безнаяўнымі разлікамі, па ўсім свеце перавысіць 3,6 мільярда чалавек. Гэтак жа, як у інтэрнэт-крамах спажыўцы набываюць нейкі тавар, яны з дапамогай лічбавізацыі атрымліваюць доступ да лічбавых паслуг банкаў. Па сутнасці справы, калі вы карыстаецеся інтэрнэт-банкінгам — гэта ўжо лічбавая паслуга.

Аднак распаўсюджванне лічбавых фінансавых паслуг прывяло да павышэння традыцыйных рызык для спажыўцоў, так і з’яўлення новых. Акрамя таго, абвастрылася праблема доступу — уразлівыя групы насельніцтва займаюць яшчэ больш няўстойлівае становішча ў грамадстве, у якім усё больш выкарыстоўваюцца безнаяўныя грошы.

— Для рэалізацыі ідэй Сусветнага дня правоў спажыўцоў наша грамадскае аб’яднанне ў гэтым годзе плануе правесці ацэнку даступнасці фінансавых паслуг для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама пажылых людзей і асоб сталага ўзросту, — падкрэсліла Ганна Суша. — Акрамя таго, трэнінгі па навучанні фінансавай адукаванасці ўразлівых груп насельніцтва пройдуць ў некалькіх гарадах Беларусі.

Купля ў прыватніка на «Куфары» — на свой страх і рызыку

Як адзначыла спікер, амаль усе мы сёння з’яўляемся пакупнікамі, а часта і прадаўцамі, у інтэрнэце. Гэтаму спрыяла пандэмія, ды і цяпер так модна набываць тавары. «А ў выніку за мінулы год больш за 60 % прэтэнзій спажывец прад’яўляў нашаму грамадству на тавары, якія былі набытыя ў інтэрнэце», — адзначыла Ганна Суша. У нашай краіне створана нарматыўна-прававая база, з дапамогай якой спажывец заўсёды можа абараніць свае правы. Аднак, як адзначыла эксперт, не на ўсе адносіны куплі-продажу дадзеныя законы распаўсюджваюцца.

«Калі спажыўцы ў сацыяльных сетках, на „Куфары“ ці іншых пляцоўках набываюць тавары адно ў аднаго, гэта значыць, адна фізічная асоба набывае нейкі тавар у іншай, то Законам аб абароне правоў спажыўцоў гэтыя адносіны не рэгулююцца, — патлумачыла Ганна Суша. — У выпадку, калі на гэтых пляцоўках ажыццяўляе сваю дзейнасць індывідуальны прадпрымальнік, то тады можна будзе заявіць сваю прэтэнзію, замяніць няякасны тавар або вярнуць грошы».

Ганна Суша нагадала, што да нарматыўна-прававых актаў (НПА), з дапамогай якіх спажывец заўсёды можа абараніць свае правы, перш за ўсё ставяцца Законы «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання», Указ «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт», а таксама шэраг правілаў і пастаноў.

Нягледзячы на існуючыя НПА, пра свае правы абмяняць або вярнуць тавар спажывец часцей за ўсё пазнае ў крамах і ўжо пасля таго, як купля здзейснена і па нейкай прычыне тавар не падышоў.

Для таго каб пісьменна здзяйснялі пакупкі не толькі дарослыя, але і дзеці, са школьнікамі таксама вядзецца праца па інфармаванні. «З 2000 года ў нас ужо выйшла ў свет 4 выданні навучальнага дапаможніка „Асновы спажывецкіх ведаў“, якія дапушчаныя Міністэрствам адукацыі для факультатыўных заняткаў у сярэдніх школах. Планавалі, што гэта будзе для 7–8 класаў, — распавяла Ганна Суша. — Калі адаптавалі гэтыя навучальныя дапаможнікі, мы думалі і настаўнікі казалі, што для вучняў гэтага ўзросту такое выданне не падыдзе, але жыццё ідзе, дзеці сталеюць, і мы зразумелі, што гэта цалкам нармальна, бо ў школьнікаў у такім узросце ўжо ёсць свае асабістыя грошы».

Крэдыты на прэзентацыях трэба выключыць

Напэўна кожнаму другому з нас калі-небудзь паспрабавалі прадаць «цуд-хуткаварку» на прэзентацыі за казачныя грошы. Я толькі смяяўся ад такіх прапаноў. А дарма. На «вуду» трапілася мая мама, якая купіла плед з сакрэтнага матэрыялу. І нічога, што грошай яна не ўзяла, ёй аформілі крэдыт непасрэдна на прэзентацыі.

Дык вось, цяпер грамадскае аб’яднанне прапануе выключыць з практыкі заключэнне крэдытных дагавораў іншымі асобамі, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі банкаў. Лічыцца, што такая асоба не можа ацаніць фінансавую сітуацыю спажыўца і складаць крэдытны дагавор.

Як патлумачыла Ганна Суша, гаворка ідзе аб крэдытных дагаворах, якія заключаюцца на прэзентацыях. Прыкладаў, калі людзі купляюць там простыя тавары ў яркай упакоўцы за неймаверныя грошы, а потым не ведаюць, як расплаціцца з банкам, нямала. У БТАС разлічваюць разам з Нацыянальным банкам і Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю на працягу паўгода падрыхтаваць законапраект, які дапаможа пазбягаць падобных выпадкаў у далейшым.

Не купляйце «ката ў мяшку» за грош, можаце набыць звычайную «цагліну»

Ганна Суша канстатавала, што лічбавыя тэхналогіі кардынальна мяняюць звыклыя рынкі плацяжоў. У гэтай сувязі кіраўнік таварыства абароны спажыўцоў дала некалькі рэкамендацый, як бяспечна рабіць пакупкі ў інтэрнэце.

У першую чаргу яна заклікала не спакушацца нізкай цаной — якасць можа чакаць лепшага. Пры дастаўцы варта папрасіць кур’ера паказаць тавар, расказаць, як яго правільна выкарыстаць. Пакупніку павінны абавязкова выдаць дакумент, які пацвярджае факт пакупкі.

А наогул, пільнасць варта выконваць яшчэ на стадыі выбару анлайн-пляцоўкі для шопінгу. Не лішнім будзе праверыць, колькі яна працуе на рынку, каб не трапіцца на вуду крам-аднадзёнак. Акрамя таго, неабходна ўлічваць, што з беларускімі інтэрнэт-крамамі ў выпадку праблем будзе разабрацца лягчэй, чым з тымі, што знаходзяцца за мяжой.

Калі рэч вяртанню не падлягае

Адна з актуальных праблем — неабдуманыя пакупкі. «Нашы спажыўцы не зусім сур’ёзна падыходзяць да выбару тых падарункаў, якія маюць намер уручыць да нейкай знамянальнай даты, юбілею або да якога-небудзь свята, — сказала Ганна Суша. — Напрыклад, пасля 8 сакавіка паўсталі пытанні з вяртаннем падарункаў, якія не падышлі атрымальніку па той ці іншай прычыне. Тыя, якія аднесеныя да складаных тэхнічных тавараў, абмену і вяртанню не падлягаюць, адпаведна крамы адмовілі ў вяртанні грошай або абмен на іншы тавар».

Эксперт раіць: перш чым аплаціць куплю, добра ўсё абдумайце і не паддавайцеся стыхійным парывам. «У перыяд пікаў павышэння цэн спажыўцы пачынаюць купляць складаную бытавую тэхніку. Напрыклад, набываюць два халадзільнікі, якія, магчыма, не спатрэбяцца і проста састарэюць (маральна і фізічна), — адзначыла старшыня. — Калі спажывец потым вырашыць іх вярнуць без важкіх прычын, то гэтыя халадзільнікі — складаны тэхнічны тавар, а значыць, абмену і вяртанню не падлягае».

Як адзначыла Ганна Суша, сферы, у якіх у спажыўцоў узнікаюць праблемы, зусім розныя — ад прадуктаў харчавання, адзення, абутку да долевага будаўніцтва.

«Прадукты харчавання ўваходзяць у пералік тавараў, якія абмяняць і вярнуць нельга, калі гэта дабраякасны тавар, але калі прадукт харчавання з недахопам, то такі тавар абавязкова вяртаецца. Аднак да нас з такімі выпадкамі звяртаюцца нячаста, дзесьці 1–2 % ад агульнай колькасці зваротаў», — дадала старшыня.

Карысна ведаць

«Некалькі гадоў таму выклікалі здзіўленне пакупкі ў лічбавым асяроддзі, у інтэрнэт-крамах, і мы распрацавалі такую памятку, у якой дадзены парады: дзе і якім чынам набываць тавары, што праверыць перад купляй, на што звярнуць увагу, — распавяла Ганна Суша. — Калі пашырэнне bу або ru, то такога прадаўца знайсці прасцей, чым у выпадку, калі пашырэнне соm».

«Ёсць у нас дастаткова добрая расійская інтэрнэт-крама, яна працуе на тэрыторыі Беларусі, прымае заявы ад спажыўцоў і іх разглядае, — адзначыла Ганна Суша. — Спажывец прад’яўляе ўсе чэкі, якія пацвярджаюць панесеныя выдаткі на правядзенне экспертызы, іншыя выдаткі, і прадавец на інтэрнэт-пляцоўцы вяртае грошы за няякасны тавар і за праведзеную экспертызу. Такія экспертызы праводзім і мы — Беларускае таварыства абароны спажыўцоў».

Што рабіць, калі праблем пазбегнуць ўсё ж такі не атрымалася? Ганна Суша рэкамендуе звярнуцца, перш за ўсё, да прадаўца. Прычым з пісьмовай прэтэнзіяй. Не трэба тэлефанаваць, пісаць у месенджары, адпраўляць патрабаванні па электроннай пошце. На пісьмовую прэтэнзію прадавец абавязаны адказаць у 14-дзённы тэрмін. Калі рэакцыі няма, то спажывец можа звярнуцца з іскавым патрабаваннем у суд — сам ці праз таварыства абароны правоў спажыўцоў. Яго спецыялісты рыхтуюць іск, накіроўваюць яго ў суд і аказваюць падтрымку на працэсе.

Дарэчы, у мінулым годзе ў БТАС паступіла каля 14 тысяч зваротаў, з дапамогай грамадскага аб’яднання ў суды было накіравана 211 іскаў, амаль усе яны задаволеныя.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.