Вы тут

Новыя паліклінікі і школы будуць здадзены ў эксплуатацыю па графіку


Нягледзячы на складаную санкцыйную абстаноўку ў нашай краіне, уладамі па-ранейшаму максімальная ўвага аддаецца будаўніцтву сацыяльна важных аб'ектаў. Як адзначыў на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА начальнік аддзела будаўніцтва камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Павел Голік, усяго сёлета будзе выдзелена 129 мільёнаў рублёў на будаўніцтва, капітальны і бягучы рамонт аб'ектаў аховы здароўя сталіцы. Спікер заўважыў, што сёлета мэрыяй на гэты кірунак выдзяляецца нават больш сродкаў, чым у папярэднія гады. Цікава, якія сёння планы па будаўніцтве і рэканструкцыі паліклінік і бальніц у Мінску?


Новая дзіцячая паліклініка адкрылась у Жодзіне.Фота: БелТА

Сёлета ў сталіцы ў адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай ідзе работа па 16 аб'ектах аховы здароўя. «Роўна палова — 8 аб'ектаў — знаходзяцца ўжо ў стадыі будаўніцтва, а другая палова праектуецца», — сказаў Павел Голік.

У сакавіку-красавіку гэтага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю шасціпавярховы новы будынак 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі па вуліцы Даўгабродскай. У чэрвені будзе дабудаваны сяміпавярховы будынак дзіцячай паліклінікі ў мікрараёне Сухарава. У планах на другі квартал узвесці будынак 15-й гарадской паліклінікі па вуліцы Розы Люксембург. А да канца года ў мікрараёне Сокал плануецца будаўніцтва амбулаторыі ў жылым доме.

Таксама на чацвёрты квартал гэтага года запланаваны ўвод у эксплуатацыю (трэцяя чарга будаўніцтва) асобнага неўралагічнага корпуса 5-й гарадской клінічнай бальніцы. У Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі пабудуюць блок трансплантацыі касцявога мозгу і ствалавых клетак.

Сёлета таксама плануецца выканаць першую з чатырох чэргаў капітальнага рамонту 36-й гарадской паліклінікі. Рамонт установы ідзе без адсялення, таму гэта асаблівыя ўмовы работы для будаўнікоў. Таксама плануецца ўвесці шэраг іншых аб'ектаў пасля капрамонту: падстанцыю хуткай дапамогі, 19-ю дзіцячую паліклініку, 1-ю дзіцячую паліклініку. Ужо ўведзена ў эксплуатацыю 16-я паліклініка.

На стадыі праектавання ў Мінску сёння знаходзяцца 8 буйных аб'ектаў аховы здароўя, гэта:

  • новая дзіцячая паліклініка на 480 наведванняў у змену ў Лошыцы-9, на скрыжаванні вуліц Лучыны і Турава;
  • дзве паліклінікі ў жыллёвым комплексе «Мінск-Свет»: дзіцячая на 680 наведванняў у змену і дарослая на 850 наведванняў;
  • шматпрофільная паліклініка ў пасёлку Усходнім на 850 наведванняў;
  • траўматалагічны корпус з прыёмна-дыягнастычным аддзяленнем у 6-й гарадской клінічнай бальніцы;
  • новы корпус дзіцячай інфекцыйнай бальніцы;
  • рэканструкцыя 13-й гарадской паліклінікі;
  • інтэрнат для медыкаў на вуліцы Каржанеўскага, які складаецца з двух карпусоў.

І яшчэ, ва ўмовах пандэміі COVІD-19 у дзевяці ўстановах аховы здароўя ў стацыянарах праводзіцца мадэрнізацыя сістэм медыцынскага газазабеспячэння», — дадаў начальнік аддзела.

Новая школа будзе здадзена да пачатку навучальнага года

Селета на будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў адукацыі інвестыцыйнай праграмай Мінска прадугледжана крыху больш за 89 мільёнаў рублёў. І гэта таксама досыць буйныя інвестыцыі. Самымі знакавымі аб'ектамі стануць прасторная школа на 1020 месцаў і дашкольная ўстанова на 230 месцаў. Абодва аб'екты размешчаны ў адным месцы — у шматфункцыянальным комплексе «Мінск-Свет», паведаміў кіраўнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і падпарадкаваных арганізацый» Глеб Лаўрыновіч.

Увод у эксплуатацыю ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі плануецца да пачатку навучальнага года, а дзіцячага садка — увосень. Акрамя таго, у цяперашні момант выконваецца рэканструкцыя ўстановы дашкольнай адукацыі на 130 месцаў у Партызанскім раёне, распавёў Глеб Лаўрыновіч. Таксама сёлета плануецца рэканструкцыя стадыёнаў у школах № 162, 147, 4, 196, 35 і 87.

Ён падкрэсліў, што ў сталіцы ўдзяляецца вялікая ўвага падтрыманню ў належным стане ўстаноў адукацыі. Сёлета выдзелена каля 38 мільёнаў рублёў на капрамонты. Усяго селета прадугледжаны капітальны рамонт на 34 аб'ектах.

На «Трактары» — пяць футбольных палёў

Гэта самы грандыёзны праект у планах па будаўніцтве і рэканструкцыі спартыўных аб'ектаў у сталіцы, лічыць кіраўнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Аляксандр Федаровіч.

Такім чынам, на стадыёне «Трактар» будзе праведзена глабальная рэканструкцыя, пасля якой запрацуюць пяць футбольных палёў — адно для спаборніцтваў і чатыры трэніровачныя.

«Сёння ў Мінску ідзе работа па будаўніцтве і рэканструкцыі сацыяльна значных аб'ектаў у галіне спорту. Сярод іх тэнісныя корты па вуліцы Жудро. Акрамя таго, будзе праведзены капітальны рамонт у Мінскай гарадской СДЮШАР прафсаюзаў па спартыўнай гімнастыцы «Кольцы славы» на вуліцы Ванеева», — паведаміў Аляксандр Федаровіч.

Таксама пабудуюць два аб'екты з тэхніка-эканамічнай дапамогай Кітая. Гэта басейн міжнароднага стандарту па вуліцы Кальварыйскай і нацыянальны футбольны стадыён у раёне Партызанскага праспекта і вуліцы Ванеева. Акрамя таго, на сёлета ў сталіцы запланаваны рамонт 29 дваровых спартыўных пляцовак.

Станцыі пералівання крыві ў Барысаве і школа ў Смалявічах

Начальнік аддзела жылля і інжынернай інфраструктуры камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Яўген Татарынаў распавёў, якія сацыяльныя аб'екты ў Мінскай вобласці плануецца ўвесці ў хуткім часе. З іх — некалькі аб'ектаў аховы здароўя, сярод якіх будынак паліклінічнага корпуса Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы, паліклініка ў аграгарадку Азярцо (Мінскі раён). У планах і рэканструкцыя корпуса рэабілітацыі клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці з разгортваннем аддзяленняў анестэзіялогіі і рэанімацыі для нованароджаных. Таксама запланаваны ўвод адной з чэргаў будаўніцтва дзіцячага шматпрофільнага корпуса станцыі пералівання крыві і рэканструкцыя хірургічнага корпуса ў Барысаве.

Не забываюць у сталічным рэгіёне і пра аб'екты адукацыі і спорту. Так, у першым паўгоддзі будуць уведзены дзіцячыя садкі ў Любані і Фаніпалі. Увосень адкрыецца школа ў Смалявічах. У Маладзечне рэканструююць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. У Старых Дарогах адкрыюць новую спартыўную залу.

Будзе весціся рэканструкцыя аб'ектаў сацыяльнай накіраванасці і ў Стоўбцах. Там абновяць кінатэатр «Беларусь» і псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Таксама ў гэтым горадзе правядуць рэканструкцыю будынка былой казармы пад дзіцячую школу мастацтваў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.