Вы тут

Скрыпка-выратавальніца, фальклор у Лунінцы і рукатворная хвароба


«Скрыпку мне сам бог паслаў… На выратаванне»

...Немец — яшчэ той, з Першай сусветнай — імкліва наступаў, вяскоўцы ўцякалі спехам: запрагалі валоў, скідвалі ў вазы хоць нешта з нажытку — ехалі да чыгункі. А ўжо адтуль цягнікі мчалі іх у далёкую Тамбоўскую губерню.


Сын дзеда Шута — Сцяпан Сямёнавіч Хурсін — са скрыпкай-выратавальніцай.

Працавалі тыя «наезджыя» не складаючы рук і неяк жылі, прычакалі рэвалюцыі, а салдатка Фядора — з фронту свайго чалавека. Разам з іншымі ўсё часцей яны сталі ўспамінаць сваю родную вёску і збірацца дахаты.

Цягніком даехалі да Баранавіч. Змучаныя доўгай дарогай, размясціліся там хто дзе мог: на траве, пад дрэвамі... Даставалі з торбаў ежу, радаваліся, што пад нагамі ўжо свая, беларуская зямля...

Вецер узняўся зусім нечакана, прыгнаў аднекуль чорную хмару, маланкі сталі паласаваць неба. Каб схавацца ад дажджу, ад залевы, людзі кінуліся пад цягнік. Што здарылася потым, чаму яго вагоны раптам крануліся, не зразумеў ніхто. «Сынок, на ручкі!» — крыкнуў бацька шасцігадоваму Сеньку. Той паслухаў, памкнуўся на голас, ручкамі ўпіўся ў бацькаву адзежу — ножкі засталіся пад... коламі цягніка.

Нема загаласіла Фядора. Жанчыны не ведалі, як яе суцяшаць. Мужчыны са скалечаным цельцам на руках ужо беглі ў мясцовую бальніцу.

Маці потым колькі жыла, столькі малілася за тамтэйшага доктара, які змог, вярнуў-такі да жыцця іх сынка, іх адзіную з мужам радасць.

...Сказаць, што ім цяжка потым прыйшлося, — тое ж, што прамаўчаць: елі часам адны бульбяныя лупіны, з горам папалам ляпілі хацінку.

Хіба летам было лягчэй: за паўвярсты ад іхняй сялібы пачынаўся лес. Сенька, як той клубочак, каціўся туды, розных ягад наядаўся сам і бацькам яшчэ прыносіў — у баначцы, што трымаў у зубах. Ці ў торбачцы — грыбоў і арэхаў. Хоць вось гэтак, але і ён дапамагаў сям'і выжываць, прывыкаў працаваць. Сіла з ног пераходзіла ў рукі.

...Адкуль у збалелай душы малога з'явілася музыка, ведае толькі Бог. Прыснілася хлопцу скрыпка, чуў, як жа хораша грае!..

Купляць інструмент не было за што — Сенька нават не заікаўся аб гэтым. Думаў, праўда, што змайструе сам, — спрабаваў... Бацька ўбачыў гэтыя пакуты і недзе праз месяц прывёз яму з Кобрына скрыпку. Яна была цудам, святам, самой таямніцай! Рукі Сямёна тулілі яе сэрца, душа вадзіла смычком...

Музыканты на сяле — сапраўдная раскоша! Моладзь садзіла Сямёна на санкі, прывозіла на вячоркі. Хлопцы і дзяўчаты лічыліся з ім як з роўным, часам стараліся заплаціць ці аддзячыць (нават кавалкам сала!), і музыка ўсё часцей адмаўляўся ад падвозу. Разам з моладдзю, памалу, на кульцях у галёшах, хадзіў па вуліцах — іграў, будзіў наваколле скрыпкай. Дзяўчаты спявалі.

Асобныя з іх хлопцу падабаліся, але ж ён без ног — як да якой падступіцца?

Ён думаў, баяўся, а лёс ужо сам пасылаў яму шчасце. Ганна — добрая, ціхая, працавітая — усё часцей заставалася побач з Сямёнам: прамакала спатнелы твар, падавала ў кубку вады. На гэта ніхто не звяртаў увагі, бо дапамагчы музыку стараліся многія...

У той вечар з танцаў вярталіся разам. Моладзь не спяшалася: свае крокі як магла «раўняла» з крокамі музыканта, час ад часу нехта адставаў, збочваў дадому...

Калі Ганна з Сямёнам засталіся ўдваіх, скрыпка змоўкла: нібы стала чакаць нечага вялікага і таемнага, што загаралася ў сэрцах сапраўдным каханнем.

...Пабраліся маладыя ўвосень. Акруга, вядома ж, пашумела, паздзіўлялася: ну як гэта за такога калеку замуж пайсці? Ды людзі не маглі не бачыць, што Сямён хіба араць не можа (з гэтым выручала радня ды суседзі), а астатняе ці не ўсё! Залатыя рукі ў хлопца: хочаш — граблі змайструе, хочаш — калаўрот... І касіў ён так, што здаровыя зайздросцілі. Казаў яшчэ: «Мы з Ганнай не адно сваё лета ў стагі паклалі». Шуткаваць таксама любіў трапна, па-вясковаму ёмка. Мабыць, таму і мянушку займеў Шут...

Ён не крыўдаваў, можа, нават радаваўся ёй, бо хоць і цяжка жыў, але весела: у акрузе без яго ды ягонай скрыпкі ні адна бяседа не прайшла!

І дзеці нараджаліся — падмога расла на радасць бацькам.

Ішло жыццё. Старэў Сямён, але скрыпку не кідаў: лашчыў спрацаванымі рукамі, гарнуў да сэрца і не раз казаў: «Мне яе сам Бог паслаў — на выратаванне»

...Спытай цяпер, хто такі Сямён Піліпавіч Хурсін, у вёсцы мала хто скажа. А вось на дзеда Шута людзі не забыліся: абавязкова згадаюць: «А-а-а, гэта той, што без ног і на скрыпцы іграў?».

Так, гэта той.

Хутка, на жаль, прабег яго час: на 85-годдзе свайго такога нялёгкага жыцця перабраўся ён на вясковыя клады. Скрыпку пакінуў сыну.

Ён, Сцяпан Сямёнавіч Хурсін, таксама прысвяціў жыццё роднай вёсцы: працаваў трактарыстам, апошнім часам, на жаль, страціў зрок, пасля смерці жонкі пераехаў да сына з нявесткай. Там у яго асобны ўтульны пакой, дзе для зручнасці зроблена ўсё. Сцяпан Сямёнавіч, каб лішні раз нікога не турбаваць, сам навобмацак, навучыўся выходзіць на вуліцу, гуляць па падворку.

А скрыпка — вартаўніца сямейнай памяці — пакуль што ляжыць у шафе: нікому з дзяцей дзеда Шута, нікому з унукаў талент музыканта пакуль не перадаўся. Адзінае — вакол інструмента апошнім часам усё болей круціцца шчабятуха-праўнучка. З дазволу дзеда яна кратае пальчыкам струны, і сям'і тады хочацца верыць, што наступіць час, і Шутава скрыпка ажыве і яшчэ зайграе.

Ніна ДРЫК

в. Балоты, Кобрынскі раён


«Сунічка» — тое, што трэба...

Любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сям'і і школы, з ведання сваіх мовы, гісторыі, народных традыцый. Папулярызацыяй іх на нашай Лунінеччыне займаюцца ўдзельнікі фальклорнага ансамбля «Сунічка».

Кіраўнікі яго Уладзімір і Людміла Калянковічы — дасведчаныя педагогі і вялікія майстры сваёй справы, якія ўмеюць працаваць не толькі з дзецьмі. Дзякуючы зносінам з іх бацькамі ладзяцца адмысловыя экспедыцыі па зборы этнаграфічных матэрыялаў, цікавыя сустрэчы з носьбітамі нацыянальных традыцый, з выбітнымі землякамі. У выніку юным выхаванцам перадаецца шчырае захапленне фальклорам: яны з задавальненнем спяваюць народныя песні, выконваюць танцы, паказваюць мясцовыя абрады падчас святкавання Каляд, Купалля, гукання вясны.

Удзельнікі ансамбля «Сунічка» — вучні таленавітыя. Сваё майстэрства яны не раз дэманстравалі падчас правядзення школьных і раённых мерапрыемстваў, перамагалі на раённым этапе абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод».

...На жаль, носьбітаў даўніх традыцый з кожным годам застаецца ўсё менш і менш. А значыць, трэба (пакуль не позна) вывучаць і прапагандаваць усё, што стварылі нашы продкі, бо гэта — наша спадчына, наша жыццё.

Таццяна НАСКОВІ

г. Лунінец


На смачны кусок знойдзецца раток

Любка — добрая гаспадыня, гатуе — пальчыкі абліжаш! І заўжды ў яе першае, другое, салата, кампот... Муж да гэтага адразу прывык і нават вырашыў, што вось так — правільна —будзе харчавацца заўжды, што б там ні зрабілася!

Накаркаў: жонка ўзяла ды ў госці з'ехала, сказала, на пару дзён...

Коля ўзяўся кулінарыць: палічыў, што да супу і катлет, прыгатаваных Любай яшчэ перад ад'ездам, добра было б зрабіць вітамінную салату. Для гэтага ён зварыў яек, наскуб у гародзе маладога шчаўя і зялёнай цыбулі, а нарэшце ўбачыў, як дружна ўзнялося пер'е часнаку. «Можна трохі зрэзаць», — падумаў ён і разагнаўся аж на цэлы радок.

Салаты і сапраўды атрымалася шмат. І на смак яна была вельмі нішто сабе! Праўда, часнок зусім не адчуваўся, але ж такой бяды. Кухар добра пад'еў і пра свой эксперымент назаўтра, можа, не ўспомніў бы, калі б з гасцей не вярнулася Любачка, калі б, зазірнуўшы ў гарод, не завойкала: «А што ж гэта робіцца?! А які ж гэта дурань мае нарцысы пазразаў? Яны ж нават пупышак выкінуць не паспелі!».

«Дурань» вінавата шмыгнуў носам, але змаўчаў. Падумаў толькі, што добра есці смачнае ды гатовае, а вось тое, што сам згатаваў, можа, і не заўжды.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Докшыцкі раён.


...«Фортку адчыніць прасцей»

Неяк пачуў размову дзвюх суседак. Адна з іх — вельмі пажылая — скардзілася на тое, што досыць часта баліць галава, павышаецца ціск, з'яўляецца слабасць... А потым выпадкова ўбачыў, што кватэру яна «падагравае» з дапамогай... кухоннай газавай пліты.

Прыйшлося нагадаць жанчыне, што пры згаранні прыроднага газу ў паветры з'яўляюцца шкодныя рэчывы: фармальдэгід, бензол, ксілол, серавадарод, што кватэру ва ўсе поры года трэба тры-чатыры разы на дзень праветрываць скразняком. Калі гэтага не рабіць, у людзей, асабліва пажылых і дзяцей, сапраўды пачынаюць з'яўляцца розныя захворванні, якія выяўляюцца млоснасцю, галаўным болем, ацёкам лёгкіх, кашлем, слабасцю, парушэннем кровазвароту... Ды што там — час ад часу ў СМІ з'яўляюцца паведамленні аб тым, што людзі, атруціўшыся прадуктамі гарэння газу, нават паміраюць...

Чалавеку трэба дыхаць чыстым паветрам, а для гэтага добра было б праветрываць яшчэ і пад'езды. Ну сапраўды: людзей па лесвіцах падымаецца і спускаецца шмат. Сярод іх, асабліва падчас эпідэмій, ці не заўсёды сустракаюцца хворыя на грып, каранавірус, бранхіт, пнеўманію, дызентэрыю і г. д. Застаялае, насычанае мікробамі паветра становіцца сапраўдным рассаднікам хвароб, якія жыхары «падбіраюць», «пераймаюць» адзін ад аднаго, разносяць па сваіх сем'ях і працоўных калектывах. Спрыяе гэтаму і вентыляцыя, з дапамогай якой у нашы кватэры трапляюць не толькі шкодныя для здароўя вірусы, але і тытунёвы дым, угарны газ, пахі ад чужой мэблі, рамонтных работ...

Яшчэ Гіпакрат казаў: «Не хварэюць там, дзе чыста». А значыць, зрабіце высновы: фортку ж і сапраўды адчыніць прасцей?

І хваробу папярэдзіць лягчэй, чым потым лячыць.

Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.