Вы тут

Каб дапамагчы іншаму чалавеку, неабавязкова быць дужым і багатым, дастаткова быць добрым


Хто-ніхто з чытачоў-падпісчыкаў прызнаваўся (і прызнаецца!), што не любіць дні, калі ў паштовай скрынцы няма «Звязды». А няма яе ў нядзелю з панядзелкам, у дзяржаўныя святы.


Апошнім часам іх было шмат: Каляды, Новы год, зноў Каляды, канікулы, за якімі ў краіне пачынаюцца працоўныя будні з іх прывычнымі справамі-турботамі, з клопатам пра блізкіх і хлеб надзённы, з вольнымі хвілінамі, падчас якіх і сапраўды прыемна прысесці, разгарнуць тую ж родную газету на роднай мове — трэба разумець, любімую (бо на іншую грошай шкада), пачытаць.

Што спачатку, што потым, — кожны выбірае па сабе. На першых старонках — «Надзённае», «Соцыум», «Сёння», на наступных — «Адукацыя», «Здароўе», «Камунальныя стасункі», «Жыццяпіс», «Спажывец», «Ігуменскі тракт», «Жырандоля», «Мясцовае самакіраванне», «Сямейная газета», «Чырвоная змена», «Зваротная сувязь» і многае-многае іншае.

Што да лістоў, то яны ў звяздоўскай пошце, ну вядома ж, розныя — вясёлыя часам і... слёзныя.

Першых у навагоддзе, зразумела, больш: хто-ніхто з чытачоў па-ранейшаму дасылае «любімым звяздоўцам» прыгожыя паштоўкі з віншаваннямі (за што асобны дзякуй!), водгукі на публікацыі, карткі на розыгрыш прызоў, свае допісы, вершы, «Весткі з месцаў», «Трывожныя сігналы», праўдзівыя гісторыі ў рубрыку «...Народ на провадзе!», подпісы да конкурсных здымкаў, асобным радком — успаміны пра перажытае, часам настолькі балючыя...

Іх — па магчымасці — «Звязда» таксама друкуе, але ж хацелася б трохі пазней. А пакуль — у гэтыя святыя вечары да Вадохрышча — трохі асабістага, на роздум, пра вечнае.

На доўгую памяць

Старонкі з дзённіка, якога не было. І ўжо, напэўна, не будзе.

Год (не так важна, які...), снежань, Прага — можна сказаць яшчэ, бо вечарам мы ад’язджаем, а ўдзень...

Удзень на расквечанай перад Калядамі Старамесцкай плошчы мужчын і жанчын было вельмі шмат, але нам насустрач памаленьку ішла вось тая.

Што кінулася ў вочы, яна была зусім не старой, але з палачкай. І з цяжкою сумкай. А таму — рэфлекс (як у сабакі Паўлава): сумку забраць і паднесці. Я нават памкнулася... Больш за тое — злавіла ўдзячны позірк і...

Ці не ў апошняе імгненне «асадзіла назад», бо раптам успомніла, што не дома, а ў іншай краіне, што тут мо звычкі няма некаму памагаць (вунь колькі людзей вакол, і ніхто ж не кінуўся)... Таму вось гэтая хворая жанчына можа палічыць мяне зладзюжкай і спужацца, а я нават сказаць ёй нічога не змагу, бо трох слоў не звяжу па-чэшску... Да таго ж зусім невядома, куды ёй ісці. Раптам недзе далёка? Тады я рызыкую адстаць — ад свайго аўтобуса, ад групы...

Карацей, я рушыла міма!

Каб потым з той самай першай турпаездкі ў Прагу (горад-музей!.. Ды перад Калядамі!) не помніць амаль нічога. Апроч вачэй, у якіх запалілася і тут жа згасла надзея.

Таму зараз...

Зноў снежань і, дзякаваць богу, Мінск, тратуар прысыпаны снегам, наперадзе — жанчына з палачкай і ледзьве тэпае. Параўняўшыся, падстаўляю локаць («чапляйцеся», маўляў...) і спытаць, куды яна ідзе па вось гэтай досыць слізкай дарозе, проста не паспяваю: жанчына, адчуўшы апору, гаворыць сама. Гаворыць, што ўнучка нарадзіла праўнучку, што гадуе яе сама, адна («муж паехаўшы на заробкі»), а таму яна, прабабуля, якая ні ёсць, а ўсё-ткі памочніца — калі з маленькай пасядзіць, калі ў кватэры прыбярэ, нешта папрасуе ці посуд памые... Гэта, як прызнаецца, ёй зусім няцяжка, нават наадварот, бо жыве адна і дома без работы проста з глузду з’ехала б, а так — у сям’і, у найлепшай кампаніі і патрэбная... Да таго ж унучка ў яе ну вельмі харошая: не лянуецца — смачна гатуе. «Дык я ў яе (тут і далей даслоўна) і паем два-тры разы, і пап’ю... Усё ж эканомія!»

«Але ж ты, дзіцятка, не думай, — працягвала жанчына, — што я сваю пенсію на той свет панесці збіраюся. Не... Сама я плачу за кватэру, за лекі, за ўсё, што мне трэба, што-нішто з абутку, бывае, куплю... А застанецца якая капейчына, дык я яе „пад матрац“. Збяру там добрую суму — ды ў царкву: і сынам, і ўнукам абразы харошыя купіла, каб з Богам жылі, асвяціла іх... Нейкія іншыя падарункі з часам, напэўна, павыкідалі б, а гэтыя ж — не! На памяць будуць».

...Дарога ў нас была не сказаць, каб блізкая, бабуля ішла памалу. І не змаўкала. Таму я пачула яшчэ, што ёй 83, што яна са смаленскіх, але ж беларусак, што ўсё жыццё пражыла ў Мінску, працавала на заводзе — бухгалтаркай, потым прыбіральшчыцай, што мае трох сыноў і пяцёра ўнукаў, што вось гэтую, самую малодшую, з 13 гадоў гадавала. «Яна потым каву дужа любіла. І позна паспаць, — успамінала бабуля. — Я ўсе нервы, бывала, з ёю спалю: буджу-буджу, прашу-прашу: „Уставай!“, а яна пад коўдру зашыецца — і ніяк. 

У апошнюю хвіліну падхопіцца і ходу — як на злом галавы... А ў мяне цэлы дзень потым сэрца кроіцца — не сабралася як след, галодная...

Дык я ведаеш, што прыдумала? Каўкі ёй звару, у прыгожы кубачак налью і на падносік. Туды ж на сподачку нейкіх сырнічкаў ці аладак гарачых... Да ложка паднясу, шапну: „Сонейка, а сонейка!“... Сонейка, глядзіш, носікам пакруціла, пах кавы злавіла і... прабудзілася: ужо на ложку сядзіць, усміхаецца, есць! А я ў гэты час нешта раскажу ёй, спытаю, што сніла. Слоўца за слоўца — і прачнулася маё дзяўчо, паснедала, спакойна сабралася, ледзь не з падскокам у школу пайшло — добрыя адзнакі адтуль прынесла. Вось так мы з ёю жылі!»

...Што, напэўна ж, таксама на доўгую памяць?

Балгарская прымаўка: «Рабі дабро і кідай яго ў ваду. Яно не прападзе — дабром вернецца назад».

Дай бог!

Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж (і Яўгеніі ЯНІШЧЫЦ):

Хай будзе вам 

і хораша, і ўтульна,

Няхай цвіце вясна 

сярод зімы,

Бо праўда: 

шчасце дадзена датуль нам,

Пакуль нас любяць, 

пакуль любім мы.


Калі замест адчаю з'яўляецца надзея

Апошнім часам, як мне здаецца, мы неяк менш гаворым пра Каляды і Раство, усё больш — пра Новы год. Да яго прыбіраем свае дамы, купляем падарункі і прысмакі, гатуем святочныя стравы, збіраем гасцей, пад бой курантаў ці не ўсёй грамадой п’ём шампанскае за тое, каб у мінулым засталося ўсё дрэннае: крыўды, праблемы, канфлікты, і, вядома ж, хваробы.

На вось гэта, апошняе, можна спадзявацца (як на той жа калядны цуд), але ж куды надзейней разлічваць на падтрымку блізкіх, на дапамогу нашых дактароў. Мне на іх, дзякуй богу, пашчасціла.

Калі па парадку і без лішніх падрабязнасцяў, то летась у канцы лістапада ў сваёй паліклініцы я атрымала накіраванне ў анкалагічны дыспансер.

Не буду казаць, што гэты дакумент не спалохаў, што ён не прымусіў мяне хвалявацца. Як, напэўна, усе ў такой сітуацыі, я вельмі перажывала. Але ж старалася трымаць сябе ў руках, суцяшацца тым, што ўжо нямала пажыла на гэтым свеце і пагаравала, бо расла сіратой, што папрацавала — пагадавала дзяцей і нават унукаў...

І ўсё роўна баялася — найперш самой аперацыі, бо думала, што з маім «букетам» хвароб яе проста не перанесці...

З такім вось настроем я прыехала ў Полацкі міжраённы анкалагічны дыспансер, дзе акурат такія ж пачуцці — страх і адчай — убачыла на тварах іншых навічкоў-пацыентаў (у тым ліку маладых, прыгожых...).

Не дзіва, што першую дапамогу там аказвае псіхолаг Кацярына Мікалаеўна Беспаяська. Яна неяк вельмі тактоўна і лёгка наладжвае кантакты з усімі хворымі, умее падбадзёрыць, узняць настрой.

Ён, як высвятляецца, вельмі важны і для пацыентаў, і для дактароў.

А ўжо яны, анколагі, працуюць там вельмі зладжана і адказна. Ва ўсякім разе найвышэйшай ацэнкі (я праверыла гэта на сабе) заслугоўвае праца Эдуарда Пятровіча Аляхновіча, Уладзіміра Міхайлавіча Сухадольца, Уладзіміра Уладзіміравіча Белауса, Уладзіслава Дзмітрыевіча Бялкоўскага, Аляксея Аляксандравіча Гарбатава, Вольгі Аляксандраўны Марозавай.

Як салдацікі на службе, строга выконваюць загады ўрачоў медсёстры: старшая — Наталля Аляксандраўна Палонская, палатныя і працэдурныя — Ала Мікалаеўна Русаковіч, Вольга Сяргееўна Масюк, Алена Міхайлаўна Тамашэўская, Таццяна Мікалаеўна Ласкіна...

З той радасці, што аперацыя прайшла і, кажуць, удала, што няхай праз 18 дзён, але я ўжо дома і не сёння-заўтра — ёсць такая надзея — змагу прайсціся па вуліцы, прозвішчаў назвала б шмат. Але ж тут і зараз ад імя ўсіх сваіх аднапалатніц, ад іншых пацыентаў, якія разам са мной лячыліся ў дыспансеры, хачу шчыра падзякаваць усяму калектыву Паўла Вікенцьевіча Баравіка за працу, за надзею (і нават веру!) на выздараўленне, далейшае жыццё. З Новым годам і Раством вас, людзі ў белых халатах! Няхай вам шчасціць ва ўсіх вашых справах і — гэта абавязкова — у працы такой патрэбнай, такой неабходнай для хворых.

З. М.

Глыбоцкі раён

(Прозвішча і адрас паведамляю толькі для рэдакцыі)


Зорны старшыня

Сельская гаспадарка — не месца для шукальнікаў лёгкага хлеба. Тут знаходзяць сваё прызванне людзі сур’ёзныя і грунтоўныя.

У нас на Бярэзіншчыне самы, бадай, тытулаваны аграрый — Гвідон Іосіфавіч Рэут. Кароткае прозвішча, аднак у летапіс раёна яно ўпісана аршыннымі літарамі, бо няма тут іншага кіраўніка, адзначанага за сваю працоўную дзейнасць найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнамі Леніна, «Знак Пашаны», «Кастрычніцкай рэвалюцыі», «Працоўнага Чырвонага Сцяга».

...Пачатковую школу першынец са шматдзетнай сям’і Адэлі і Іосіфа 

Рэутаў скончыў у роднай вёсцы в. Лысуха (цяпер Прыбрэжнае). У пяты-шосты клас, са зрэбнай торбачкай, пехатой, мераў вёрсты ў райцэнтр, пакуль у найбліжэйшай да Лысухі вёсцы Жорнаўка не адкрылі сямігодку.

Пасля яе было навучанне ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дыплом агранома, аднак прыступіць да працы малады спецыяліст не паспеў: грымнула вайна.

У тым жа 41-м фашысты расстралялі бацьку. Гвідон і яго сярэдні брат Уладзімір апынуліся ў партызанскім атрадзе, потым на фронце.

...Перамогу наш зямляк сустрэў пад Прагай. Вярнуўшыся дамоў, адразу ўключыўся ў работу па аднаўленні сельскай гаспадаркі: быў аграномам, кіраўніком аддзялення калгаса «Паплавы», старшынёй калгаса... 

«Ленінскія дні» ён узначальваў 30 гадоў і ў 1970–1980-я — гэтая гаспадарка па многіх вытворчых паказчыках лічылася найлепшай не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. А ўсё таму, напэўна ж, што ў старшыні было за правіла потым патрабаваць ад людзей якасці работы, а спачатку — ствараць умовы для працы, для жыцця. Душавая, сталоўка, грамадская лазня, пральня, дом механізатараў, ленінскі пакой з каляровым тэлевізарам, перасоўны вагончык для пастухоў, каб схавацца ў непагадзь. Гэта далёка не ўсё, чым маглі хваліцца калгаснікі зорнага старшыні.

...У 72 гады Рэут пайшоў на заслужаны адпачынак, але і на пенсіі цікавіўся калгаснымі справамі. Яго дом па вуліцы Школьнай нічым не вылучаўся сярод іншых, яго нашчадкі — хіба працавітасцю.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ

г. Беразіно

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».