Гэтыя нататкі я стаў пісаць па просьбе маіх нашчадкаў, і першае, у чым пераканаўся — час не лечыць: з таго чорнага панядзелка, які гэткай жа чорнай ніткай прашыў усё маё наступнае жыццё, прайшло больш за 80 гадоў! Шмат, здавалася б, аднак успаміны — уласныя, маёй мамы, іншых людзей, ды яшчэ і на паперы — надоўга пазбавілі сну.
Сялянскія карані маіх блізкіх продкаў заглыблены ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Дзядуля Ануфрый і бабуля Наталля неверагодна цяжкай працай здолелі сабраць грошы і за дзесяць гадоў да пачатку вайны купіць зямлю ў вёсцы Падасоўцы цяпер Баранавіцкага раёна.
Сям’я, што на ёй пасялілася, па тагачасных мерках належала да сераднякоў. У ёй падрасталі два сыны — Дзяніс і Юзік — і дачка Алена, якая пазней стала маёй мамай. Дзяніс праз нейкі час пабраўся шлюбам з Лідай Лешык, Юзік — з Аляксандрай (Саняй) Ваўчок. Першыя сужэнцы жылі і вялі гаспадарку разам з бацькамі, другія — асобна. Дачка вышла замуж у суседнюю вёску Сялец. Ва ўсіх трох сем’ях падрасталі малыя. У Дзяніса — дзве дзяўчынкі Зіна і Марыйка, у Юзіка — два сынкі Сярожа і Славік…
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была ўз’яднана з Усходняй, у чэрвені 1941-га яе акупавала фашысцкая Германія. На захопленай тэрыторыі ўсталяваўся вельмі жорсткі рэжым: у ваколіцах вёскі Падасоўцы дзейнічалі партызаны, немцы, не могучы справіцца з імі, зрывалі злосць на мірным насельніцтве.
...Жанчыны ў той панядзелак губляліся ў здагадках, куды гэта пазабіралі мужчын? Можа, на сход ці на чыгунку — на нейкую цяжкую работу? Бо калі б збіраліся гнаць у Нямеччыну, то загадалі б нешта ўзяць — з вопраткі, з харчоў... І старога Русана павялі... Які ён работнік?
Гаспадыні, чакаючы дадому сваіх, углядаліся ў дарогу, але замест вяртання мужчын заўважылі, што ў вёсцы пажар, і захваляваліся яшчэ больш. Найстарэйшая, бабуля, загадала вынесці і схаваць у садзе найлепшую вопратку, коўдры, бялізну…
А вось схавацца самім — думка не прыйшла: перашкодзіла не тое ўпэўненасць у сваёй невінаватасці, не тое наіўная вера ў справядлівасць ці проста боязь парушыць акупацыйны рэжым. Ну як жа — зойдуць немцы, глянуць у спіс, што вісіць на сцяне, — спытаюць, дзе астатнія? Падумаюць, што ў партызанах…
У хату і сапраўды заходзіў эсэсавец, нешта гергетаў, камандаваў, каб выходзілі.
Там, на дварэ, яны ўбачылі замучанага Дзяніса. Рукі яго былі звязаныя, як у нейкага бандыта.
Сэрцам чуючы нядобрае, бабуля кінулася спачатку да сына, каб не тое затуліць, не тое развітацца, потым да немца:
— Паночку, ён ні ў чым не вінаваты! Развяжыце яго!
Просьбы гэтай нібы не чулі! Не зважалі і на малую Зіну, якая заходзілася ад плачу.
Між тым адзін з эсэсаўцаў ужо расчыняў дзверы гумна, падганяў усіх картавым «шнеллер!» Амаль адразу ж прагучалі стрэлы і запалалі агнём пабудовы: гумно, хата, хлеў, свіран…
Гэткім жа чынам, трохі раней, карнікі расправіліся з роднымі Юзіка: цёткай Саняй, Славікам і Сярожам. Немец расстраляў іх у сенцах.
Для самога Юзіка рыхтаваўся іншы сцэнарый — публічнага пакарання цераз павешанне. Для гэтага дзядзьку разам з іншым вяскоўцам адвезлі ў вёску Дабромысль. Але часу на тое, каб паставіць шыбеніцу і сагнаць людзей, у немцаў чамусьці не хапіла. Мужчын адвезлі за царкву, загадалі выкапаць магілу... Прагучалі выстралы.
У той панядзелак у вёсцы Падасоўцы загінулі трыццаць два жыхары. Сярод іх Касянікі — Іван, Станіслаў, Станіслава, Мірон, Раман; Шымчыкі — Якаў, Кацярына, Алена, Марыя, Надзея; Мятушэўскія — Аляксандр, Анастасія, Ніна, Аляксандр; Санкоўскія — Юльян і Уладзіслаў; Кот Уладзіслаў; Нядзелька Мікалай…
Знішчаных немцамі вёсак у Беларусі — не адна сотня, колькасць чалавечых ахвяр — дзясяткі тысяч.
Напрыканцы толькі адна цытата. Імператар Аляксандр ІІІ казаў: «Я рады, што быў на вайне і бачыў сам усе жахі, непазбежна звязаныя з вайной, і пасля гэтага я думаю, што ўсякі чалавек, які мае сэрца, не можа хацець вайны, а ўсякі палітык, якому Богам давераны народ, павінен прымаць усе меры для таго, каб пазбягаць жахаў вайны».
Сяргей РУСАН
г. Баранавічы
На многіх помніках цяпер сустракаецца кароткі надпіс — па-руску: «Родители не умирают, лишь рядом быть перестают».
І гэта чыстая праўда.
...Пасля заканчэння медвучылішча Антаніна Старышава апынулася ў Сталінградзе, аднак працаваць па спецыяльнасці не паспела — пачалася вайна. Дзяўчына, як амаль усе тады, стала рвацца на фронт і — хай не адразу — просьбу яе пачулі. Трапіўшы ў 10-ю паветрана-дэсантную брыгаду, Тоня з першых дзён адчула, наколькі важная для параненых сама прысутнасць медыка, сама надзея на дапамогу. А таму маладзенькая медсястрычка разам з хірургамі гадзінамі, а то і суткамі працавала ля аперацыйнага стала, рабіла перавязкі, падбадзёрвала, суцяшала параненых…
Пасля вайны не магла ўспамінаць хіба што бітву на Мамаевым кургане, дзе людзей было як снапоў... І дапамагчы ім было ўжо немагчыма.
...Да Берліна нялёгкімі франтавымі дарогамі прайшоў Іосіф (па-вясковаму Юзік) Трубко. З многімі баявымі ўзнагародамі ён вярнуўся ў вёску і быў там паважаным чалавекам, аж пакуль не прызначылі фінінспектарам, не абавязалі спаганяць падаткі за кожны ствол пладовых дрэў і куст агрэсту, за кожную галаву нават дробнай свойскай жывёлы. Фізічна работа ў былога франтавіка была як быццам не цяжкай, але маральна…
Вяскоўцы, не маючы грошай на аплату гэтых падаткаў, высякалі сады, як маглі хавалі альбо збывалі жыўнасць. На пытанне, каму гэта выгадна і каму патрэбна, — інспектар адказаць не мог. А тут яшчэ і сябрук моўчкі падвёў яго да яблыні белага наліву, дзе пладоў было, як зорак на небе, і сказаў: «Я лепей сяду ў турму, але дрэва губіць не стану — мне перад Богам сорамна».
Інспектару таксама было сорамна займацца тым, чым ён займаўся, і таму, каб не ўдзельнічаць у гэтай абіралаўцы, Іосіф сышоў у плытагоны. Казаў: «Цяжка рукам, затое душы лягчэй».
...Тамара — дачка Іосіфа і Антаніны — у дзяцінстве мала думала аб тым, што давялося перажыць бацькам. Яна расла вельмі спрытнай і кемлівай, вельмі артыстычнай. Сама навучылася іграць на гітары.
Маці, згледзеўшы гэтую схільнасць, завяла дачку ў музычную школу па класе баяна.
Потым была паспяховая вучоба ў педагагічным інстытуце — з удзелам ва ўсіх грамадскіх справах, ва ўсіх канцэртах і гульнях КВЗ, дзе на ўра прымалася кожнае выступленне Тамары.
Атрымаўшы дыплом, яна пяць гадоў працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, выйшла замуж за маладога механіка Аляксея Лобача, нарадзіла двух сыноў.
З часам Тамару Іосіфаўну запрасілі на працу ў СШ № 2, і... завіравала жыццё ў калектыве! Са сваіх калег настаўніца музыкі стварыла калектыў мастацкай самадзейнасці, які выступаў з канцэртамі то ў вясковых клубах, то на прадпрыемствах, то ў актавых залах... Традыцыйныя жнівеньскія педсаветы ў раёне ператварыліся ў сапраўдныя святы!
У рэпертуары педагога з амаль 50-гадовым стажам шмат задушэўных песень. Сярод любімых — бацькоўскія «На безыменнай вышыні», «Валгаградская бярозка», «Алёша», «На Мамаевым кургане цішыня»…
— Праўду кажуць, што жыццё пражыць не поле перайсці, — уздыхае Тамара Іосіфаўна. — Усяго хапіла: крыўдаў, хвароб, непрыемнасцяў, цяжкіх страт... Перажываць іх мне заўсёды дапамагала і дапамагае гераічная самаахвярнасць мамы, сумленнасць таты.
...Бацькі сапраўды не паміраюць: яны жывуць, пакуль жывуць іх дзеці, пакуль жывая памяць.
Ніна БУРКО
Бярэзінскі раён
Навагоддзе, мусіць, самая любімая пара і для дзяцей, і для дарослых, бо ці не ўсе мы чакаем здзяйснення мар, цудаў, падарункаў. Ад каго? Ад родных і блізкіх, ад тых, хто побач.
Да чараўнікоў, якія могуць падарыць свята, далучыліся і супрацоўнікі бібліятэкі.
Для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі мы разам з удзельнікамі аматарскага аб’яднання «Бусляня» правялі дабрачынны тэатралізаваны паказ «Выхадкі Бабы-Ягі». Падчас яго казачныя героі зладзілі для дзяцей займальныя гульні і віктарыны, спартыўныя эстафеты і вясёлыя танцы.
Не засталіся без увагі і людзі старэйшага пакалення: у рамках дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» мы павіншавалі са святамі нашых ветэранаў — былых бібліятэкараў, падзякавалі ім за працу, уручылі падарункі. Дзед Мароз са Снягуркай стварылі святочны настрой, а казачныя персанажы пажадалі шчаслівага Новага года, здароўя і радасці.
Тамара МІНКІНА
г. Шклоў
Наш прыяцель жыве ў вялікай вёсцы пад Мінскам. Там у яго дом, сад, агарод (20 сотак зямлі) і вельмі шмат розных клопатаў — нават зімой. Перад Новым годам ён, напрыклад, купляе шмат невялічкіх падарункаў, складвае іх у прыгожы мяшок, прыбіраецца ў касцюм Дзеда Мароза (дочкі — у Снягурак-сняжынак), і ўсе разам яны выпраўляюцца па хатах, дзе ёсць дзеці альбо адзінокія бабулі-дзядулі. Для іх ладзяцца маленькія канцэрты-віншаванні, ім уручаюцца гасцінцы.
Вось і ў той вечар яны ўжо з паўвуліцы прайшлі, павіншавалі каго-нікаго — ідуць далей. Аж бачаць: кампанія пад ліхтаром, як чорная хмара — падлеткі…
У Дзеда Мароза (ён потым расказваў) было ў думках некуды збочыць, не рызыкаваць, бо нарвацца ж можна на што заўгодна... Але ён не збаяўся: разам са світай падышоў да маладых людзей, павітаўся, пацікавіўся, можа, нехта вершык раскажа ці песню спяе…
— А цукеркі будуць? — з рогатам спыталі хлопцы.
— Ну вядома ж! — паабяцаў Дзед Мароз.
А далей кампанія расступілася, выпхнула ў круг аднаго з хлапчукоў. І ўжо ён, сцягнуўшы з галавы шапку, стаў чытаць:
Погиб поэт! —
невольник чести —
Пал, оклеветанный молвой,
С свинцом в груди
и жаждой мести,
Поникнув гордой головой...
Карацей, прыйшлося «дзеду» раскашэліцца на цукеркі. І парадавацца таму, што жывуць паэты...
Вера АДАМЧЫК
г. Мінск
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».