Вы тут

Дрэвы на дровы… І вінаватых няма?


Дрэвы на дровы… І вінаватых няма?

У рэдакцыю «Звязды» прыйшоў чарговы зварот, звязаны з незаконнай вырубкай дрэў. Гэтым разам нам напісаў Віталь Супрановіч з Мінска. Ён паведаміў, што ў Заводскім раёне сталіцы на тэрыторыі таварыства ўласнікаў Васняцова, 34/3 ці не на дровы спілавалі здаровыя дрэвы. Цытата: «...Дазволу на гэта, згодна з адказам „Зелянбуда“ Заводскага раёна, які мы атрымалі, ніхто не даваў. Аднак, Камітэт прыродных рэсурсаў, падобна, лічыць, што гэта нармальна?.. Два разы хадзілі камісіі, два разы сказалі, што аштрафуюць старшыню таварыства. Але воз і дагэтуль там... Як гэта называецца? Бюракратызм, валакіта, карупцыя?»

Да...

Давялося паразмаўляць і з іншымі жыхарамі таварыства ўласнікаў. Паводле іх слоў, на агароджанай тэрыторыі раней таксама спілоўвалі дрэвы, асобныя нават пад корань, і «мы нікуды не звярталіся, думалі, што на гэта ёсць дазвол. Але калі ўбачылі, што ў абрубкі ператварыліся ажно тры вялікія і, відавочна, здаровыя вярбы, сталі біць у званы».

Па каментарый мы звярнуліся ў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Паводле слоў начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель Таццяны Шамянковай, парадак выдалення аб’ектаў расліннага свету ў нашай краіне ўстаноўлены Законам «Аб раслінным свеце». «Дадзены закон распаўсюджваецца ў тым ліку і на тэрыторыю таварыства ўласнікаў, таму ўсе дзеянні землекарыстальніка на прадстаўленым яму зямельным участку ў адносінах дрэў ды кустоў павінны ажыццяўляцца строга ў адпаведнасці з ім. Беларускае заканадаўства не дазваляе зносіць дрэва таму, што камусьці так захацелася. Для гэтага павінны быць важкія падставы.

Пасля...

Мы сапраўды двойчы выязджалі на месца здарэння, праводзілі абследаванне спілаваных дрэў. Для аб’ектыўнай ацэнкі прыцягвалі спецыялістаў КУП «Зелянбуд Заводскага раёна г. Мінска», УП «Мінскзелянбуд». Больш за тое, для таго каб вызначыць від правядзення работ (выдаленне, абрэзка), ацаніць наяўнасць і ступень пашкоджання дрэў, іх стан, неабходнасць і дапушчальнасць праведзеных работ, мы запрасілі кампетэнтнае меркаванне ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі». Спецыялісты прыехалі і дэталёва агледзелі дрэвы. Згодна з іх экспертным меркаваннем, на тэрыторыі таварыства ўласнікаў праведзена моцная амалоджвальная абрэзка трох гібрыдных вербаў. Аднак ацаніць ступень пашкоджанняў можна будзе толькі ў пачатку вегетацыйнага перыяду. Таму вясной 2024 года мы разам са спецыялістамі інстытута выедзем на месца і правядзём дадатковае абследаванне. У выпадку ўстанаўлення факта незаконнага пашкоджання і (ці) знішчэння аб’ектаў расліннага свету да вінаватых асоб будуць прыняты меры ўздзеяння, прадугледжаныя заканадаўствам. Прычым, як удакладніла Таццяна Шамянкова, шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, будзе лічыцца за кожны са ствалоў асобна. У прыватнасці, у адной з вербаў, якая спілавана на вышыню 1,3 метра ад зямлі, налічваецца ажно шэсць ствалоў.

Паводле слоў Таццяны Шамянковай, абрэзка галін — гэта адно з асноўных мерапрыемстваў па доглядзе насаджэнняў. Але трэба разумець, што яна павінна праводзіцца ў строгай адпаведнасці з біялагічнымі асаблівасцямі росту і развіцця раслін, а таксама з улікам рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў правілах утрымання азелянёных тэрыторый, зацверджаных пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У гэтым дакуменце ёсць раздзел, прысвечаны абрэзцы, прыведзена інфармацыя аб відах, мэтах, правілах, часе і тэхніцы ажыццяўлення такіх работ. У прыватнасці, фармовачная і амалоджвальная абрэзка праводзіцца ў перыяд з кастрычніка да сярэдзіны сакавіка (да пачатку сокаруху). Калі абрэзку выканалі няправільна і нашкодзілі насаджэнню, як і пры незаконным зносе дрэў, вінаватага пакараюць. За шкоду, нанесеную расліне пры няправільным доглядзе, заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Плюс да гэтага спаганяецца і кампенсацыя шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю.

«У дадзены момант па выяўленых фактах на тэрыторыі таварыства ўласнікаў працягвае весціся разбіральніцтва. Ёсць устаноўленыя тэрміны вядзення адміністрацыйнага працэсу. Гэта не робіцца за адзін дзень, — падкрэсліла суразмоўніца. — А тэрміны па разглядзе зваротаў дастаткова сціслыя. Таму пакуль мы далі заяўнікам толькі папярэдні адказ...»

Таццяна Шамянкова адзначыла, што людзі могуць не хвалявацца, па выніках дадзенага разбіральніцтва вінаватыя асобы будуць прыцягнуты да адказнасці, якая прадугледжана законам.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК


А святы ўжо не за гарамі

Хутка Новы год, Каляды. Сёлета яны зноў, відаць, будуць без снегу. А так хацелася б... І былі ж надзеі!

Помніце, у першы дзень зімы, нібы па заказе, у паветры закружылі сняжынкі, потым узняўся вецер, пачалася мяцеліца. Снег ішоў амаль двое сутак, як некалі ў маім дзяцінстве ды ў маладосці, калі працавала паштальёнам.

Зіма ці лета, дождж ці снег — гэта не павінна было адбівацца на дастаўцы газет і часопісаў, пісьмаў і паштовак. Яны тады не змяшчаліся ў адной сумцы. Другую, а то і трэцюю, даводзілася браць, калі наступалі святы, бо ў людзей за правіла было напісаць лісты ўсім родным і блізкім, на прыгожых паштоўках даслаць свае прызнанні ў любові, пажаданні здароўя і добрага настрою... Гэта я кажу не толькі пра іншых: мы самі, разам з дзецьмі, адпраўлялі да трыццаці адкрытак. Столькі ж, а то і болей, у вялікія святы маглі атрымаць.

Я чаму пра гэта пішу? Днямі па тэлевізары паказвалі, колькі рознай прыгажосці падрыхтавала наша пошта да свят: і паштоўкі там, і канверты, і сувеніры... Толькі не лянуйся, выбірай, дзяліся радасцю з блізкімі!

Можна, вядома ж, сэканоміць: паслаць віншаванні з дапамогай сучасных гаджэтаў. Але ж праз гады іх не патрымаеш у руках, не перачытаеш, не вернешся ў тыя часы, калі ўнукі пісалі сваё першае «віншую» і «жЫлаю»... Так-так, з памылкамі, ад чаго пісьмо было яшчэ даражэйшым.

Не ведаю, як вам, а мне хочацца верыць, што вернецца час, калі свае віншаванні мы будзем апускаць у паштовыя скрынкі. А галоўнае — калі ўвесь негатыў замяце белымі снягамі, калі ўсе на нашай зямлі будуць жыць у міры і шчасці.

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

Уздзенскі раён


Нам засталася спадчына

Шчыра ўдзячна газеце за публікацыю вельмі многіх артыкулаў, якія захоўваю ў адмысловых папках, але ж рада, што не прапусціла і невялічкі ліст з рэдакцыйнай пошты, надрукаваны 6 снежня сёлета. У ім мінчанін Максім Казлоў пісаў, як падчас вандроўкі з сябрамі апынуўся ў нашай вёсцы Сінкевічы, у старой драўлянай Свята-Георгіеўскай царкве («нібы ў музеі, дзе літаральна ўсё сапраўднае...»), як адчуў сябе «тым самым продкам-палешуком» і як хацеў бы прыцягнуць увагу да захавання гэтай палескай святыні.

Яна і сапраўды ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. У раёне аб’яўлены збор ахвяраванняў на рэканструкцыю, апублікаваны дабрачынны рахунак.

Калекцыянеры, напэўна, маюць поўны набор сувенірнай прадукцыі, падоранай Лунінцу Міністэрствам сувязі і РУП «Белпошта». Гэта дзве паштоўкі, пяць канвертаў звычайных і два — з укладышам. На іх нашы вакзал, храм, іншыя віды горада…

А вось марка пакуль адна, яна выдадзена ў 2003 годзе і якраз з выявай Свята-Георгіеўскага храма ў Сінкевічах, з указаннем часу яго ўзвядзення — 1724 год. Адзінае…

Чым большая памылка, тым вышэйшая цана, — такі парадокс магчымы толькі ў філатэліі. Чаму нагадваю аб гэтым? Сінкевіцкая марка якраз з такіх: на карце Беларусі, намаляванай побач, іншым колерам выдзелена вобласць, дзе знаходзіцца храм. На жаль, нашу Лунінецкую славутасць аднеслі да Гомельшчыны і, адпаведна, да Усходняга Палесся. Але ж Сінкевічы знаходзяцца на Брэстчыне — Палессі Заходнім.

Цяпер мы рыхтуемся да ўрачыстасцяў з нагоды 300-годдзя храма і верым, што дзякуючы Максіму Казлову, яго сябрам ды іншым вандроўнікам, дзякуючы «Звяздзе» колькасць ахвотных убачыць святыню, каб захаваць, павялічыцца, і ў нас атрымаецца прыгожае царкоўна-грамадскае свята, нават не адно.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

г. Лунінец


Мы дапаможам птушкам, птушкі дапамогуць нам...

Не так даўно прачнуўся раніцай ад лёгкага шуму, расхінуў шторы і ўбачыў за акном сініцу. Падумаў яшчэ, якая ж смелая гэта разумніца: нагадала, што пара папоўніць кармушку.

Многія птушкі, як вядома, адлятаюць у вырай, многія застаюцца зімаваць, і тады іх ворагамі становяцца не столькі маразы і завеі, колькі голад. Летась мы час ад часу падкормлівалі сінічак ды вераб’ёў, разам з унукам любілі прагуляцца да першай гарадской школы. Росцік там чысціў ад снегу кармушкі, насыпаў розных круп, назіраў, як дружна частуюцца птушкі.

Таму сёлета мы з ім зрабілі кармушку дома і цяпер стараемся штодня ачышчаць яе, падсыпаць для крылатых свежага корму. Затраты на яго невялікія, а вось задавальненне — сапраўднае! Люба паглядзець, як злятаюцца птушкі (часам па пяць і болей)... Прычым сінічкі яшчэ могуць пасядзець на сцяне, пачакаць чаргі. Вераб’і больш хуліганістыя: часам злуюцца, ваююць, хоць корму хапае ўсім…

Лічу, што многія сем’і (асабліва тыя, дзе падрастаюць дзеці) маглі б дапамагаць птушкам. А яны ў сваю чаргу потым дапамагалі б нам змагацца са шкоднікамі ў садах і гародах, упрыгожваць жыццё сваімі спевамі.

Уладзімір ШЫК

г. Паставы


«Звязда» на тое і «Звязда», каб несці святло надзеі

Здаўна (і ўжо не адзін дзясятак гадоў!) самыя неспрыяльныя дні ў мяне нядзеля і панядзелак, калі з паштовай скрынкі я не магу дастаць свежы нумар «Звязды». Атрымліваецца, што жыву (асабліва цяпер) у аўторак, сераду, чацвер, пятніцу і суботу…

Не вам казаць: кароткія зімовыя дні і вельмі шэрыя! Недзе ў сталіцы, у вялікіх гарадах людзям мо і святлей і радасней, а ў нас, у правінцыі…

Раней, каб палягчэла, можна было ўключыць тэлевізар. Цяпер — трэба доўга выбіраць, што глядзець там, а што — бронь божа, ці лепей не…

Глытком паветра, які жывіць, які дапамагае мне асабіста жыць ды выжываць, нават ад душы пасмяяцца калі-нікалі, застаецца «родная газета на роднай мове». А значыць, калі ласка, трымайце сувязь з народам, не абразайце так званы провад! «Звязда» на тое і «Звязда», каб несці святло.

М. КАМАРОЎСКІ

г. Орша

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.