Вы тут

«Наша асноўная палітыка — гэта спорт, якім мы займаемся і які любім»


Алімпійскія гульні ў Пеікне пакінулі беларускаму спорту не толькі два сярэбраных медалі, а і мноства пытанняў, якія трэба вырашаць дзеля далейшага развіцця. Вынікі Алімпіяды, мякка кажучы, не задаволілі нікога. Праблем спартсменам і функцыянерам дадаў заклік Міжнароднага алімпійскага камітэта адхіліць беларускіх і расійскіх спартсменаў ад буйных стартаў. На жаль, на яго адгукнуліся многія спартыўныя федэрацыі. Як беларускі спорт будзе жыць і развівацца ў новых рэаліях, расказалі эксперты.


Дырэктар РЦАП па зімовых відах спорту «Раўбічы» Аляксандр Гагіеў падкрэсліў, што спартсмены не павінны спыняцца. Таму задача спартыўных функцыянераў — шукаць шляхі для рэалізацыі. Ужо адпрацоўваецца пытанне аб удзеле беларусаў у расійскіх спаборніцтвах, абмяркоўваецца правядзенне сумесных турніраў. Для гэтага плануецца задзейнічаць вядучыя спартыўныя аб’екты, у тым ліку і беларускія Раўбічы.

Генеральны сакратар Беларускага лыжнага саюза Аляксандр Грэбнеў падзяліўся, што пасля Алімпіяды адчувае дваякія пачуцці. З аднаго боку, радасць за медаль у фрыстайле. Серабро Ганны Гуськовай паказала, што паспяховыя традыцыі гэтага віду працягваюцца. Але ў іншых дысцыплінах не ўсё так добра. У прыватнасці, хацелася б большага прагрэсу ў лыжных гонках.

«Што да горналыжнага спорту, то Марыі Шканавай удалося паўтарыць вынік, які яна паказвала на этапах Кубка свету ў гэтым сезоне. У краіне, дзе няма ніякіх прыродных умоў для гарналыжнага спорту, мы ўсё роўна яго развіваем. Марыя паказала найлепшы ў гісторыі беларускага гарналыжнага спорту вынік. І мы спадзяемся, што гэта матывуе нашу моладзь працягваць займацца спортам. Варта надаваць увагу такім відам спорту як сноўборд, ён вельмі актыўна развіваецца ў свеце. Шмат дысцыпліна прадстаўлена ў праграме алімпійскіх гульняў. Скачкі на лыжах з трампліна вельмі перспектыўны для развіцця від спорту», — сказаў ён.

На думку Аляксандра Грэбнева, да праблемы незадавальняючых вынікаў варта падыходзіць комплексна. Асабліва адчуваецца недахоп трэнерскіх кадраў. Але такое нельга сказаць пра інфраструктуру. Мінскі комплекс фрыстайла не мае аналагаў у свеце, тут можна выдатна трэніравацца. У кожным рэгіёне краіны ёсць трасы для лыжных гонак, 11 з іх адпавядаюць усім міжнародным стандартам. 

«Што да нашых чаканняў, мы ставім максімальныя мэты, але пры збегу шэрагу фактараў і абставін мы не заўсёды можам іх рэалізоўваць. Трэба працаваць і ўдасканальваць свае метады і вырашаць тыя пытанні, якія ўзнікаюць. І мы будзем рухацца ў правільным кірунку», — сказаў ён.

Таксама генеральны сакратар Беларускага лыжнага саюза выказаў упэўненасць, што ў наступным сезоне беларускія спартсмены вернуцца да ўдзелу ў міжнародных стартах. Пакуль рашэнне аб іх адхіленні дзейнічае да канца сезона 2021/2022. Новы сезон пачынаецца з 1 ліпеня. «Наша пазіцыя была і ёсць і застаецца простай. Наша асноўная палітыка — гэта спорт якім мы займаемся і які любім», — канстатаваў Аляксндр Грэбнеў.

Крыху не хапіла да алімпійскага медаля канькабежцу Ігнату Галавацюку. На дыстанцыі 1000 метраў ён заняў шостае, з адрывам у 0,15 секунд ад трэцяга месца. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Сяргей Мінін запэўніў, што ў Ігната ўсё наперадзе. Яму толькі 23 гады, а сярэдні ўзрост чэмпіёнаў у канькабежным спорце — каля 30 гадоў. «Былі такія тэхніка-тактычныя памылкі, якія вартыя гэтых сотых. Каманда маладая, ёсць слабыя бакі, якія трэба ўзмацняць. Выправіўшы іх, мы зможам удасканаліць усе недахопы. Гэта від спорту аэрадынамікі, дзе кожная дробязь мае значэнне і на самой гонцы, і ў працэсе падрыхтоўкі», — растлумачыў ён. Пакуль канькабежцы знаходзяцца ў адпачынку. Але па словах Сяргея Мініна, доўга адпачываць у канькабежным спорце нельга. Спартсменаў чакае растаўнока кропак на і, перагляд сістэмы каардынат, і, канешне, плённая праца над сабой.

Некалькі алімпійскіх цыклаў беларускія фігурысты не выступалі на Гульнях. Пекін стаў выключэннем, краіну прадстаўлялі Вікторыя Сафонава і Канстанцін Мілюкоў. Па словах галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па фігурным катанні Алега Васільева, на Гульнях яны паказалі максімальна магчымы на сёння вынік. «Нагоды для аптымізму дадае тое, што фігурнае катанне ў Беларусі стала актыўна развівацца, асабліва сярод дзяцей. Гэта наша будучыня. Думаю, што ў наступныя гады якраз з тых маленькіх дзетак, якія дашлі ў фігурнае катанне, мы будзем гадаваць чэмпіёнаў», — сказаў ён.

Адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў ад сусветнага спорту Алег Васілеў назваў непрыемным, але на катастрафічным. Беларусь і Расія ўжо прагаварылі магчымыя варыянты правядзення сумесных спаборніцтваў: «Цяпер ідзе арганізацыйны перыяд, калі нам трэба перастроіцца і паглядзець, што мы можам зрабіць, каб нашы спартсмены не прастойвалі. Таму што трэніравацца без магчымасці спаборнічаць вельмі і вельмі складана. Думаю, мы пройдзем гэты перыяд, і нашы спартсмены выйдуць яшчэ мацнейшымі, гатовымі да міжнародных стартаў. Мы будзем у гэтых умовах рабіць максімум магчымага, каб нашы спартсмены толькі раслі ў сваіх выніках і станавіліся лепшымі», — заявіў ён.

Найбольш балючаго рашэнне аб адхіленні беларускіх спартсменаў адчулі паралімпійцы. Яны прыляцелі ў Пекін на Паралімпійскія гульні, дзе даведаліся, што выступаць тут яны не будуць. На мінулым тыдні ў Ханты-Мансійску прайшлі альтэрнатыўныя спаборніцтвы «Мы разам. Спорт». Беларусы заваявалі 16 медалёў. «Спаборніцтвы, якія прайшлі ў Ханты-Мансійску далі спартсменам магчымасць сябе рэалізаваць. Яны прарабілі вялікую працу. І гэтыя людзі могуць калі не ўсе, то ва ўсякім разе вельмі шмат. Яны даказалі, што планамерная падрыхтоўка да гульняў была правільная. Я вынікам безумоўна задаволены, ён азначае, што 8 — 10 медалёў на Паралімпійскіх гульнях мы маглі выйграць. У гэтым годзе спрагрэсавала Валя Шыц. Крыху не паказаў сваіх вынікаў Юра Голуб, на гэта былі свае аб’ектыўныя прычыны. У тэхнічных планах усё выканалі свае задачы. Жыццё на гэтым не заканчваецца і я ўпэўнены, што хутка мы будзем яшчэ мацнейшыя», — адзначыў старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Алег Шэпель.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.