Вы тут

Качанава: Вырашаючы вытворчыя пытанні, трэба вучыцца працаваць з людзьмі


Пра гэта старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава нагадала падчас наведвання ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Магілёўскага раёна.


Адной з нагод для прыезду ў паспяховую аграгаспадарку стаў зварот некалькіх работнікаў гэтага калектыву. Нядаўна «Звязда» пісала, як падчас адзінага дня прыёму грамадзян, які праводзілі члены Савета Рэспублікі ў Гомельскай вобласці, у Светлагорск да кіраўніка верхняй палаты парламента прыехалі жыхары Магілёўскага раёна, каб звярнуцца са скаргай на непаразуменні, якія ўзнікаюць з новым кіраўніцтвам іх сельгаспрадпрыемства.

Спікер верхняй палаты парламента пачала знаёмства з гаспадаркай з перапрацоўчай галіны, паглядзела, як арганізавана работа ў цэху па вытворчасці птушынага мяса, пагутарыла з калектывам, расказала, якія крокі прымаюцца дзяржавай для захавання стабільнасці і міру. Шмат пытанняў прагучала ад школьнікаў дзвюх вясковых школ, з якімі яна паспела пагутарыць у спартыўнай зале мясцовага Дома культуры перад сустрэчай з працоўным калектывам. У якасці падарунка яна перадала дзецям мячы.

Але самай доўгай па працягласці і вострай па напале эмоцый была гутарка з прадстаўнікамі камбіната. На сустрэчу прыйшло некалькі соцень чалавек з ліку працоўных і пенсіянераў — былых работнікаў аграгаспадаркі.

— Я нават парадавалася, што прыехала сюды, — прызналася пасля размовы з калектывам Наталля Качанава. — З аднаго боку, я сумнявалася, што, сабраўшы столькі работнікаў, ды яшчэ з удзелам кіраўніцтва, пачую адкрытае прызнанне ад людзей. Але, калі пайшла размова аб прадпрыемстве, якое стваралася гадамі, убачыла, наколькі калектыў зацікаўлены ў тым, каб тут быў мір і парадак. Напэўна, людзі нават самі сябе па-іншаму пачулі. Думаю, што для кіраўніцтва гэтага прадпрыемства гэта добры ўрок, таму што задачы, якія сёння стаяць перад кожным кіраўніком, — не толькі вытворчыя паказчыкі і выкананне пастаўленых задач па развіцці твайго прадпрыемства, але і работа з людзьмі. І гэта павінен быць прыярытэт у рабоце кожнага кіраўніка. Таму што ўменне працаваць з людзьмі, адчуваць кожнага чалавека — залог згуртаванасці ў выкананні ўсіх даведзеных паказчыкаў. Разам з тым гэта будзе актыўная, нармальная работа па супрацоўніцтве.

Падобная сітуацыя непаразумення кіраўніцтва з работнікамі можа скласціся на любым іншым прадпрыемстве, заўважыла Наталля Качанава. І паўтарыла: трэба ўмець працаваць з людзьмі. «Для кіраўніка адчуваць калектыў, людзей — гэта асноватворнае. Да таго ж вельмі важна своечасова данесці, якія глабальныя задачы вырашаюцца. Тут, у гаспадарцы, адбываецца шмат чаго: мадэрнізуецца вытворчасць, пашыраюцца экспартныя пастаўкі, усё, што вырошчваецца, перапрацоўваецца, а гэта іншая дабаўленая вартасць, якая ідзе на карысць развіццю гаспадаркі. І людзям трэба пра гэта расказваць. Трэба больш сустракацца, каб яны разумелі, што ёсць пытанні вельмі важныя. Але дробязяў у рабоце кіраўніка быць не павінна. І нават калі здаецца, што пытанне гэта для цябе другараднае, то для чалавека яно мае вялікае значэнне. З людзьмі, калі з імі сустракаешся, трэба размаўляць па-добраму. Нават калі ты не можаш яму чымсьці дапамагчы ў вырашэнні праблемнага пытання, якое сёння, магчыма, заканадаўча і нельга рашыць, трэба так пагутарыць з чалавекам, каб ён цябе пачуў і зразумеў. Гэта вельмі важна», — адзначыла спікер верхняй палаты парламента.

Падчас сустрэчы з калектывам аграгаспадаркі Наталля Качанава таксама адказала на хвалюючыя пытанні жыхароў, расказала, якая работа праводзіцца ў краіне для недапушчэння пагаршэння ўмоў жыцця, пра маніторынг цэн на тавары і асартымент у крамах. Старшыня Савета Рэспублікі закранула цяперашнія эканамічныя ўмовы, у якіх апынулася наша краіна з-за знешняга ціску. «Мы гэтымі днямі маніторылі цэны ў гандлёвых аб'ектах Мінска. Наша прадукцыя — мяса, птушка і малочныя вырабы — у дастатку. Ёсць, вядома, пытанні наконт асартыменту. У цэлым сітуацыя спакойная, ажыятаж узнялі людзі. Сочым мы і за неабгрунтаваным ростам цэн. Усё гэта на кантролі», — адзначыла яна.

Асобнай тэмай стала абмеркаванне бяспекі нашай краіны і грамадзян. «Я запэўніваю вас: беларускі народ не прымае і не будзе прымаць удзел ні ў якіх ваенных аперацыях. Мы не будзем ваяваць. Нашы продкі ў час Вялікай Айчыннай вайны перажылі жах, холад і голад. Яны заплацілі высокую цану за перамогу, — адзначыла яна. — Беларусь ніколі не будзе нападаць, але калі прыйдуць да нас — мы будзем абараняць сваю краіну, тэрыторыю і незалежнасць. Мы бачым, як змяняецца свет, змяняюцца падыходы, змяняюцца пакаленні. І ў гэтым хаосе нам важна захаваць нашу краіну».

Пасля сустрэчы з працоўным калектывам ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Наталля Качанава выслухала ўсіх, у каго былі асабістыя пытанні, і ўзяла на заметку ўсе іх праблемы, якія, як яна паабяцала, будуць разгледжаны дасканала і ўсебакова.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.