Вы тут

У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга Алены Стэльмах «Слова за словам»


Сённяшні літаратурны працэс патрабуе ўважлівага абмеркавання, шматграннага агляду як ніколі. Прычына — у многіх складанасцях, якія раней не браліся ў разлік. Адна з іх — мастацкая літаратура даўно выйшла з «зоны камфорту». Парушаны межы жанраў. Пад пагрозай знаходзяцца мовы, якія раней былі асновай фарміравання нацыянальных літаратур. І шмат яшчэ якія іншыя водазвароты характарызуюць сёння раку прыгожага пісьменства, якая ў сваім імклівым цячэнні сутыкаецца з перашкодамі і стыхіямі. І ў гэтых умовах важнае месца займае прапагандысцкі клопат, звязаны з развіццём літаратуры, з суправаджэннем самога літпрацэсу. 


Алена Стэльмах выдала шматжанравую кнігу «Слова за словам» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022), у якой сабрала разам эсэ, інтэрв’ю, нарысы пра знакавыя постаці ў розных нацыянальных прасторах, публіцыстычныя нататкі, рэцэнзіі, водгукі. Зборнік падаецца своеасаблівым пісьменніцкім «дзённікам часу». Аўтар шчыра, адкрыта гаворыць пра свае зацікаўленні, паказвае стасункі беларускай літаратуры з іншымі нацыянальнымі сусветамі, выкладае свае чытацкія ўражанні пра кнігі прозы і паэзіі. Дарэчы, што да апошняга, то хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу на тое, хто з пісьменнікаў, якія кнігі сталі прадметам разваг, тэмай рэцэнзій. Алена Стэльмах піша пра кнігу паэзіі Івана Юркіна «Золотые рассветы мои», раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», паэтычны зборнік Андрэя Скарынкіна «Цветы на кургане», раман Уладзіміра Саламахі «Калі ўпадзе адзін...», раман Віктара Праўдзіна «Парыж, Эйфелева вежа і...», краязнаўчую кнігу Алеся Карлюкевіча «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі», паэму Алеся Казекі «Марыйка», паэтычныя кнігі Тамары Красновай-Гусачэнка «Будем жить...», Міхася Башлакова «На зветраных шляхах»... У такім выбары праяўляецца відавочнае жаданне аўтара аглядаць сучасныя здабыткі, убачыць усё тое, што фарміруе агульнуую плынь. Як мне падаецца, такой руплівасці сёння не хапае. Водгукі на кніжныя навінкі перацякаюць у сацыяльныя сеткі, інтэрнэт. Уважлівыя чытачы мастацкай літаратуры і даволі часта нават прафесійныя крытыкі абмяжоўваюцца кароткімі водгукамі, рэплікамі, што, канешне ж, характарызуе сённяшні час. А між тым у папяровым друку, традыцыйных СМІ губляюцца рэцэнзіі, тым самым губляецца і сувязь шукальніка сваёй, патрэбнай, неабходнай кнігі з друкам, у тым ліку — і літаратурна-мастацкай перыёдыкай. 

Істотную частку кнігі Алены Стэльмах займаюць матэрыялы, звязаныя з нацыянальнымі літаратурамі народаў Паўночнага Каўказа, Казахстана. Саліх Гуртуеў, Хасан Тхазёплаў, Баянгалі Алімжанаў — з пакалення пісьменнікаў, якія памятаюць вопыт літаратурнага жыцця ў СССР, былі, безумоўна, знаёмы з многімі беларускімі літаратарамі, цікавіліся беларускай літаратурай. Многія згадкі пра ранейшыя, савецкія часіны не дакучаюць, а наадварот — гучаць як напамін пра еднасць мастацкага слова з жыццём. З інтэрв’ю з Баянгалі Алімжанавым: «... Шмат ездзіў па Казахстану, пісаў пра людзей працы і мастацтва. Пасля перайшоў у літаратурную газету. Факт: амаль усе пісалі згодна з духам таго часу пра маральныя пошукі, але многія, у тым ліку і я, імкнуліся болей прасоўваць нацыянальныя духоўныя каштоўнасці». І яшчэ — з той самай гутаркі: «... Хвалюе мяне вельмі многае — ад малога да вялікага! Самае галоўнае — лёс маёй нацыі, мір на зямлі, свабода, роўнасць і дружба. На вялікі жаль, у мінулым было шмат несправядлівасцяў, варажнечы і войнаў паміж народамі. Як можна жыць з пачуццём нянавісці да другіх, помсціць за мінулыя крыўды? Вось пра гэта я і пісаў у рамане „Сказ стогадовага сцепняка“. Гісторыя вайны павінна вучыць нас міру, гісторыя варажнечы — дружбе. А сапраўдная дружба бывае толькі паміж роўнымі. Сапраўдная свабода пачынаецца з павагі да свабоды другіх...»

Кніга Алены Стэльмах, выдадзеная ў Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, — добры творчы мост паміж чытачом і пісьменнікам, добры ўклад у прапаганду светлых літаратурна-мастацкіх памкненняў, шчырая размова пра грамадзянскасць і духоўнасць у мастацтве і літаратуры. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.