Вы тут

З кнігамі — у гімназію Ляхавіч


На Берасцейшчыне заўжды з пашанай ставяцца да беларускай кнігі, да мастацкага слова. Пацверджаннем таму і творчая гадзіна, што прайшла ў гімназіі горада Ляхавічы. На сустрэчу з вучнямі і настаўнікамі прыйшоў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. 


Гімназісты добра падрыхтаваліся да размовы з літаратарам, задавалі даволі шмат пытанняў, іх цікавіла і ўласная творчасць пісьменніка, і тое, якімі творамі вызначаецца сучасная беларуская літаратура. Прыемна ўразіла на сустрэчы добрае веданне навучэнцамі беларускай мовы, роднай літаратуры. 

Алесь Карлюкевіч расказаў пра свае краязнаўчыя кнігі — «Родныя сляды», «Пуцявінамі зорак», «І марам волю дам», пра тыя творчыя абсягі, якія яго цікавяць. На сустрэчы гучалі імёны сучасных паэтаў і празаікаў: Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі, Віктара Шніпа і шмат яшчэ каго. Дарэчы, ураджэнец Ляхавіччыны дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак не аднойчы наведваўся ў гімназію. 

Удзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць і падпісаць аўтографы на розных кнігах пісьменніка. А таксама шэраг выданняў пісьменнік падараваў гімназічнай бібліятэцы, у тым ліку — і кнігі серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі», адно з выданняў рамана народнага пісьменніка Беларусі, ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца «А ён не вярнуўся з бою». 

— Мы лічым, што мастацкая літаратура з’яўляецца часткай творчага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў, — пракаменціравала сустрэчу дырэктар гімназіі Таісія Шыбун. — І вельмі спадзяёмся на падтрымку Саюза пісьменнікаў Беларусі ў арганізацыі розных літаратурных мерапрыемстваў. Асабліва добра было б папрацаваць з гімназістамі малодшых класаў. Яны вельмі чуйна ставяцца да добрых кніг, ведаюць творчасць сучасных дзіцячых пісьменнікаў. 

Была дасягнута дамоўленасць, што ў бліжэйшы час у Ляхавічах пройдуць творчыя сустрэчы з Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Паўлам Гушынцом, іншымі пісьменнікамі, якія актыўна працуюць у галіне дзіцячай літаратуры і з’яўляюцца аўтарамі Выдавецкага дома «Звязда». 

Раман СЭРВАЧ

Фота з сацыяльных сетак Ляхавіцкай гімназіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.