Вы тут

Сезон здабычы торфу стартуе ў Беларусі


Сезон здабычы торфу стартуе ў Беларусі. У бягучым годзе аб’ём здабычы торфу ў краіне плануецца павялічыць у 1,4 разы ў параўнанні з папярэднім годам да 2,3 млн. т. З яго яго будзе выраблена каля 1 млн. т паліўных брыкетаў і тарфяной сушонкі. Што тычыцца тарфяной прадукцыі няпаліўнага прызначэння, то вытворчасць верхавога кіпаванага торфу складзе каля 83 тыс.тон, пажыўных грунтоў — 58, 5 тыс. тон, паведамляе прэс-служба Мінэнерга.


Фота: Мінэнерга

Як расказаў генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка, арганізацыі тарфяной прамысловасці цалкам забяспечаны неабходнымі рэсурсамі да новага сезона — падрыхтавана торфаздабываючая тэхніка, выкананы балотна-падрыхтоўчыя работы на дзеючых тарфяных палях, створаны неабходныя запасы паліва.

Да новага сезона арганізацыі галіны падышлі з добрым зачынам. У мінулым годзе ў рамках праграмы комплекснай мадэрнізацыі тарфяных вытворчасцей на 2021-2025 гады выкананы запланаваныя праекты па абнаўленні вытворчых фондаў тарфяных вытворчасцей, у тым ліку па рэканструкцыі аб’ектаў прамысловай зоны ААТ «Торфапрадпрыемства Дняпроўскае», мадэрнізацыі сістэм абяспыльвання прэсаў і сушылак у філіяле «ТБЗ «Сяргеевіцкае» і ААТ «ТБЗ Дзітва». Поўнасцю завершана рэканструкцыя філіяла «ТБЗ "Сяргеевіцкае" УП "Мінгаз"». Пабудавана 388 га новых плошчаў для здабычы торфу і 2 км вузкакалейных чыгунак для яго транспарціроўкі.

«Арганізацыі тарфяной прамысловасці ў поўным аб’ёме задавальняюць патрэбнасць унутранага рынку ў тарфяной прадукцыі. У 2021 годзе яе пастаўкі спажыўцам рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва краіны выраслі на 15,6% да ўзроўню 2020 года да 845,6 тыс.тон. Нягледзячы на няпростыя знешнеэканамічныя ўмовы, ажыццяўляліся і пастаўкі на экспарт. За мінулы год на замежныя рынкі адгружана 200,4 тыс. тон тарфяной прадукцыі, што на 27,3% перавышае аналагічны паказчык за 2020 год», – адзначылі ў прэс-службе Мінэнерга.

Аляксей Кушнарэнка таксама пракаментаваў, як арганізацыі галіны выбудоўваюць працу ва ўмовах санкцый, у тым ліку закрануў пытанні імпартазамяшчэння.

«У нашай краіне наладжана вытворчасць усёй лінейкі машын і абсталявання для здабычы і перапрацоўкі торфу. Дзякуючы маштабнай падтрымцы галіны кіраўніком дзяржавы, мы сур’ёзна прасунуліся як у развіцці тарфяной прамысловасці, так і ў забеспячэнні яе патрэбаў у тэхніцы айчыннай вытворчасці», — падкрэсліў ён.

Сфарміраваны і пастаянна пашыраюцца міжгаліновыя сувязі, умацоўваюцца кантакты тарфяных заводаў з айчыннымі вытворцамі тэхнікі-МТЗ, МАЗ, МЗОР, «Амкадор», 140 рамонтным заводам, «НВА Цэнтр» НАН Беларусі, якія пастаўляюць сваю прадукцыю для работ па здабычы і перапрацоўцы торфу.

«Дзякуючы сістэмным мерам па імпартазамяшчэнні, якія рэалізуюцца ў краіне ў апошнія гады, сёння мы можам гнутка рэагаваць на сітуацыю, абумоўленую знешнімі абмежаваннямі», — дадаў Аляксей Кушнарэнка.

Па яго словах, адной з пераваг ДВА «Белпалівагаз» з’яўляецца самадастатковасць. У структуру аб’яднання ўваходзяць арганізацыі, якія ажыццяўляюць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, будаўніцтва вытворчай інфраструктуры і непасрэдна здабычу, перапрацоўку і збыт тарфяной прадукцыі.

«Такім чынам, на ўсіх этапах рэалізацыі інвестыцыйных праектаў мы задзейнічаем свае сілы, а таксама тэхніку і абсталяванне, вырабленае на тэрыторыі Беларусі. Беларуская мадэль развіцця тарфяной галіны дэманструе сваю эфектыўнасць», — канстатаваў кіраўнік аб’яднання.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.