Вы тут

Велікодны тэлеэфір


У нядзелю, 24 красавіка, праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з галоўных і светлых свят — Вялікдзень. А ў эфіры беларускіх тэлеканалаў аўдыторыю чакаюць праграмы і паказ дакументальных фільмаў адпаведнай тэматыкі.


Трансляцыю святочнага богаслужэння гледачы Белтэлерадыёкампанii змогуць убачыць на «Беларусь 1».

Тут у велiкодную ноч будзе магчымасць паглядзець прамое ўключэнне са службы ў сталiчным Свята-Духава кафедральным саборы, якую ўзначалiць Мiтрапалiт Мiнскi i Заслаўскi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi Венiамiн. Пачатак 23 красавiка ў 23.45. А ранiцай 24 красавiка ў 6.10 Мiтрапалiт Венiамiн звернецца да вернiкаў са Словам на Уваскрасенне Хрыстова.

На сацыякультурным канале святочны тэлеэфір распачнецца раніцай з праграмы «Размовы пра духоўнае». Пасля ў праекце «Святыні Беларусі» аўдыторыю чакае расповед пра Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску. А вось з чарговага выпуску праграмы «Архітэктура Беларусі» зможам даведацца гісторыю Свята-Мікалаеўскай царквы, якая знаходзіцца ў Кажан-Гарадку Лунінецкага раёна. Пасля абеду разам з камандай праекта «Я хачу гэта ўбачыць» наведаемся ў Жыровіцкі манастыр.

Канал «Культура» ў суботу ноччу пакажа дакументальны фільм «Рускі Вялікдзень у Іерусаліме». Перадвелікодны тыдзень — самы складаны і адказны час для кожнага веруючага. І калі ў Расіі яшчэ снег і халоднае надвор'е, то ў Іерусаліме — сапраўдная вясна. Традыцыйна тысячы вернікаў едуць у гэты перыяд на Святую зямлю, каб апынуцца ў мясцінах, звязаных з імем Ісуса Хрыста і апошнімі яго днямі перад распяццем. Паломнікі маюць адразу шмат задач і таму ўвесь час знаходзяцца ў руху: трэба трапіць на абрад абмывання ног, на хросны ход па Велікодным шляху, на сыходжанне Жыватворнага агню, на абрад вынасу плашчаніцы і, у рэшце рэшт, на сам Вялікдзень. На працягу гэтага тыдня ў душах вернікаў адбываюцца вялікія перамены, а ў іх лёсах — падзеі, якія могуць змяніць усё жыццё.

У нядзелю, 24 красавіка, у праграме «Пешшу...» нам раскажуць пра Новаіерусалімскі манастыр... Гара Фавор, рака Іардан, Гефсіманскі сад, гроб Госпада. Каб убачыць гэтыя мясціны, неабавязкова выпраўляцца далёка. Дастаткова ад'ехаць 40 кіламетраў ад Масквы па Валаамскім шасэ.

Тут у XVІІ стагоддзі быў арганізаваны Новы Іерусалім. Вядучы праграмы Міхаіл Жабрак пазнаёміць аўдыторыю з грандыёзным праектам — Васкрасенскім Новаіерусалімскім манастыром. Патрыярх Нікан на рацэ Істры задумаў стварыць «спісак» Іерусаліма — ландшафтную, архітэктурную і духоўную копіі месца пакут, смерці і ўваскрэсення Хрыста.

Дакументальныя кінастужкі запланаваны для паказу і ў эфіры тэлеканала АНТ. Так, у суботу ўбачым «Шлях Хрыста». ...На працягу двух тысячагоддзяў людзі імкнуліся ўявіць, як выглядаў Ісус, як ён жыў. Ніхто насамрэч не ведае, якімі былі падрабязнасці яго жыцця. «Да 30 гадоў Ісус жыў як звычайны чалавек. Але чаму ніяк сябе не праяўляў? Чаго чакаў? Па іўдзейскіх законах паўналецце наступала ў 13 гадоў. Але духоўна дарослым чалавекам, які мае права вучыць іншых людзей, чалавек лічыцца толькі з трыццаці!.. І ў 30-гадовым узросце Ісус літаральна кідае выклік грамадству. Ён кідае работу, пакідае сям'ю і сыходзіць у пустыню...» — так распавядаюць гісторыю Сына Божага стваральнікі фільма. У стварэнні дакументальнай кінаработы ўзялі ўдзел гісторыкі, паломнікі, археолагі і іншыя людзі, а ў выніку мы, гледачы, зможам убачыць пэўную карціну часу, у
якім адбываліся падзеі, што і да сёння адгукаюцца няпростымі пытаннямі, глыбокім здзіўленнем, галоўнае, шчырай верай у душы кожнага праваслаўнага хрысціяніна.

Не менш, думаю, цікава будзе паглядзець у нядзелю дакументальныя фільмы «Багародзіца. Зямны шлях» і «Вялікдзень». Першы, на дзве серыі, дае магчымасць умоўна скласці ўяўленне аб жыцці Божай Маці. Згадваючы яе жыццеапісанне і аналізуючы некаторыя знакавыя падзеі ў ім, стваральнікі фільма «Багародзіца. Зямны шлях» прапаноўваюць прааналізаваць шэраг пытанняў, якімі задаюцца многія людзі. Якой была гэтая жанчына, пра што марыла і як змагла перажыць здзекі натоўпу над сынам, а пасля прыняць яго смерць?... Чуць адказы, рабіць свае высновы кожны будзе сам. Важна помніць, што Багародзіца ва ўсе часы чуе і засцерагае тых, хто звяртаецца да яе з малітвай. І яе асоба і гісторыя жыцця — гэта непараўнальны прыклад змірэння.

А вось дакументальны фільм «Вялікдзень» раскажа непасрэдна пра само свята, якое ва ўсім свеце чакаюць кожную вясну. Тым часам мы будуем планы і марым пра новыя здзяйсненні, ведаючы, што жыццё можа спыніцца ў любую хвіліну. Аднак рэлігійныя людзі перакананыя: смерць — гэта не канец. Пра гэта нагадвае ўсім нам свята Вялікадня...

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.