Вы тут

Гімн жыццю


...Каяфа старанна паціраў рукі. Не, не як Пілат. Пілат... Гэты чыстаплюй — ісціну хацеу знайсці. Гэтага дзівака з Назарэта хацеў адпусціць. Чыстаплюй. Так. Але больш Пілат баязлівец. Зразумеў, што можа страціць уладу. Улада. Вось — ісціна! Каяфа гэта ведае лепш за законы Машэ. «Каяфа — ты нават лепей за Машэ» — усё мацней и мацней у галаве Каяфы шыпелі парады старадаўняга змея. Машэ. Той вымушаны быў утаймоўваць дзікую сілу натоўпу. А Каяфа — гэтую сілу вельмі зручна накіроўвае на сваю карысць. Гэта Іардан не можа змяніць цячэнне, а Каяфа — можа змяніць гісторыю. Вось хто сапраўдны цар іудзейскі. Гэта я — Каяфа! Больш нікога Каяфа не чуў. Толькі шыпенне старадаўняга змея.


...Каяфа старанна паціраў рукі. Так патрэбна. Так правільна. Закон маем і па законе робім. Гучаў у памяці лямант натоўпу. «Разапні яго, разапні». Распялі. Кропка. Наперадзе — святочная вячэра. Вялікдзень. Такога Вялікадня духоўныя ўладары іудзейскага народа яшчэ не адзначалі. Гэта сапраўдная перамога. Нават і падумаць нельга, як сутракалі таго прастака. Усё, больш не будзе неспадзяванак. Цела ў пячоры, закрытай валуном. А яшчэ і пад аховай. На валуне пячатка. Пячатка ўлады Каяфы. Ісціна... Хітрая ўсмешка павольна з'явілася на твары Каяфы. Наперадзе — Сэдар. З новым сэнсам. Перамогай над Распятым.

...Трызну спраўлялі ў адным з найбагацейшых дамоў Манхэтана. Гэта — смерць Саветаў. Пачатак канца. Цяпер галоўнае — пасеяць больш панікі. Увесь свет павінен лямантаваць аб слабасці Чырвонай імперыі. Нарэшце ўсе забудуць аб Хірасіме і Нагасакі. Чарнобыль — вось тэма нумар адзін. Чаму адбылася аварыя, ці хто калі адкапае ісціну. Тая ісціна пад графітавымі абломкамі. Ісціна — у тым, што наша Амерыка будзе яшчэ больш вялікай.

...Трызну эксперты міжнароднага ўзроўню спраўлялі і па Беларусі. Некаторыя дзяржавы нават надрукавалі палітычныя карты свету, дзе замест назвы Беларусь — белая пляма. Попел Чарнобыля сапраўды шчодра пасыпаў зямлю беларускую. Нібы цукар у чай, сыпаліся радыёнукліды ў Прыпяць, асядалі на самабытнае Палессе, багатыя землі Гомельшчыны... Не абмінула бяда нават самыя аддаленыя мястэчкі Беларусі. Супраць ядавітых аблокаў паўстала авіяцыя, як маглі, збівалі... На тэрыторыі Беларусі. Магілёўшчына. Навала тая прышла з іншай краіны, а засталася ў нас. Хатынь ды Верхнія Жары — аднолькава балюча адгукаюцца ў сэрцы кожнага беларуса гэтыя назвы. Чаму? Кожны трэці загінуў у вайну, трэць нашай тэррыторыі ў той ці іншай ступені закранула чарнобыльская трагедыя. Няўжо тое галгофскі крыж Беларусі?!

Чарнобыль — таксама наша гісторыя. А сама «зона» прыцягвае бы магнітам. Як гіблае месца, дзе жывуць вядзьмаркі, — і страшна, і цікава. Хоць іх не бачыш. Як і радыацыю. Я некалькі разоў быў у «зоне». Шмат цікавых людзей сустракаў. Нават сваім, у той час дзіцячым, сэрцам перажыў гэтую трагедыю. Не раўнадушны, маю права пісаць. Як той казаў, можаш не пісаць — не пішы. Я не магу не пісаць пра Чарнобыль.

Ізноў вайна? Няўжо? Нябачны вораг. Паліў людзей знутры. Раніў у самае сэрца. Насамрэч вайна. З эвакуацыяй, ахвярамі, героямі, злачынцамі. «Бяда» — так самую вядомую тэхнагенную катастрофу і называюць старэйшыя людзі ў тых мясцінах. Бо моладзь пра тыя падзеі ці чула, ці чытала, калі чытае. Цяпер моладзь пра тое даведваецца праз аднайменны фільм. Іншаземны, на жаль.

Пра бяду сёння ў Брагіне, Нароўлі нагадваюць помнікі. З трыма трохвугольнікамі звязанымі паміж сабой у адным крузе. Гэта сімвал радыяцыі. Рыжыя дажджы, лысыя дзеці... І салдаты ў рэспіратарах з рыдлёўкамі супраць цэзію, стронцыю. Нябачнага ворага.

...Кажуць, хтосьці нажыўся на той бядзе. Былі такія? На жаль. Функцыянеры, што прысвойвалі дзяржаўныя грошы на пераадоленне наступстваў, махляры, што прысвойвалі сабе «корачкі» ліквідатараў, а таксама марадзёры, што гандлявалі асабістымі рэчамі, матацыкламі, маторкамі і нават проста дошкамі з траскучым бэкграўндам. Але аб гэтым досыць. Некаторыя аўтаркі, лаўрэаткі, нобелеўкі гэтым брудам запэцкалі ўсю літаратурную прастору. Трэнд нарадзіўся. Смакавалі, як пакутліва паміраюць дзеці Чарнобыля, як прыкра ставіліся да жывых — маўляў, не хацелі ехаць у адным купэ ці сядзець за адной партай... Мо і такое было. Людзі розныя. А мне за маіх землякоў не сорамна. На захадзе Брэстчыны да перасяленцаў ставіліся спагадліва. Хто чым мог, тым і дапамагаў. Неслі адзенне, сала, нават квахтух з яйкамі...

А ў Мінску, абласных гарадах з'яўляліся цэлыя кварталы, у райцэнтрах — дамы для перасяленцаў. У гарадах такіх людзей у шматкватэрныя дамы сялілі цэлымі вёскамі. На вёсцы — шчодра надзядялі самымі ўраджайнымі землямі. То быў час фермерскай моды. На работу таксама ўладкоўвалі на самыя прэстыжныя пасады. Зразумела, улічваючы здольнасці і веды. А ў той час дэфіцытнае тлустае малако пацярпелым выдавалі скрынямі.

А пісалі пра дрэннае: то былі апошнія дні савецкай імперыі. Тады лаяць усё савецкае было модна. А крытыка заўжды больш прыцягальная. А мо і выгадная. Напэўна, Нобель і ўявіць не мог, што яго вялікая ідэя падтрымкі Яе Вялікасці Навукі будзе некалі зняважана да сэнсу 30 срэбранікаў. Даваць будуць не за вынаходніцтва, а за... крытыку. А яшчэ лепей, калі тая крытыка прасоленая слязамі людзей. Па памерлых сынах і мужах, па страчанай бацькаўшчыне... Так, сучаснай палітызаванай літаратуры патрэбен не герой, а слабы чалавек, чалавек, які падпарадкоўваецца сваім жарсцям, чалавек-фобія. Чалавек, які заўжды скідвае з плеч свой галгофскі крыж. Ну, пра гэта ёсць каму пісаць. Я вось аб сапраўдных героях. Пра нашых землякоў, што не схіляюць галаву перад цяжкасцямі. Васіль Ігнаценка — беларус. Ці, лепей сказаць, з нашых мясцін. Сваім целам літаральна засланіў свет ад чарнобыльскага попелу. Вось такія — сапраўдныя савецкія людзі. Пажарныя, акадэмікі, сотні і тысячы ліквідатараў. Чаму аб іх так сціпла пішам, чаму толькі з нагоды згадваем? Чаму іх не запрашаюць на школьныя ўрокі мужнасці? Мо, тады дзеці і моладзь Беларусі была б уражана не галівудскай папсой, а сапраўднымі, нашымі, людзьмі.

Пра герояў сёння не так чытаюць. Калі гэта не героі далёкіх планет. Стоп. Навошта беларусам героі? Беларусы павінны, панура звесіўшы галаву, плесціся на пагост. Менавіта для гэтага і прыдумалі той «Чарнобыльскі шлях». Ды як сімвалічна! У Курапаты. На пагост. Шэсце ў смерць. Ці не пра такую грамаду пытаўся Купала: «А хто там ідзе?». На жывой ране беларусаў, на іх пачуццях рабілі сабе імёны ў літаратуры і палітыцы. У той час з Авальнай залы толькі і было чуваць доўгія стогны пра Чарнобыль. Але ці хто з гэтых гарлапанаў з'ездзіў туды, сустрэўся з людзьмі? Калі і ехалі, то толькі са сваімі прадуктовымі наборамі, што ў пачатку 1990-х атрымаць можна было з чорнага хода. А вось каб прывітацца, паціснуць руку тутэйшым — ЧАРНОБЫЛЬЦАМ — якое! Хутчэй назад — у сталічныя кватэры. Праўда, знайшоўся адзін такі дэпутат. Што ездіў у пацярпелыя раёны не па разнарадцы. Ён і сёння ездзіць туды. Кожную вясну ў канцы красавіка, нават лецішча ўладкаваў на тых землях. Гэта стала ўжо традыцыяй. Таго дэпутата ўся Гомельшчына падтрымала на выбарах прэзідэнта. І заўжды падтрымлівае. Гэта таксама традыцыя. Чаму? Бо ён вярнуў людзям надзею, жыццё на іх родныя землі, на іх бацькаушчыну. Кажуць, менавіта тут упершыню і прагучала: ён — не прэзідэнт, ён — Бацька. Вядома, акрамя яго, так клапатліва ніхто з уладароў ні савецкіх, ні «свядомых» не ставіўся да гэтых земляў і гэтых людзей.

Аб іх успаміналі, калі было патрэбна. Нібыта жабрак, працягнуць руку за заходняй падачкай. Гэта трэба ўцяміць: навіной нумар адзін была любая пашарпаная «хуткая», што спісвалі ў Беларусь «шчодрыя» заморскія спонсары. Разумееце, якую ролю нам адвялі? Ролю дзяржавы спісанага аўтапарка. Паношанае аддзенне, брудныя цацкі. У абмен на нашых дзяцей, якіх вывозілі ў Еўропу. Я думаю, патрыятызму ў адносінах да Беларусі іх там насамрэч не вучылі... Сёння чарнобыльскія раёны дыхаюць на поўныя грудзі.

Апісаць хараство можна. Але лепей з'ездзіць і паглядзець. Дарэчы, на радзіму вяртаюцца людзі з самых спрыяльных умоў. Пакінулі сталічныя кватэры — і дамоў. Таму сёння на гэтых тэрыторыях неабходна ствараць новыя рабочыя месцы. Вось так. А раней жа думалі, што тая зямля ператворыцца ў радыяцыйны запаведнік. А цяпер я раю падлічыць, колькі грошай чарнобыльская навала ўкрала з беларускай дзяржаўнай скарбонкі. Колькі бюджэтаў. Як той казаў, загугліце і запомніце. Дарэчы, варта стварыць тут музей пра тую Катастрофу. Якая не змагла знішчыць, ператварыць у прах нашу Беларусь.

...Каяфа страціў сон і спакой. Тое, што ён чуў, неверагодна. Вядома, яго вучні маглі б што заўгодна прыдумаць, але ж варта!!! Ну, за маўчанне ім заплацілі. Але ж сябе не падманеш. Якую цану даць свайму сумленню, каб яно маўчала? Што такое ісціна?! У вушах звініць: Хрыстос Уваскрос!!!

...Жыццясцвярджальныя словы разам з велікодным звонам трыумфальна разносяцца па ўсёй зямлі беларускага Чарнобыля. Высокія ноты пераходзяць у працяглы старадаўні спеў жанчын з Камарына і Казлоў. Гімн жыццю гучыць і ў мураваных храмах блізкіх райцэнтраў, і ў драўлянай старажытнай царкве ў Вербавічах. Вачамі-вокнамі званіцы яна, як і раней, углядаецца ў будучыню нястрачанай Бацькаўшчыны.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.