Вы тут

У баскетболе разгортваюцца баталіі, хакей наладжвае супрацоўніцтва


Медалі тыдня. У Мінску прайшоў першы этап спаборніцтваў па сучасным пяцібор’і «Кубак Паўла Ляднева». Удзел у турніры прынялі спартсмены з Беларусі і Расіі. Пераможцай у жаночых спаборніцтвах стала Вольга Сілкіна, яна набрала 1438 балаў. Другое і трэцяе месца занялі расіянкі Гульназ Губайдулліна і Яна Салаўёва адпаведна. Беларус Ілья Палазкоў набраў 1529 балаў і стаў сярэбраным прызёрам турніру. Апярэдзіць яго змог толькі Аляксандр Ліфанаў з Расіі (1533 балы). Замкнуў тройку лідараў расіянін Пётр Баршчоў.


Фота - БФСП

Другі этап «Кубка Паўла Ляднёва» пройдзе ў Маскве з 24 па 29 мая. Акрамя зборных Беларусі і Расіі, на турнір будуць запрошаны спартсмены з Казахстана, Узбекістана і Кітая. 

Каманда тыдня. Хакеісты зборнай Беларусі занялі другое месца на таварыскім турніры Liga Stavok St. Petersburg Cup. У группавым этапе беларусы абыгралі расійскую маладзёжную каманду — 3:1. А затым уступілі галоўнай зборнай Расіі з выніка 0:3. У фінале беларуская зборная зноў сустрэлася з нацыянальнай зборнай Расіі. Вынік сустрэчы — 3:2 на карысць гаспадароў. У выніку турніру Нацыянальная зборная Расіі стала першай, беларуская зборная — на другім месцы, расійская маладзёжка — на трэцім. 

Фота - ФХБ

Дакумент тыдня. Федэрацыя хакея Беларусі і Федэрацыя хакея Расіі падпісалі мемарандум аб паглыбленні супрацоўніцтва. Цырымонія падпісання адбылася ў санкт-пецярбургскім спарткомплексе «Юбілейны» перад матчам турніру паміж зборнымі Беларусі і Расіі. У рамках пагаднення плануецца актыўны абмен трэнерскім і метадычным вопытам, арганізацыя семінараў і іншых сумесных мерапрыемстваў.

«Да такога ўзаемадзеяння нас падштурхнулі апошнія падзеі, і нам гэта вельмі важна. Мы падпісалі мемарандум па дзіцячым хакеі, у Беларусі праходзіць семінар “Чырвоная машына”, таму ўпэўнены, што мы будзем развівацца разам. Расія — сусветны лідар, што дасць магчымасць беларускаму хакею зрабіць крок наперад», — сказаў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч.

Старшыня Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Трацяк падкрэсліў, што ў найбліжэйшай будучыні будзе праведзены шэраг сумесных турніраў для ўзаемадзеяння нашых федэрацый. Таксама ў планах — правядзенне агульных семінараў. 

Пазіцыя тыдня. Арына Сабаленка апусцілася на чатыры пазіцыі ў адноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Цяпер яна займае восьмае месца ў сусвтеным рэйтынгу. Дагэтагуль першая ракетка Беларусі на турніры ў Мадрыдзе выбыла ў барацьбы ў першым крузе. Вікторыя Азаранка захоўвае 16-ы радок сусветнага рэйтынгу. Аляксандра Сасновіч — на 50-й пазіцыі. На гэтым тыдні беларускія тэнісістскі выступаюць на турніры ў Рыме. 

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) лепшы з беларусаў Ілья Івашка займае 50-е месца. Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў знаходзіцца на 147-й пазіцыі. 

Інтрыга тыдня. У магілёўскім спорткомплексе «Алімпіец» прайшоў другі матч «залатой» серыі юбілейнага ХХХ чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па баскетболе сярод мужчынскіх каманд. «Цмокі-Мінск» атрымалі перамогу над «Барысфенам» з вынікам 64:59. Каманды сустракаюцца да трох перамог. Дагэтуль 6 мая сталічныя баскетбалісты таксама абыгралі магілёўскіх сапернікаў з вынікам 84:72.

Наступны, магчыма, вырашальны матч паміж камандамі «Цмокі-Мінск» і «Барысфен» адбудзецца 13 мая ў сталічным Палацы спорту. 

Поспех тыдня. Фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па шахматах сярод дзяцей і падлеткаў «Белая ладдзя» завяршыўся ў Мінску. Пераможцам турніру стала каманда мінскай гімназіі № 16, серабро ў прадстаўнікоў сталічнай гімназіі № 6, трэцяе месца занялі юныя шахматысты з брэсцкай сярэдняй школы № 23. У складзе кожнай каманды было па чатыры гульцы ва ўзросце да 14 гадоў. Лепшымі ігракамі прызнаны прадстаўнікі каманды-пераможцы Андрэй Руднеў, Кірыл Пархімчык, Арцём Шыдлоўскі, а таксама Вераніка Абрамкіна з магілёўскай гімназіі № 3.

Плануецца, што пераможцы беларускага турніру ў пачатку чэрвеня накіруюцца на міжнародныя спаборніцтвы «Белая ладдзя» ў Расію, якія пройдуць на ўзбярэжжы Чорнага мора ў Краснадарскім краі. У іх прымуць удзел каля сотні каманд з усіх расійскіх рэгіёнаў, а таксама лепшыя каманды з іншых краін.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.