Вы тут

Цікавосткі Года гістарычнай памяці. Куды і як накіраваць турыстычныя патокі?


Паступова Беларусь прырастае новымі кропкамі, гатовымі прыняць турыстаў. Не маюць патрэбы ў рэкламе айчынныя санаторыі. Дынамічна развіваюцца экалагічны, медыцынскі, прамысловы турызм. Ствараюцца новыя маршруты. Так, да прафсаюзнага турыстычнага форуму «Спадчына Беларусі» было распрацавана больш за дзве сотні маршрутаў. Музеі, цэнтры культуры і творчасці, аграсядзібы, прадпрыемствы і турфірмы прэзентавалі свой патэнцыял і дэманстравалі, як могуць напоўніць падарожжы ўражаннямі — інтэрактыўнымі праграмамі, знаёмствамі, фестывалямі, прадуктамі, зробленымі па традыцыйных і сучасных рэцэптах, майстар-класамі, падарункамі рамеснікаў. Тут жа прэзентаваліся і артэфакты, прывезеныя з розных куткоў Беларусі — факсімільная копія Берасцейскай Бібліі, копія крыжа Ефрасінні Полацкай, паштоўка з вершам Максіма Багдановіча, якая пабывала ў космасе — яе у фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча перадаў ураджэнец Беларусі касманаўт Алег Навіцкі. 


Зборнік паэзіі Коласа. які пабываў у космасе.

Пазнанне праз рэчы і анімацыю

Коласаўскі музей дэманстраваў зборнік вершаў Якуба Коласа, які пабываў у космасе дзякуючы Пятру Клімуку ў 1975 годзе. У Год гістарычнай памяці музеі, бясспрэчна, будуць уплятацца ў экскурсійныя і пазнавальныя праграмы. І сёлета нельга абмінуць літаратурныя ўстановы — краіна святкуе 140-гадовыя юбілеі Коласа і Купалы. Дом Коласа для сваіх гасцей рыхтуе багата сюрпрызаў, бліжэйшыя можна будзе адкрыць у Ноч музеяў — тут будуць дэманстравацца раней невядомыя наведвальнікам фотаздымкі. Таксама на гэты год запланаваны літаратурныя гасцёўні, прэзентацыі кніг, тэатральныя заняткі, майстар-класы, лекцыі з віртуальнай рэальнасцю і фестываль дзіцячай кнігі, арганізаваны сумесна з Выдавецкім домам «Звязда». 

Завітайце на манетны двор XVI стагоддзя ў Полацку.

Таксама сёлета мы будзем адзначаць 1160 гадоў самага старажытнага горада Беларусі. Як паведаміў дырэктар Полацкага фізкультурна-спартыўнага клуба «Прыдзвінне» Аляксей Ванько, горад значна прырос анімацыйнымі праграмамі — госці тут змогуць акунуцца ў розныя гістарычныя эпохі. Напрыклад, падчас праграмы «Манетны двор» можна перанесціся ў ХIV стагоддзе, даведацца пра тое, як жылі рамеснікі, і адчаканіць манету. Ёсць праграма з гістарычнай кухняй ХVІ стагоддзя. А можна завітаць у Дом Друкара, дзе падчас тэатралізаванай праграмы адкрыць, чым жыў горад на мяжы ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, якія эканамічныя, палітычныя, адукацыйныя пытанні абмяркоўвалі яго жыхары, паназіраць, як працаваў друкарскі станок, і нават паўдзельнічаць у вырабе паперы па тагачасных тэхналогіях. Асаблівасць сёлетніх турыстычных праграм Полацка ў тым, што стаўка робіцца на перадачу старажытнай атмасферы. Нават экскурсіі па горадзе могуць праходзіць з элементамі анімацыі — у мясцінах, звязаных з гістарычнымі асобамі, госці змогуць сустрэцца з Францыскам Скарынам ці Сімяонам Полацкім, паназіраць за сцэнкамі з жыцця гараджан, пачынаючы ад даты першай згадкі — 862 года, да сучаснасці. 

Дом друкара.

Вёска запрашае

Сёння ў краіне больш за тры тысячы аграсядзіб. Відаць, мы б не атрымалі такой вялікай лічбы, калі б хаткі ў вёсцы прапаноўвалі толькі начлег і харчаванне. Госці сюды едуць на насычаныя ўражаннямі і адкрыццямі праграмы. Сёння гаспадары сядзіб кааперуюцца з калегамі, супрацоўнічаюць з музычнымі калектывамі і рамеснікамі, фермерамі. Развіваюцца кластары. Менавіта дзякуючы таму, што тут прапанануецца прадуманы турыстычны прадукт, беларускі агратурызм лічыцца адным з лепшых у свеце. Некаторыя сядзібы прыстасаваліся пад прыём вялікіх груп, на канікулах ці на выпускныя, і рэканструкцыю народных свят, да іх пачалі ездзіць аўтобусы са школьнікамі. 

Сярод такіх аграсядзіба Дары Вялеса ў Пухавіцкім раёне. Тут распрацавалі 10 дзіцячых праграм: на Гуканне вясны, Камаедзіцу, Масленіцу і іншыя народныя святы. Для дзетак ладзіцца пазнавальная праграма, майстар-класы па пляценні паясоў і кулінарных сакрэтах, працуе кантактны заапарк. Гаспадары прапануюць уласныя прадукты: сыры, вэнджаніну, хлеб, робяць і «беларускія кіндары» — распісныя пернікі ў выглядзе яйка з сюрпрызам унутры.

У сядзібе Дары Вялеса частуюць разнастайнымі прысмакамі.

Такім чынам раскручваецца беларуская вёска і прывіваецца попыт на народную культуру. Гараджане пачынаюць цікавіцца рамёствамі, абрадамі і традыцыямі. Тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна ў 2020-м годзе набылі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. І сёння ў многіх хатах гаспадыні пякуць хлеб, але ў Доме народных традыцый любы госць можа паўдзельнічаць у прыгатаванні ўласнага бохану.

Рэгіёны прапануюць

Калі каранавірус «затачыў» людзей унутры сваёй краіны, яны пачалі актыўна падарожнічаць па ўласнай зямлі. Натуральна, любы турыст хоча разнастайнасці. Тыя, хто аб’ездзіў ужо раскручаныя турыстычныя аб’екты, гатовы адкрываць новыя маршруты. Таму ва ўсіх рэгіёнах краіны пачаліся актыўныя пошукі новых кропак прыцягнення. Прафсаюзны форум «Спадчына Беларусі» стаў адной з пляцовак для прэзентацый такіх магчымасцяў. 

Так, педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна Ілья Дайнека прэзентаваў водны маршрут выхаднога дня, які пралягае па напалеонаўскіх мясцінах, дзе французскі імператар перапраўляўся праз Бярэзіну. Турысты зазіраюць у Крычанскі сад, вёску Студзёнка, Брылеўскае поле, знаёмяцца з культурнай спадчынай Барысава.

Ілля Дайнека прэзентуе маршрут па Напалеонаўскіх мясцінах.

У Смілавічах можна паглядзець на ажылых герояў партрэтаў Хаіма Суціна. Мастак заўсёды маляваў з натуры. І супрацоўнікі музея «Прастора Хаіма Суціна», які размясціўся ў Цэнтры дзіцячай творчасці, пастараліся знайсці людзей, падобных на тых, якіх сустракаў у сваім жыцці іх знакаміты зямляк, падабраць ім вопратку і прычоскі. Такія праекты сапраўды ўражваюць, музей карыстаецца папулярнасцю. Людзі едуць на радзіму знакамітага творцы, і сёння цяжка паверыць, што яшчэ нядаўна імя нашага земляка, аднаго са знакамітых мастакоў парыжскай школы, чые карціны ў свеце прадаюцца за шалёныя сумы, было малавядомым на радзіме. Дзякуючы такім праектам вырастае пакаленне, якому блізкая творчасць Хаіма Суціна. І гэта не толькі дзеці са Смілавіч, якія таксама пераўвасабляюцца ў герояў з карцін мастака, але і шматлікія юныя госці. Кіраўнік музея «Прастора Хаіма Суціна» Таццяна Хасеневіч паведаміла, што дзеці са Смілавічскага цэнтра творчасці таксама дэманструюць хусткі па эскізах яшчэ аднаго мастака парыжскай школы Шрагі Царфіна. Гэты ўраджэнец Смілавіч у Парыжы ствараў, акрамя карцін, узоры тканін для модных дамоў.

Пошук падыходаў

На лета прафсаюзны тураператар прапануе больш за 200 маршрутаў. Сярод іх ёсць прамысловыя, патрыятычныя, гастранамічныя туры. 

Ужо складзена больш за пяць тысяч дамоў, па якіх працоўныя Беларусі паедуць адкрываць сваю краіну. У будучым плануецца выйсці на лічбу каля мільёна падарожнікаў. Шмат спадзяванняў, што спрацуе ланцуговая рэакцыя: людзі, якія падарожнічалі напачатку са сваім калектывам, у будучым захочуць выправіцца ў вандроўкі самастойна, прыхапіўшы ўласныя сем’і. Спадзяванні на гэта выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда падчас круглага стала, што адбываўся ў межах форуму. Ён упэўнены, што калі чалавек вывучае гісторыю і культуру не з кніг, а з падарожжаў, у яго фарміруюцца асблівыя адносіны да сваёй зямлі. Сёння важна стварыць умовы, каб як мага больш людзей пачалі выбірацца ў такія пазнавальныя вандроўкі. 

Падчас круглага стала абмяркоўваўся турыстычны патэнцыял і праблемы, якія ёсць у галіне. Па-ранейшаму на месцах не хапае кадраў. У абласных цэнтрах часам складана знайсці работніка з веданнем замежных моў на рэсэпшан, менеджараў у бюро падарожжаў і экскурсій. Ёсць цікавыя раёны, куды гатовы паехаць турысты, але часам не хапае экскурсаводаў, гатовых з імі працаваць. Нават там, дзе маюццца ўнікальныя кадры, здольныя працаваць з турыстамі на месцах, немагчыма паставіць працу на паток. Што рабіць, калі ў гарачы сезон у рэгіён жадаюць адначасова прыехаць некалькі груп турыстаў, а пры гэтым там маецца толькі адзін экскурсавод?

Трэба далей паляпшаць інфраструктуру. Справа не толькі ў месцах для начлегу і харчавання, трэба прадумаць, каб на маршруце былі санітарныя прыпынкі, сувенірныя лаўкі. А што рабіць з аб’ектамі, дзе засталіся толькі рэшткі падмуркаў? Не кожны турыст гатовы ехаць глядзець такія мясціны. Хаця прафесійны харызматычны экскурсавод нават такія кропкі зможа падаць, каб уразіць гасцей. 

Пакуль недастаткова ўвагі надаецца археалагічнаму турызму. Так, беларускім гісторыкам удалося адшукаць месца, дзе знаходзілася сядзіба Дастаеўскіх — продкаў сусветнавядомага пісьменніка (звесткі пра род сягаюць у ХV стагоддзе). Падчас раскопак тут былі знойдзены матэрыялы ХVІ—ХVІІ стагоддзя, у тым ліку кафля, геральдычныя элементы, якія пацвярджалі, якому роду належаў будынак. Сядзібу можна было б аднавіць, захаваліся падмуркі, і па іх таксама можна было атрымаць дадатковыя звесткі аб ранейшай пабудове. Была нават ідэя аб узвядзенні дому, але, як кажуць, не зраслося. І тым не менш, турысты былі гатовы ехаць і ў чыстае поле, каб паглядзець на мясціны, звязаныя з родам Дастаеўскіх. І гэта пацвярджае, што такі кірунак турызму, як археалагічны, мае быць, трэба толькі падумаць, як яго падаваць.

Кандыдат гістарычных навук, экскурсавод Дзяніс Філіпчык акрэсліў праблемы, звязаныя з прэзентацыяй у турызме нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Праблема не толькі ў старэнні носьбітаў, але і ў слабай зацікаўленасці турфірм. Адна справа паказаць спажыўцам аб’екты архітэктуры, іншая — падаваць рамёствы, кухню, абрадавае дзеянне. Тут патрэбна шмат часу выдаткаваць на наладжванне зносін з захавальнікамі традыцый, падладзіцца пад іх патрэбы і настрой, выкручвацца, калі носьбіты ў пэўны час не гатовыя прымаць гасцей (з-за хваробы ці ўласных праблем). Напрыклад, каб спячы знакамітую поразаўскую банкуху, трэба 60 яек, і 18 гадзін стаяць ля агню. Зразумела, такі прадукт не паставіш на паток. Не хапае спецыялістаў, гатовых эфектна прэзентаваць нематэрыяльную спадчыну. Сёння актывізаваўся сямейны турызм — але ці даедуць такія госці да носьбітаў спадчыны, калі інфармацыі пра іх няма ні ў інтэрнэце, ні на шыльдах?

Яшчэ адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас круглага стала, датычылася інклюзіўнага турызму. Трэба разумець, што падобныя маршруты варта распрацоўваць не толькі пад людзей з інваліднасцю. Сем’і з каляскамі, састарэлыя, людзі з лішняй вагой таксама маюць патрэбу ў больш камфортных умовах. Насамрэч такія падарожнікі ствараюць даволі прывабны сегмент рынку. Яны засяляюцца на больш працяглы час. Выбіраюцца ў больш нізкі сезон, калі ў гасцініцах і сядзібах няма натоўпаў турыстаў. Калі знаходзяць месцы, дзе ім камфортна, прыязджаюць туды паўторна. Да таго ж людзі з інваліднасцю ў падарожжа выпраўляюцца звычайна не паасобку, а з сябрамі і сваякамі, і таму трэба прадумваць умовы і праграмы, цікавыя любой катэгорыі гасцей.

З 2018 года актыўна развіваецца турызм, звязаны з зонай адсялення і адчужэння. Больш за сотні груп наведала чарнобыльскія тэрыторыі ў Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах. Такія маршруты запатрабаваныя ў замежных турыстаў. Адных цікавіць запаветная прырода, іншых гістарычныя аб’екты, ці дэталі, якія сведчаць пра трагедыю, звязаную з экалагічнай катастрофай.

Сёння распрацоўваюцца ў турызме тэрыторыі былых лагераў ваеннапалонных, дзе можна распавядаць пра пакуль малавядомыя трагедыі часоў Вялікай Айчыннай вайны, што адбываліся на нашай зямлі. Так, у Масюкоўшчыне захаваліся аб’екты Шталага-352, дзякуючы якім можна перадаваць атмасферу падзей вайны: баракі, сталовая, лазня, брукаванка, якую клалі ваеннапалонныя ў 1942 годзе. Музеефікацыя гэтай прасторы не патрабуе вялікіх сродкаў, дзякуючы стэндам з QR-кодамі і распрацаванай віртуальнай экскурсіі наведвальнікі змогуць самастойна вывучаць гісторыю. Тэрыторыю можна выдатна выкарыстоўваць для заняткаў са школьнікамі. Сярод ноу-хау гістарычныя майстэрні, якія ладзяцца ў бліжэйшых школах. Дзеці могуць удзельнічаць у квэстах — адшукваць прадмет, які мог быць звязаны з функцыянаваннем лагера, ці пры дапамозе трафарэтаў ствараць партрэты вязняў, з біяграфіяй якіх яны знаёмяцца. Тэрыторыя шталага можа стаць яшчэ адным з трагічных сімвалаў вайны, і ўваходзіць у адпаведны тэматычны маршрут побач з Трасцянцом, які сведчыць пра месцы масавага знішчэння, Мінскім гета (знаёміць з тэмай Халакоста) і Хатынню, якая з’яўляецца помнікам спаленым вёскам.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.