Вы тут

Лайдакам тут не месца


Беларуская мова вельмі трапная. Вось скажы, напрыклад, «лайдак». І ўсё адразу зразумела. Гэта гучыць амаль як мянушка. Добра нашы продкі прыдумалі, нездарма, адразу зразумела, як працавіты селянін ставіўся да тых, хто лянуецца.


Калі чалавек не паспяваў ці не мог спазнаць якую-небудзь працоўную навуку — дапамогуць. Талакой. Але да лайдакоў стаўленне было адназначнае: не адабралі. Як мова скацілася да табліцы малюнкаў-сінонімаў лайкаў і «калабкоў» з розным настроем, так і некаторыя людзі — да жыцця без працы.

У савецкім час да працы ставіліся нібы да рэлігіі. Ды і самы вядомы лозунг ідэолагі камунізму пазычылі з Бібліі. «Калі хто не хоча працаваць, той і не еш». Зараз увогуле час плагіяту: Ctrl+C у спалучэнні з Ctrl+V стала самай папулярнай маніпуляцыяй. Чалавека старанна адвучваюць ад працы. Кажуць пра індустрыю 5G. Уяўляеце, ІT-слесар трэцяга разраду з МТЗ сядзіць сабе на пляжы ў Анталіі і цоканнем пальцаў клікае робатам, што ставіць ступіцы на трактар «Беларусь». Фантастыка.

Лайдакі — гэта рэчаіснасць. Піца — дадому, праца таксама па камп'ютары. Тут жа і забаўлянкі. Нават спатканне з дзяўчынай анлайн. Вакол — адны лузеры. Замест ведаў і навыкаў — вэбінары. Замест працы як творчага стваральнага працэсу — часовы фрыланс. Нясталыя заробкі. Час ідзе, апетыты растуць, а выніку ніякага.          Спачатку такія лайдакі праціскаюць бацькоўскую канапу, потым, калі ажэняцца — сямейную. Вось адна з прычын скасавання шлюбаў. Ніхто не хоча працаваць. Ні ў літаральным сэнсе, ні над сабой. А потым гэтыя нахлебнікі хаваюцца ад жонак, дзяцей і аліментаў. Самі не працуюць. Але ж судовыя ўстановы працай забяспечваюць. Гэта з'ява сацыялагічная, грамадская, цывілізацыйная. Але ж яшчэ і палітычная. Не працуеш, не плаціш падаткі, а дзяржаўнай падтрымкай карыстаешся. Дарэчы, і грамадства, і сістэма адукацыі ў гэтым таксама вінаватыя. Бацькі песцяць дзяцей, а школа, замест таго каб навучаць іх майстраваць шпакоўні і вышываць крыжыкам, руйнуе гендарныя стэрэатыпы.

І, як казаў адзін няўдалы рэжысёр пратэсту: вы — асобы. А асобы, маўляў, ганьбуюць працай. Затое іудавымі грашыма не ганьбуюць. І ператвараюцца ў лайдакоў, потым — у вечных мастакоў, а там і да жабракоў нядоўга. Жабруюць па інтэрнэце ў пошуках лёгкага хлеба, па сваіх незакрытых гештальтах у пошуках сябе, па іншых краінах у пошуках будучыні. Збіваюцца ў кучы і «калоны». Пятыя «калоны». Незадаволеныя сабой, пачынаюць пратэставаць супраць няўдалага жыцця, а потым — грамадства, краіны, дзяржавы. Калі перамен патрабуюць вашыя сэрцы, то пачынайце з сябе — уладкоўвайцеся на работу.

Раней тое было вельмі складана зрабіць. 1990-я — час звальненняў і скарачэнняў. Цяпер — іншая справа. Цяпер не хапае шмат спецыялістаў. І я не пра рабочыя спецыяльнасці. Пра ўрачоў і настаўнікаў. Усе пайшлі спачатку ў юрысты, пасля — у эканамісты і менеджары. Зусім нядаўна — у айцішнікі. Ну, гэтыя прафесіі ёсць хаця б у службовым пераліку. А блогеры? Усе мараць зарабляць на рэкламе праз ТіkТоk. Хіба што на рэкламе — ніжняй бялізны з AlіExpress. Лепш усё ж у швачкі на беларускія прадпрыемствы. Чалавека старанна адвучваюць ад працы рукамі і галавой.

Скажу сухім і халодным канцылярызмам: «дармаеды» — яны ж грамадзяне. Дарогі, якія вядуць іх у паліклінікі, пабудаваны з падаткаў работнікаў вёсак і гарадоў. І шмат чаго зроблена з дапамогай падаткаў, якія лайдакі не плацяць. Яны толькі ўмеюць крытыкаваць і пратэставаць. Калі не на вуліцы, то у інтэрнэце. Пратэсты патрабуюць калорый і часу. І пакуль яны зарабляюць сабе ганебныя данаты, сапраўдныя людзі праліваюць пот. Пакуль «балотная» тусоўка мінскага разліву пратэставала і цягнула нашу краіну ў дрыгву, мае знаёмыя з вёскі, сціплыя людзі пасля работы ішлі не ў інтэрнэт абурацца, а ў лес ды на поле. Зарабляць грошы на кватэру для сваіх дзяцей.

У той час, калі мая маці на заслужаным адпачынку завіхалася то ў агародзе, то ў садзе, то ў кветніку, суполка лайдакоў мела жаданне знішчыць пабудаваны не імі ўтульны дом — Беларусь. Праца, якая малпу ператварыла ў чалавека, — проста тэорыя, а вось лайдакі без заняткаў насамрэч ператвараюцца ў неўтаймаваных малпаў. Гэта ўжо факт рэчаіснасці.

Я вось аднаго не разумею: хто ж будзе аплачваць старасць сучасным фрылансерам? Ці тым наймітам, якія ў пошуках свабоды ад падаткаў і доўгага рубля кінуліся ў заробкі ў суседнія краіны. За дзяржаўны кошт яны атрымалі свае кампетэнцыі, іх дзеці ходзяць у беларускія дзіцячыя садкі і школы, а яны не цураюцца прыязджаць да нашых урачоў падлячыцца, каб ізноў ехаць і працаваць на эканоміку замежжа. У бацькоўскай хаце не толькі адпачываюць. Яшчэ распранаюцца і працуюць. Але ж тое датычыцца сапраўды ўдзячных дзяцей. А лайдакам тут не месца.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.