Вы тут

Плюсы лічбавай будучыні і бяспекі абмяркоўваюць на лічбавым форуме #GBC


Плюсы лічбавай будучыні і бяспекі абмяркоўваюць эксперты на ІІ Міжнародным лічбавым форуме #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне) у сталіцы. Штучны інтэлект, электронны ўрад, смарт-энергетыка, беспілотныя тэхналогіі, біяметрычная ідэнтыфікацыя... Пра гэтыя і іншыя дасягненні і напрамкі развіцця лічбавізацыі, а таксама неабходнасць стварэння засцярогі ад кібератак і ўплыву на свядомасць чалавека разважалі эксперты на ІІ Міжнародным лічбавым форуме, які праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Дома, на рабоце, у свеце

Лічбавыя тэхналогіі пачынаюць адыгрываць усё большую ролю як у штодзённым жыцці грамадства, так і ў забеспячэнні бяспекі, канкурэнта- і абароназдольнасці дзяржавы, заўважыў Уладзімір ГУСАКОЎ, старшыня прэзідыума НАН Беларусі, які расказаў пра плюсы пераходу да «лічбы».

— Для дзяржавы лічбавыя экасістэмы — гэта мадэрнізацыя эканомікі і вытворчых працэсаў і тэхналагічная незалежнасць. Бізнес атрымлівае ад лічбавізацыі доступ да новай кліенцкай базы і зручныя сэрвісы, інфармацыйную празрыстасць, хуткасць транзакцый і выхад на новыя рыначныя нішы. Для грамадзян лічбавыя працэсы азначаюць спрашчэнне і паскарэнне задавальнення іх патрэб і нівеліроўку тэрытарыяльных бар'ераў пры атрыманні тавараў і паслуг. Сучасныя тавары неўзабаве змогуць друкавацца на 3D-прынтары пад персанальны заказ пакупніка.

Пра тое, што сучасныя інавацыйныя тэхналогіі прымяняюцца ў нашым жыцці не толькі віртуальна, але і рэальна, сведчыць, напрыклад, вопыт БелАЗа: на яго машынах выкарыстоўваюцца электрапрыводы, там працуюць акумулятарныя самазвалы, дзе кіраванне ажыццяўляецца экасістэмай зарадкі з магчымасцю рэкуперацыі. Першы цалкам электрычны кар'ерны самазвал, створаны для рынку, дзе існуе праблема са шкоднымі выкідамі, у трэцім квартале сёлета ўжо будзе выпрабаваны ў рэальных умовах работы.

— Большасць апаратна-праграмных комплексаў на самазвалах — айчыннай ці расійскай вытворчасці. А санкцыйны ціск даў нам час для пошуку новых тэхнічных магчымасцяў. Распрацоўкі ў галіне электронных кампанентаў не спыніліся, а спецыялісты пераарыентаваліся на новыя рынкі збыту, — падкрэсліў Аляксандр БАЦВІННІКАЎ, першы намеснік генеральнага дырэктара па стратэгічным развіцці, інавацыйнай дзейнасці і інфармацыйных тэхналогіях БелАЗа.

«Лічба» робіць жыццё прасцейшым, аднак не адразу — спачатку ідзе няпросты працэс прывыкання да яе. Бадай што самая алічбаваная галіна ў Беларусі — банкаўская, і яна будзе развівацца далей. У прыватнасці, у банкаўскую практыку мяркуецца ўкараніць ІD-карткі і біяметрычныя дакументы. А яшчэ — перавесці сёлета ў электронны выгляд 131 адміністрацыйную працэдуру, а да 2025-га — каля 700.

Ахова кіберпрасторы

Лічбавізацыя многае стварае, аднак многае і разбурае, у прыватнасці, наша ўяўленне аб звыклых рэчах, а нязвыклае робіць неабходным. Хуткасць асваення новых тэхналогій — аснова эканамічнага развіцця, вынікі якога дазваляюць забяспечыць больш высокую якасць жыцця людзей, лічыць Валерый Іваноў, кіраўнік спраў Прэзідэнта, гаворачы пра пераадоленне нашай краінай лічбавага адрыву ад іншых дзяржаў.

Аднак лічбавізацыя яшчэ можа мець шэраг негатыўных наступстваў для культуры і грамадства праз трансфармацыю ладу жыцця, каштоўнасцяў і формаў узаемадзеяння людзей, лічаць эксперты.

— Чалавецтва жыве ва ўмовах трансфармацыі самых базавых і, здавалася б, непахісных асноў палітычнай, эканамічнай і тэхналагічнай светабудовы. Рэальны свет ператвараюць у дадатак да ілюзорнага жыцця па той боку экрана. У выніку чалавек становіцца аб'ектам для маніпуляцый. Нам патрэбныя стратэгіі супрацьстаяння гэтым выклікам і пагрозам, — упэўнены Уладзімір Гусакоў.

Пра кібератакі і неабходнасць іх стрымлівання праз наяўнасць адпаведнай сістэмы засцярогі казаў і Яўген Ліплянін, прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце. Ён падкрэсліў неабходнасць пастаяннага маніторынгу інтэрнэт-прасторы арганізацыямі, якія абслугоўваюць сайты, і прапанаваў стварыць Нацыянальны цэнтр маніторынгу кібербяспекі і рэагавання на кіберінцыдэнты.

А вось у БДУ яшчэ ў 2018-м стварылі савет па лічбавай трансфармацыі ўніверсітэта і пачалі работу ў дадзеным кірунку. Працуе і ўдасканальваецца сістэма «Аналітычнае інфармацыйнае асяроддзе БДУ», якая ўключае ў сябе кіраванне шматлікімі працэсамі: паступлення ва ўніверсітэт, размеркаванне, аператыўны доступ да фінансава-эканамічных паказчыкаў, генерыраванне даходаў ВНУ, планаванне расходаў і іншае, заўважыў Андрэй КАРОЛЬ, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і падкрэсліў важнасць навыку знаходзіць зерне праўды.

— Лічбавізацыя — гэта стэрэапрацэс. Хуткасцяў становіцца ўсё больш — чалавецтва развіваецца з хуткасцю 16 тысяч чалавек у гадзіну. І гэта адбіваецца і на аб'ёмах інфармацыі, і на недахопе часу, і на тым, што чалавек не паспявае за зменамі. Таму працэс лічбавізацыі запатрабаваны для супрацьдзеяння маніпуляцыям асобай з боку знешняга асяроддзя, што мы сёння масава і назіраем. І гэта задача ў тым ліку такіх кагнітыўных інфармацыйных тэхналогій. Для гэтага мы ствараем на аснове змененых планаў па лічбавізацыі ўніверсітэта ствараем свае аналітычныя экспертныя клубы, у тым ліку сярод студэнтаў.

Зямны шар фактычна звузіўся да памераў працягнутай далоні, у якую змяшчаецца смартфон ці іншая прылада доступу да інфармацыі. А ўмовы ўзаемазвязанага свету дыктуюць новыя фарматы кааперацыі і ўзаемадзеяння не толькі дзяржавы, бізнесу і грамадзян, але і краін у цэлым.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?