Вы тут

Вішынг, фішынг, грумінг...


Імклівае развіццё лічбавых тэхналогій, рэзкае павелічэнне колькасці электронных паслуг, што аказваюцца насельніцтву, а таксама адсутнасць у значнай колькасці людзей, асабліва сталага ўзросту, пенсіянераў, базавых навыкаў аховы асабістай інфармацыі ў інтэрнэце прывялі да ўстойлівага росту колькасці кіберзлачынстваў у Беларусі. На жаль, сёння большасць грамадзян недастаткова інфармавана аб методыцы дзеянняў кіберзлачынцаў, фармальна ставяцца да аховы ўласнай інфармацыі, персанальных даных, а такім чынам — маёмасці.


— Так, калі ў 2017 годзе ў Мінскай вобласці кіберзлачынстваў было здзейснена 396, то ў 2021-м — ужо 2199. Але дзякуючы прафілактычнай рабоце праваахоўнікаў і павышэнню лічбавай адукаванасці насельніцтва негатыўныя тэндэнцыі ўдалося збіць: калі за 4 месяцы 2021 года зарэгістравана 1014 злачынстваў, то ў сёлета за той жа перыяд — 573, — распавёў начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Мінаблвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Грыцук. — Праблема кіберзлачыннасці па-ранейшаму застаецца актуальнай, — дадаў ён.

Аляксандр Грыцук паведаміў, што ахвярамі ашуканцаў сёння становяцца не толькі людзі, якія абыходзяцца з тэхнікай на даволі слабым узроўні, але і тыя, хто, можна сказаць, падкаваны ў дадзенай тэме.

— Для нашай краіны ў асноўным актуальны вішынг — гэта калі зламыснік, выкарыстоўваючы тэлефонную сувязь, выдае сябе за супрацоўніка банка і падманам прымушае чалавека паведаміць яму рэквізіты рахункаў з мэтай выкрасці сродкі. Як толькі вы чуеце, што вам тэлефануюць з банка, — адразу кладзіце трубку. Супрацоўнікі банка не тэлефануюць кліентам па тэлефоне. Таксама асабліва папулярны стаў фішынг — гэта, калі практычна цалкам капіруецца афіцыйны сайт якога-небудзь рэсурсу і перадаецца ахвяры з мэтай уводу банкаўскіх рэквізітаў. Адрознівацца могуць толькі адна літара або лічба ў спасылцы. Асабліва часта такую схему выкарыстоўваюць ашуканцы з гандлёвай інтэрнэт-пляцоўкі Kufar. Там прапануюць з чата сайта перайсці ў які-небудзь месенджар, нібыта для зручнасці, і кідаюць туды спасылку падробленай старонкі банка. Парада — майце зносіны з прадаўцамі і пакупнікамі толькі праз афіцыйны чат сайта, паколькі ён абаронены. Не пераходзьце па спасылках, якія вам падаюць трэція асобы, — падкрэсліў Аляксандр Грыцук.

Таксама спецыяліст распавёў, як забяспечыць бяспеку дзяцей у інтэрнэце і прадухіліць іх уцягванне ў злачынную дзейнасць.

«Важна вучыць дзяцей лічбавай гігіене і распавядаць ім аб правілах паводзін і зносін у інтэрнэце. Паколькі часам пошук гульняў, жаданне паглядзець фільмы або мультфільмы можа прывесці на сайты з кантэнтам „18+“. У сувязі з гэтым бацькам неабходна абмяжоўваць дзяцей ад непатрэбнай інфармацыі, праводзіць з імі даверлівыя гутаркі, тлумачыць, што нельга дзяліцца асабістай інфармацыяй з незнаёмымі людзьмі, а тым больш адпраўляць свае фатаграфіі. МУС, у сваю чаргу, таксама бярэ актыўны ўдзел у такім інфармаванні, напрыклад, з 23 мая да 1 чэрвеня праводзіць дэкаду кібербяспекі», — распавёў спецыяліст.

Паводле яго слоў, асноўнымі пагрозамі для дзяцей цяпер выступаюць грумінг — заваёўванне даверу даросламу ў дзіцяці з мэтай яго сексуальнай эксплуатацыі, кібербулінг — цкаванне карыстальнікаў праз сацыяльныя сеткі, форумы, анлайн-гульні і месенджары, а таксама так званыя групы смерці ў сацыяльных сетках.

Кажучы аб прыкметах, з дапамогай якіх можна вызначыць наяўнасць праблем у дзіцяці ў інтэрнэце, Аляксандр Грыцук вылучыў частыя перапады настрою, змяненне манеры карыстання гаджэтамі, рэзкае павелічэнне або памяншэнне колькасці сяброў у сацыяльных сетках і выдаленне сваіх акаўнтаў. Таксама, на яго думку, бацькам важна маніторыць старонку дзіцяці, наяўнасць абразлівых каментароў і тыя карцінкі, якія ён посціць.

«Выклікае занепакоенасць і кіберзлачыннасць сярод сучасных падлеткаў. Часцяком яны становяцца абнаяўшчыкамі альбо закладчыкамі, таму што іх прыцягваюць лёгкія грошы і хуткі заробак. Паводле статыстыкі, за апошнія чатыры месяцы 8 непаўналетніх прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за такую дзейнасць. Акрамя таго, дзеці цяпер займаюцца сватынгам — гэта загадзя лжывы выклік міліцыі, аварыйна-выратавальных і іншых службаў. Такія выклікі і паведамленні дзарганізуюць нармальную работу транспарту, спецслужбаў, прадпрыемстваў і дзяржаўных устаноў, наносіцца істотная эканамічная шкода. Таксама інфармацыя аб ілжывых выбухах, падпалах і іншых дзеяннях можа пасеяць паніку сярод насельніцтва. Важна адзначыць, што адказнасць за такое злачынства пачынаецца з 14 гадоў».

Каб прадухіліць выпадкі спажывання дзецьмі непатрэбнай інфармацыі, спецыяліст параіў карыстацца функцыяй «бацькоўскі кантроль», якая даступная для ўсіх гаджэтаў.

«Важна памятаць: ведаць і шпіёніць — зусім розныя паняцці. Дзіця мае права на недатыкальнасць асабістай перапіскі, але дадаць яго ў сябры ў сацыяльных сетках і падтрымліваць зносіны на прасторах інтэрнэту можна», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Грыцук.

Пра тое, якая работа праводзіцца па выяўленні кіберзлачынцаў, пра колькасць распачатых спраў распавёў начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў следчага ўпраўлення УСК па Мінскай вобласці, падпалкоўнік міліцыі Ігар Дамарацкі. Прадстаўнік Следчага камітэта асобна спыніўся на іншых спосабах крадзяжу грошай у інтэрнэце з выкарыстаннем папулярных у Беларусі гандлёвых пляцовак і ў сацыяльных сетках.

— Ключавым фактарам, што спрыяе здзяйсненню махлярства гэтага віду, з’яўляецца бестурботнасць і залішняя даверлівасць грамадзян, — растлумачыў Ігар Дамарацкі.

Ігар Дамарацкі таксама паведаміў, што сёння, у пагоні за лёгкім заробкам, непаўналетніх спрабуюць прыцягнуць да работы закладчыкаў шляхам вярбоўкі праз сацыяльныя сеткі.

— Справы аб кіберзлачынствах расследуюцца доўга, бо часта многія фігуранты крымінальнай справы і арганізатары знаходзяцца за мяжой. У такім выпадку мы накіроўваем запыт у краіны. Напрыклад, цяпер вядзецца крымінальная справа ў адрас 21-гадовага жыхара горада Жодзіна, які ў сетцы прыцягнуў людзей, што валодаюць навыкамі праграмавання, а таксама 500 воркераў, якія прапаноўвалі ахвярам што-небудзь купіць альбо выканаць паслугі. Пад яго кіраўніцтвам было створана больш за 50 фішынгавых сайтаў, якія выкарыстоўваліся для падману пацярпелых, і 20 сродкаў электроннага плацяжу, у асноўным па-за тэрыторыяй Беларусі. Усе пацярпелыя — грамадзяне Расіі і Казахстана.

Для пошуку такіх злачынцаў Следчы камітэт стварыў сістэму «СЛЕД», якая дапамагае ўстанавіць факты ўчыненых злачынстваў і выявіць зламысніка.

Спецыяліст адзначыў, што, у параўнанні з 2020 годам, у 2021-м назіралася значнае зніжэнне кіберзлачыннасці па Мінскай вобласці. Было распачата больш за 2 тысячы крымінальных спраў па артыкуле 212 КК РБ. У выніку такіх злачынстваў грамадзянам і жыхарам Мінскай вобласці быў нанесены матэрыяльны ўрон на суму больш за 3 мільёны беларускіх рублёў. Сёлета за чатыры месяцы следчымі Мінскай вобласці распачата 577 крымінальных спраў, з якіх 495 праходзяць па артыкуле 212 КК РБ. У асноўным такія злачынствы здзяйсняліся з дапамогай метадаў фішынгу, вішынгу, а таксама фіксаваліся выпадкі тэлефонных махлярстваў.

«У расследаванні крымінальных спраў у сферы кіберзлачыннасці абавязкова выкарыстоўваецца лічбавая інфармацыя аб нумарах тэлефонаў, электронных поштах і кашальках, якімі карысталіся зламыснікі для здзяйснення злачынстваў. У сувязі з гэтым Следчым камітэтам была распрацавана аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма „След“. Дадзеную сістэму пастаянна ўдасканальваюць і ўкараняюць у службовую дзейнасць менавіта нашы следчыя. Туды ўносяцца ўсе зафіксаваныя электронныя і лічбавыя сляды, што дапамагае ўстанаўліваць мноства фактаў учыненых злачынстваў, а таксама знаходзіць злачынцаў і прыцягваць іх да крымінальнай адказнасці», — распавёў Ігар Дамарацкі.

На яго думку, асноўная прычына узнікнення крымінальных спраў — недастатковая лічбавая і камп’ютарная адукаванасць насельніцтва. «Мы пастаянна выступаем у працоўных калектывах, звяртаемся з інфармацыйнымі пісьмамі ў арганізацыі па месцах работы нашых пацярпелых, праводзім круглыя сталы, аднак без павышэння ўзроўню асабістай адказнасці нашых грамадзян супрацьстаяць такім злачынствам праваахоўным органам досыць праблематычна», — падсумаваў следчы

Больш падрабязна на тэлефонных махлярствах спыніўся старшы оперупаўнаважаны аддзела па раскрыцці разбояў, рабаванняў і іншых злачынстваў супраць уласнасці ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Мінскага аблвыканкама, маёр міліцыі Сяргей Горбач.

— У апошні час пачасціліся выпадкі, калі ашуканцы тэлефануюць на хатнія тэлефоны пажылым людзям, прадстаўляюцца сваякамі, паведамляюць, што трапілі ў аварыю, ад асобы «следчага» просяць перадаць кур’еру альбо перавесці на рахунак буйную суму грошай для пагашэння шкоды, — растлумачыў Сяргей Горбач.

Як правіла, усё гэта суправаджаецца крыкамі, плачам, староннімі гукамі на заднім фоне. Таксама махляр робіць усё, каб ахвяра заставалася на лініі, каб рэальны сваяк не змог датэлефанавацца.

— Цяжка заставацца спакойнымі, калі вам кажуць, што блізкія трапілі ў бяду. Зламыснікі дзейнічаюць прафесійна, выкарыстоўваючы розныя псіхалагічныя прыёмы, яны не даюць магчымасці пакласці трубку і стэлефанавацца з роднымі. Таму пры паступленні падобных званкоў трэба спыніць размову, патэлефанаваць сваяку, які нібыта трапіў у ДТЗ, і паведаміць пра званок ў міліцыю. Бо праваахоўнікі ніколі не будуць патрабаваць ад вас грошы за спыненне крымінальнай справы, — адзначыў маёр міліцыі.

— Што датычыцца раскрыцця такіх злачынстваў, то схема тут досыць складаная, як правіла, арганізатары злачынстваў знаходзяцца за межамі краіны, — дадаў афіцэр.

Забяспечыць бяспеку ў сетцы — пытанне нумар 1. Рост і развіццё разнастайных спосабаў узаемадзеяння з кіберпрасторай справакавалі павелічэнне колькасці інтэрнэт-злачынстваў рознага характару. Яны ж, у сваю чаргу, сталі наступствам слабога інфармавання насельніцтва аб сучасных ашуканскіх схемах. А іх на сённяшні дзень нямала.

Фішынг, вішынг, анлайн-крэдыты, рознага роду махінацыі ў сферы крыптавалюты — усё гэта толькі некаторая частка кібератак, якім падвяргаліся беларусы за апошні год.

Неабходна быць вельмі асцярожнымі ў прадастаўленні асабістай інфармацыі ў сацыяльных сетках. Непажадана выкладваць падрабязную інфармацыю пра сябе і сваіх блізкіх, уключаючы нумары тэлефонаў, адрасы. Асабліва ўстрымайцеся ад абмену якімі-небудзь інтымнымі данымі.

Акрамя таго, выкарыстоўваючы для ўваходу на свой рахунак іншую прыладу, сярод якіх рабочы камп’ютар, тэлефон і гэтак далей, паклапаціцеся аб тым, каб цалкам выдаліць інфармацыю аб доступе ў рахунак, уключаючы захаваныя паролі, лагін, пошту, электронны ключ доступу і г.д.

Кібератакам у апошні час сталі падвяргацца не толькі фізічныя асобы, але і прадпрыемствы, калі зламыснікі, завалодаўшы паштовымі звесткамі, з падробленых, але дзіўна падобных і, здавалася б, знаёмых для ахвяры адрасоў, адпраўляюць рэквізіты для фінансавага разліку. Па даных УУС, нядаўна адно з прадпрыемстваў Мінскай вобласці падобным чынам пазбавілася сумы ў памеры больш за 100 тысяч рублёў. На шчасце, адзін з удзельнікаў злачыннай схемы ўжо затрыманы і вядзецца следства.

Важнай тэмай з’яўляецца бяспека дзяцей у інтэрнэце. Цяпер у МУС праводзіцца адпаведны інфармацыйны тыдзень пад назвай «Кібердзеці».

Узрост карыстальнікаў сеткі настолькі знізіўся, што нават дзеці дашкольнага ўзросту ўжо маюць асабістыя акаўнты і валодаюць тэхнікай лепш за многіх дарослых. У сувязі з гэтым узраслі і выпадкі кіберзлачынстваў у адрас непаўналетніх. Сярод іх: уцягванне шляхам перапісак з псіхалагічным ціскам у выраб дзіцячай парнаграфіі, групы смерці, а таксама пераход па спасылках са шкоднасным кантэнтам.

Ва УУС раяць устанаўліваць на гаджэты дзіцяці функцыю бацькоўскага кантролю, а таксама праводзіць даверныя і інфармацыйныя гутаркі на тэму бяспекі ў інтэрнэце, сачыць за псіхалагічным станам дзіцяці, каб выявіць выпадкі кібербулінгу, грумінгу, секстынгу.

Падводзячы вынікі, праваахоўнікі параілі ўсім быць пільнымі і пераправяраць любую інфармацыю, каб не трапляць у сеткі ашуканцаў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.