Вы тут

У даўгу не застанёмся. Лукашэнка аб інтарэсах Беларусі ў Індыі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамочным паслом Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алокам Ранджан Джа. 


Беларускі лідар падзякаваў Паслу Індыі за аккуратную і ўзважаную палітыку і пазіцыю асабліва, якую Індыя займае цяпер у адносінах да нашай краіны. «Я не скажу, што ўсё абсалютна ўрэгулявана, што ў нас няма ніякіх праблем. Але я спадзяюся, што праблемы, якія існуюць у нашых узаемаадносінах, вырашальныя. Не для каго не будзе сакрэтам, калі я скажу, што Індыя з’яўляецца найважнейшым партнёрам у Азіі», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што падмурак шчыльнага супрацоўніцтва Беларусі і Індыі ляжыць у гісторыі, асабліва савецкага часу. У Савецкім Саюзе заўсёды аддавалі прыярытэт супрацоўніцтву з Індыяй. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэты фундамент дазваляе краінам і сёння будаваць добрыя адносіны і ў галіне палітыкі, і ў галіне эканомікі.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што сёлета Індыі як сучаснай незалежнай дзяржаве спаўняецца 75 гадоў, 30 Беларусь супрацоўнічае з Індыяй як суверэнная і незалежная дзяржава. Прэзідэнт пажадаў вялікаму, вялізнаму, працавітаму і таленавітаму індыйскаму народу працвітання.

«Як гісторык я абсалютна перакананы ў тым, (і гэта мы з вамі ўбачым хуткім часам), што ўся планета будзе развівацца, арыентуючыся на тую частку Азіі, у якой размешчана Індыя. Вялікі Кітай, вялізная Індыя, якая вельмі перспектыўна і дынамічна развіваецца, — яны будуць дыктаваць моду ў будучыні для ўсяго свету. Мы вітаем такую будучыню планеты і, натуральна, хацелі б знайсці сваё месца ў росце індыйскай эканомікі, хацелі б мець падтрымку індыйскай дзяржавы на ўсіх узроўнях. У даўгу не застанемся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Алок Ранджан Джа падзякаваў беларускаму Прэзідэнту за сустрэчу і за добрыя словы. «Вы кажаце, што Індыя з’яўляецца важным партнёрам Беларусі, дазвольце вас запэўніць, што для нас Беларусь у гэтым рэгіёне — адзін з найважнейшых партнёраў. Як я ўжо казаў не раз, сустракаючыся з прадстаўнікамі беларускай улады, адносіны паміж Беларуссю і Індыяй не залежаць ад адносін паміж Індыяй і іншымі партнёрамі і іншымі дзяржавамі. Як і Беларусь, Індыя праходзіць вельмі важную фазу развіцця, і для Індыі будзе гонарам сумесна з Беларуссю рухацца у гэтым кірунку прайсці гэты шлях эканамічнага развіцця», — падкрэсліў Пасол. 
У тэму

Нашы адносіны працягваюцца

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Алок Ранджан Джа сустрэўся з журналістамі. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, не з’яўляюцца сур’ёзнымі бар’ерамі для беларуска-індыйскіх адносін. 

«Мы працягваем працаваць з Рэспублікай Беларусь, і мы згодныя з тым, што санкцыі ўяўляюць для нас нейкія складанасці, але няма невырашальных праблем. І чым хутчэй гэтыя санкцыі будуць знятыя, тым лепш. Аднак нашы адносіны працягваюцца, працягваем падтрымліваць камерцыйныя адносіны, працягвае працаваць бізнес. Мы працягваем работу над тым, каб знайсці шляхі вырашэння бягучых праблем. У першую чаргу гэта праблемы лагістыкі і праблемы плацяжоў. Але, я думаю, вельмі хутка мы знойдзем рашэнне». — сказаў ён. 

Пасол расказаў, што ў Індыі ёсць планы і далей развіваць адносіны з Рэспублікай Беларусь. Яны ўжо шматбаковыя, моцныя. Ён звярнуў увагу, што гэтыя адносіны не залежаць ад таго, якія адносіны Індыя і Беларусь наладжваюць са сваімі астатнімі партнёрамі. 

Дыпламатычныя адносіны паміж Індыяй і Беларуссю ўстаноўлены 17 красавіка 1992 г. З 1992 г ў Мінску працуе пасольства Індыі, а беларускае пасольства адкрылася ў Нью-Дэлі ў 1998 годзе. Паміж дзвюма краінамі дасягнуты высокі ўзровень палітычных сувязей. Аляксандр Лукашэнка тройчы наведваў Індыю з дзяржаўнымі візітамі — у 1997, 2007 і 2017 гадах. 

Індыя — адзін з найбуйнейшых і перспектыўных гандлёвых партнёраў Беларусі ў Паўднёвай Азіі. У 2021 годзе аб’ём тавараабароту склаў 566,6 млн. долараў ЗША (98,4 працэнта да ўзроўню 2020 года), у тым ліку экспарт — 375,8 млн. долараў (93 працэнты), імпарт — 190,3 млн. долараў (111 ,1 працэнта). У Індыю экспартуюцца калійныя ўгнаенні, сельгастэхніка, запчасткі да кар’ерных самазвалаў, матэрыялы кордныя, шкловалакно, прадукцыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, ніткі сінтэтычныя, джгут сінтэтычных ніцей і іншая прадукцыя нафтахімічнага комплексу.

Асноўнымі артыкуламі імпарту з’яўляліся лекавыя сродкі, спецыфічныя тавары, морапрадукты, злучэнні гетэрацыклічныя, абсталяванне для апрацоўкі тэкстыльных матэрыялаў, ніткі комплексныя, керамічная плітка, рыс, арахіс, вінаград, агародніна кансерваваная.

Паслядоўна прасоўваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. У Беларусі рэалізуюцца тры фармацэўтычныя інвестпраекты з удзелам індыйскага боку. Развіваецца супрацоўніцтва ў галіне нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі.

Дынамічна развіваецца супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Колькасць індыйскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ, у прыватнасці па медыцынскім профілі, з кожным годам расце. У 2020/2021 навучальным годзе ў ВНУ Беларусі на платнай аснове навучаліся 888 індыйскіх грамадзян.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.