Вы тут

Іван Эйсмант: У Беларусі трэба ствараць суверэнны інтэрнэт


Напрыканцы вясны медыйная супольнасць Беларусі і прыхільнікі айчынных СМІ сталі сведкамі грандыёзнага свята прафесіяналізму. Пасля даволі вялікага перапынку да нас вярнулася «Тэлевяршыня». Арганізатарам цырымоніі ўзнагароджання ў гэтым годзе стала Белтэлерадыёкампанія. Мы сустрэліся з яе старшынёй Іванам Міхайлавічам Эйсмантам, папрасілі прыадкрыць заслону тэлевізійнай кухні, падзяліцца сваімі думкамі наконт сучаснасці і будучыні нашай журналістыкі, а таксама пракаментаваць прычыны і наступствы санкцый, якія нядаўна былі ўведзены супраць Белтэлерадыёкампаніі.


— Іван Міхайлавіч, чаму 14-я прэмія прафесійнага майстэрства «Тэлевяршыня» для медыйнай супольнасці нашай краіны аказалася асаблівай?

— Тут, безумоўна, шмат прычын. За 4 гады з правядзення апошняй «Тэлевяршыні» змянілася наша рэчаіснасць, усе мы засумавалі па такіх святочных сустрэчах. Але адна з асноўных, на мой погляд, гэта тое, што мы — супрацоўнікі розных тэлеканалаў — пачалі больш цаніць адзін аднаго, нягледзячы на канкурэнцыю. У гэтым нам дапамог 2020 год. Сфарміравалася сапраўдная каманда кіраўнікоў тэлеканалаў. Ёсць прынцыповыя рэчы, якія мы не хаваем адзін ад аднаго, а, наадварот, абмяркоўваем. Ну, і, канешне, вялікая паўза. Для многіх супрацоўнікаў медыясферы такое мерапрыемства ў жыцці ўпершыню. Ды і час сённяшні: вакол так многа негатыву, а тут свята, адзнака работы, шчырыя словы ўдзячнасці.

— Які сэнс сёння закладзены ў гэтае свята? І што мы, дзякуючы «Тэлевяршыні», дэманструем нашым апанентам?

— Цырымоніі ўзнагароджання найлепшых ёсць амаль ва ўсіх сферах. Яны дапамагаюць гуртаваць камандны дух, а дзесьці і падганяюць канкурэнтаў працаваць лепш і больш якасна. Усім прыемна, калі іх работу заўважаюць і адзначаюць. Гэта чалавечыя і сутнасць, і матывацыя. Нашым апанентам, асабліва тым, хто пайшоў з тэлебачання (а многія не проста пайшлі — баязліва збеглі), мы паказалі, што нічога не змянілася, на мой погляд, стала лепш. Прыйшлі новыя людзі, з'явіліся новыя праекты. У пэўным сэнсе гэты рух адбыўся і дзякуючы тым, хто вызваліў месца работы. Аказалася, што ў нас вельмі многа разумных, прыгожых, маладых людзей са сваёй прадзяржаўнай пазіцыяй, якую яны смела трансліруюць.

— Хто гэтыя людзі? І чыя работа ў інфармацыйнай прасторы вам асабіста імпануе?

— Безумоўна, гэта чацвёрка, якая атрымала прызы «Тэлевяршыні». Грыша Азаронак, Марыя Пятрашка, Ксенія Лебедзева, Ігар Тур. Гэта, канешне, топ-4 самых яркіх журналістаў-аўтараў. Асабіста я памятаю, як да сваёй дзейнасці прыйшлі Ксенія і Марыя. Добра памятаю, як 17 жніўня 2020 года, падчас сустрэчы з калектывам, Ксенія адкрыта задавала мне пытанні наконт той сітуацыі, якая складвалася ў нашай краіне. Менавіта тады яна прыняла рашэнне паехаць на «Жаночыя маршы», да завадчан. Убачыла ўсё на свае вочы. Ну, а далей, ужо мы з вамі ўсё бачылі ў эфіры. Падобная сітуацыя адбылася і з Грышам Азаронкам, які ў сваіх першых палітычных рэпартажах выказаў думку: «Паглядзіце, не ўсё так адназначна!» Пасля гэтага ён быў проста знічтожаны іншым бокам. І гэтым яны ў эфіры абудзілі звера. Так адрэагаваў Грыша — сціплы, талерантны, адукаваны, веруючы чалавек!

Акрамя гэтай чацвёркі, падрастае многа маладых, таленавітых журналістаў і ў сталіцы, і ў рэгіёнах. Самае галоўнае, каб яны ўмелі разважаць, супастаўляць, аналізаваць розныя пункты гледжання.

— Шмат намінацый было прадстаўлена на «Тэлевяршыні». Якая з іх была самай яркай, а можа, якой не ставала?

— Гэтым разам у прысуджэнні галоўных прызоў у намінацыях мы вырашылі ісці не ад інтарэсаў тэлеканалаў, як гэта было раней, а ад аўтараў і іх работ. Па сутнасці, менавіта дзейнасць людзей падказала, якіх намінацый не хапала 4 гады таму. Так пашырыліся інтэрнэт і ТБ-блогеры, аўтарская журналістыка. Менавіта так з'явілася намінацыя «Адзіным фронтам». Гэта была работа калектыву журналістаў розных тэлеканалаў, спалучаная з рызыкай для жыцця і здароўя. Усе памятаюць няпростую сітуацыю з мігрантамі на беларуска-польскай граніцы. Мы зыходзілі з рэалій. Здаецца, ахапілі ўсё. Але ж, на мой асабісты погляд, больш увагі трэба ўдзяліць дакументалістыцы. Створана шмат добрых работ на самыя актуальныя тэмы, у тым ліку і ў рэгіёнах.

— Якія канцэптуальныя і тэхнічныя новаўвядзенні ваша каманда ажыццявіла ў гэтым праекце?

— Па-першае, гэта новая пляцоўка. Мы, тэлевізіёншчыкі, кожны раз заганялі сябе не ў свае дэкарацыі. Праводзілі цырымонію то ў Філармоніі, то ў Палацы Рэспублікі. Але ж гэтыя лакацыі прызначаны для іншых рэчаў. Мы абралі спартыўную пляцоўку, якая лёгка трансфармуецца і пераўтвараецца ў здымачны павільён. Уявіце, як цудоўна для супрацоўніка тэлебачання аказацца ў такіх умовах. Гэта ж сваё, роднае! У аснове задумкі самой цырымоніі — лёгкасць і мінімалізм. Гэта бенефіс людзей, якія атрымлівалі статуэтку. Асаблівую ўвагу ўдзялілі героям, якія ўручалі статуэткі. На сцэну выходзіў і машыніст электрацягніка мінскага метро, і заслужаны настаўнік Беларусі. Дарэчы, працавала над праектам каманда, якая здымала «Х-фактар».

— «Клуб рэдактараў» атрымаў галоўную ўзнагароду конкурсу. Калі бачыш вашы праграмы, ёсць адчуванне, што за сталом прысутнічаюць аднадумцы, сярод якіх татальнае ўзаемапаразуменне і аніякай канкурэнцыі. Ці так гэта на самай справе? І ці патрэбна вам, кіраўнікам, сёння канкурэнцыя?

— Канешне, канкурэнцыя патрэбна. Не раз гучалі прапановы аб'яднаць усе вядучыя тэлеканалы краіны і стварыць адзіны медыяхолдынг. На мой погляд, гэтага не трэба рабіць. Трэба даваць магчымасць розным калектывам па-свойму праяўляць сябе. Любы якасны праект матывуе на стварэнне больш лепшага. Калісьці АНТ славілася буйнымі забаўляльнымі праектамі. Мы ў Белтэлерадыёкампаніі гэта бачылі, і нам таксама хацелася стварыць штосьці падобнае. І вось, нарэшце, мы зрабілі «Х-фактар». Сёння такая творчая канкурэнцыя патрэбна, і яна не перашкаджае нам разам не толькі супрацьстаяць выклікам, але і самім атакаваць. Акрамя таго, разам з кіраўнікамі нашых вядучых тэлеканалаў мы зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў медыясферы: дзякуючы нашым намаганням у краіне з'явіўся айчынны вымяральнік, створана кампанія, якая гандлюе рэкламай, змяніўся закон аб рэкламе. Гэта вельмі важныя рэчы для будучыні айчыннага тэлебачання.

— «Клуб рэдактараў», па сутнасці, дастаўся вам у спадчыну. А ці ёсць у вашых планах удзел у новых праектах?

— Насамрэч, я прымаю актыўны удзел у стварэнні некаторых праграм: ідэі, дапамога ў напісанні сцэнарыяў. Напрыклад, праграма «Зразумелая палітыка». Нягледзячы на тое, што вядзе яе Сяргей Аляксандравіч Гусачэнка, у эфіры ёсць і мае тэмы. Разам мы даносім да людзей інфармацыю, якую яны не атрымаюць на супрацьлеглым баку. І няхай нас хто-небудзь паспрабуе абвінаваць у тым, што мы кажам няпраўду!

— Наколькі я разумею, зараз для вас праяўленне ў кантэксным аспекце стварэння праграм больш значнае, чым работа ў кадры?

— Калі становішся кіраўніком такой вялікай структуры, як Белтэлерадыёкампанія, змяняюцца адносіны да сваёй творчай дзейнасці. Прыходзіцца адказваць за вялікую колькасць гаспадарчых, юрыдычных і фінансавых пытанняў. Без гэтага кампанія не будзе эфектыўна працаваць. Таму зараз я пакідаю за сабой толькі тое, што мне сапраўды цікава. «Клуб рэдактараў» мне цікавы. Я паглыблены ў інфармацыйны парадак і, праглядаючы ленты навін, бачу столькі фэйкаў, што часам шкадую, што «Клуб рэдактараў» выходзіць не кожны дзень, а раз на тыдзень. Так многа тэм хочацца ўзняць, абмеркаваць, растлумачыць людзям.

— Якія, на ваш погляд, кірункі сучаснай журналістыкі будуць запатрабаваны ў будучыні?

— Зараз я спрабую намаляваць свет, дзе выдаляюць на працягу хвіліны з YouTube, дзе закрываюць платформы ў цэлых краінах і на кантынентах, штрафуюць за прагляды тэлеканалаў, а за распаўсюджанне кантэнту беларускіх і расійскіх дзяржаўных СМІ ў некаторых краінах абмяркоўваюць увядзенне крымінальнай адказнасці. Што будзе ў гэтай сувязі з журналістыкай, я не ведаю. Зараз мы знаходзімся ў стане, як перад пачаткам Першай сусветнай вайны. Нашы контрагенты, бізнесмены з еўрапейскіх краін нават баяцца нам напрамую патэлефанаваць. Праз трэція краіны на нас выходзяць. І гэта называецца свабода!

— А што такое свабода слова па-еўрапейску?

— Насамрэч, гэта тэма асобнага вялікага інтэрв'ю са спецыялістамі, якія аперыруюць фактамі і лічбамі. Я лічу, што перш чым у нечым папракаць нас, заходнім краінам трэба паглядзець на сябе. Яны закрылі ўсё, штрафуюць людзей за прагляд расійскага і беларускага тэлебачання. Калі пачалася спецаперацыя на Украіне, у нас у Прыбалтыцы было шмат блогераў. Але ж ім прыйшлося пакінуць гэтую тэрыторыю, бо яны давалі нам інтэрв'ю і не адмаўляліся працаваць. Захад можа шмат казаць пра свабоду слова, калі ідзе гаворка пра правы ЛГБТ, пра азеляненне гарадоў, пра глабальнае пацяпленне. Але, як толькі ідзе гаворка пра нацыянальную бяспеку, усе будуць маўчаць. У аснове еўрапейскай свабоды слова — падвойныя стандарты!

— Белтэлерадыёкампанія, па сутнасці, стала ахвярай такіх стандартаў. Спачатку была прыпынена дзейнасць кампаніі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе. І вось новы віток: 10 чэрвеня БДТРК падпадае пад санкцыі. Што стала прычынай?

— Афіцыйна прычына заключаецца ў тым, што наша кампанія ў 2020 годзе звольніла сваіх супрацоўнікаў, а на іх месца ўзяла расійскіх журналістаў. Парадокс заключаецца ў тым, што ў самы гарачы час 20-га года я прасіў людзей вярнуцца на работу, а не прымушаў да звальнення. Тая вядомая фраза: «Эйсмант даў дзве гадзіны, інакш будуць звольнены!», якая шырока разышлася ў інтэрнэце, не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Я даў дзве гадзіны на тое, каб кіраўнікі падраздзяленняў сабралі інфармацыю пра наяўнасць спецыялістаў на рабочых месцах. У нас жа эфір! Мне як кіраўніку холдынга неабходна было разумець, напрыклад, колькі ў нас ёсць рэжысёраў, якія могуць працаваць у прамым эфіры. Каб прымаць адпаведныя рашэнні! Многія людзі прасілі іх звольніць, каб атрымаць палітычны статус і фінансаванне з фондаў. Мы ж заклікалі іх вярнуцца на рабочыя месцы. Заявы на звальненне напісалі тады дзясяткі чалавек, чатырох звольнілі камісійна недзе праз месяц, таму што яны не выходзілі нават на сувязь. Гэта стала першай падставай для санкцый. Другая — расійскія журналісты. У той час у Беларусь прыехалі працаваць калегі з «Russіa Today». Канстанцін Прыдыбайла і яго каманда. Вось і ўсё. Але адзін з нашых рэжысёраў у інтэрв'ю апанентам паведаміў, што беларусаў не пускаюць на свае рабочыя месцы. Замест іх прыляцелі два самалёты расійскіх спецыялістаў, якія будуць працаваць у эфіры. Усё гэта лухта і хлусня! Тым не менш зараз, праз два гады, гэта ўсё легла ў аснову прыняцця санкцый супраць нашай кампаніі. Адкрыю вам невялікую таямніцу: калі ў 2020 годзе паўстала пытанне, а што, калі нам спатрэбіцца дапамога спецыялістаў з-за мяжы, — украінцы былі гатовыя да нас прыехаць!

— Чым увядзенне санкцый пагражае вашай кампаніі і вашым гледачам?

— У выніку санкцый на тэлеканале «Беларусь-2», хутчэй за ўсё, не будзе амерыканскіх фільмаў. Таксама мы згубім частку спартыўнага вяшчання на «Беларусь-5». На Захадзе не хочуць, каб жыхары Беларусі глядзелі еўрапейскі футбол? Яны будуць глядзець айчынны і расійскі футбол, будуць слухаць нашы гімны і глядзець на нашы сцягі. Будуць бліжэй да сваёй краіны і нашых саюзнікаў. Дарэчы, у пытанні санкцый не трэба блытаць палітыкаў з бізнесменамі. Апошнія хочуць нармальна жыць і працаваць, але яны страшна баяцца пакарання з боку палітычных эліт.

— Увядзенне санкцый супраць медыяхолдынгаў — адзін з відаў зброі, пры дапамозе якой зараз вядзецца інфармацыйная вайна. Што трэба рабіць, каб атрымаць перамогу? Ці магчыма гэта ўвогуле?

— Як гэтаму супрацьстаяць? Па-першае, шляхам увядзення адказнасці за наўмыснае распаўсюджванне фэйкаў. Па-другое, трэба ствараць суверэнны інтэрнэт. Дорага, складана, але неабходна. Нельга выйграць інфармацыйную вайну, знаходзячыся на платформе праціўніка. Напрыклад, у нас на сайце свой відэапрайгравальнік. У выпадку, калі YouTube вырашыць заблакіраваць наш відэакантэнт, наш сайт гэта не закране. Але як даносіць сваю пазіцыю да шырокага кола спажыўцоў? Калі разважаць глабальна, сутнасць інфармацыйнай вайны складаецца ў масіраванай інфармацыйнай атацы, падчас якой задзейнічаны ўсе даступныя месенджары і платформы. Таму, безумоўна, сёння неабходна быць канкурэнтаздольным з пункту гледжання тэхналогій. Перафразуючы словы Уладзіміра Пуціна: «Навошта такі свет, калі ў ім няма Расіі?», магу сказаць адно: навошта нам такі YouTube, калі там няма Беларусі?

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.