Вы тут

МНС праводзіць на Міншчыне комплекснае вучэнне


Ратавальнікі ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі адпрацоўваюць найбольш характэрныя для гэтай пары надзвычайныя сітуацыі. Падтапленне населеных пунктаў, людзі, якія тонуць, падзенне дрэў, лясныя пажары, дарожна-транспартныя здарэнні, дзеці, якія згубіліся ў лесе, -- найбольш частыя прычыны, на якія апошнім часам вымушаны рэагаваць супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Спраўляцца з гэтымі і іншымі выклікамі прыродных стыхій ратавальнікам, як правіла, дапамагаюць іншыя кампетэнтныя службы. Калі патрэбны іх сілы і магчымасці, не адмовяць і ў дапамозе чалавеку.


Як і павінна быць у рэальнай сітуацыі, плячом да пляча, усе службы Мінскага раёна другі дзень запар спраўляюцца з ўмоўнымі здарэннямі, якія для іх падрыхтавалі арганізатары комплекснага вучэння па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароне.

Паводле адной з легенд, з-за непагадзі на вадаёме ў вёсцы Сялюты перавярнулася лодка. У вадзе апынуліся два рыбакі. Самастойна выбрацца на бераг пацярпелыя не маглі. На шчасце, знайшоўся той, хто паведаміў ратавальнікам аб надзвычайнай сітуацыі, і неўзабаве да месца прыбыла аддзяленне пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 2 Мінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Спрытныя дзеянні прафесіяналаў — і двое пацярпелых аказваюцца на беразе. Тут іх чакае брыгада хуткай медыцынскай дапамогі.

— Галоўнае, калі вы сталі відавочцам няшчаснага выпадку, і вам удалося выратаваць чалавека, да нашага прыезду трэба ачысціць дыхальныя шляхі, паспрабаваць чалавека сагрэць, калі гэта халодны перыяд, — расказваюць медыкі. — Купальны сезон — у разгары, выпадкі бываюць розныя. Не рызыкуйце сваім жыццём.

На гэтым жа вадаёме крыху пазней супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах выцягнулі ўмоўнага патанулага. Як паказвае статыстыка, большасць ахвяр вады знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення.

Непадалёк ад гэтага месца знаходзіцца дамба. З-за праліўных дажджоў адбылося яе частковае разбурэнне — у выніку некаторыя населеныя пункты былі падтоплены. Узнікла неабходнасць у эвакуацыі насельніцтва. Пакуль супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, энергетыкі, а таксама спецыяльная тэхніка спраўляліся з наступствамі стыхіі, мясцовых жыхароў размясцілі ў бліжэйшай школе, дзе іх забяспечылі начлегам і харчаваннем.

Як адзначыла намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Ірына Ціхонка, на тэрыторыі раёна ў выпадку няштатных сітуацый прадугледжана сто пунктаў часовага адсялення. «Сёння мы знаходзімся ў Сёмкаўскай сярэдняй школе, тут арганізавана ўсё самае неабходнае: пункты харчавання, аховы парадку, пакой маці і дзіцяці, спальныя месцы», — паведаміла начальнік эвакуацыйнай камісіі.

Дапамога ратавальнікаў спатрэбілася ў раёне вёскі Старына Каладзішчанскага сельскага Савета, што пад Мінскам. Гарэў торф. Моцны вецер, які быў толькі на карысць агню, паставіў пад пагрозу размешчаны побач населены пункт і лес. У небяспецы апынуліся і дзеці, якія непадалёку гулялі і заблукалі. На барацьбу з агнём паспяшаліся сілы раённага лясгаса і ратавальнікаў. Дзяцей шукалі ляснікі, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, міліцыянеры і валанцёры Чырвонага крыжа. 

Таксама ва ўзаемадзеянні спецыялістаў рознага профілю была ліквідавана аварыя на аб’екце жыццязабеспячэння, якім ўмоўна аказалася малочнатаварная ферма ў вёсцы Старына. Дапамога ратавальнікаў, медыкаў, а таксама прадстаўнікоў лясной гаспадаркі і мясцовых дарожных служб спатрэбілася і падчас дарожна-транспартнага здарэння. Апошняе адбылося таксама з-за непагадзі — моцны вецер паваліў дрэвы на праезную частку, што прывяло да ДТЗ. 

Таксама падчас комплекснага вучэння былі адпрацаваны сітуацыі, звязаныя з абвальваннем будынка і рэагаваннем на прыродную надзвычайную сітуацыю. Падчас наступнага этапа вучэння службы раёна займаліся ліквідацыяй аварыі на аміячнай кампрэсарнай і газараспаўсюджвальнай падстанцыі, рэагавалі на пазаштатную сітуацыю на чыгунцы і супрацьстаялі выклікам пыродных стыхій.

— Асноўная мэта вучэння — адпрацаваць на практыцы ўзаемадзеянне падраздзяленняў МНС з іншымі службамі і арганізацыямі, — заўважыў намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Віталь Пякурын. — Былі змадэляваны шматлікія надзвычайныя сітуацыі, для ліквідацыі якіх прыцягнуты амаль усе службы раёна, каб яны маглі на працягу трох дзён прадэманстраваць свае навыкі, якія будуць прымяняць у выпадку рэальнай надзвычайнай сітуацыі. У прынцыпе, са сваімі задачамі службы справіліся. Былі пэўныя нюансы, але ўсе яны працоўнага характару, якія, несумненна, будуць вырашаны. Для гэтага вучэнні і праводзяцца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.