Вы тут

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі ў… планетарыі


Ці задумваліся вы, з якім гукам вяртлявая камета праносіцца міма Сонца? Альбо калі велікану Юпітэру давялося б заспавяць, то, па-вашаму, як гучалі б тыя спевы?.. Між іншым, шукаць адказы на падобныя пытанні трэба ў Мінскім планетарыі! Нарэшце пачуць, як гучыць нябесная Ліра, можна наведаўшы адзін з канцэртаў салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра «Музыка сусвету», якія стартавалі пад купалам на гэтым тыдні. Аб нюансах арганізацыі цікавага мерапрыемства нам распавёў дырэктар Мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч.


— Калі ўпершыню загучала «Музыка сусвету»?

— Канцэрты салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь у планетарыі дагэтуль не праводзіліся. Разам з тым класічная музыка гучыць у нашай зале рэгулярна. Можна ўспомніць, напрыклад, нядаўнія канцэрты, зладжаныя ў рамках праекта AstroArt, альбо цэлую серыю імпрэз пад назвай «Музыка і зоркі». Акрамя таго, мы актыўна супрацоўнічаем з Духавым квінтэтам Вялікага тэатра Беларусі пад кіраўніцтвам Дзіяны Гантарэнкі.

Зрэшты, нярэдка праходзяць на базе нашай установы і канцэрты музыкі электроннай. Трывалыя стасункі звязваюць планетарый з Андрэем Апановічам, аўтарам электроннага праекта «Triangle». Заўважу, у Мінску вельмі шмат цудоўных музыкантаў, каго можна запрашаць у нашу незвычайную прастору. І такая музыка ў спалучэнні з зоркамі заўсёды ўспрымаецца вельмі цікава.

Адкуль увогуле з’явілася ідэя паяднаць музыку і космас?

— Паўтаруся, музычна-касмічныя вечары праходзяць у нас далёка не першы год. Насамрэч, як толькі ў планетарыі з’явіліся найноўшыя лічбавыя праекцыі, мы зразумелі, што такі фармат можа быць запатрабаваны гледачом. Відовішча, як ні круці, незвычайнае. Прыгожая музыка, паўнакупальныя візуалізацыі — паўнавартаснае музычнае шоу!

Тым больш што канцэрты падобнага роду ладзяцца ў планетарыях па ўсім свеце: у ЗША, у Германіі, у Японіі… У Санкт-Пецярбургу, напрыклад, таксама ёсць вялікі планетарый, у якім даўно праводзяцца канцэртныя мерапрыемствы. Так што, хаця для беларускай публікі ўсё гэта і было ў навіну, першаадкрывальнікамі мы не сталі.

— Якім жа чынам пабудаваны працэс і хто адказвае за фарміраванне музычнай праграмы?

— Ініцыятарам заўсёды выступаюць выканаўцы, якія самі да нас прыходзяць. Калі музыканты адчуваюць, што іх музыка блізкая да космасу, а прастора планетарыя ім падабаецца, то могуць звярнуцца з прапановай. Прычым творцы самі фарміруюць рэпертуар зыходзячы з асноўнай тэматыкі. Звычайна творы падабраны спецыяльна пад «касмічную прастору».

Хаця сцэны як такой у нас няма, перад гледачамі разгарнулася невялікая пляцоўка, на якой могуць размясціцца адначасова да сямідзевяці музыкантаў. Падчас канцэртаў, што ладзяцца гэтымі днямі, будзе адно выступленне, у якім задзейнічана дзевяць выканаўцаў. Натуральна, вялікі аркестр у нашу залу не ўмесціцца, таму яна больш падыходзіць для камерных калектываў.

— Наколькі акустычныя ўласцівасці планетарыя прыдатныя для падобнага роду мерапрыемстваў?

— Прафесійныя музыканты, якія іграюць жывую музыку, кажуць, што акустыка ім падабаецца. Некаторыя параўноваюць яе з акустыкай у храмах. Відавочна, такі эфект дасягаецца дзякуючы купалу, гук факусуецца вельмі цікавым чынам. Напэўна ж, планетарый адрозніваецца ад залаў у філармоніі, але акустыка задавальняльная. Да таго ж для музыкантаў-электроншчыкаў у нас усё падрыхтавана. Зала абсталявана акустычнай сістэмай версіі 5,1, якая дазваляе дасягнуць эфекту аб’ёмнага гуку.

— А што наконт відэасуправаджэння?

— Гэтым ужо займаемся непасрэдна мы. Праграму паўнакупальнага кіно падбіраем пад канкрэтныя творы. У нас ёсць калекцыя відэаролікаў акурат на такія выпадкі — кароценькія касмічныя відэа. Папярэдне з іх вылучаюцца такія, каб супадалі з музыкай па дынаміцы, па працягласці. Ужо падчас рэпетыцый абіраецца канчатковы варыянт.

Штодзённую афішу ў нас складаюць у асноўным пазнавальныя, навукова-папулярныя фільмы, а такія ролікі мы выкарыстоўваем рэдка. Пераважна гэта касмічныя сцэны, хаця маюцца сярод іх і здымкі зямной прыроды. Пад музыку наведвальнікі назіраюць космас, зорнае неба альбо, напрыклад, вядомыя фатаграфіі тэлескопа Хабла, размешчаныя ў адкрытым доступе.

— Трэба думаць, падзея выклікае цікавасць…

— Так, сапраўды! Квіткі на першыя канцэрты ў рамках «Музыкі сусвету» былі распраданы задоўга да іх пачатку. Амаль выкуплены квіткі на 6-е чысло, зусім няшмат месцаў засталося на канцэрт, які адбудзецца 7-га. Цяпер на хвалі такога поспеху нават абмяркоўваем з музыкантамі перспектыву правядзення дадатковых выступленняў, увядзення другіх сеансаў у апошнія дні мерапрыемства. Усё ж ахвотных сапраўды вельмі шмат!

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.