Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы працягнем работу па ўшанаванні памяці аб подзвігах і героях Вялікай Айчыннай вайны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка ў мемарыяльным комплексе «Курган славы». Разам з кіраўніком дзяржавы даніну павагі героям Вялікай Айчыннай вайны аддалі прадстаўнікі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, моладзь. Удзел у мерапрыемстве прынялі і ветэраны: Любоў Дубіна, Філіп Карлаў, Лідзія Сушкевіч, Міхаіл Шашкоў, Васіль Шышоў. 


«Трэцяга ліпеня мы традыцыйна звяртаемся да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: успамінаем герояў, якія цаной свайго жыцця падарылі нам свабоду, расказваем пра подзвігі дзядоў і бацькоў дзецям і ўнукам, прыходзім з імі да месцаў баявой славы і сумнай памяці. Гэты штогадовы рытуал — самае малое, што мы можам зрабіць у імя і славу тых, дзякуючы каму жывём, ствараем сем’і, гадуем дзяцей. Сёння мы з вамі сабраліся каля аднаго з самых вядомых манументаў, узведзеных у гонар воінаў Чырвонай арміі. У гонар нашых герояў, якія 78 гадоў таму вызвалялі Беларусь ад фашызму», — сказаў ён.

Прэзідэнт параўнаў гэты велічны курган з вартавым гістарычнай памяці, які паказвае нам тую легендарную мяжу, адкуль пачалося наступленне савецкіх войскаў, якія канчаткова знішчылі асноўныя сілы нямецкай групы армій «Цэнтр» і вызвалілі нашу сталіцу. Тут жа замкнулася кола Мінскага катла, у які трапілі больш за 100 тысяч гітлераўцаў. Большая частка з іх засталася ляжаць у беларускай зямлі.

«Так пераможна завяршыўся першы этап знакамітай аперацыі “Баграціён”, бліскуча праведзенай таленавітымі палкаводцамі, камандуючымі франтамі Канстанцінам Ракасоўскім, Іванам Баграмянам, Георгіем Захаравым і Іванам Чарняхоўскім. Беларусы павінны памятаць гэтыя імёны. Нашы дзяды і бацькі перамаглі, але праз усё жыццё пранеслі боль страт сваіх баявых таварышаў, якія бясстрашна ішлі на смерць за свабоду і агульную перамогу. Пашана і слава ўсім загінулым у баях за вызваленне нашай Радзімы!», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У памяць аб героях Аляксандр Лукашэнка аб’явіў хвіліну маўчання.

Беларускі лідар акцэнтаваў увагу, што сёння, на месцы лёсавызначальных бітваў, мы ўспамінаем усе бітвы, з якіх склалася Вялікая Перамога. Вымпеламі «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» адзначаны 27 населеных пунктаў Беларусі.

«І гэта далёка не ўсе вядомыя нам адрасы мужнасці. Мы працягнем гэтую работу па ўшанаванні памяці аб подзвігах і героях Вялікай Айчыннай вайны. Прыйшоў час моладзі прымаць эстафету ў старэйшых пакаленняў і падтрымліваць Вечны агонь гэтай памяці. Падтрымліваць дзеля міру на зямлі. Сёння тут шмат маладых людзей, у тым ліку юных беларусаў і расіян, якія прыбылі ў Мінск на Цягніку Памяці. Гэта вельмі важна, каб вы размаўлялі, сябравалі, бераглі гонар і славу пакалення пераможцаў разам», — сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што лёгка не будзе, паколькі нашы нядобразычліўцы даўно жывуць ідэяй сцерці нашу памяць аб Вялікай Перамозе і нам вельмі важна яе захаваць і не даць яе сцерці.

«Пераступіўшы праз усе маральныя прынцыпы і маральныя перашкоды, яны сёння не толькі адмаўляюць Хатынь, Бабін Яр і блакаду Ленінграда — яны гатовыя забыць трагедыю сваіх народаў, выкрасліць з гісторыі Бухенвальд, Асвенцым, Майданэк. Што мы можам гэтаму супрацьпаставіць? Толькі праўду, суровую і жорсткую праўду гісторыі. І змагацца за гэту праўду, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ні беларусам, ні расіянам — не патрэбна вайна. «Але і адрадзіць нацызм як зброю калектыўнага Захаду супраць славянскага свету, мы не дазволім. І няхай наш Курган Славы будзе сведкам і захавальнікам гэтага ўрачыстага абяцання», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Мы былі і будзем з Расіяй 

Прэзідэнт прызнаўся, што вітае ініцыятыву парламентарыяў — Цягнік Памяці. Па яго словах, расійскі і беларускі народ сёння як ніколі павінны быць разам. «Нас сёння папракаюць, што мы адзіная краіна ў свеце падтрымліваем Расію ў яе барацьбе супраць нацызму. За тое, што яна выставіла бар’ер супраць здзекаў з расіян і рускага чалавека. Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Расію», — запэўніў ён. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Расія для Беларусі — брацкая дзяржава. Гэта самая блізкая дзяржава ў свеце, дзе жывуць нашыя родныя браты. «І наша трагедыя беларусаў толькі ў тым, што сёння сутыкнуліся два брацкія народы — расіяне і ўкраінцы. Гэта наша трагедыя. Але мы заўсёды кажам, што праўда мацнейшая і праўда на баку брацкай Расіі. Мы адзіная краіна, якая падтрымлівае расіян у гэтай барацьбе. А колькі краін па тым баку? Амаль паўсотні, якія фактычна ваююць супраць Расіі ва Украіне. Нешта не складаецца баланс», — сказаў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ні для каго ні сакрэт, што ў Беларусі шчыльны саюз з Расійскай Федэрацыяй, з дзяржавай, з якой мы будуем адзіную магутную незалежную дзяржаву — Саюзную дзяржаву, дзе ў саюзе два незалежныя народы, — «Мы ідзём як па тонкім лёдзе. Гэты вопыт упершыню ў свеце і мы павінны паказаць іншым гэты прыклад. І што яны не ведалі, што ў нас створана ўжо даўно ў саюзе Беларусі і Расіі адзіная групоўка ўзброеных сіл. Фактычна адзіная армія. Вы ж гэта ўсё ведалі. Дык чаму нас сёння папракаюць. Мы былі і будзем з брацкай Расіі», — дадаў кіраўнік дзяржавы. 

Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзел Беларусі ў спецаперацыі вызначаны яшчэ ў яе пачатку. Ён нагадаў пра свае словы аб тым, што мы нікому не дазволім страляць у спіну рускаму чалавеку. "Мы занялі абарону ад Брэсцкай крэпасці па Паўднёвай мяжы для таго, каб не дапусціць удару ў спіну расіян з боку натаўскіх войскаў. Яны нам гэтага дараваць не могуць. Аказалася, што і для нас гэты сёння найважнейшы напрамак. Вы ведаеце аб рашэннях блока НАТА аб павелічэнні колькасці ўзброеных сіл ва Усходняй Еўропе ў 10 разоў. Навошта ў мірны час? Для таго, каб ваяваць. І нам трэба выстаяць«,- сказаў ён. 

Беларускі лідар падкрэсліў, што Беларусь будзе рабіць ўсё, каб выстаяць і перамагчы і каб гэты сівы курган бачыў наша адзінства і разумеў, што памяці мы не здраджваем.

«Жадаю ўсім здароўя, шчасця і дабрабыту. Міру, толькі міру і працвітання нашым народам. Усё будзе нармальна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Самае галоўнае, што мы зрабілі разам — мы ўпершыню ў гісторыі пабудавалі суверэнную і незалежную дзяржаву»

Пасля ўскладання вянка да падножжа мемарыяла «Курган Славы» Прэзідэнт сустрэўся з удзельнікамі праекта «Цягнік Памяці». Адна з удзельніц акцыі спытала, якія дасягненні за гады незалежнасці ён лічыць самымі яскравымі, якімі ганарыцца. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта самае галоўнае пытанне ў жыцці любого Прэзідэнта, гэта пытанне нумар адзін. А калі хтосьці з палітыкаў будзе гаварыць, што ён не думае аб гэтым, гэта няпраўда.

«Самае галоўнае, што мы зрабілі разам, не толькі я, — мы ўпершыню ў гісторыі пабудавалі суверэнную і незалежную дзяржаву. Такога ніколі не было. Таму гістарычны момант. І я гэтым ганаруся. Гэта самае галоўнае. А ўсё астатняе, як я кажу, мы купім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Маладыя людзі прапанавалі Прэзідэнту і свае ідэі, якія ён падтрымаў. Прадстаўніца Расійскай Федэрацыі прапанавала наступны год у Беларусі і Расіі сумесна аб’явіць Годам гістарычнай памяці. Яна растлумачыла гэта тым, нельга губляць вопыт, атрыманы падчас падарожжа «Цягніка памяці». 

«Калі вы не хочаце гэты вопыт страціць, вы яго не страціце. Гэта ўжо шчасце. Ідэя вельмі добрая. Абяцаю, у бліжэйшы час мы абмяркуем гэту ідэю, Калі толькі ў Расіі не прынята рашэнне па будучым годзе, у іх таксама такі вопыт — аб’яўляць чарговы год пад нейкую ідэю, то, думаю, што гэта будзе прынята. Таму што публічна агучанае вамі — гэта ўжо крок да таго, што гэта будзе прынята. Дзякуй за гэту прапанову», — адказаў Прэзідэнт. 

Яшчэ адна ініцыятыва — ад удзельніка акцыі з Беларусі — дапоўніць ансамбль Кургана Славы алеяй памятных знакаў з капсуламі зямлі і апісаннем подзвігаў гарадоў, узнагароджаных вымпеламі за мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. «Вельмі лагічна. Разумная прапанова. Думаю, што над ёй трэба падумаць. Думаю, што такую прапанову можна будзе прыняць. Мы падумаем некалькі дзён і абавязкова ў гэтым годзе прымем адпаведнае рашэнне. Добрая прапанова», — адказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў удзельнікам акцыі з Беларусі і Расіі. І пажадаў ім быць разам. «Вы сапраўды малайцы. І я рады, што праз шмат гадоў (больш за 30 гадоў) нарэшце расіяне і беларусы разам. Гэта невялікая колькасць, але гэта лепшыя, якія праехалі ў гэтым цягніку. І гэта сімвалічна. Гэта прыклад усім іншым», — сказаў ён. 
У падарунак кіраўніку дзяржавы ўручылі фотаальбом і сімвал «Цягніка Памяці».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.